— А калі праз акно на двор выліць? Надакучыла ўсё.
— Я табе вылью, — насварылася на яго Наташа. — Забыўся, чаго сюды прыляцелі? А Кляйн? Ведаеш, як будзе з нас смяяцца?
— Будзе, — пагадзіўся Міхась. — Яшчэ як будзе. Я ўявіў, як зойдзецца ад смеху Кляйн, як схопіцца за жывот, як пачырванее. Аж неяк нядобра стала. Што ж прыдумаць? Міхась адчыніў акно.
— Ружы паліваюць, — сказаў ён задуменна. — Памятаеце, як мы вясною каля школы рабіны садзілі, а пасля ўсё лета палівалі? Я, здаецца, сто гадоў рабіны не бачыў. Давайце папросім Кляйна, каб свой парнік паказаў. Ен хваліўся, што рабіна ў яго парніку расце.
— Ты пра рабіну сказаў? Пра рабіну? — усхапілася Наташа.
— Пра рабіну. Ну і што? — паціснуў плячыма Міхась. — А табе хіба не падабаецца рабіна?
— Вельмі падабаецца! — з нейкай асаблівай пяшчотай прамовіла Наташа. — Ягадамі рабіны нават мядзведзі ласуюцца. І галінкі ломяць, і дрэўцы, каб ягады дастаць.
— Ну і хай сабе ломяць на здароўе.
— Чаго ты нос апусціў? — прагаварыла Наташа. — Хай ломяць… А ты ведаеш, чаму яны гэтымі ягадамі ласуюцца?
— А мне што да таго? Мне з мядзведзямі не жыць.
— І што б вы без мяне тут рабілі? — уздыхнула Наташа. — Няўжо ты не здагадаўся, што я ведаю, як балотную ваду ачысціць?
— Жартуеш?
«Смяецца з нас Наташа, — падумаў і я. — Раней мы з яе смяяліся, калі пра Эльдарада расказвала, а цяпер яна. Не можа дараваць».
— Я не жартую. Чаму мядзведзі горкімі ягадамі рабіны ласуюцца? Бо ягады рабіны патрэбны Мядзведзям як лякарства. Фітанцыды выдзяляе рабіна. Лятучыя рэчывы. Я ў газеце пра гэта чытала. А мая бабуля лісцямі рабіны гародніну перасцілае. Каб не псавалася. Праўда, пра фітанцыды бабуля не чытала. Даўней так рабілі. І яна гэтак робіць.
— Выходзіць, галінкамі рабіны можна і балотную ваду ачысціць? Фітанцыды дапамогуць ачысціць? — спытаў Міхась у Наташы.
— Дапамогуць, — усміхнулася Наташа. Міхась сеў на падаконнік.
— Да-па-мо-гуць, да-па-мо-гуць, — па складах праспяваў.
— Асцярожна. Упадзеш, — сказала Наташа. — Магнітам цягне да акна.
Міхась саскочыў з падаконніка, падбег да стала, схапіў поліэтыленавы мяшэчак і высыпаў насенне на падлогу.
Наташа ажно рукамі ўспляснула.
— Калі цяпер пазбіраем?
— Магнітам? Ты сказала «магнітам цягне»? — спытаў Міхась.
— Сказала. «Магнітам цягне» — гэта фразеалагічны выраз.
Я толькі галавою круціў, пазіраючы то на Міхася, то на Наташу. Сёння я не разумеў іхніх загадак.
А Міхась узяў рукі ў бокі і пайшоў упрысядкі, прыпеўваючы ў такт:
— Тра-та-та, тра-та-та…
— Хопіць трататакаць, — не вытрымала Наташа. — Што прыдумаў?
Міхась неяк зусім па-вучонаму стаў тлумачыць:
— З усім гэтым насеннем мы перамяшаем металічны парашок. Паверхня насення пустазелля шарахаватая, а ў насення культурных раслін яна гладкая. Да шарахаватай паверхні насення, вядома, прыліпне металічны парашок. І тады мы паднясем магніт. Што будзе? Задача з адным арыфметычным дзеяннем. Рашайце.
— Насенне пустазелля разам з металічным парашком прыліпне да магніта, а насенне культурных раслін на падлозе застанецца, — адказала Наташа.