…у нас дзве дачкі — Ксюша і Даша. Мы жылі сціпла, але часта хадзілі ў музеі, у тэатры, шмат чыталі. Калі дзяўчынкі былі маленькія, тата для іх казкі складаў. Мы хацелі выратаваць іх ад грубага жыцця. Я думала, што мастацтва можа ўратаваць. А яно не выратавала…
…у нашым доме жыве самотная бабулька, ходзіць у царкву. Аднойчы яна спыніла мяне, я вырашыла — паспачувае, а яна мне злосна: «Задумайцеся, чаму гэта з вамі здарылася? З вашымі дзець-
мі?» Навошта… за што мне гэтыя словы? Яна пакаялася, я думаю, яна потым пакаялася… Я нікога не падманула, я нікому не здрадзіла. У мяне было толькі два аборты, гэта два мае грахі… Я ведаю… На вуліцы часта даю міласціну, хай трохі, колькі магу. Птушак зімой кармлю…»
У наступны раз яны ўжо прыйшлі ўдзвюх — мама і дачка.
маці
— Можа, для кагосьці яны героі? У іх ёсць ідэя, яны адчуваюць сябе шчаслівымі, паміраючы, яны думаюць, што трапяць у рай. І не баяцца смерці. Я нічога пра іх не ведаю: «Складзены фотаробат меркаванага тэрарыста…» — і ўсё. А мы для іх мішэні, ім ніхто не патлумачыў, што мая дзяўчынка не мішэнь, у яе ёсць мама, якая без яе жыць не можа, ёсць хлопчык, які ў яе закаханы. Хіба можна забіваць чалавека, якога любяць? Па-мойму, гэта падвойнае злачынства. Хадзеце на вайну, у горы, страляйце там адзін у аднаго, але чаму ў мяне? У маю дачку? Нас забіваюць у часе мірнага жыцця… (Маўчыць.) Я цяпер баюся сама сябе, сваіх думак. Часам хочацца іх усіх пазабіваць, а потым страшна, што табе гэтага хацелася.
Калісьці я любіла маскоўскае метро. Найпрыгажэйшае ў свеце! Гэта — музей! (Маўчыць.) Пасля выбуху… Я бачыла, як людзі заходзілі ў метро, узяўшыся за рукі. Страх доўга трымаецца… Страшна было ў горад выйсці, у мяне адразу ціск падымаўся. Ездзілі і пільнавалі падазроных пасажыраў. На працы толькі пра гэта і гаварылі. Што з намі робіцца, а, Госпадзе? Стаю на платформе, і побач са мной маладая жанчына з дзіцячым вазком, у яе чорныя валасы, чорныя вочы — не руская. Не ведаю, якой яна нацыянальнасці — чачэнка, асецінка? Хто? Я не вытрымала і зазірнула ў калыску: а ці дзіця там? Ці не ляжыць там штосьці іншае? У мяне сапсаваўся настрой ад таго, што мы зараз будзем ехаць у адным вагоне: «Не, — думаю, — няхай яна едзе, а я пачакаю наступнага цягніка». Да мяне падыходзіць мужчына: «Навошта вы зазіралі ў вазок?» Я сказала яму праўду. «Значыць, і вы таксама».
…Бачу няшчасную дзяўчынку, якая скруцілася ў камячок. Гэта мая Ксюша. Чаму яна тут адна? Без нас? Не, гэта немагчыма, гэта не можа быць праўдай. Кроў на падушцы… «Ксюша! Ксюшанька!!» — Яна мяне не чуе. Нацягнула на галаву нейкую шапачку, каб я нічога не ўбачыла, не спалохалася. Мая дзяўчыначка! Яна марыла стаць педыятрам, а цяпер у яе няма слыху, яна была найпрыгажэйшай дзяўчынкай у класе… А цяпер… ейны тварык… За што? Нешта мулкае, цягучае ахінае мяне, свядомасць проста разрываецца на дробныя шматкі. Мае ногі не хочуць рухацца, ватныя, мяне выводзяць з палаты. Доктар незадаволены: «Вазьміце сябе ў рукі, інакш больш да яе не пусцім». Я трымаюся… Вяртаюся ў палату… Глядзіць не на мяне, а кудысьці ўбок, як быццам мяне не пазнае. Забівае выраз вачэй жывёліны, якая пакутуе, гэты погляд нельга вытрымаць. Далей жыць амаль нельга. Цяпер яна кудысьці схавала гэты погляд, надзела на сябе панцыр, але яна стрымлівае гэта ўсё. Гэта ўсё на ёй адбілася. Увесь час яна там, дзе нас не было…
Цэлае аддзяленне такіх дзяўчынак… як ехалі ў вагоне, так і ляжалі… Шмат студэнтаў, школьнікаў. Я думала, што ўсе маці выйдуць на вуліцу. Усе маці са сваімі дзецьмі. Нас будуць тысячы. Цяпер я ведаю, што мая дзяўчынка патрэбна толькі мне, толькі дома, толькі нам. Слухаюць… спачуваюць… але без болю! Без болю!
Вярталася з бальніцы дадому і ляжала без усялякіх пачуццяў. Даша была побач, яна ўзяла адпачынак. Гладзіла мяне па галаве, як маленькую. Тата не крычаў, не панікаваў — і інфаркт. Мы апынуліся ў пекле… Зноў — за што? Я ўсё жыццё сваім дзяўчынкам падсоўвала добрыя кніжкі, пераконвала іх, што дабро мацнейшае за зло, дабро заўсёды перамагае. Але жыццё — гэта не кніжкі. Малітва маці з марскога дна выцягне? Няпраўда! Я здрадніца, я не змагла абараніць іх, як у дзяцінстве, а яны спадзяваліся на мяне. Калі б мая любоў абараняла, яны былі б недасягальныя ні для якой бяды, ні для якіх расчараванняў.
Адна аперацыя… другая… Тры! Вось Ксюша стала чуць на адно вушка… пальчыкі ўжо ў нас працуюць… Жылі на мяжы жыцця і смерці, паміж верай у цуд і несправядлівасцю, і, хоць я медсястра, я зразумела, што вельмі мала ведаю пра смерць. Шмат разоў яе бачыла, яна праходзіла побач. Паставіць кропельніцу, паслухаць пульс… Усе думаюць, што медыкі ведаюць пра смерць больш за астатніх, нічога падобнага. Быў у нас адзін патолагаанатам, ён ужо сыходзіў на пенсію. «Што такое смерць?» — спытаў ён у мяне. (Маўчыць.) Ранейшае жыццё ператварылася ў белую пляму… успаміналася адна Ксюша… Усё да нюансаў — як маленькая, адважная, пацешная, яна не баялася вялікіх сабак і хацела, каб заўсёды было лета. Як ззялі яе вочы, калі яна прыйшла дадому і абвясціла нам, што паступіла ў медінстытут. Без хабараў, без рэпетытараў. Плаціць мы не маглі, для нашай сям’і гэта было непад’ёмна. Як за дзень ці два да тэракту яна бярэ старую газету і чытае: калі вы патрапілі ў нейкую экстрэмальную сітуацыю ў метро, трэба рабіць тое… тое… Што менавіта, я ўжо забылася, але гэта была інструкцыя. І калі ўсё здарылася, пакуль не страціла прытомнасць, Ксюша гэты артыкул успамінала. А ў тую раніцу было так… Яна якраз забрала свае боцікі з рамонту, апранула паліто і стала іх абуваць, а яны не налазяць… «Мама, я твае боты надзену?» — «Бяры». У нас з ёй памер аднолькавы. Матчына сэрца нічога мне не падказала… Я ж магла яе ўтрымаць… У снах перад гэтым я бачыла вялікія зоркі, нейкае сузор’е. Ніякай трывогі не было… Гэта мая віна, я пакрытая гэтай віной…
Калі б дазволілі, то начавала б у бальніцы, была б мамай для ўсіх. Хтосьці плача на лесвіцы… Кагосьці абняць трэба, з кімсьці пасядзець. Дзяўчынка з Пярмі плакала — мама далёка. У іншай ножку расціснула… Ножка — гэта даражэй за ўсё! За ўсё даражэй ножка твайго дзіцяці! Хто мяне за гэта папракне?
Першыя дні пра тэракт шмат пісалі ў газетах, паказвалі рэпартажы па тэлевізары. Калі Ксюша ўбачыла сваю надрукаваную фатаграфію, яна выкінула гэтую газету…
Дачка
…Я шмат чаго не памятаю… Не трымаю ў памяці! Не хачу! (Маці абдымае яе. Супакойвае.)
…Пад зямлёй усё страшней. Цяпер я заўсёды нашу з сабой ліхтарык у сумачцы… …Не было чуваць ні плачу, ні крыку. Стаяла цішыня. Усе ляжалі ў агульнай гурме… не, не страшна… Потым сталі варушыцца. У нейкі момант да мяне дайшло, што трэба сыходзіць адсюль, там жа ўсё хімічнае, і яно гарыць. Я яшчэ шукала свой заплечнік, дзе ляжалі мае канспекты, партманэтка… Шок… шок быў… болю не адчувала… …Жаночы голас гукаў: «Сярожа! Сярожа!» Сярожа не адгукаўся… Некалькі чалавек засталіся сядзець у вагоне ў ненатуральных позах. Адзін мужчына вісеў на стойцы, як чарвяк. Я баялася глядзець у той бок… …Ішла, і мяне гайдала… Адусюль было чуваць: «Дапамажыце! Дапамажыце!» Нехта перада мною рухаўся як самнамбула, то павольна наперад пройдзе, то назад. Нас з ім усе абганялі.
…Наверсе да мяне падбеглі дзве дзяўчыны, нейкую анучку прыляпілі на лоб. Мне было чамусьці жудасна холадна. Далі крэселка, я села. Бачыла, як яны прасілі ў пасажыраў рамяні і гальштукі, і перацягвалі імі раны. Дзяжурная станцыі камусьці крычала ў тэлефон: «Што вы хочаце? Людзі выходзяць з тунэля і тут жа паміраюць, падымаюцца на платформу і паміраюць…» (Маўчыць.) Навошта вы нас мучыце? Мне маму шкада. (Маўчыць.) Усе ўжо да гэтага прызвычаіліся. Уключаць тэлевізар, паслухаюць, і пайшлі піць каву…
маці
— Я вырасла ў савецкі час. Самы-самы. Родам з СССР. А новая Расія… я яшчэ яе не разумею. Не магу сказаць, што горш — тое, што цяпер, ці гісторыя КПСС? У мяне ў галаве савецкі лад, тая матрыца, я палову жыцця правяла пры сацыялізме. Засталося гэта ўва мне. Не выкалупаць. І ці хачу я з гэтым развітвацца — не ведаю. У той час жыць было дрэнна, а цяпер страшна. Раніцай разбягаемся: мы на працу, дзяўчынкі на вучобу, і цэлы дзень тэлефануем адно аднаму: «Што там у цябе? Калі паедзеш дамоў? Якім транспартам?» Збіраемся ўсе дома ўвечары, і толькі тады ў мяне палёгка або, прынамсі, перадышка. Я ўсяго баюся. Дрыжу. Дзяўчынкі скардзяцца: усё ты, мама, перабольшваеш… Я нармальная, але мне патрэбна гэтая абарона, гэтая абалонка — мой дом. У мяне тата рана памёр, можа, таму я такая ранімая, тым больш, што тата мяне моцна любіў. (Маўчыць.) Наш татачка быў на вайне, два разы гарэў у танку… Праз вайну крочыў — ацалеў. Прыйшоў дадому — забілі. У падваротні.
Вучылася я па савецкіх кнігах, зусім іншаму нас вучылі. Проста вам для параўнання… У гэтых кнігах пра першых рускіх тэрарыстаў пісалі, што яны героі. Пакутнікі. Соф’я Пяроўская, Кібальчыч… Гінулі яны за народ, за святую справу. Кінулі бомбу ў цара. Гэтыя маладыя людзі часта былі з дваран, з добрых сем’яў… Чаму мы здзіўляемся, што такія людзі і сёння ёсць? (Маўчыць.) На ўроках гісторыі, калі праходзілі Вялікую Айчынную вайну, настаўнік нам распавядаў пра подзвіг беларускай партызанкі Алены Мазанік, якая забіла гаўляйтара Беларусі Кубэ, прымацаваўшы бомбу да ложка, дзе ён спаў з цяжарнай жонкай. А ў суседнім пакоі, за сценкай, знаходзіліся іх маленькія дзеці… Сталін асабіста ўзнагародзіў яе Зоркай Героя. Да канца жыцця яна хадзіла ў школы і на ўроках мужнасці расказвала пра свой подзвіг. Ні настаўнік… ніхто… Ніхто не казаў нам, што за сценкай спалі дзеці… Мазанік была няняй гэтых дзяцей… (Маўчыць.) Пасля вайны сумленным людзям сорамна ўспамінаць пра тое, што ім даводзілася рабіць на вайне. Тата наш пакутаваў…
На «Аўтазаводскай» падарваўся хлопчык-смяротнік. Чачэнскі хлопчык. Ад бацькоў даведаліся пра яго, што ён шмат чытаў. Любіў Талстога. Ён вырас на вайне: бамбёжкі, артабстрэл…. бачыў, як загінулі яго стрыечныя браты — і ў чатырнаццаць гадоў збег у горы да Хатаба. Хацеў адпомсціць. Напэўна, гэта быў чысты хлопчык, з гарачым сэрцам… З яго смяяліся: ха-ха… дурань смаркаты… А ён навучыўся страляць лепш за ўсіх і кідаць гранаты. Мама яго знайшла і забрала назад у вёску, яна хацела, каб ён скончыў школу і стаў плітачнікам. Але праз год ён зноў знік у гарах. Яго навучылі падрываць, і ён прыехаў у Маскву… (Маўчыць.) Калі б ён забіваў за грошы, было б усё зразумела, але ён забіваў не за грошы. Гэты хлопчык мог кінуцца пад танк і падарваць радзільню…
Хто я? Мы з натоўпу… заўсёды ў натоўпе… Нашае жыццё будзённае, непрыкметнае, хоць мы стараемся жыць. Кахаем, пакутуем. Толькі нікому гэта не цікава, кніг пра нас не пішуць. Натоўп… маса. Мяне ніхто не распытваў пра маё жыццё, таму я з вамі так разгаварылася. «Мама, хавай душу», — гэта мае дзяўчынкі. Увесь час вучаць мяне. Маладыя жывуць у больш жорсткім свеце, чым быў савецкі свет… (Маўчыць.) Такое адчуванне, што жыццё як быццам ужо не для нас, не для такіх, як мы, яно недзе там. Недзе… Нешта адбываецца, але не з намі… Я не хаджу ў дарагія крамы, саромеюся: там стаяць ахоўнікі, яны глядзяць на мяне з пагардай, бо апранаюся я на рынку. У кітайскі шырспажыў. Езджу ў метро, страшэнна баюся, але езджу. Хто забагацеў, у метро не ездзіць. Метро для бедных, а не для ўсіх, зноў у нас з’явіліся князі і баяры і смерды. Забылася ўжо, калі ў кавярню заходзіла, для мяне гэта цяпер дужа дорага. І тэатр ужо раскоша, а калісьці я не прапускала ніводнай прэм’еры. Крыўдна… вельмі крыўдна… Нейкая шэрасць ад таго, што нас не пускаюць у гэты новы свет. Муж прыносіць кнігі з бібліятэкі сумкамі, гэта адзінае, што нам па-ранейшаму даступна. Можам яшчэ пабадзяцца па старой Маскве, па нашых улюбёных мясцінах — Якіманка, Кітайгорад, Варварка. Гэта наш панцыр, цяпер кожны нарошчвае сабе панцыр. (Маўчыць.) Нас вучылі… У Маркса напісана: «Капітал — гэта крадзеж». І я з ім згодная.
Я зведала каханне… Заўсёды адчуваю: кахаў чалавек ці не, з тым, хто кахаў, у мяне інтуітыўная сувязь. Без слоў. Прыгадала цяпер першага мужа… Кахала? Так. Моцна? — Шалёна. Мне было дваццаць гадоў. У галаве адны мары. Жылі з ягонай прыгожай старой мамай, яна мяне раўнавала: «Ты такая ж прыгожая, як я ў маладосці». Кветкі, якія ён дарыў мне, яна забірала ў свой пакой. Я яе потым зразумела, можа, толькі цяпер я яе зразумела, калі ведаю, як люблю сваіх дзяўчынак, якая цесная сувязь можа быць з дзіцём. Мяне псіхолаг хоча пераканаць: «У вас гіпертрафаваная любоў да дзяцей. Так нельга любіць». Ды нармальная ў мяне любоў… Любоў! Маё жыццё… вось маё-маё… Ніхто не ведае рэцэпту… (Маўчыць.) Муж мяне кахаў, але ў яго была філасофія: нельга жыць усё жыццё з адной жанчынай, трэба спазнаць іншых. Я шмат думала… плакала… Змагла і адпусціла. Засталася з маленькай Ксюшай адна. Другі муж… Быў ён мне як брат, а я заўсёды марыла пра старэйшага брата. Разгубілася. Не ведала, як мы будзем з ім жыць, калі ён зрабіў мне прапанову. Каб нараджаць дзяцей, у доме павінен быць водар кахання. Перавёз ён нас з Ксюшай да сябе: «Давай паспрабуем. Не спадабаецца, я адвязу вас назад». І неяк у нас з ім наладзілася. Каханне бывае рознае: бывае палкае, а бывае падобнае на сяброўства. На сяброўскі саюз. Мне падабаецца так думаць, таму што мой муж вельмі добры чалавек. Хай і не жыла я ў шаўках…
Нарадзіла Дашку… Мы ніколі не расставаліся з нашымі дзецьмі, разам ездзілі летам у вёску да бабулі ў Калужскую вобласць. Там была рэчка. Луг і лес. Бабуля пякла пірагі з вішнямі, дзеці і цяпер іх успамінаюць. Ніколі мы не ездзілі да мора, гэта была нашая мара. Як вядома, сумленнай працай вялікіх грошай не заробіш: я — медсястра, муж — навуковы супрацоўнік у інстытуце радыялагічнай тэхнікі. Але дзяўчынкі ведалі, што мы іх любім.
Многія абагаўляюць перабудову… Усе на нешта спадзяваліся. Мне любіць Гарбачова няма за што. Памятаю размовы ў нас у ардынатарскай: «Скончыцца сацыялізм, а што будзе пасля яго?» — «Скончыцца дрэнны сацыялізм, і будзе добры сацыялізм». Чакалі… чыталі газеты… Неўзабаве муж страціў працу, іх інстытут закрылі. Беспрацоўных — мора, усе з вышэйшай адукацыяй. З’явіліся шапікі, затым супермаркеты, у якіх было ўсё, як у казцы, а купіць няма на што. Зайду — выйду. Купляла два яблыкі і адзін апельсін, калі дзеці хварэлі. Як з гэтым пагадзіцца? Пагадзіцца з тым, што так яно і будзе — як? Стаю ў чарзе ў касу, перада мной мужчына з вазком, там у яго і ананасы, і бананы… Так б’е па самалюбстве. Таму людзі сёння нейкія ўсе стомленыя. Не дай Бог нарадзіцца ў СССР, а жыць у Расіі. (Маўчыць.) Ні адна мая мара ў жыцці не здзейснілася…
Калі дачка выйшла ў іншы пакой, гаворыць са мной паўшэптам. Колькі гадоў? Тры гады ўжо прайшло пасля тэракту… не, больш…
Мая таямніца… Уявіць сабе не магу, што лягу з мужам у ложак, і мужчынская рука да мяне дакранецца. У нас з мужам ніякіх адносін усе гэтыя гады, я жонка і не жонка, ён мяне ўгаворвае: «Табе стане лягчэй». Сяброўка, якая ўсё ведае, яна таксама мяне не разумее: «Ты прывабная, ты сэксуальная. Паглядзі на сябе ў люстэрка, якая ты прыгожая. Якія валасы…»У мяне такія валасы ад нараджэння, я на прыгажосць сваю забылася. Калі чалавек тоне, ён увесь насычаецца вадой, так я ўся пранізаная болем. Як быццам я адрынула сваё цела, і засталася адна душа…
Дачка
…Ляжалі забітыя, у іх у кішэнях бясконца званілі мабільнікі… Ніхто не адважваўся падысці і адказаць.
…Сядзела на падлозе дзяўчына, уся ў крыві, нейкі хлопец прапаноўваў ёй шакаладку… …Куртка мая не згарэла, але яна ўся паплавілася. Урач агледзела мяне і адразу сказала: «Кладзіцеся на насілкі». Я яшчэ супраціўлялася: «Сама падымуся і дайду да «хуткай», яна нават прыкрыкнула на мяне: «Кладзіцеся!» У машыне я страціла прытомнасць, ачомалася ў рэанімацыі… …Чаму я маўчу? Я сябравала з адным хлопцам, мы нават… ён мне пярсцёнак падарыў… І я яму распавяла, што са мной было… Можа, гэта абсалютна не звязана, але мы рассталіся. У мяне гэта адклалася, я зразумела, што не трэба ніякіх адкрыццяў. Цябе ўзарвалі, ты выжыў, ты стаў яшчэ больш уражлівы і далікатны. На табе таўро пацярпелага, я не хачу, каб заўважалася гэтае таўро… …Нашая мама любіць тэатры, часам ёй шчасціць злавіць танны білецік: «Ксюша, мы ідзём у тэатр». Я адмаўляюся, яны ідуць удваіх з татам. На мяне тэатр ужо не дзейнічае…