Я ўспомніў, што наш сусед дзядзька Кандрат Цяпай свайго сабаку называў. Вось як бывае. Індзейскім словам сабаку назваў, хоць ні разу не быў у Амерыцы. Нездарма словы крылатымі называюць. З аднаго кантынента на другі, як птушкі, яны пералятаюць.
— Нашага малака таксама не пілі? — не спыняўся Кляйн. — Малочнае дрэва ў нас расце. Яго малако каларыйнейшае за смятану.
«Хопіць байкамі карміць! — хацелася крыкнуць мне. — Ведаем пра малочнае дрэва».
— Лыжкі, відэльцы, — загадаў Кляйн.
Адзін з індзейцаў паклаў перад намі сярэбраныя лыжкі, відэльцы.
— Калі ласка, частуйцеся, — нарэшце запрасіў нас Кляйн.
Мы дружна зачарпнулі лыжкамі цяпы. Сапраўды, індзейскі суп быў незвычайна смачны. Бананы проста раставалі ў роце.
— Патрашку ешце. Дзічыны пакаштуйце, — запрашаў Кляйн.
Я так наеўся, што аж папружку расперазаў. Жывот стаў цвёрды, пругкі. Як футбольны мяч.
— Усё гэтае хараство вы, напэўна, на «Яшчарцы» прывезлі? — паказаў Міхась на фарфор, крышталь і серабро.
Кляйн адкінуўся на спінку крэсла.
— Пакрыху са ўсяго свету збіраў. І рыб, і жывёл. Нават кветкі. Ружы, напрыклад. Самі бачылі, колькі руж у мяне.
«Каб мог, увесь свет пад сябе падгроб бы. Яшчэ крычаў бы, што мала, — думалася мне. — Цяпер зразумела, як тут ілісты скакун з’явіўся».
— А шымпанзэ Мікі… Навошта яго прывезлі? Вы казалі, што хацелі з яго паслухмяную малпу зрабіць.
Кляйн адразу спахмурнеў.
— Думаў, што ваенным прыёмам яго навучу. Каб умеў узрыўчатку падкладваць. Мініраваць каб умеў. Як дыверсант. А Кока-Кола надумаўся чалавека з яго зрабіць. Ха-ха-ха… Чалавека… З малпы чалавека! Уяўляеце? Памыліўся я, калі Мікі яму аддаваў. Канечне, штосьці зрабіў Кока-Кола. Мікі ён някепска выдрэсіраваў. Яго каб у цырк — сенсацыя была б. Але ж чалавека… Не кантраляваў я яго. Шкада…
— Доктар Кляйн, а як Мікі ў лесе апынуўся? — не выцерпела Наташа.
— Уцёк. Кока-Кола паляцеў, і ён уцёк. Не дапільнавалі. Дыверсанта я з яго абавязкова зраблю. Сам. Я распрацаваў інтэнсіўны метад трэніроўкі. Хутка зямлянкі гэтых індзейцаў угору ўзляцяць.
— Доктар Кляйн, — сказаў Міхась, — у вас як у казцы выходзіць. Кажаце, што ляталі, куплялі. А за што куплялі? Грошай у Эльдарада няма.
— Эльдарада і ёсць казачная краіна, — усміхнуўся Кляйн. — Грошай няма. Затое золата ёсць. Золата — не грошы? — І, нібы жартуючы, паківаў пальцам: — А цяпер адпачываць. За сёння вы шмат чаго даведаліся.
Мы ўсталі з-за стала, і Кляйн павёў нас па лабірынтах вузкіх калідораў.
ЦІ ДОБРА ПРАЧЫНАЦЦА, КАЛІ ГУЧАЦЬ ПТУШЫНЫЯ СПЕВЫ?
У пакоі, куды прывёў нас Кляйн, стаялі тры драўляныя ложкі.
— Кладзіцеся і адпачывайце, — сказаў Кляйн і выйшаў з пакоя.
У дзвярах шчоўкнуў замок.
— Вось і трапілі ў пастку, — прагаварыла Наташа. — Калі мы выберамся адгэтуль?
Міхась прыціснуў палец да вуснаў.
— Цішэй. Магчыма, нас падслухоўваюць. Спаць кладзіцеся.
Я заглянуў пад ложак. Што, калі ў Кляйна і ложкі з сюрпрызам?
— Кнопачкі шукаеш? — спыталася Наташа. — Трэба і мне паглядзець.