І таму ідзем да Клёса.
Часам размаўляем аб нашых знаёмых — якую важную фігуру хто ведае, якую персону. Сама лепш, калі асоба вядомая з тэлевізійнага экрана, або калі яе здымак запаўняе першую старонку газеты.
Але між нашымі знаёмымі дарма шукаць такія асобы. І тады наогул называем імёны дваюрадных швагроў, стрыечных братоў, сваякоў ніколі не бачаных, што пасяліліся ў Беластоку, Варшаве, або, яшчэ за царскім часам з’ехалі ў Канады-Амерыкі. Не распавядае аб іх ні радыё, ні тэлевізар, ды не мае гэта вялікага значэння — зарабляюць там грошы значнейшыя за нашага бургомістра, а — хто ведае — можа нават і з падляшскім ваяводам выстаялі б фінансавую канфрантацыю?
Вось і клічам нашых кроўных пад чырвоны парасон з надпісам дайліды. А яны прыходзяць і апранаюць нас у шаты вялікага свету. І ўжо не джынсовая майка, а пінжак Джульюс Ланг агортвае плечы Сярожы Сахарука, і пад спартыўным фасонам калекцыі Нью Джоркер схаваўся абшастаны свіцер Толіка, а грудзі Жэніка напінаюцца кашуляй фірмы Пер Кардэн.
А потым сваякі адыходзяць за сваімі справамі, а мы астаемся над парожнімі бутэлькамі з-пад піва і пералічваем хто каго бачыў — у апошні час, ці ўвогуле, за ўсё жыццё. Такія гутаркі струменяцца самі з сябе, выдаўжаюцца, аплятаюць лабірынты нашых сцежак вінаградавай лазой. Можна там сноўдаць з раніцы да вечара, не ступаючы на ранейшыя сляды. Бо — што ні скажаш — і чалавека наведваюць, і ён там-сям быў — у арміі, або — за лепшым часам — у пуцёўцы.
— А я на базары Цімашэвіча ўчора бачыў, — кажа Сярожа. — Ён купляў бананы, і я падумаў: “А няхай там! Два злоты было не было. Куплю таксама”. І купіў. Уяўляеце? На адным ларку.
З словам “уяўляеце” на Сярожавых вуснах выцвітае кветка -. каляровая, экзатычная, разгартае пялёсткі — на шчокі, на вочы. І Сярожа ўсміхаецца. Так усміхаюцца людзі ў водгук аднаразоваму, неспадзяванаму шчасцю — вось, скажам, калі насуперак агульным меркаванням пашанцуе ім набраць поўны кошык грыбоў.
— Ну і дзіва — бачыў, — Федзік бесцырымонна згартае ўсмешку з вуснаў і вачэй Сярожы. — Кожны адзін бачыў. А мне во, ён сам гэту руку сціскаў. Гэ-ту-ю, — раскірэчаныя пальцы, па чарзе пад’язджаюць пад нашыя насы. — І што? І хрэн. Сціснуў і далей пайшоў. А я дзе стаяў, там і астаўся.
У апошні час Федзік скептычна глядзіць на свет. Развалілася фабрыка, злуе жонка, і яе злосць накапляецца, кандэнсуецца ў чорную хмару. Была б тая хмара сапраўдная, атмасферычная, пайшоў бы дождж, паказаўся б які грыб у лесе....
— А як быў фестываль, я бачыў прем’ер-міністра, — кажа Толік.
Толік не першы раз вышпарваецца наперад абы якім словам. Залішне. Бачылі ўсе. Калі не аблічча, не фігуру, тады прынамсі ўрадавы верталёт бачылі. Разганяючы на ўсе бакі галубоў, кружыў ён над купаламі царквы.
Моўчкі глядзім на Толіка, Жэнік напышліва надзімае губы, перажоўвае нейкія словы. Мабыць скажа зараз пра свайго сына — студэнт ён, у Варшаве, і нават на адным курсе з дзяўчынай, якую штотыдзень можна глядзець на тэлебачані, у тэлесерыялі.
Але Жэніку не хочацца якраз пра сына. Гаварыў жа, не адзін раз.
— А гэты прэм’ер-міністр такі невялічкі ростам чалавечак. Малы і адначасова вялікі, — здзіўпяецца Жэнік.
— Бо чалавека павышае крэсла, або добрае аўта, — адзываецца Сцёпка. — Пасадзі мяне на які мерседэс, адразу буду о-го-го. О, сяджу тут пазаўчора, пад’язджае машына. Доўгая, бы аўтобус, а матор працуе ціха, нават не чуеш. Адкрываюцца дзверы і высаджваецца якісці немяшка. “Бэлавэза. Бэлавэза”, шваргоча. Хіба ж аб дарогу пытае? Тады і кажу — калясі метраў сто наўпрост, павяртай у Варшаўскую, затым у Пілсудскага, а далей людзі скажуць. Язык да Кіева давядзе. Зразумеў, не зразумеў — сам не ведаю. Падумаць — звычайны чалавек, гэты немец — не абрыты, зусім як я. Ды дзе ён звычайны, на такой машыне!
Часам размаўляем, а другім разам сядзіцца моўчкі.
А часам хацелася б пагутарыць, а няма якраз з кім. Можна ў такіх выпадках перакінуцца словам з Брунерам. Брунер — спалучэнне пудзеля з таксам, на ягонай кудлатай, доўгай спіне чатырнаццаць год і неабмежаваная пашана да кліента. Шмат за сваё сабачае жыццё бачыў, дык і другіх умее слухаць.
— Апорт, Брунер — Клёс ззувае тапачку, швыргае яе на крокаў дзесяць. Кудлатая служальчасць нырае ў траву, разгартае яе носам, вяртаецца з тапачкай назад.
А мы глядзім і пляшчам у далоні.
У слове “апорт” завяршаюцца ўсе нашы помсты: за разбураную Варшаву, і за той мячык, што Герд Мюлер забіў у нашы вароты ў семдзесят чацвёртым, і за ўсе бліскучыя машыны, што паўзуць у пушчу, разгартаючы нас у адкос магутнымі буферамі. І яшчэ за зоркі, што ў дзіцячыя гады прыселі на пагонах і ніколі не ўзышлі на небасхіл даросласці.
А між намі ёсць і Клёсы, і Штырліцы, і Чапаевы, і адзін з чатырох танкістаў — самы мужны, Густлік. Ёсць адзін Пушкін і адзін безыменны Прафесар. І кожная мянушка прыжылася не дарма і невыпадкова. Пушкін складаў у маладосці вершы, Прафесар закончыў вечаровы агульнаадукацыйны ліцэй, а вось, скажам, Федзік — часам па прывычцы клічам яго Гагарыным — у школьныя гады, быццам якая касмічная ракета быў Федзік. Сто метраў, і дзвесце, і чатырыста хучэй за ўсіх збегаў — у мястэчку і ваяводстве. Яшчэ і зараз на самай важнай сцяне Федзікавай кватэры, побач з іконамі стаяць зжоўклыя дыплёмы і медалі — кружкі тэктуры загорнутыя ў бліскучую, залатую паперу з-пад шакаладу.
— Добры Брунер, разумны. Малайчына. — рука Клёса ласкава паглыбляецца ў пакамечаную шэрсць, пяшчотна торгае вушы, а затым ганарыста, панскім жэстам тыркае ў раззяўленую зяпу ладны кусок кілбасы, што залішнім чаканнем кліента прыімшэла, адышла ад спажывецкіх стандартаў.
І кудлатая зяпа ўсміхаецца: “Добры пан” — калі б хто ведаў як чытаць сабачыя вочы, напэўна такія словы прачытаў бы ў карых зрэнках Брунера.
У цягніку
Колы цягнiка коўзануліся на сталёвай спiне рэйкаў, жалеза напароўшыся на жалеза азвалася пранiзлiвым вiскам i ўсё спынілася так раптоўна, што Марусь, якi хвiлiну раней прыняў вертыкальную пазiцыю, шлёпнуў у драўляную лавачку. А ўзняла Маруся на ногі справа канкрэтная пузыр. Хвiлiнаў трыццаць, як прыйшоў адтуль першы сiгнал i тады Марусь падумаў: „Стрываю да чарговага паўстанка, здзейснiцца мроя”.
Людзі часам даюць самі сабе такія прапановы, правяраюць сябе, выстаўляюць на ўсялякія спакусы, тады асабліва, калі іх лёс у чужых руках. І складаючы сваю будучыню ў тыя рукі, невядомыя, ды непрадбачлівыя, чалавек стараецца прынамсі ірацыянальнай, тэлепатычнай сілай накіраваць падзеі ў карысны сабе бок. А калі збываецца мроя, можна з горда ўзнятай галавой, з грудзьмі бы парусы напятымі, зайсці ў чарговы дзень: “Глядзіце во, не дармаз’ед я, не шчасліўчык лёсу, што выпадковым дарункам, на чужой спіне вылузаўся з бездані. Сваімі кіпцюрамі адваяваў усё”.
Шлёпнуўшы ў лавачку, Марусь павесіў зрок на супрацьлеглай сцяне вагона, перакінуў у думках свае мроi. Няшмат было іх там. Хто другi ў такiм выпадку, зараз i разгарнуў бы якiя-небудзь раскошлівыя краявіды, шыбаваў бы мiж воблакаў, прызямляўся б на выгладжаныя міністэрскімі задніцамі крэслы. Хто другi так. А Марусь быў чалавек канкрэтны, сцiплы, тутэйшы. Гэтай сціпласцю і тутэйшасцю размалёўваліся і ягоныя мары. Яны былі звычайныя, як цёмна-сіні артальён на спіне, і салідныя як чаравікі, што цягам гадоў выстаялі не адну спёку і калюжыну, і можна іх нармальна узяць у далоні, сціснуць пальцамі, бы пяцідзесяцізалатовы банкнот — апошні, які ад лепшага часу заваляўся ў кішэні.
А зараз час прыйшоў няважны — выяўляецца залішнім, стамляючым адпачынкам і безграшовіцай.
„Стрываю да чарговага паўстанка — з пачаткам красавiка атрымаецца праца ”.
Бо Марусь быў кравец. Можа гэта і лішняе слова, можа навыраст. І калі цікавіўся хто знаёмы, або калі была патрэба запоўніць якія паперкі, і між другімі рубрыкамі стаўлялася там пытанне аб прафесію, доўга думаючы даваў такі менавіта адказ — “Кравец я”.