Упаў леў на бок, хвост адкінуў:
— Усё. Болей не хачу.
Работнікі да нас падбеглі, акружылі, рукі паціскаюць, віншуюць. Быццам на свята якое.
— Далі вы яму жару!
— Вунь які жывот пругкі! Ледзьве дыхае.
— Мы тысячу гадоў поім, ніяк не напоім.
— Працуй дружна — не будзе грузна, — кажу работнікам.
А Дзіма:
— Тысячу гадоў лапцем ваду ад берага адганялі. Думаеце, што людзям дапамагалі? Абманула вас Баба Яга. Цяпер хваробы дактары лечаць. Лепей зямлю аралі б, хлеб сеялі б.
— Няўжо абманула? — не паверыў барадаты работнік.
— Яна не толькі вас, але і нас абманула, — сказала Аня. — Шукаем яе, каб правучыць.
— Мы і самі думалі, што пустое робім, — прагаварыў барадаты работнік. — Абрыдла нам гэтая работа. Ну проста самі рукі апускаліся. Але сумленне не дазваляла пакідаць. Абнасіліся, на вераб’іных харчах сядзім. І дома хлеб з мякінаю ядуць. Дамоў пойдзем. Поле ўзаром, збажыну пасеем, пірагоў напячэм, вас у госці запросім.
— А я куды? — зароў леў.
— У лес ідзі, — параіла Іра.
— Дванаццаццю ланцугамі я прыкуты. Не бачыце? Цар лясны — Цмок мяне прыкаваў.
Да студні падышоў Дзіма, пакратаў ланцугі.
— Э-э-э-э, ды яны даўно паржавелі. Гнілыя. Зараз мы цябе раскуём. Молат у вас ёсць? — спытаўся ён у работнікаў.
Барадаты работнік пайшоў у кусты, прынёс вялізны молат.
— Мне яго, напэўна, не падняць, — вінавата ўсміхнуўся Дзіма.
— А я сам раскую, — сказаў барадаты работнік. — Я калісьці ў кузні для асілкаў паліцы каваў. На дванаццаць пудоў і болей.
Барадаты работнік размахнуўся з-за пляча і гахнуў раз, другі. Леў са страху ажно на зямлю прысеў. Але і гнілыя ланцугі на кавалкі рассыпаліся.
— Вось і ўсё, — прамовіў барадаты работнік. — Бяжы ў лес, цар звяроў.
Пачасаў леў лапаю за вухам:
— Не хачу ў лес. Не прывык я ў лесе жыць. Загіну там. Я прывык, каб мяне паілі, каб кармілі.
— Вось да чаго цябе Баба Яга давяла! — паспачувала Іра.
— Што мне цяпер рабіць? Лепей я на ланцугах сядзеў бы.
Бываюць жа такія дзівакі на свеце. Яго з путаў вызвалілі, а ён зноў у путы просіцца.
— Ды не скуголь ты! — з пагардаю прамовіў Дзіма. — Табе трэба было катом нарадзіцца.
Шкада мне стала гэтага няшчаснага льва. Я вырашыў дапамагчы яму.
— Ты куляцца ўмееш? — пытаюся. Леў махнуў галавою: