— Ранейпазней каўкнем і цябе, — у дабрадушнай усмешцы выскальваліся сталёвыя зубы.
— Або і не, — адгрызаўся Сашка, загружаючы ў зяпу дадатковую порцыю сасновай драўніны.
Размаўлялі без накіпу злосці. Калі гутарыш дваццаць гадоў з чалавекам ці машынай, ведаеш суразмоўцу дакладна так, як ён ведае цябе, і нават шорсткае слова або грубы жэст успрымаеш як звычайны сяброўскі штуршок у плячо.
З новым годам фабрыку пачалі наведваць новыя людзі, якіх раней ніхто тут не бачыў. Заклаўшы рукі за спіной, сноўдалі ў мантажную і шпалерную майстэрні, абмацвалі мэблю, выстуквалі пальцамі на лакіраваных сценках ім толькі вядомыя шыфры. Сасновая драўніна адгукалася сваім голасам, дубіна сваім, а яны, слухаючы адказ, усміхаліся або, скрывіўшы ад незадавальнення вусны, нешта запісвалі ў абкладзеных скурай блакнотах. Часам спыняліся перад нейкім станком. Падцягнуўшы манжэты, нерухамелі на пяць, дзесяць хвілін і толькі іх вочы прабягалі нябачны шлях між цыферблатамі гадзіннікаў ды рукамі сталяроў. А потым у нататніках запісваліся нейкія лічбы і словы.
— А гэта што за архаічнае дзіва!? — сказаў аднойчы незнаёмы чалавек, разглядаючы Сашкін станок.
— Так, архаічнае, — пацвердзіў другі. Але ён якраз глядзеў не на станок, а на Сашку.
— Пара на пенсію, — прамовіў трэці. — А тут стане самы вялікі агрэгат. У гэтым Мястэчку яшчэ такой тэхнікі не бачылі.
На наступны дзень стары станок не адазваўся ні з раніцы, ні пасля поўдня. Заціснуўшы зубы, замоўк на век вечны. Ніхто таксама дакладна не ведае, куды дзеўся Сашка. Знік, рассыпаўся дробным макам сасновых апілкаў. Фабрычныя прыбіральшчыцы згарнулі іх у маленькую сасновую дамавінку, а мы занеслі яе на праваслаўныя могілкі.
Вечарам схадзілі ў “Сонейка”. На століку спачываў моўчкі невядома чый капялюш і ніхто яго не кранаў. Апоўначы, калі пан Метэк праводзіў нас да выхаду, не развітаўся звычаёвым, добра вядомым “а заўтра запрашаем таксама”.
— Заўтра закрываем бар, — пан Метэк усміхнуўся смуткам, які кандэнсаваў у сабе ўсе ягоныя ранейшыя смуткі. — Назаўжды закрываем. Будзе тут прадуктовы магазін. А, можа, спажывецкая крама або банк. Я не ведаю. Я нічога ўжо не ведаю. З заўтрашняга дня не я тут кіраўнік.
Наступная раніца падымалася на ногі марудна і няўмела. Можа, новы дзень забыўся на стары і зараз вывучаў першыя крокі, як вывучае іх нованароджаны чалавек? Першы раз у трынаццаць гадзін мы не пайшлі ў “Сонейка”. Мястэчка здавалася халодным, агідным, быццам ноччу ўзялі яго чужыя захопнікі, патапталі, запіраючы тубыльцаў у паўзмрочныя падвалы. І толькі адвячоркам Була не вытрымаў, адзінока схадзіў у бар. Рука, ведзеная досведам мінулых гадоў, прылягла на клямку, кранула яе пяшчотна, але і ўпэўнена, як кранаюцца адзін аднаго пальцы шматгадовых палюбоўнікаў. Дзверы не здрыгануліся, і рука паўтарыла жэст — мацней, больш рашуча. Безвынікова. Закрыта... Уражаны, Була адступіў крок назад, абвёў вачыма будынак, праз акно зазірнуў у сярэдзіну, прыклаў вуха да шыбы. Стаіўшы дыханне, намагаўся адшукаць пульс, вылавіць зза сцяны знаёмае дудзенне. Але сэрца бару было мёртвае.
У галаве назойлівым званочкам празвінела думка: “Якраз сёння вечарам здзейсніцца ўсё, прыедуць доўгачаканыя госці з Варшавы, і закончыцца стары, абыякі свет, і пачнецца новы, лепшы. Але ж шукаць пачнуць з гэтага месца! Бо дзе мяне шукаць, калі не тут?” — прадчуванне выключнасці хвіліны адразу перайшло ва ўпэўненасць, і Була вярнуўся да дзвярэй, яшчэ раз абмацаў клямку.
Лёс бывае цынічны, і дзверы ў вялікі свет, адкрытыя насцеж, стаўляе часам за дзвярыма, што вядуць у местачковы бар. І гэты першы ўваход пячатае маленькай, здзеклівай шыльдачкай: “Закрыта назаўжды”.
Була прысеў на сходках і чакаў. Адвячорак парыпваў дваццаціградусным марозікам. З неба на зямлю перасыпаўся дыямантавы іней. Побач прабягалі людзі, хутка, скарачаючы да мінімуму дыстанцыю паміж цеплынёй дамоў і неадкладнымі справамі. Але вонкавы свет не меў ніякага значэння. Була чакаў свой лёс спакойна, не хвалюючыся, не правяраючы гадзіннік кожныя дзесяць хвілін. Так чакае прыходу Месіі бязгрэшны, перакананы ў светлай будучыні чалавек, бо калі і не адкрыюць яму дзверы ў бар “Сонейка”, адчыняць іх у чыстае неба.
Наведаўшы Мястэчка — няхай сабе нават выпадкова або з цікавасці да белавежскіх зуброў — зайдзіце таксама і на праваслаўныя могілкі. З галоўнай брамы вазьміце кірунак на маленькую, драўляную царкоўку. За царкоўкай павярніце налева і шыбуйце аж да сцяны пушчы, што драпежнымі кіпцюрамі дубоў і ялін падкопваецца пад могілкавы мур. Там сустрэнеце Булу. Пакуль ён трапіў у найсмутнейшы закутак Мястэчка, адляжаў побач з барам “Сонейка” доўгую студзеньскую ноч. Напэўна, сніўся яму самы прыгожы мяч, забіты найлепшаму ў свеце варатару, бо калі на досвітку тоўсты, бы мартэн, міліцыянер Чарнейка разгарнуў блакітную снежную фальгу, Була зірнуў на свет доўгай, светлай усмешкай. Побач з Булам пад адным помнікам спачывае малы Сашка. Іх помнік стандартны, не большы і не меншы за астатнія. Кажуць, смерць раўняе ўсіх людзей.
Валодзя
З таго дня Валодзя Іванюк, калі ён упершыню паддаўся сумненням, ці ў ягоных вачах ёсць, прынамсі, адна іскрынка ад вачэй старога Уладзіміра Іванюка, часцей пачаў гасцяваць у сшытках, запісаных доўгімі дзесяцігоддзямі. Гартаў старонкі, перачытваў асобныя словы і радкі. На адных радках ягоны твар закрывала чорная хмара, на іншых вусны расхіляліся ва ўсмешцы, яшчэ якія пераскокваў абыякава, не паглыбляючыся ў нутро літар. Часам заходзіўся гучным рогатам. Тады бесцырымонна вырываў лісток і кідаў яго ў печ. “Дурніца якаясь. Так не было, бо не магло так быць. Няўжо гэта я запісваў?” — папракаў сваю маладую наіўнасць.
Вечарамі на доўгія хвіліны ён спыняўся каля люстэрка. Абмацваў пальцамі нос, шчокі, вусны. Абапіраючы падбародак на ўказальны палец, нерухамеў у саноўнай позе. “Напэўна ж не абыхто я. Такі твар не даюць першаму сустрэчнаму”, — сумненні падступалі хвалямі і прымушалі яшчэ глыбей зазіраць у сябе. І чым далей у сябе заходзіў, тым больш пытанняў выносіў, вяртаючыся назад. Часам сустракаўся ў люстры з тварамі братоў. Былі звычайныя, будзёныя, як і ўсе астатнія ў Мястэчку. “Чаму такая вялікая розніца між намі?”, — здзіўляўся.
Аднойчы вечарам, калі зайшла да нас бабка Сонька, Валодзя спытаў, быццам мімаходам, не зводзячы вачэй з шкляной роўнядзі:
— Мама, а які быў пан Драгабыцкі?
— Пан Драгабыцкі?.. — не адразу зразумела, пра што яе пытаюць. — Ах, пан Драгабыцкі... Працаваў там твой бацька. Фурманіў, пакуль не пажаніліся мы. А пан аказаўся нядрэнны, нават ялавіцу не пашкадаваў яму на добры пачатак. Госпадзі, як даўно ўсё тое...
Шукаючы шлях да сябе сапраўднага, Валодзя забягаў у старыя фатаграфіі. Было іх няшмат і, кпінай лёсу, самая зараз важная, самая жаданая канула як камень у ваду. Гартаў папкі, тоўстыя ад усялякіх папераў, раскопваў шуфляды і паліцы. Рукамі адчаю ныраў у кішэні старой вопраткі, забытай, дажываючай век на гарышчы. Траплялася ў рукі ўсё, ды — як звычайна ў жыцці — не тое якраз, што шукаецца. Аднойчы крадком залез у куфар бабкі Сонькі, які мог быць равеснікам свету ды прыхоўваць пад счарнелым векам усе таямніцы сям’і. Дарма. Апроч вытканай на кроснах капы, нічога там не знайшлося.
А тую фотакартку прыпамінаў з дзяцінства. У старой хаце яна прыхарошвала сцяну так доўга, што перасталі на яе звяртаць увагу. Была там ці не, калі разбіралі дом і ад’язджалі ў Мястэчка? Невядома. Толькі выплывала на памяць затуманенай, пажаўцелай плямай — брычка, конь, малады фурман сціскае ў далонях ляйчыну, за спіной фурмана пан Стасінак.
— Была такая картачка, праўда, — пацвердзіла бабка Сонька, пакліканая на дапамогу. — Каля царквы, на Ўспенне здымаліся. Прыязджаў фатограф, ці не з Бельска, і здымаліся. А які год — забі, не памятаю. І куды прапала, таксама не ведаю.
— А які быў пан Стасінак? — задаваў Валодзя чарговае пытанне.
— Пан Стасінак? Ах, пан Стасінак. Сын старога пана. Прыгожы. Вочы чорныя, бліскучыя... І конь у яго быў, Султанам клікалі. Белы, як з восеньскай iмглы выліты. А як падрываў капыты, як раскiдваў грыву! Глядзiш і не ведаеш — дзе канчаецца конь, а дзе пачынаецца вецер...
На ўспамін далёкай маладосці твар бабкі Сонькі святлеў і ўсміхаўся, але чарговая думка сцірала ўсмешку, паварочвала ў смутак:
— Пана Драгабыцкага першыя саветы расстралялі, а Султана зварылі і пасяклі на гуляш другія саветы. І пан Стасінак не выратаваўся. Збег у Варшаву, але там немцы ў паўстанні ўтрупянілі. Але памёр прыгожа. Шаблю ў далонi сцiснуўшы, клубком жывой адвагi пайшоў на бяздушную кучу жалеза, якую танкам называюць.
Валодзя вяртаўся да люстэрка, а паўсвятло адвячорка распальвала ў ягоных блакітных вачах чорныя, бліскучыя ліхтарыкі. За дзвярыма шкла і часу ўсё выразней маляваўся прасторны дзядзінец двара пана Драгабыцкага, стайня, фурман Іванюк побач з белым канём...
— Закладай, Уладзімір, Султана ў аглоблi. Махнемся ў свет, на вёску зiрнем, — пан Стасінак выходзіў з люстра, асцярожна зачыняў за сабой шкляныя дзверы, садзіўся ў брычку.