— А курва твая маць! — сказала яна нечакана.
Можна зразумець яе гнеў. На супрацьлеглай тапчану сцяне было менш кветак. Праўда, таксама ж сакавiтыя i натуральныя там колеры. I кожны пялёстак, i паасобная жылка жыўцом скапiраваныя з натуры, i ўсё ўкладваецца ў фантазiйны прамавугольнiк, у раму — не сустрэць прыгажэйшую ў самых лепшых галерэях свету. А вось цэнтр малюнка, усю яго сутнасць запаўняе дашчэнту аголеная, чужая панюся. Разлажылася i ляжыць — метр над падлогай, бы законная тут гаспадыня. Левая рука, сагнутая ў локцi, падпiрае нязначна ўзведзеную галаву, другая далонь — кветка там мiж пальцаў — пяшчотна гладзiць пурпуровы сасок. Ёсць i чорны трохвугольнiчак нiжэй жывата, над трохвугольнiчкам каляровы матыль. А затым толькі ногi — доўгiя, да акна.
— А ёб тваю маць! — паўтарыла на мове дзяцінства цётка Люба. У сітуацыях экстрэмальных людзі адклікаюцца да сваіх прапачаткаў, шукаюць там падтрымку, пакаленнямі нажытыя правілы, здольныя супрацьпаставіцца нахабным прыступам актуальнай хвіліны.
Маэстра, не сканфужаны адмоўнай рэцэнзіяй, ветліва ўсмiхнуўся, паклаў на стомленыя вейкі свае залатыя рукі.
— Вось, цётачка, было б i ўсё. Яшчэ толькi пратэрмінаваны паёк. Сем пляшак, як сем дзён — паказаў на пальцах. — У іншым выпадку гэтая вось паненка застанецца тут. На век вечны.
Ажыццяўляючы пагрозу, загарнуў у ёмiстую торбу пэндзлікі, бляшанкi, бутэлькi.
— А ты нават і не думай. Грошы — калi ласка. Называй цану, плачу ўсё, да апошняй капейкі. А гарэлка — не! — вочы цёткі прыжмурыліся, пахаладзелі, зацягнуліся шырмай лютасці. У такі момант працягваць дыскусію можа толькі той, хто сустракае цётку Любу першы раз. І Зэнік адступіў:
— Ну, няхай сёння так. Але, каб усё было ясна — кожны прамаруджаны дзень падвышае плату на адну пляшку, — і крокам, упэўненым у перамозе, пераступіў парог, зачыніў дзверы.
Складанае жыццё людзей, якія аддаюць сябе iдэi. Спапяляюцца яны на вогнiшчах, з’язджаюць у чужыя краiны, прыжываюць туберкулёз у сырых турэмных склепах. Шмат якiя прыклады прапануе тут гiсторыя чалавецтва. I цётка Люба, хай сабе i не зусiм свядома, ступiла ў бясконцы шэраг iдэйных пакутнiкаў.
Жанчына “ню”... А якое тут дзіва?! Сцены луўраў і прадаў, і трэцякоўскіх галерэй ужо і тады ламаліся ад аголеных малюнкаў. Але ж гэты парыжскі ці пецярбургскі свет быў нашмат старэйшы і ў працэсе дэгенерацыі забрыў значна далей за нашае Мястэчка. Толькі праз такія гарадкі і вёсачкі чалавецтва пакуль сяктак трымаецца на нагах, не правальваецца ў бяздонне і нябыт. Яны — справядлівая шаля сусветнай вагі.
Вечарам, пакуль цётка Люба заснула, з перспектывы тапчана доўга ўглядалася ў аголены жывот нахабнай кватаранткi, прыходзілі ёй на памяць усялякія прароцтвы і знакі, што апавяшчаюць правал нашага свету i банкруцтва роду чалавечага. З малюнка вочы беглі на ікону святой Марыі, скоўзваліся назад і сарамлівым крокам святататніцы вярталіся да аблічча Божай Маці, быццам шукаючы там пацвярджэння правільна пражытаму дню. Але аблічча іконы было таямнічае, непранікальнае, непарушнае. І толькі пасля поўначы, калі не вельмі вядома, дзе канчаецца ява і пачынаецца сон, святыя вусны адказалі ветлівай усмешкай. Супакоіўшы думкі, цётка Люба заснула. Зза яе спiны, у той жа жывот i ў чорны трохвугольнiчак, i ў даўжэзныя ногi ўглядаўся дзядзька Коля. А затым уздыхнуў i спiною павярнуўся да цёткi. Але не спалася дзядзьку Колi. Круцiўся ён, варочаўся туды i сюды, з левага боку на правы, з правага на левы, а за прымкнёнымi вейкамi разгарталіся абразкi i працавала ўяўленне, i параўноўваліся дэталi. Аж на досвiтку прыйшла на думку слушная выснова: жыццё ўсётакi несправядлiвае. Таму, што складаюць яго не тыя рэчы, што недаступныя нiколi i нiкому, але тыя, што недасягальныя нам i зараз.
Наступнага дня дзядзька Коля не ўзняўся з пасцелі з ранішнім сонцам. А дзень уставаў прыгожы — як маладая панна ў храме, і гучны, як касцёльны звон, і адпуцаваны, як дэпутат мясцовага самакіравання ў дзень сесіі сваёй рады. Нават у маі, калі дастаткова колераў і гукаў, не заўжды ўдаецца натуры давесці працу да межаў такой дасканаласці.
Але дзядзька Коля быў бязмежна смутны і ў сваім смутку замкнёны на чатыры замкі цярпення. Зпад коўдры, зацягнутай да падбародка, адным вокам зірыў карціну на сцяне, а за другой вейкай, прымкнёнай, разгарталіся зусім іншыя лініі — авальныя, расцягнутыя — і складаліся яны кропля ў кроплю ў буйную фігуру цёткі Любы.
На трэці дзень у свядомасці дзядзькі Колі пачалі ўзнікаць абгрунтаваныя прыгажосцю малюнка падазрэнні — абмінула яго ў жыцці нешта незвычайнае і ў той жа час простае — каханне.
Бо жыццё дзядзькі Колі запаўняла выпадковая жанчына. Раздабытая ў суседнім мікрараёне клапатлівымі сваякамі, праз месяц заехала яна ў дом шлюбнай жонкай. А затым доўгімі дзесяцігоддзямі ішлі да сябе, набліжаліся на дотык далоні, адгукаліся на сакрэтную інтанацыю штодзённых слоў, калі ўжо не мае значэння — вядзецца размова голасам сэрца ці рэхам супольных дзён і начэй.
Вечарам дзядзька Коля дайшоў да высновы, што ў яго датыхчасовым жыцці не было ніякага сэнсу і, лістаючы манатоннае мінулае, прызнаў рацыю даўганосага Косціка. У нядзельныя поранкі, калі жанчыны выпраўляліся ў царкву, мужчыны выстаўлялі на вуліцу столік і, шчыльна абсеўшы яго, гулялі ў “казла”.
— А дзяўчынку накрыем хлопчыкам, — забіваючы віновую даму віновым каралём, казаў даўганосы Косцік. — Во, як спакусліва застагнала князёўна.
— Э, усе яны аднолькава войкаюць і стогнуць. І князёўны, і тыя з тэлевізара, і доктаркі, і нашыя на фабрыцы, — згартаючы карты, пярэчыў дзядзька Коля.
— Ну, ты мне скажаш. Вось і не ўсе! — усміхаўся сваім тайным думкам Косцік. — Адна будзе ляжаць, бы мёртвае бервяно, а другая ўюном віцца, — трыумфальным жэстам забіваў яшчэ адну карту, канчаткова завяршаючы сваю над імі перамогу: “Туз! Мая бярэ ўсё”.
На чацвёрты дзень дзядзька Коля вырашыў, што ўвесь вонкавы свет не заслугоўвае таго, каб весці з ім якікольвек дыялог — і канчаткова адышоў у маўчанне. Адмовіўся ад слоў і нават на звычаёвае “есці будзеш?”, як адзіны адказ, быў адмоўны ківок галавой. Ішоў на кухню, чарпаў вялікі кубак вады, пякучым сцюдзёным холадам забіваў правакацыйны пах яечні. Затым вяртаўся на тапчан.
На пяты дзень адмовіўся ад вады, а шостым адвячоркам, калі цётка Люба неспадзявана ўварвалася ў пакой, заспела яго з носам забітым у малюнак, з пальцамі, што згартаюць з доўгіх да акна ног апошнія промні сонца. “Кахаю цябе”, — не звяртаючы ўвагі на жонку, ён выяўляў сцяне хваляванні свайго сэрца.
І цётка Люба спалохалася. Словам “каханне” вылузваўся на белы свет абразок, прыхаваны глыбока, у самых сакрэтных закавулках свядомасці. Вяселле лепшай сяброўкі, старэйшы сват, шклянка віна, перамешанага са спіртам, музыка, танец. І чарговая шклянка, і чарговы танец. Затым здарэнні хістануліся, паплылі вольнай, спакойнай рэчкай, што выходзіць з берагоў, згартае ўсё і ўсіх, і нясе — ніхто не ведае куды. У спіну муляў жытні снапок, а ў твар зацята дыхаў падпіты сват. “Гэта каханне?” — пытала сама сябе раніцой, цішком, крадком, задворкамі ступаючы да дому на прадмесці. І доўгімі гадамі адказвала: “Не, гэта не каханне”. З хадою гадоў вобраз, старанна загорнуты ў хустачкі забыцця, таксама адыходзіў, рассыпаўся дробным макам у бясформеннасць, у нерэальнасць. Аж з’явілася ўпэўненасць: ніколі і нідзе ў свеце не было ні гэтага жытняга снапка, ні падпітага свата, як нідзе і ніколі ў свеце няма і не было кахання.
Спыняючы каскад незразумелых здарэнняў, што пхаюць маленькі чалавечы свет у напрамку няўхільнай катастрофы, цётка Люба наведала бацюшку Сцяпана. Блытаючы словы і думкі, абмінаючы межы сораму, аддала ў ягоныя рукі ўсе свае хваляванні і спадзяванні. Бацюшка зайшоў адвячоркам. Зірнуў — па службовым абавязку — на малюнак, папрасіў захінуць сцяну капай або дываном, пакрапіў гэты дыван свянцонай вадой і пайшоў. Пагасіўшы электрычную лямпачку, у паўзмрочнай цішыні плябаніі доўга думаў пра хітрасці сатаны, што фальшывай, зведзенай да ніжэйшых інстынктаў прыгажосцю, склікае ў свае абдымкі просты народ.
Чарговыя два дні дзядзька Коля застыў на тапчане з позіркам, паглыбленым у дыван. З вычварнага спляцення нітак, са складаных скрыжаванняў асновы і матываў спрабаваў адчытаць таямніцу чалавечага лёсу, адшукаць сакрэтны ключ, што аднаму чалавеку адчыняе ўсе дзверы, а другому закрывае іх, прыбіваючы пальцы і мроі да нябачнага касяка.
Час ад часу прыпаміналася Зінка, прыбіральшчыца на фабрыцы. Прызабытая і далёкая, зараз выходзіла са сцяны назойлівым малюнкам. Не памятаў яе твару, але ў вечаровым паўсвятле ўсміхалася ўсмешкай Зэнікавай прыгажуні. Раскладзеныя на сцяне ногі прыпадабняліся да тых, бачаных начной зменай на фабрыцы, калі складалі з Зінкай свежыя дошкі ў вялікую кучу. Схілялася за дошкай Зінка і схіляўся ён. Сінхронна. Кранаў позіркам загарэлыя сцёгны, а сэрца адгукалася паскоранай пульсацыяй.
Пад раніцу, калі дырэктары і кіраўнікі насычаюцца апошнімі снамі і калі ўсе дошкі складзены як трэба на прадбачанае месца, рабочыя, дружнай брыгадай падымаюць тост, закусваючы пакамечанымі бутэрбродамі. Часам тосты працягваюцца другой, а нават і трэцяй бутэлькай. Тады таксама працягнуліся, а што было далей, дзядзька Коля не памятае. Праз нейкі час Зінка прынеслася на парог цёткі Любы з клуначкам у руках. “Сын вам нарадзіўся. Гадуйце Булу”, — уручыла клунак і больш яе не бачылі ні на фабрыцы, ні ў Мястэчку.
— Твой? — пытала цётка, а калі дзядзька Коля ў адказ паціскаў плячыма, лямантавала: "Ага, гарэліца, тваю маць! Яна ж ніколі да дабра не давядзе".
— Наш, — усміхалася бабка Сонька, казычучы маленькі тварык. — Выліты Коля.
— Кажуць — мой, — адказваў. “Можа і так яно”, — намагаўся прыпомніць твар Зінкі.
Цяпер гэты твар быў як рукой падаць, выходзіў са сцяны і напаўняў дзядзьку Колю ўпэўненасцю: гэта было каханне — адзінае, непаўторнае, сапраўднае. Назваўшы яго, зведаўшы і страціўшы, можна жыць далей, хоць не вельмі вядома навошта.