— Так доктар Кляйн жадае.
Піф-Піф завярнуўся і пайшоў.
— Гэта экзамен, — прагаварыла Наташа. — Кляйн хоча праверыць нашу кемлівасць. Што будзем рабіць?
І ФІТЎ ТРЭБА ЎМЕЦЬ РАБІЦЬ
Даў нам Кляйн галаваломку. Таўшчыню дрэва драўлянай лінейкай вымераць… Вось каб гнуткая яна была, каб вакол дрэва можна было яе абкруціць, — тады хутка вымералі б. А драўляную не абкруціш, не сагнеш: адразу паломіцца.
— Каб гэта дрэва спілаваць, каб вымераць ды пасля каб на месца паставіць і смалою прыклеіць, — пачаў фантазіраваць Міхась.
«Бараду сабе прыклей, прафесар», — хацеў сказаць я, але змаўчаў. Што, калі Кляйн ці хто з яго памагатых у кустах схаваўся, слухае нас?
Мне ў каторы раз за гэтыя дні ўспомнілася наша школа. Усё-ткі добра ў школе. Там настаўнікі. Калі цяжка, параяць, дапамогуць. А тут, як на бязлюдным востраве. Нават горай у некалькі разоў. Бо Кляйн вачэй не спускае.
Ўспомнілася, як у школе нядаўна музей стваралі— «Музей хлеба». Як розныя рэчы ў музей прыносілі. Тыя прылады, якімі нашы дзяды і бабулі раней карысталіся. Я калаўрот прынёс. А хтосьці з нашых школьнікаў прынёс…
«Фіту», — ледзь не крыкнуў я.
Ледзь не крыкнуў, бо здагадаўся, чым можна таўшчыню дрэва вымераць. Фітою. Такою прыладаю, якая ў нашым музеі ёсць.
Я таўхануў локцем Міхася, Наташу — маўляў, глядзіце — і на жоўтым пяску пальцам (калі ж які-небудзь кіёчак будзеш шукаць!) намаляваў, хоць крыху і нязграбна выйшла:
— Дык гэта дрэвамер, па-нашаму, па-мясцоваму, фіта! — усклікнула Наташа. — Фітою раней леснікі таўшчыню дрэваў вымяралі. Цяпер і мы таўшчыню пальмы вымераем.
Наташа нагнулася і… пацалавала мяне ў шчаку. Ведаеце, як чырванее рак, калі зварыцца? А я ў гэты момант, напэўна, быў чырванейшы за варанага рака.
Я ўсхапіўся, наставіў рукі, засланяючыся. А што, калі Наташа зноў надумае пацалаваць?
Наташа звонка-звонка засмяялася:
— Ну й баязлівец!
— А чаго ты на яго накідаешся? — заступіўся за мяне Міхась.
— Не буду. Болей ніколі не буду, — смяялася Наташа.
— Піф-Піф! — гучна крыкнуў Міхась.
Мы думалі, што Піф-Піф у доме, а ён ззаду вылез, з кустоў.
— Я вас слухаю. Мы ажно падскочылі.
— Цьфу, — плюнуў Міхась на зямлю. — Піф-Піф, ты здань ці чалавек?
— Я вас слухаю.
— Да яго не дойдзе, — сказала Наташа. — Не старайся, не выхоўвай.
Міхась паказаў на мой малюнак.
— Піф-Піф, мы хочам зрабіць вось такую прыладу. Каб таўшчыню дрэва каля кораня вымераць. Як твайму гаспадару хочацца. Але голымі рукамі гэтую прыладу не зробіш. Нам патрэбны піла, малаток, два цвікі, аловак, долата і драўляныя рэйкі. Добра, калі паструганыя прынясеш. Зразумеў?
Піф-Піф моўчкі павярнуўся і пайшоў.
— Да Кляйна пасунуўся, — сказала Наташа. Мы селі на лаўку і сталі гадаць: прынясе ці не прынясе Піф-Піф усе гэтыя інструменты?