Не спадабалася мне, што Дзіма згадзіўся ваду насіць.
«Выскачыў як Піліп з канапель, — думаю. — Так мы і да ночы Бабу Ягу не знойдзем».
Пакуль я гэтак разважаў, Дзіма скамандаваў:
— Ланцужком станавіцеся. У шапку не спаць. Каб без затрымкі ваду адзін аднаму перадавалі.
Дзіма стаў каля ручая, за ім — Іра, потым — Андрэй, далей — Сяргей і нарэшце я. Мне выпала каля самага льва стаяць.
— Калі ўволю вады не дасі, то я цябе за нагу ўкушу, — сказаў чалавечым голасам леў.
У мяне пот на ілбе выступіў. Што ж рабіць? Укусіць, гэтая звяруга ўкусіць. Адным вядром яго не напоіш.
— Пачынаем, — крыкнуў Дзіма.
— Пачакай! — галёкнуў я. — Аднаго вядра мала. Трэба яшчэ два. Хутчэй будзе.
— Можна і тры, — азваўся барадаты работнік. — У нас вёдзер хапае.
Ён выцягнуў з куста тры вядры і аддаў Дзіму. Дзіма зачэрпнуў ваду і перадаў Іры, Іра — Андрэю, Андрэй — Ані, Аня — Сяргею і Сяргей — мне.
— Пі, — паставіў я вядро.
Леў пацягнуў ротам і адразу выжлукціў паўвядра, другі раз пацягнуў — да кропелькі асушыў. Скасавурыў вочы:
— Мала.
— Бяры, — падаў Сяргей другое вядро.
— Пустое забяры, — напомніў я.
Леў зноў два разы пацягнуў ротам, забарабаніў хвастом па студні:
— Мала.
Добра, што трэцяе вядро Сяргей падаў. Інакш укусіў бы мяне леў за нагу.
— Пі, халера на цябе.
— А ты не лайся, — сказаў леў і імгненна выжлукціў ваду.
У мяне рукі анямелі гэтыя вёдры без перадыху падаваць, а леў п’е і з мяне вачэй не зводзіць.
— Вось гэта прорва, — выцер пот з ілба Сяргей. — Лье, як у бочку.
— Як у цыстэрну, — паправіў я Сяргея.
Цяжка сказаць, колькі вёдзер вады ён выпіў. Я спачатку лічыў. Да двухсот далічыў, а потым заблытаўся. Дый не дзіва. У мяне кругі перад вачамі пайшлі. Але і леў, заўважыў, стаў памалей піць. Абрадаваўся я, гукаю:
— Хутчэй, хутчэй! Ён здаецца.
Добра, што закрычаў. У маіх сяброў адразу сілы прыбавілася. Ажно замільгалі вёдры ў руках. А леў паціхеньку мне:
— Дай адпачыць. Будзь чалавекам. Я табе падару што-небудзь.
— Не падлізвайся, — кажу. — Мы не збіраемся тут тысячу гадоў сядзець.
— Мы цябе так напоім, што лопнеш, — буркнуў Сяргей.