— Спачатку думаеш, што ты можаш спусціцца ў метро, заходзіш у вагон смела, але праязджаеш адзін-два прыпынкі і выскокваеш у халодным поце. Асабліва страшна, калі цягнік спыніцца на некалькі хвілінаў у тунэлі. Кожная хвіліна расцягваецца, сэрца пачынае матляцца на адной нітачцы…
— У кожным каўказцы бачыш тэрарыста…
— Як вы думаеце: рускія салдаты ў Чачні не ўчынялі злачынстваў? У мяне брат там служыў… Такое распавядаў пра слаўную расійскую армію… Трымалі чачэнскіх мужчынаў у ямах, як звяроў, патрабавалі ў сваякоў выкуп. Катавалі… рабавалі… Цяпер хлопец п’е і п’е.
— Дзярждэпу прадаўся? Правакатар! Хто ператварыў Чачню ў гета для рускіх? Рускіх выганялі з працы, адбіралі кватэры, машыны. Не аддасі — зарэжуць. Рускіх дзяўчат гвалтавалі толькі за тое, што яны рускія.
— Ненавіджу чачэнцаў! Калі б не мы, рускія, яны б і цяпер сядзелі ў гарах, у пячорах. Журналістаў, якія за чачэнцаў, — таксама ненавіджу! Ліберасты! (Глядзіць, поўны нянавісці, у мой бок — я запісваю размову.)
— Хіба судзілі рускіх салдат за забойства нямецкіх салдат у час Айчыннай вайны? А забівалі па-рознаму. Партызаны на кавалачкі палонных паліцаяў рэзалі… Паслухайце ветэранаў…
— Падчас першай чачэнскай вайны, гэта пры Ельцыне, па тэлевізары ўсё па-сапраўднаму паказвалі. Мы бачылі, як плакалі чачэнскія жанчыны. Як рускія маці хадзілі па сёлах і шукалі зніклых без вестак. Іх ніхто не чапаў. Такой нянавісці, як цяпер, яшчэ ні ў каго не было — ні ў іх, ні ў нас.
— Спачатку палымнела адна Чачня, цяпер увесь паўночны Каўказ. Паўсюль будуюць мячэці.
— Геапалітыка завітала ў наш дом. Расія распадаецца… Хутка ад імперыі застанецца адно Маскоўскае княства…
— Ненавіджу!!!
— Каго?
— Усіх!!
— Мой сын быў яшчэ сем гадзін жывы, яго запіхнулі ў цэлафанавы мех і паклалі ў аўтобус з трупамі… Прывезлі нам казённую труну, два вянкі. Труна з нейкага пілавіння, як кардонная, яе паднялі — яна развалілася. Вянкі бедныя, вартыя жалю. Усё куплялі самі. Дзяржаве на нас, смяротных, напляваць, хай і яна прыме мой плявок — хачу з’ехаць з гэтай ё…най краіны. Падалі з мужам дакументы на эміграцыю ў Канаду.
— Раней Сталін забіваў, а цяпер бандыты. Свабода?
— У мяне чорныя валасы, чорныя вочы… Я — руская, праваслаўная. Зайшлі з сяброўкай у метро. Нас спыніла міліцыя, мяне адвялі ўбок: «Здыміце верхнюю вопратку. Пакажыце дакументы». На сяброўку — нуль увагі, яна бландынка. Мама кажа: «Пафарбуй валасы». А мне сорамна.
— Рускі чалавек моцны на трох пблях — «авось», «нябось» і «неяк». Па першым часе ўсе трэсліся ад страху, а праз месяц я заўважыла ў метро пад лавай падазроны скрутак і ледзь прымусіла дзяжурную патэлефанаваць у міліцыю.
— У аэрапорце Дамадзедава таксісты-сукі пасля тэракту ўзнялі кошты. Страшэнна. На ўсім бабло робяць. Б…дзь, выцягваць з машынаў — і галавой аб капот!
— Адны валяліся ў лужынах крыві, а іншыя іх здымалі на мабілы. Пстрыкалі. Тут жа вывесілі фота ў ЖЧ. Офіснаму планктону перчыку не хапае.
— Сёння — яны, заўтра — мы. І ўсе маўчаць, усе з гэтым пагадзіліся.
— Стараемся, як можам, дапамагаць нябожчыкам нашымі малітвамі. Прасіць ласкі Божай…
Тут жа на імправізаванай сцэне школьнікі даюць канцэрт. Іх прывезлі аўтобусамі. Падыходжу бліжэй.
— Мне Бэн Ладэн цікавы… Аль-Каіда — глабальны праект…
— Я за індывідуальны тэрор. Кропкавы. Напрыклад, супраць паліцэйскіх, чыноўнікаў…
— Тэрор — гэта дрэнна ці добра?
— Гэта цяпер дабро.
— Надакучыла, блін, стаяць. Калі нас пусцяць?
— Анекдоцец клёвы… Тэрарысты аглядаюць славутасці ў Італіі. Дайшлі да Пізанскай вежы. Смяюцца: «Дылетанты!»
— Тэрор — гэта бізнес…
ахвярапрынашэнне, як у старажытныя часы…
мэйнстрым…