Тым часам бабка Сонька і цётка Люба не спынялі намаганняў вярнуць Колю сабе і Мястэчку. Засеўшы на кухні, гарталі святыя кнігі. Іх цені, бесцялеснымі абрысамі, хістаючыся на сцяне, рабілі ўражанне надчасовасці. У прыпушчанскіх вёсках ёсць такія жанчыны. Недацёпы называюць іх шаптухамі. Але гэта няпраўда. Яны — адлюстраванне вечнасці, якая паглыбляецца сама ў сябе, у пошукі першага слова, універсальнага жэсту, што ў змозе адмяніць усе астатнія словы, затрымаць час або накіраваць яго цячэнне ў карысным сабе напрамку.
Першая шаптуха, запрошаная з суседняй вёскі, пачала з малітвы.
“Як засеяны мак цяжка з зямлі падняць, так цяжка ад маўчання і раба божага Мікалая выратаваць. Як памерлыя ног не ўзнімаюць, так бы і маўчанне на раба божага не ішло. Святы Мікола Угоднік, выратуй раба божага ў вадзе, агні і на зямлі. Амінь”.
Але дзядзька Коля маўчаў чарговыя два дні, як надмагільны камень, і другая шаптуха, пакліканая з іншай вёскі, прапанавала адкрыць малюнак. А калі згарнулі дыван, набрала поўныя лёгкія паветра, дзьмухнула ў распятыя на сцяне ружовыя шчокі, адвярнулася, плюнула пад ногі. Паўтарыла цырымонію і з пурпурнымі саскамі, і з доўгімі да акна нагамі. На заканчэнне ўзяла хустачку, якой выціраліся слёзы цёткі Любы, працерла знерухамелае, напалову мёртвае аблічча дзядзькі Колі гэтай хустачкай і спаліла яе на свечцы, кажучы:
— Ты спалі, агонь, мае слёзы гаручыя, загані бяду ў лес дрымучы, хай яна там заблукае і ніколі ў дом не вяртаецца, хай у мужа майго сэрца зжаліцца....
У выніку дзядзька падняўся з тапчана, падступіў да малюнка найбліжэй, як падступіць можна і, кранаючы пальцам карміновыя вусны, сказаў:
— Гляньце, усміхнулася. І дадаў, памаўчаўшы: — Я кахаю яе ўсмешку...
Але гэта былі адзіныя словы, моўленыя ім ў той дзень.
Менавіта ў той дзень пайшла таксама па Мястэчку вестка пра дзіўную з’яву — каханне. Гаманілі аб ім у цэнтры і на прадмесці, у блоках і маленькіх доміках, на працы і за бестурботным адпачынкам. На пачатку шэптам, сарамліва, а затым у голас, адважна. Тыя, хто ніколі не шукаў кахання, пераклікаліся з тымі, хто згубіў яго. Даводзілі сваю праўду з зацятасцю, як заўсёды, калі чалавек падсвядома разумее памылку і хоча апраўдацца ў ёй — перш за ўсё перад самім сабой. Свет, у звычайныя дні прымушаны чалавечымі кулакамі рухацца наперад, зараз сноўдаў нага за нагой, ішоў па інерцыі, па звычцы, абы сяктак скарыстаць дораны сабе час. І толькі ў хатку цёткі Любы з раніцы да вечара цягнуліся паломніцтвы. Разглядаючы малюнак на сцяне, мужчыны крадком цмокалі ад захаплення, а жанчыны, ледзь глянуўшы, дэманстратыўна адварочвалі твары. Адыходзячы, сумна ківалі галовамі, паўтараючы ў адзін голас: “Коля, адумайся. Навошта табе гэтае каханне? Ну, сам скажы, навошта яно?”
Але дзядзька Коля маўчаў. І бабка Сонька знайшла трэцюю шаптуху. “Ратуй, — злажыла рукі на сваіх абымшэлых шчоках. — Ратуй майго Колю!” Шаптуха, для разнастайнасці, вялікімі кравецкімі нажніцамі адчыкнула з дзядзькавай галавы касмыль сівых валасоў, спапяліла іх у полымі грамнічнай свячы, і попел, у суправаджэнні тайных закляццяў, панесла на край Мястэчка, раскінула на чатыры бакі свету. Дзядзька і не здрыгануўся. Адзінае, убачыўшы лязо нажніц, паслаў у пустэчу дыямантавы, халодны позірк. “Зусім як стары пан Драгабыцкі, калі першыя саветы вялі яго пад расстрэл”, — прыпомнілася бабцы Соньцы.
— Каханне дорыць чалавеку волю, а воля не баіцца смерці, — сказаў дзядзька Коля. Ягоныя думкі перасякалі мяжу краіны, даступнай цётцы Любе і ўсім астатнім жыхарам Мястэчка.
— Люба, каханне — гэта чалавечая хвароба і ніякая сіла не вылячыць яе апроч чалавека. Усёткі шукай Зэніка, — адчайным, пазбаўленым надзеі голасам сказала бабка Сонька.
Ноччу сасніўся цётцы маэстра Зэнік. Стаяў на высокай да хмарын драбіне і размалёўваў неба ў блакітную кветку. Гэтая кветка, агромная, пялёсткамі краналася гарызонту, а зялёным сцяблом знікала ў расхлістанай майскім ветрам бутэльцы Белавежскай пушчы. Пад драбінай стаяў дзядзька Коля і клікаў незнаёмую прыгажуню. Сон дэфармаваў яе імя, загартаў у бяздонне начных басаў. Цётка Люба, напружваючы слых да межаў магчымага, не здолела яго зразумець. А потым краявід запоўніўся імглой. Белая імгла — як звычайна ў снах — з’яўляецца з нябыту, прымае любыя формы і імёны — так і цяпер выйшла з ніадкуль, разгарнулася над пушчай, пераўтварылася ў постаць прыгожай незнаёмкі. “Хадзі!”, — дзядзька Коля паўтарыў імя прыгажуні. Прыгажуня пачула кліч, пераступаючы доўгімі нагамі вяршыні дубоў і соснаў, пабегла яму насустрач. “Стойце!” — бязгучным голасам закрычала цётка Люба, але яны не чулі, не спыніліся. Нават у заблытанай ірацыянальнасці сна цётка Люба зразумела: вось яны з дзядзькам Колем апынуліся раптам па розных баках сна, а, мабыць, і явы, і сцежкі іх разыходзяцца на век вечны.
Бліжэйшай раніцой, памаліўшыся прасвятой Багародзіцы, папрасіўшы прабачэння ў малым граху, які ў канчатковым разліку ратуе ад куды большага зла, яна прыцягнула на сваёй спіне скрынку чыстай гарэлкі. Знайшла маэстра, а ён, крануўшы сцяну чарадзейскім пэндзлікам, пераўтварыў аголеную незнаёмку ў раззораны кветкамі гарод. Ён стаіць там па сённяшні дзень, наперакор тром дзесяцігоддзям, сакавіты і свежы, бо маэстра Зэнік не падманваў ні працай, ні матэрыяламі. Не тое, што другія пакаёвыя маляры, каму не праблема прыкласці да сцяны кардонавы шаблон і хітрай помпай дзьмухнуць туды абыякую фарбу.
Яшчэ і сёння, калі ніхто не бачыць, абапіраючыся на старэчую трысцінку, дзядзька Коля падыходзіць да квяцістай сцяны, працягвае руку, разгортвае пунсовыя макі, снежныя канваліі, дробную, як местачковыя праблемы, мацыёлу. А можа зза пялёсткаў і густога лістоўя пакажацца ж прыгажуня!? Але зараз дзядзька Коля штораз менш упэўнены — была яна сапраўды ці толькі саснілася.
Антон
— Будую дом, ведаеш? — прыжмурыўшы вочы, дзядзька Антон сачыў за спраўнымі рукамі буфетчыцы.
— Ведаю, — адказвала буфетчыца Гандзя і стаўляла на столік надзьмуты пенай куфаль. — Усе ведаюць.
Пасля складаных гістарычных паваротаў людзі ўступалі на шлях будаўніцтва. Хутка наганяючы страчаны час, пространь запаўнялася новымі аднапавярхоўкамі. Але ў гэтых людзей не было нават кроплі шаленства. Памяць нахабна капіравала простыя домікі, узведзеныя ў першыя дні жыцця Мястэчка, павялічваючы адно іх вонкавыя памеры. Тым часам усё нутро, нябачныя душы дамоў, з якіх пачынаецца крок у будучыню, заставалася нязменным.
Дзядзька Антон узводзіў дом, інакшы за ўсе астатнія ў Мястэчку. Калі цесляры дайшлі да месца, дзе звычайна пачынаецца дах, на гэты першы дом ён загадаў паставіць другі. Упоперак да франтальнай сцяны першага паверху. Ужо па гэтай прычыне будынак быў незвычайны. Тры спальні на другім паверсе, кухня і салон на першым. У падвале гараж, а побач з гаражом майстэрня.
— Дом вялікі, але, праўду сказаўшы, каму ён патрэбен? — сумна ўсміхаўся сваёй адзіноце.
— Такому дому патрэбная жанчына.
— А дзе ж яе знайсці... Сорак на спіне, — рытарычна пытаў Антон.
Антон, як і ўсе мужчыны ў нашай сям’і, быў сталяром. Хадзіў на фабрыку так доўга, пакуль не дайшоў да высновы, што няма ў гэтым ніякага сэнсу. Побач са старым домам збудаваў майстэрню, і з раніцы да вечара гулі там розныя станкі. Першай адзывалася піла, званая крайзэгай, потым габлярка, шліфавальны станок. Апошнім браў голас малаток, спалучаючы працу машын у форму, прадбачаную чалавекам.
У той час нават самая маленькая прыватная майстэрня аддзячвала за працавітасць рук прыбыткам, параўнальным з заробкам пана прэм’ермiнiстра Ярашэвіча. Залатоўкі прыходзілі невядома адкуль, сыпаліся бярозавымі стружкамі, дубовымі абрэзкамі, сасновымі апілкамі. І калі чалавек, пазбягаючы памылак, характэрных міністрам, не мантачыў грошы на акцёрачак, што зачэпліва перабіраюць ножкамі, танцуючы канканы, ды на парыжскiя пiнжакi, не пераліваў іх у сонечныя промні часу, беспрадуктыўна страчанага на трапічных курортах, асобныя залатоўкі вырасталі ў сотні, у тысячы, у дзесяткі тысяч.
Антон абмінаў спакусы вялікага свету. Толькі ў суботнія пасляпоўдні даваў волю маленькім капрызам і адпраўляўся ў бар “Сонейка”. Побач з прылаўкам быў ягоны столік. Можна адтуль глядзець у залу, а можна таксама назіраць за буфетчыцай Гандзяй, якая змагаецца з вялікай сціртай выкарыстаных шклянак і куфляў. Сядаў на звыклае месца і аддаваўся задуменню, спаглядаючы праз задымленыя галовы штодзённых кліентаў у свой свет.
Людзі, што часцей бываюць побач са смерцю, бачаць куды больш за іншых. Разумеючы зманлівую вартасць усіх скарбаў нашага свету, цэняць кожную хвіліну і рэч. Накапліваюць усё, што ў канчатковым разліку можа быць наяўным доказам іх прысутнасці ў жывых. Напрыклад, будуюць вялікія дамы.
Дзядзька Антон сустракаўся са смерцю штодзённа. У сваёй маленькай майстэрні ён вырабляў дамавіны, і ні адзін жыхар Мястэчка без яго веды не адышоў на вечны спачын.
— А калі памру, падрыхтуеш мне труну, Антоська, — казала часам бабка Сонька. Яна была ўжо вельмі старая. Можна падумаць — вызвалілася ад пераможнай улады часу, а можа ўвайшла з ім у змову, недаступную іншым людзям? І час каторы ўжо год абмінаў яе, праходзіў побач, нават не працягваючы руку, каб маршчынай запісаць на твары чарговы дзень або месяц.
— Толькі, ведаеш, салідную, — удакладняла бабка.