Вось забеглі два хлапчукі. Нічога не заказваючы, разлажылі на прылаўку свае картачкі актыўнасці беспрацоўных. Алесь прылажыў пячатку, а ў рубрыцы “прапанова працы” напісаў вельмі пажаданае слова “няма”. Хлопцаў таксама ўжо няма. Спяшаюцца вельмі, ледзь не збіваюць з ног лістаношу, які паявіўся якраз на парозе. Алесь не гневаецца. Ён ведае, што хлопцы адстаяць сваю чаргу ў РУП — установе па працаўладкаванні, а потым у банку, затым прыбягуць сюды, каб і яму падзякаваць за вялікае дабрадзейства. Тым часам лістаноша вылузаў з натоўпу Амэльку і, сціскаючы ў руцэ нейкую паперку, накіраваўся ў яе бок.
— Амэлька! Амэлька, табе тэлеграма.
Дзяўчына бярэ паперу. “Я цябе патрабую. Стоп. Пайшлі. Стоп”, — чытае і сапраўды кіруецца да выхаду.
Гэты малады лістаноша Адам, бацька шасцярых малалетніх дзетак, ступае за Амэлькай і яшчэ не ведае, што выходзіць на зусім новую і незнаёмую сабе сцежку. Узлёты і падзенні, радасць і роспач, воля і зняволенне — усё станецца ягоным лёсам. Не ведае таксама, што сёння прамантачыць з Амэлькай пяць тысяч не сваіх залатовак, а наступныя пяць тысяч украдуць у яго жулікі, калі досвіткам пакорны, з балючай душой будзе вяртацца ў жончыны абдымкі.
Пераступаючы турэмную браму, будзе каяцца і шкадаваць, а калі праз год пяройдзе гэтую ж самую браму, толькі ўжо ў адваротны бок, пачне шкадаваць, што шкадаваў.
Цераз ягоную камеру прамільгне доўгі карагод усякай масці начальнікаў, бізнесменаў і міністраў, а кожны ў Адамавай памяці пакіне нейкі каштоўны дар.
Анасіс таксама пачынаў як афіцыянт, а дзякуючы чуйным вушам стаў Анасісам. А мо Бог, дагледзеўшы сваю ранейшую халтуру, задумаў яшчэ раз, нягледзячы на шасцідзённы тэрмін, стварыць новага, лепшага Адама? Гэтым разам з дапамогай добрых людзей на высокіх пасадах.
Нічога наш лістаноша яшчэ не ведае. Дзядзька Кандрат пакуль што моцна спіць і таксама не здагадваецца нават, што Амэлька, на якую з рацыі свайго ўзросту даўно перастаў звяртаць увагу, сёння вечарам будзе пералічваць ягоную пенсію.
Пустое месца ў бары ў працоўны дзень пасля абеду выглядае як свежая дзірка ад вырванага зуба. Язык заўжды стараецца папасці ў гэтую дзірку, разведаць яе, абмацаць. Дзірка ў зубах нікому не прыбаўляе красы.
Калі Амэлька апынецца на тратуары, высокі, худы трыццацігадовы хлопец у джынсавай уніформе адразу запламбуе свабодную табурэтку. Гэта Пеця, здаўна перспектыўны, хаця яшчэ не друкаваны паэт. Пецем можам не дурыць сабе галаву. Ён толькі што прыйшоў і раней чым у дзесяць вечара не выйдзе.
На вуліцы, невядома адкуль, вырваўся летні дождж. Алесь вельмі любіць такія неспадзяванкі. Дзякуючы непрадбачаным, летнім дажджам, не адзін паважны дзядуля, які выйшаў з хаты, каб насыціць прыгожым сонейкам мо апошнія свае дні, зусім неспадзявана стае перад Алесевым абліччам. У першы момант здаецца яму, што гэта ўжо канец. Не ведае толькі, куды патрапіў: у рай ці ў пекла і хуценька стараецца падсумаваць у думках усе свае добрыя і благія ўчынкі. Алесь у ніякім выпадку не нагадвае аднак ні святога Пятра, ні Антыхрыста, і дзядуля, адкрыўшы гэты факт, заказвае адзін, а калі вельмі шануе сваю чалавечую абалонку, тады нават і два або тры куфлі. Час адсее зерне ад мякіны. Некаторыя будуць сюды заглядаць ужо пастаянна, павялічваючы Алесеву славу і заможнасць, а пустату невядома куды панясе вецер.
Сённяшні дождж таксама прыганяе нечаканага госця. Акуратненькі старэча, пад гальштукам, у капелюшы, магчыма, што супраць ранейшых сваім намераў апынуўся ля прылаўка.
— Толькі пад рыску налівай, — загадвае Алесю і адразу ж зразумела, што чалавек служыў айчыне нейкім кантралёрам або інспектарам. Алесь заўжды напаўняе куфаль пад рыску. Можа адвячоркам, калі і за акном, і ў вачах пачынае змяркаць, здараюцца невялікія памылкі, аднак апоўдні — ніколі.
— Адступі, дзед! — булаваты кавалер бесцырымонна прапіхаецца да прылаўка.
Любому чалавеку скажыце, напрыклад, так: “Адступіце, спадар таварыш кітайскі мандарын”, — і ён, праўдападобна, не раззлуецца. А паспрабуйце сказаць такому: “Адступі, дзед!”
Кажуць гісторыкі, што ад сямі куляў выстраленых у горадзе Сараева пачаўся вялікі, сусветны мардабой. Калі гэта праўда, што адно прымітыўныя асобені выклікаюць усякую калатнечу з дапамогай рэвальвераў, аўтаматаў або танкаў, калі ўсё гэта праўда, тады пра булаватага можна сказаць, што ён выдатны, тактоўны палітык. І малаважнае, што не хадзіў у Кембрыджы ды Оксфарды. У нашым раёне Еўропы нават сярод прэзідэнтаў здараюцца самавукі і зусім папраўна спраўляюцца з патрабаваннямі высокай пасады. ”Адступі, дзед”, — гэтых слоў не прачытаеце ў гістарычных падручніках, а ўсё-такі ведайце, што і яны, калі засеюцца на ўспрыімлівы грунт, змогуць адвярнуць ход падзей не менш паспяхова за тыя няшчасныя сем куляў, адрасаваных эрцгерцагу Фердынанду.
— Толькі не “дзед”! Толькі не “дзед”! Я на вайне быў. Я ваяваў, калі ты... Калі цябе яшчэ на свеце не было, — паправіўся.
— Усе ваявалі, дзед. А дзе двух ваюе, там тры героі.
Кожны, хто цяпер бачыць гэтага ананімнага ветэрана, адразу разумее, чаму мы перамаглі ў апошнюю вайну. Адным позіркам змог бы ён прыціснуць да зямлі ўвесь варожы батальён. Раскірэчаны на кароценькіх, моцных нагах, рукамі малоціць паветра, а гальштук падскоквае, быццам бы хацеў дапамагчы свайму ўласніку.
— Я паўстанцам быў. А ты што? Ты хто? Дзе ты быў?!
— Амэлька! — булаваты адварочвае галаву, шукае ў натоўпе знаёмую постаць. — Амэлька, хадзі, паглядзіш, які там, у яго паўстанец!
Амэлькі, як ведаеце, ужо ў бары няма і паўстанцкая вартасць незнаёмага ветэрана астаецца неправераная.
Натоўп рагоча і гэты рогат, вырваны з падмацаваных півам жыватоў, б’е аб сцены, калоціць столікамі. Там-сям бразгае куфаль і, пацалаваўшы тэракотавы паркет, назаўжды пакідае хмелевы астрог. Ветэран тым часам, вырваўшыся з блытаніны чужых рук і ног, з вялікім здзіўленнем аглядае свой крышку прытаптаны капялюш, дрыжачымі рукамі стараецца вярнуць яму ранейшую форму. У рэшце рэшт, махнуўшы рукой, садовіць гэты дзіўны прадмет, які цяпер больш нагадвае разбуранае ветрам вароніна гняздо, на назначанае яму месца.
— Нічога... святога... няма для вас! — выстрэльвае апошнюю амуніцыю і пачынае адступаць на раней прадбачаныя пазіцыі, гэта значыць, на вуліцу. Здаецца, другі раз сюды ён не загляне.
Вечар
Летні вечар набліжаецца да горада вельмі неахвотна. Не тое, што асенні, які выскаквае з закавулкаў, з цёмных падвалаў і шаст-праст раптоўна акрывае ўсё чорным пінжаком. Летні вечар — гэта вопытны гурман; скаштуе апошні праменьчык, праглыне кроплю першай расы і толькі тады, з элегантнасцю бывалага чалавека, асушыць вусны шаўковай хустачкай паўсвятла. Летні вечар, мяркуючы па ягоных беззаганных намерах, блізкі сваяк графу Лікёру. Хто ад каго вывучыў добрыя звычаі — цяпер ужо малаважнае. Галоўнае, што граф Лікёр уносіць у Алесеў бар павеў таямнічай экзотыкі, а можна сказаць: нават набілітуе яго. Калі гэта праўда, што мастацтва змякчае звычаі, тады графа Лікёра побач з літаратурай, музыкай і скульптурай можна смела залічыць у вялікую сям’ю мастацтва.
Ён ніколі не скажа: “Адступі, дзед!”
Лікёр — гэта не прозвішча, а проста герб. Вядома, што неафіцыйны і дарма шукаць яго ў геральдычных кніжках, тым не менш прысвоены простанароддзем таксама мае сваё важкае значэнне. Хто чым ваюе, тым і пячатаецца. З грацыяй, якая заслугоўвае лепшага месца і часу, граф Лікёр пераступае Алесевы парогі. Часу, у які прыходзіцца жыць, чалавек, так сказаць, не выбірае, а калі ён інтэлігентны і добра выхаваны, месца не мае тут вялікага значэння.
Граф Лікёр кіруецца ў той бок, дзе паэт Пеця перажоўвае свой унутраны і вонкавы свет, час ад часу півам папіваючы больш жылістыя кавалкі.
Малады чалавек, які сядзіць насупраць Пеці, ведае, што яму пара ўжо збірацца дамоў. Ёсць час балбатні і ёсць час разумнай дыскусіі. Гэты першы якраз канчаецца.