— Прапала кароўка — хай прападае і вяроўка. Прыйдзецца аддаць гэтым злыдням паўцарства! І чароўная кніга мне не дапамагла.
— Супакойся, — сказала яму Аня. — Тваё паўцарства хай у цябе застаецца. На чароўную кнігу спадзяваўся? Законы прыроды трэба ведаць. Фізіку. Перад фізікай твая чароўная кніга нішто. Хочаш даведацца, дзе кропля? Няма яе.
— Зусім няма? — не паверыў цар-чараўнік.
— Зусім няма. Яе паглынулі капіляры дрэва, а потым па гэтых капілярах вада паднялася да лісцяў і выпарылася ў прастору.
— Давай яшчэ ў што-небудзь пагуляем, — прапанаваў цар-чараўнік.
— Мае загадкі адгадай, — сказала Аня.
Цар-чараўнік сеў на траву, скрыжаваўшы ногі:
— Загадвай.
— Якое значэнне маюць пругкія валаскі на падэшвах ног зайца?
— Яны ў яго, каб іголкі ў падэшвы не калоліся, — хуценька адказаў цар-чараўнік.
— Пругкія валаскі аслабляюць сілу ўдара ў час скачка.
Цар-чараўнік пачасаў бараду, скрывіўся:
— Яшчэ загадвай.
— Для чаго лісе патрэбен вялікі хвост?
— Каб зімою сляды за сабою замятаць.
— Не так. Хвост дапамагае лісе рэзка паварочвацца. Ён у яе быццам паветраны руль.
— Яшчэ адну.
«Вось ліпучка, — падумаў я. — Трэба ўцякаць ад яго. Ён тут нас да самага вечару пратрымае».
— Чаму пялёсткі руж нават пасля моцнага дажджу застаюцца заўсёды сухімі? — спыталася Аня.
— Сонца іх высушвае.
— Не адгадаў. Пялёсткі руж маюць масляністае рэчыва. Дзякуючы яму яны не змочваюцца вадою.
Цар-чараўнік усхапіўся, тупнуў нагою:
— Я вас не адпушчу! Я вас у сваё царства забяру!
— Мы гэтак не дамаўляліся, — кажу. — Хіба ты забыўся пра сваё царскае слова?
— А вы няправільна гулялі са мною. Не адпушчу!
Не ведаю, што было б, калі б не музыка-чарадзей. Паглядзеў ён на цара-чараўніка, сказаў:
— Я ваўкоў у лес прагнаў, чарцям і ведзьмам даў рады. Знайду месца і для цябе, цара-абманшчыка.
Узняў ён скрыпку, павёў смыкам па струнах — задрыжэў, закалаціўся цар-чараўнік як асінавы лісцік, потым закруціўся як ваўчок, узняўся і паляцеў над самымі дрэвамі.
— Цяпер ён сюды толькі праз сто гадоў вернецца, — усміхнуўся музыка-чарадзей, скончыўшы іграць. — Вось і спатрэбілася вам мая скрыпачка, дапамагла. А вы мне не верылі. Давайце развітаемся. Добрыя людзі мяне чакаюць.
Музыка-чарадзей развітаўся і пайшоў паціхеньку. А мы ўсё стаялі і глядзелі, пакуль яго постаць не знікла ў гушчары.