На такое пытанне нават бабка Сонька не дала адназначнага адказу. Паглядзела на мяне неяк дзiўна, адвярнулася, плюнула пад ногi. Сказала некалькі слоў пра дурных неадказных партызанаў, пра сала i кажух, падабраныя з кладоўкi. Прыпомнiла таксама свайго брата Арцёма — бачыла яго апошнi раз у сорак трэцiм, у студзеньскi вечар, калi тоўсты паліцыянт Казімір Валанцей даручыў яму варту на чыгуначных рэйках. А ноччу падарваўся там ваенны эшалон, і наступным днём гергатлівыя немцы расстралялі ўсіх вартаўнікоў.
— Усемагутны — там вось, — паказала пальцам у бязмежнае неба. — Адзін Бог усё можа.
Але мяне мучыла, ці ёсць Бог? Пытанне заставалася адкрытым з той хвіліны, калі падчас урока музыкі пан дырэктар Сліва заявіў:
— Сусвет нарадзіўся ад вялікага выбуху.
— Як ад атамнай бомбы? — зза апошняй парты вырваўся Віцік. Аб атамных бомбах дзеці ведалі куды больш за сваіх бацькоў, да таго ж у школьны падвал паміж горкай вугалю і цеснай клеткай пана возьнага прадбачлівыя будаўнікі на выпадак ядзернай атакі запіхнулі бункер. Цёмны, агідны, бы амерыканскі цмок, што прытаіўся пад вадой, на зямлі і ў паветры ды чакае моманту, каб патаптаць сінявокія васількі ў нашых агародчыках, а нават разбіць у пух і прах сонца і ўсе астатнія зоры.
— Куды магутнейшы гэты выбух. Як мільярды мільярдаў бомб, — пан дырэктар Сліва разгарнуў футляр, дастаў адтуль скрыпку, бліскучым асколкам каніфолі аб’ехаў хрыбет смыка.
— Дык нехта ж падпаліў кнот, — Віцік не адступіў. — Які імперыяліст амерыканскі або наш партызан, а можа і сам Бог?
— Э, там!...
Азвалася скрыпка, і пайшло! — пан Сліва ўсміхнуўся, смыком крануў струну. “Расцвіталі яблыні і грушы, паплылі туманы над ракой” — гукі ірвануліся, пабеглі школьным калідорам, узняліся да воблакаў, разышліся хваляй, збіваючы з ног усе злыя сілы, што заўпарціліся павярнуць нас і нашых сяброў са шляху ў найлепшую будучыню.
Новыя падзеi, што адбылiся з прыходам зiмы, таксама пярэчылi бабусiным тэорыям. Пасеялi ў маёй свядомасцi і іншыя, зусiм слушныя падазрэннi: бабка, як i ўсе астатнія смяротныя, можа ж памыляцца! Я пачынаў уяўляць i куды страшнейшае: вось жа прыйдзе дзень i над бабусяй, гарызантальна напружанай на покуцi, бацюшка Сцяпан заспявае “Вечная памяць”, а потым суседзi забяруць яе з хаты, занясуць на могiлкi, апусцяць у глыбокую яму i прысыплюць жоўтым пясочкам. Дакладна так, як адбылося з панам Алёшкам. Звалі яго Жалезным, або Несмяротным, пэўна таму, што ў бліжэйшыя дні збіраўся паставіць крок у другое стагоддзе сваёй зямной вандроўкі. Але дзевятнаццатага снежня з раніцы пайшоў дождж, а апоўдні неба пасвятлела i з усходу ад пушчы вецер дзьмухнуў прымаразкам. Вулiчны брук прыадзеўся чыстым, халодным шклом.
Пан Алёшка, якi здрамнуў пасля абеду, якраз пралупiў вочы. Пераблытаўшы адвячорак з досвiткам, накiнуў на плечы абшастаную баранiцу, накiраваўся ў мясную краму.
У той дзень у праваслаўным календары адзначаўся святы Мiкалай. I дзядзька Коля з дзядзем Ванем выпiлi суседскую бутэльку. Апошнюю, што прыхавалася ў хаце.
У нас нiколi не адыходзяць ад стала з-за такой прычыны.
— Злётаю ў краму, — сказаў дзядзька Коля, выводзячы з гаража матацыкл. — Спраўлюся ў тры мiгі.
— Нiкуды не паедзеш, — зачапiлася за задняе крыло матацыкла цётка Люба.
— А от жа i злётаю! — адкрыта, заўзята, як ніколі раней, дзядзька Коля выступіў супраць сваёй жонкі. Пасадзіў на галаву каску i, не зашпiльваючы яе, акiрэчыў цыратавае сядло, левым чаравiкам тузануў стартэр.
— Дуй, Колік, я тут пачакаю, — падмiргнуў дзядзька Ваня.
Стала ясна: нi пры чым тут пратэсты i лямант цёткі Любы. У асаблiвых выпадках жаночы розум прымушаны скарыцца, укленчыць перад мужчынскiм гонарам.
Але матацыкл не дайшоў да мэты. Мабыць, рука самапасам ад святочнай фантазii надта моцна наехала на ручку газу. А можа, вулiчныя камянi ад нечаканай змены надвор’я паднялi нос вышэй за штодзённую норму. А можа, як пры нагодзе незразумелых здарэнняў кажа народ — проста так трэба было!? Адным словам, сцежкi матацыкла i пана Алёшкi перасекліся.
Першай з’явiлася хуткая дапамога, і быў гэта самы лішні ў свеце маршрут. Лекар праверыў пульс, паглядзеў у знерухамелыя вочы пана Алёшкi i развёў рукамi, пацвярджаючы такiм чынам людскую бездапаможнасць у канфрантацыi з нябеснымi рашэннямi. Следам за медыкамі прыляцелі мiлiцыянеры і павалаклi дзядзьку Колю ў напрамку сiняй “ныскi”. I дзядзька Коля не запiраўся, толькі бесперапынна паўтараў “ясна халера” i “холера ясна". I нi слова больш.
— А гарэлку сёння обыватэль піў? — дапытваўся малады сяржант. Але адказ быў нязменны: "Холера ясна..."
Потым, калi ўжо сумная навіна на добрасуседскіх крылах аб’явілася ўсяму Мястэчку, прыбегла таксама цётка Люба. Яна ўголас рыдала i пыталася, што рабiць адзiнокай жанчыне, муж якой па апошнiя днi свае будзе гнiць у астрозе. Затым гутарыў з мiлiцыянерамi дзядзька Ваня.
— Значыць, пракаціліся мы, — азваўся, хмурна зазiраючы ў вочы сяржанту.
— Ага, — пацвердзiў сяржант.
— А такiя старэчы, што бестурботна i без кантролю малодшых сямейнiкаў сноўдаюць публiчнымi дарогамi — калi не скандалам, як тады iначай назваць? — Ад злосцi дзядзька Ваня торгаў доўгiя вусы.
— Ну, — сяржант зняў шапку, пачухаў патылiцу.
— Што — ну? Якое — ну? Аплачвае вас народная ўлада, а нармальнаму грамадзянiну нiяк i праехацца сваёй вулiцай. А ўвогуле вулiца, брукаваная коўзкiмi камянямi, асаблiва ў нашай краiне — адкрытая правакацыя i анахранiзм. I час ужо навесцi тут парадак.
Сяржант, здагадваючыся, што гутарка стае на палiтычныя рэйкi, куды больш коўзкія за вулічны брук, адступiў на два крокi назад. Гэтаму хлопцу, звычайнаму, як і ўсе жыхары Мястэчка, відаць не чужая была тэорыя бабкi Сонькi аб iмперыях, што ўзнікаюць з адной мэтай — з абедзвюх рук шпарыць па мухаедах тутэйшага, праваслаўнага мужыка. Адступiў яшчэ два крокi, трэснуў сiнiмi дзвярыма, на век вечны заключаючы арыштанта ў цёмных вантробах аўто i даў знак: “Паехалi”.
— Не плач, — сказала бабка Сонька, агортваючы цётку Любу словам. — Усё ў Боскіх руках.
Бліжэйшыя дні бабка Сонька пачынала з малітвы за хуткае вяртанне дзядзькі Колі. У царкоўцы з такой жа мэтай кожную нядзелю запальваліся свечы. Жаночымі слязьмі сплываў воск на падсвечнікі. Але дзядзька Коля не вяртаўся.