— Мала плацяць. Каб мне, ведаеце, хаця адзін грош палічылі за кожны праеханы кіламетр...
Меркаваўшы па Кандратавых вачах, замглёных трошкі і знерухомелых, можна здагадацца, што не адзін калеярскі кіламетр боўтаецца ўжо ў ягоным страўніку.
— Міхась! — дзядзька Кандрат шчыра раскідвае рукі, бы сакратар Ярузельскі, пабачыўшы сакратара Брэжнева, сыходзячага па лесвіцы з самалёта ТУ-154.
Мне радасна. Чалавеку заўжды робіцца прыемна, калі нехта заўважыць яго і вылучыць з ананімнага натоўпу.
— Давай сюды, Міхась, пагутарым. А ёсць аб чым, — дзядзька Кандрат глядзіць то на мяне, то зноўку на апарожнены куфаль. — Мала плацяць, Міхась. Ой, мала, — апошнія словы адрасаваны — не ведаю — мне ці куфалю, ці нейкім, непрысутным тут калеярскім міністрам.
Не скажу, каб перспектыва гутаркі з дзядзькам Кандратам цешыла мяне, прынамсі так, як ягонае ранейшае прывітанне. Мо паказалася мне, што дзядзька праехаў ужо сёння свой апошні кіламетр і пара яму высаджвацца на гэтым прыпынку, дзе працуе начальнікам Яго Вяльможа Сон.
І я, аказваецца, не памыляюся. У гэты момант нябачны начальнік хапае галаву свайго падначаленага, прыціскае яе да стала, і цяпер ужо абодва, злітыя ў адну постаць, стынуць нерухома, забываючы пра ўвесь навакольны свет.
Побач акна, але і насупраць дзвярэй рассядаецца Каляровая Амэлька. Тут, так сказаць, знаходзіцца самы лепшы ў Алесевай гаспадарцы назіральны пункт. Амэлька можа назіраць і на дзверы, і на тратуар, што, ўзяўшы пад увагу яе прафесію, мае вялікае значэнне. Не паспееш варухнуць клямкай, а галасней адзываецца Амэльчына васемнаццацігадовае сэрца. Кароценькая спаднічка, якая больш паказвае, чым прыкрывае, бадзёра паднятая галава, грудзі бы дзве ракеты СС-20, нацэленыя ў дзверы і гатовыя да стрэлу. Вось табе і ўся Амэлька. Магутныя карпарацыі рэкламуюць свае вырабы па радыё і па тэлебачанні, плацяць вялікія сумы спецыялістам, а людзі і так робяць пстрык! “пілотам”. Амэлька — адначасова і выраб, і рэклама сваёй маленькай, аднаасобнай фірмы. Часам пакіне нейкія грошы ў цырульні або фітнес-клубе і гэта ўсё. Калі нехта мае выбіраць між шакаладам з альпійскага малака і Амэлькай, заўжды дабавіць некалькі злотых і возьме гэтае другое. Аднак апошняй ноччу Амэлька не ператамілася. Калі б было інакш, не сядзела б тут з белай раніцы, а як і ўсе яе сяброўкі адсыпалася б пасля працоўнай вахты.
Распазнаўшы маю асобу, Амэльчыны ракеты, ужо амаль выстрэленыя, пачалі раптоўна прызямляцца. Грошы пакінулі мяне раней, чым жонка і Амэлька аб гэтым дасканала ведае. Паглядзіць яшчэ хвіліну ў мой бок і, канчаткова ўжо расчараваная, бяжыць зрокам за акно, заглыбляецца думкамі ў свой малады, хаця нялёгкі лёс.
Ледзь паспееш прысесці за сталом, як з’явіцца Алесь. Пра Алеся можна сказаць коратка: заўжды на варце, заўжды чуйны і заўжды гатоў на супрацоўніцтва. Выхаваны ў прыгранічнай вёсачцы, рана стаў гарцэрам, а там пагранічнікі напераменку з настаўнікамі папрацавалі над ягонай чуйнасцю, фармуючы пры нагодзе правільнае грамадзянскае стаўленне.
На акцыю супроць каларадскага жука Алесь не патрапіў. Не з гультайства, вядома, а толькі таму, што не было яго яшчэ сярод народжаных. А калі ў стогнах і болях маці падарыла свету Алеся, плён буржуазнай дыверсіі распаўсюдзіўся і пазвычайнеў, як і звыклай стала ранейшая ўдзельніца каралеўскіх банкетаў — Яе Высокасць Бульбіна. Каларадскім жуком людзі перасталі сабе марочыць галовы, а бацька сказаў, што з капіталізмам ніхто яшчэ не выйграў. Пасля гэтага бацька кудысьці прапаў і дзеду Астапу прыйшлося забіраць з гарадскога шпіталя дачку і ўнука. Пройдзе год і другі, пакуль бацька вернецца і, ўпершыню ўбачыўшы сына, яшчэ раз скажа:
— Помні, сынок: з капіталізмам яшчэ ніхто не выйграў.
Як відаць, бацька нічога не навучыўся, затое — Алесь вельмі многа. Ён рашыў, што калі ўжо дарасце, запішацца ў капіталісты. Тады яшчэ не ведаў, што раней прыйдзецца яму запісвацца ў гарцэры, дзе, як кожны добры гарцэр, будзе абавязаны злавіць свайго ўласнага шпіёна. А заданне не было лёгкае. Вёсачка раскінулася за гарамі — за лясамі, далёка ад прамысловых цэнтраў, і шпіёны, не звяртаючы ўвагу на пабожныя жаданні мясцовых гарцэраў, зазіралі сюды вельмі-вельмі рэдка. Відаць, мала іх цікавіла: драўлянымі ці жалезнымі плугамі варочаюць зямлю аўтахтоны.
Усё-такі Алесю пашанцавала. Летам прыйшоў у вёску чалавек і адразу было вядома, што гэта шпіён. Барадаты, у доўгім пінжаку, таямнічы мяшок з правага пляча перавешаны на левы клуб. Так апісваў шпіёнаў капрал Бароўскі, а як сам запэўніваў — шмат іх, падлюгаў, вылавіў і пад суд паставіў. І вось стаіць перад табою экземпляр родам з расказаў капрала Бароўскага ды яшчэ пытае, кудою найбліжэй дайсці на граніцу. Кожны добры гарцэр ведае, што рабіць у такім незвычайным выпадку. Алесь таксама ведаў: шпіёна накіраваў у фальшывы бок, а сам шмыгануў да солтыса.
Пагранічнікі прыехалі на матацыкле маркі “ВФМ”.
— І дзе ён, гэты твой шпіён? — зрыфмавалася сяржанту. Выпадкова хіба, бо паэзіяй ніколі ён, нават у школе, не займаўся.
Бацька гаварыў, што гэты сяржант у ніякую школу ніколі не хадзіў. І абяцаў Алесю, што калі далей будзе вучыцца так, як да гэтай пары, таксама трапіць у сяржанты. У бацькі пасля доўгай адсутнасці дома паявіліся схільнасці абагульняць складаныя праблемы ды перабольшваць малаважныя факты.
Аднак пра ўсё гэта трэба цяпер забыць: шпіён набліжаўся якраз у канец вёскі і нават не думаў спыняцца.
— Вунь там пайшоў, — папусціўшы вуздэчку фантазіі, Алесь бачыў ужо школьную ўрачыстасць, натоўп равеснікаў і сябе, як перад гэтым натоўпам адбірае з рук нейкага камандзіра дыплом, а мо нават і ручны гадзіннік маркі “Заря”.
— Ты думаеш пра гэтага абадранца ў канцы вёскі? — зарагаталі пагранічнікі. Іхнія жываты трэсліся пад зялёнымі мундзірамі, а Алесю здалося, што ад гэтых жыватоў трасецца ўся зямля, і свет рассыпаецца, і прыгнятае ўсе дыпломы і ручныя гадзіннікі маркі “Заря”.
— Гэта прыдуркаваты Вова. Увесь павет яго ведае, — адазваўся сяржант. — Вова! Воў-ка, куды ідзеш?
— На гра-ні-цу! — адгукнуўся другі канец вёскі.
— Чысты прыдурак. Гэта ж зусім у другі бок. Давай пад’едзем, а то яшчэ заблудзіць, — сяржант садзіўся хуценька на “вуэфэмку”. — А табе, хлопец, дзякуй.
Калі нехта гаворыць, што пекла выступіла з берагоў, ён безумоўна бачыў гэты катаклізм у Алесевай вёсцы, якраз на другі дзень пасля візіту Воўкі.
Чатыры межавыя слупы, каб было справядліва — два бела-чырвоныя і два чырвона-зялёныя — перанёс нехта далёка, трыццаць пяць метраў на ўсход. На адным з гэтых слупоў вецер няспешна пагойдваў таямнічую торбу. Выглядала гэта так, нібы вялікая рука, апранутая ў агромную, зялёную рукавіцу, запрашала: хадзіце, ха-дзі-це.
Ноччу Польшча на трыццаць пяць метраў уварвалася ў жывы арганізм Савецкага Саюза, а пасля абеду сакратар Герэк быў ужо ў Маскве. Алесь — абрабаваны на дыплом і ручны гадзіннік — канчаткова рашыў не ісці ў сяржанты, а згодна з ранейшымі намерамі запісацца ў капіталісты.
І сёння гэты Алесь ставіць на маім століку два куфлі піва.
Поўдзень
Бар памаленьку запаўняецца. Адны прыходзяць, другія выходзяць, а ў сярэдзіне і так гусцей ды гусцей. У гэтых адносінах бар “У Алеся” можна параўнаць з нашай матуляй-зямелькай. Сюды таксама прыходзяць людзі і выходзяць, а ў канчатковым рашэнні больш нас і больш. Адно якісьці катаклізм, як патоп, землятрус ці агульны мардабой адварочваюць на нейкі час гэтую дэмаграфічна небяспечную тэндэнцыю. У гісторыі зямлі канец свету здараецца вельмі рэдка. Апошні патоп наведаў нас так даўно, што сёння гэты факт не мае ніякага значэння. У гісторыі Алесевага бару катаклізмы здараюцца значна часцей і заўжды абвяшчаюцца арханёльскімі трубамі раз’юшаных жанок. Халасцякі выходзяць з катастрофы пераважна без шкоды. Аналізуючы вынікі шлюбнага сінтэзу не спяшаюць з жаніцьбай.
Аднак сённяшні дзень спакойны і можна мець надзею, што датрывае да канца непарушаны ніякімі лішнімі эксцэсамі.