А курыць хочацца. Разглядаешся, шукаеш дапамогу, але дарма ўсё!..
Сусед з левага боку таксама апрануты ва ўціхамірвальную кашулю, ды мала яшчэ, табе арыштавалі адно рукі, а яму і ногі ўзялі ў палон. Кажуць — круглы год так ляжыць. І толькі вочы неспакойна бегаюць над непаголенымі шчокамі. Калі б не дзіўная вопратка, можна падумаць — балельшчык ён і сочыць за шарыкам для пінг-понга: зірк налева, зірк направа, налева і зноў направа. Хто ведае, мо ў нейкай школе і займаецца ўжо нікому невядомы перадавік, вывучае пільна біялогію, хімію і матэматыку, а ў будучыні сканструюе ўціхамірвальны халат і паўстрымае Дзёдзевы вочы? А пакуль што — такую функцыю выпаўняе пані Крыся. Узброеная ў вазок, талеркі і лыжкі, пахучая заціркамі і соусамі, шаноўна пераступае парог, і нешматлікія тут, зарыентаваныя ў цячэнні часу, здагадваюцца: гадзіна больш-менш сёмая.
— Будзем карміць Дзёдзя. Так, Дзёдзё? Праўда, будзем карміць? — пытае сама сябе, але Дзёдзё таксама нешта разумее, разбеганыя вочы тармазяць раптоўна, прыліпаюць да лыжкі, адпачываюць пасля доўгай дарогі.
— Адна лыжка за ма-му, другая за та-ту, трэцяя за ...
— Дзёдзя, — апошняе слова выконваюць у дуэце — на цёплы альт пані Крысі накладаецца Дзёдзеў, неакрэсленага гатунку голас. На жаль, кожная талерка, якая б яна ні была, мае сваё празаічнае дно і Дзёдзевым вачам пара збірацца ў дарогу. Дык збіраюцца, напачатку памаленьку, крок за крокам, хутчэй і хутчэй пераходзяць у рысь, аж разбуджаныя нябачнай шпаркасцю і непрыкметнай прастораю, і ветрам няўлоўным, зрываюцца ў галоп, і гоняць у свой, мала каму зразумелы свет.
... вочы чорныя, вочы хмурныя, вочы-ездакі,
вочы коннікі,
хто стрывае вас, хто стрымае вас,
вочы-ездакі, вочы-коннікі...
А цябе ўжо не кормяць. Праўда, яшчэ раніцой пані Крыся, абыякава неяк, без лішняй ангажыроўкі ўліла ў цябе малочную порцыю, вось і ўсё. Працуй, страўнік, адпачывай, галава. А недзе пад абед прыйшоў пан Франак і адным спраўным рухам вызваліў цябе з няволі.
— Ідзі, — кажа — душа грэшная, выпрастуй косці. І паслухмяная будзь. Паслухмяных не вяжуць.
Няпраўда, пан Франак. Вяжуць і пакорлівых. Бляху бліскучую на грудзі, гадзіннік на руку, дыплом на сцяну. Наймацнейшыя вузлы з малых прывілеяў. І не парваць іх голымі рукамі. А тут сказана “ідзі”, значыць — трэба выканаць. Вось і ідзе душа, туды, адкуль чуецца пах нікаціну. Пабачыць Венецыю і памерці. А перш за ўсё — закурыць.
— Пан, пачастуй папяросаю, — азываешся. Пан у зялёнай уніформе каўтае якраз салідную порцыю дыму, ігнаруе цябе, а добра вядомы арамат навылёт пранізвае мазгі. Яшчэ, здаецца, хвіліна і выскачыш са скуры!
— Пан, закурыць...
— Кастра ён. І не ляпай “панам”, бо ў зяпу заробіш, — падказвае чыйсьці ласкавы голас. — Калі сапраўды хочаш закурыць, скажы: камэрадэ. Або таварыш.
А закурыць хочацца сапраўды, дык кажаш “таварыш” і курыш ужо, прагна, абы хутчэй. І сам сабе даеш адпушчэнне: бывае, для меншай карысці ідуць у таварышы, у тыя камэрады.
А памятаеш? Ёсць у школе такі прадмет — прапедэўтыка. І сам дырэктар пытае цябе: хто першы сакратар ПАРП? Пытаць пра такія рэчы ў суботу, пасля абеду, звычайны садызм. Чалавек задумоўваецца, з кім будзе танцаваць “Пад дубамі”, плануе, як выкарыстаць час пасля танцаў, а тут вось хочуць ведаць, хто першы ў ПАРП. Асобу ведаеш, але ж не скажаш так звычайна: Герэк. Значэнне чалавека не ў прозвішчы, выпадковым наогул. Прозвішча трэба чалавеку, каб было да чаго прышпіліць дадатковыя вартасці нашага існавання. Прафесар, доктар, ваша вялічаства, ваша высокасць. Стаіш і думаеш. А думаць трэба хутка, дырэктар глядзіць на цябе, бы на нейкі палітычна запознены элемент і яго цярплівасць мае таксама сваю непарушную мяжу. Пан Герэк? Абывацель Герэк? Усё звычайна, усё не так, гучыць фальшыва, бы расстроены раяль. Кажаш тады, як і чуеш штодзённа з тэлевізара: першы сакратар ПАРП — таварыш Герэк. Значыць — выратаваўся. А дырэктар, дзеля дакладнасці, паясняе, што Эдуард Герэк яшчэ табе не таварыш. Дырэктару ён таварыш, і сакратару раённага камітэта партыі, і Толіку Дубоўскаму, як старшыні гуртка сацыялістычнай моладзі, таксама Эдуард Герэк таварыш. А табе, пакуль яшчэ, не. Але можаш запісацца, уступіць, прыступіць. Закончыш васемнаццаць і да-вай будаваць будучыню! Лепшую за добрае сёння. А тэлевізар, ідучы з дапамогай дырэктару, каторы ўжо раз пытае: Таварышы, паможаце? І рабочыя — хто таварыш, а хто і не — згодна адказваюць: Паможам!
А памятаеш Пецю? За акном восень імглістая і залатая, час інфантыльнай настальгіі, пара, калі сеюць благія паэты, а плён збіраюць добрыя земляробы.
— Залатая польская восень на беларускай Гайнаўшчыне, — кажа Пеця. Упіхвае за нагавіцы спелае восеньскае яблыка, узлазіць на парту і таксама хоча ведаць: — Дзяўчаты, паможаце?
Дзяўчаты хіхікаюць і войкаюць, збіваюцца ў чародку, як спалоханыя ястрабавай атакай кураняты. Не з за страху горнуцца дзяўчаты да сябе. Напятыя нагавіцы — не такі ўжо і вялікі страх васемнаццатцы. Для прыстойнасці ўсё. Рабочыя дэманструюць сваю гатоўнасць на вуліцах, на мітынгах, заўжды натоўпам, пад пошум штандараў і транспарантаў. Дзяўчатам трэба больш камерныя, так сказаць, інтымныя ўмовы. Вечар, парк, музыка. А калі ўжо нешта чырвонае — то выключна віно.
Заўтра будзе “выпіска”. Дасланыя бацькамі грошы ляжаць у шпітальнай канцылярыі і можаш заказваць гарбату, папяроскі, парфуму. Санітарка ўсё прынясе. Заўтра куры-закурыся, а сёння ты асуджаны на кубінскую дапамогу. Тупаеш наўкол Кастра, у вочы зазіраеш, хвалішся, што ты — равеснік ягонай дэмакратыі. Танна прадаеш сябе і ведаеш аб гэтым. Праўда, можаш іначай, можаш крыкнуць: Я — беларус! Паглядзіце, там, за лесам — мая імперыя! Я не прашу, я патрабую! Маўчыш аднак. Не зразумеюць. — А, беларус, — скажуць. — Значыць, рускі. — Бо ўсё тут, калі не польскае, то напэўна рускае. Просты падзел. Хай тады будзе рускі. Pies czyli kot, як у кабарэ. Сабака, пёс, кот — Масква разберёт, — рыфмуецца міжвольна. А калі ўжо пачынае нешта табе рыфмавацца, заўжды прыходзіць на памяць Віця Валасюк. — Хто ён, — спытаеце, — гэты Віця? А вось, Віця не абы-хто. Папярэднік, так сказаць — і бацька ён усім скандалістам беларускай літаратуры. Каторы год змагаўся з шостым класам, Гуменюкі і Адамовічы кашулі ў зубах яшчэ насілі, калі Віця склаў свой першы верш:
А вам не хочацца ў мужыкі. Адразу ж прыгадваюцца дзядзькі ў авечых кажухах, цёткі ў доўгіх згомтаных спадніцах, згорбленыя, ашаломленыя гоманам і незразумелаю мітуснёй, асцярожна ступаюць доўгімі калідорамі павятовых “ужэндаў”, апынуўшыся пад дзвярыма, сукатымі далонямі папраўляюць ваўняныя хусткі, пакорліва здымаюць шапкі-вушанкі. Сарамліва аглядаюцца вакол сябе, на бліскучыя ад воску паркеты, дзе, як дакор сумлення — вужовай сцежкай цягнецца след іхніх валёнкаў. Непрыкметна, шоргаючы галёшамі направа і налева, стараюцца выцерці расталы, перамешаны з балотам снег, быццам бы вымазвалі з гарадской памяці сваю тут прысутнасць. Вось чаму і не хочацца вам у мужыкі. Хіба што — у такія, як у Віцевым вершы, хвацкія. І ўся школа ведае Віцеў верш, а першапачатковую версію — мала хто. Ведае адзін, хіба Аркадзік Саўчук. Але Аркадзік гжэчны. Аркадзік не б’ецца ў час перапынкаў, не мацюкаецца, не курыць у школьным нужніку. Аркадзік першы ў школе матэматык і першы паланіст. Першы біёлаг і гісторык. Увогуле, як сказаў Віця, tańczy, śpiewa, recytuje, daje dupy i stepuje. Памыляешся ты, Віця. Насміхаешся дарма. Міне гадоў пятнаццаць і пойдзе Аркадзік у афіцэры, у Варшаву, у польскія прымы. Не голы пойдзе, з пасагам. З ведамі, з зоркамі на пагонах. Аркадзіуш? Аркадыюш? Эх, алфавіт беларускі, дурны ты і бедны! Нат Аркадзікава новае імя не ўмееш запісаць!
А ты, Віця, дзе ты сёння? Якія вершы пяром складаеш? Паўтараў ты — у дарозе і старуха дар божы — ды насіў, што пад руку трапіць. Ровар, машына, паходжаны пінжак. Парогі якой турмы — гайнаўскай ці беластоцкай — абіваеш дзяржаўнымі чаравікамі? Але — прабач, Віця — малаважнае, не пра цябе тут ідзе гаворка.
Заўтра будзе “выпіска”, заўтра — куры-закурыся...
Кока рыхтуе чай. Не ведаеш, як згатаваць чай? Жартуеш ці што? Дык вось, глядзі. Глядзі ўважліва і вучыся. Гарбата, вада, кубак. Замест кіпяцільніка — два лёзы. Вады мала, гарбаты многа. Калі ў кубку атрымаецца густая, чорная, пякельная цякучая смала, значыць — твой чай першы сорт. Разумееш? Ну, досыць. Ты ўжо ведаеш, іншых вучыць — не наша задача.
Кока вызваляецца ад алкагалізму. Цяпер ён Кока, а раней, пакуль трапіў у гэтае подлае месца, зваўся звычайна: пан капітан Какоўскі. Салдаты пружыніліся перад ім, аддавалі ваенную пашану, а пан капітан казыраў салдатам нядбайна, прыкладаючы два пальцы да брыля, ды маршыраваў у свой бок крокам, які супярэчыць вайсковым статутам. І вось цяпер, на другім аддзеле, Кока адвыкае ад гарэліцы. Адвыкае паступова. Калі, аднак, немагчыма стрымаць дрыжанне рук, калі смактанне ўнізе жывата кідае чалавека на сцяну, калі галаву расколвае ўзрастаючы грукат, у такіх выпадках даводзіцца рыхтаваць нейкі заменнік. І Кока гатуе чай.
— Піць такую погань, — кажа, — аднолькавая прыемнасць, як і моршчыць васю. Але, — уздыхае з сарамлівай усмешкай, — у палявых умовах здараюцца непрадбачаныя нязручнасці.
Не пярэчыш, бо і як пярэчыць, калі гаворыць такое спрактыкаваны ў палявых справах афіцэр.
— Вось, каб так чарачку каньяку, — аддаецца марам, а яго твар святлее, прыгажэе, амалоджваецца. У такія хвіліны людзі заўжды прыгажэюць, як і заўжды супроць мрояў стае якісьці кубак чорнай, смалістай гарчэчы. І Кока асцярожна, каб не апарыцца, сасмаглымі вуснамі заглыбляецца ў сваю гаркоту, а думкамі — хто ведае — мо перамервае прасторныя палігоны, мо наведвае прасякнутыя потам казармы, а мо толькі ўяўна моршчыць васю, здаючыся ў палон смутнай рэчаіснасці.
— У арміі быў? — пытае, дык кажаш, што не, не пара яшчэ. Але ваенная папера ёсць. І катэгорыя — як трэба.