«Што гэта?» — запытальна глянуў на Кляйна.
— Паралельныя лініі.
Я кіўнуў галавою і дамаляваў:
— Плот! — крыкнуў над вухам Кляйн. Зноў малюю:
— Радыятар. Малюю далей:
— Электрычная лямпачка.
Я ўсміхнуўся. Пабачым, ці цяпер адгадаеш.
— Напэўна, ваза?
Кіўнуўшы галавою, старанна выводжу:
Кляйн паціснуў плячыма. — Не ведаю.
Тады я стаўлю дзве кропкі і пішу:
А яшчэ ніжэй, вялікімі літарамі: «КЛЯЙН». Пазлуйся, цяпер пазлуйся, жартаўнік! У Кляйна, я заўважыў, шыя стала барвовая. Вырачыўшы вочы, ён доўга-доўга глядзеў на мяне.
— Са старога Кляйна смяешся? — нарэшце вымавіў.— Ты хоць ведаеш, што я з цябе магу зрабіць?
Я хуценька пішу на паперы: «Мы гэтак не дамаўляліся».
Кляйн узяў са стала паперу, яшчэ раз паглядзеў на мой малюнак і засмяяўся. Весела так, лагодна.
— Малайчына. Сапраўдны вундэркінд. У цябе ёсць фантазія.
І нават пагладзіў мяне па галаве. Так кот лапаю гладзіць, непрыкметна кіпцюры выпускаючы.
— Дзе ты гэтак маляваць навучыўся? — запытаўся, пазіраючы мне ў вочы.
Не, вакол пальца мяне не абвядзеш. Хіцер Зміцер… Шмат я мог бы табе расказаць. І пра школу, і пра сяброў-аднакласнікаў. У час перапынкаў мы ў школе і не такія малюнкі прыдумвалі. Ды хіба ты зразумееш гэта, калі б нават расказаў?
Кляйн паклаў лісток у кішэню і стукнуў у далоні. У пакой увайшлі індзейцы. Яны неслі фарфоравыя талеркі, крыштальныя шклянкі. У пакоі запахла смажаным і вараным.
— Зараз дзічыны пакаштуеце, — прагаварыў Кляйн, паціраючы рукі.— А патрашку елі? Ведаю, што не елі. Патрашкай індзейцы называюць рыбу, запечаную ў пальмавым лісце. Чулі?
Слухаючы Кляйна, мы моўчкі глыталі сліну. А Кляйн не спыняўся:
— І цяпу ніколі не елі? Не чулі, што ёсць цяпа? Цяпа — індзейскі суп. Яго з бананаў вараць.