— Умею.
- І танцаваць умееш?
— Умею. Навучылі работнікі.
— А пераскочыць праз вогнішча зможаш?
— Змагу.
— А дзецям лапу будзеш падаваць?
— Буду.
— Тады ў цырк ідзі. У цырку з такімі задаткамі цябе з рукамі… Не, з нагамі адарвуць, — паправіўся я.
- І накормяць мяне, і напояць?
Я ўсміхнуўся:
- І накормяць, і напояць. Вядома, поседам сядзець, як тут, не будзеш. Давядзецца на арэне выступаць. Ідзі ўверх па гэтай сцяжынцы. Як выйдзеш з лесу, табе кожны хлопчык і кожная дзяўчынка скажа, дзе цырк знаходзіцца. Зразумеў?
— Усё зразумеў, — адказаў леў.
Мы развіталіся з ім, потым паціснулі ўсім работнікам рукі і разышліся. Леў паклыпаў па сцяжынцы ўверх, мы пайшлі налева, а работнікі падаліся дамоў: поле араць.
МУЗЫКА-ЧАРАДЗЕЙ І ЯГО ЧАРОЎНАЯ СКРЫПКА
Ідзем няспешна і бачым: сядзіць каля сцежкі хлопец і на скрыпцы іграе. Сам прыгожы: ружовашчокі, светлавалосы. На вышыванай сарочцы васількі цвітуць. А скрыпка, быццам жывая, гаворыць. Дрэвы і кусты замерлі — лістком не варухнуць, хмаркі на небе прыпыніліся — слухаюць, зайка каля елачкі прысеў, вушы натапырыў.
— Дзівосы, дый толькі, — прагаварыў Андрэй Налівайка. — Дзе ён так іграць навучыўся?
— У музычнай школе, — сказаў Сяргей Мазоль. — Уцёк адтуль, бо надакучыла. Цяпер па лесе ходзіць, іграе.
— Вярзеш абы-што, — з папрокам прамовіла Іра. — Гэта ж музыка-чарадзей.
Так, цяпер і мы здагадаліся, што гэты незвычайны хлопец — казачны музыка-чарадзей, які па свеце ходзіць, добрых людзей весяліць, а ліхім панам без нажа сэрца рэжа.
Заўважыў нас музыка-чарадзей, устаў, павітаўся:
— Дзень добры. Хто вы і адкуль, дазвольце пацікавіцца?
- Ідзем мы з-за зялёных лясоў, — неяк па-казачнаму пачала Аня. — Бабу Ягу шукаем. Хочам правучыць яе, каб зла добрым людзям не рабіла.
— Тваімі вуснамі толькі мёд піць, — сказаў музыка-чарадзей.
Як зарагоча Сяргей Мазоль:
— Ха-ха-ха… Мёд піць… Ха-ха-ха… Яе вуснамі мёд піць…
Дзіма Клімовіч Сяргею кулаком у бок:
— Сціхні. А Сяргей:
— Ха-ха-ха… Дзіўна ён гаворыць… Ха-ха-ха…
— Перакладчык табе патрэбен? — прашаптаў са злосцю Андрэй Налівайка. — Спадабалася яму, што мы Бабу Ягу шукаем. Вось і гаворыць.
— Спадабалася, што Бабу Ягу шукаем… Ха-ха-ха…