— Усе яны зараз чыстыя. Памыўшыся ў ванне. І запіраецца такая, і адбіваецца — падумаў бы хто. І охае, і ахае, і ўсё “не” ды “не” паўтарае. А натура, Колька, інстынкт. Ён у нічым не разбіраецца. Ведаю я іх, жанчын. Ух, як ведаю!
Гэтае “ух”, высказанае кароценька, але эмацыянальна, быццам рама, што агортвае шмат якія вобразы. Але перш за ўсё ёсць у гэтых рамах адна цыцатая прыгажуня, што прыйшла аднойчы на фабрыку, а калі вахцёры паклікалі Грышу, не гуляючы ў залішнія канспірацыі, ні прэлюдыі, тузанула яго высока ўзведзеным жыватом. “Пазнаеш?” — спытала. І ён па сённяшні дзень адбіваецца ад гэтай прыгажуні трыма сотнямі злоты ў месяц. І шукае нешта знаёмае ў маленькім тварыку, у вачах, у вуснах, ва ўсмешцы. Але адшукаць знаёмае не атрымоўваецца. “Як у балота ідуць тры сотні, — думае Грыша”.
Хлопец з дзяўчынай падыходзяць якраз да паўстанка гарадской камунікацыі і прыпыняюцца. Іх пальцы развітваюцца, разбягаюцца. Стоячы побач, плячо ў плячо разглядаюць расклад.
— Так ці сяк, усе яны блядзі. Зараз во, паедуць на хату. А там старых няма, гуляй душа, — Грыша Грынь разгартае рамы сваёй памяці, як звычайна находзіць там вочы ў вочы на вядомую фігуру. Але вобраз дзяўчыны ніякім колерам, ніякай рыскай, наведзенай кісцікамі сонца на светлае палатно маладосці, не сыходзіцця з вобразам цыцатай прыгажуні. І дадатковы камень, дадатковая злосць загружваецца на спіну Грышы Грыня.
— Можа не, — уключаецца ў размову Эдзік. — Можа не ўсе. Ніхто не ведае жанчын.
— Ведаю я іх, добра ведаю. Раз гляну жанчыну і ўсё ведаю — запіраецца Грыша, але Эдзік жмурыць вочы, паблажліва ўсміхаецца.
— Памыляешся. Ніхто не ведае жанчыну. Можа і глядзіш ты яе, а па-праўдзе, што бачыш? Сукенку, ногі, прычоску. А яна цябе — вось і разглядае. Зазірае ў вочы, а гортае сэрца, калупаецца ў душы. А часам і мускулы абмацвае, таксама ж, чаму не. Здагадаешся, што там бачыць, што чакае, на што спадзяецца — і яна твая. Спадзяецца на дзікую бэстыю — будзь бэстыяй. Самай дзікай і самай прымітыўнай. Кусай яе зубамі, рві кіпцюрамі. Але калі для яе хочацца ступіць у цёплую ваду, будзь як цёплая бяспечная прыстань.
— А як князя захоча, кажы што ты сапраўды князь, а часова злая ведзьма зачаравала цябе ў штатнага працаўніка дзяржаўнай чыгункі — спрачаецца Грыша.
— Так і скажы, — згаджаецца Эдзік. — Але — не словам. Скажы тое жэстам, позіркам, дотыкам. І ніколі не старайся яе канчаткова пераканаць. Няхай прадчувае, няхай здагадваецца. Няхай разгартае цябе старонка за старонкай, паглыбляецца, нырае глыбей. Аж агарнеш яе плячом, закрыеш у далонях, як безабаронную птушку. А ўвогуле — мужчына павінен маўчаць і слухаць. Тады як губка ён, убірае ў сябе і яе, і яе словы.
Змаўкаюць. Хацелася б яшчэ паспрачацца, але вядома, што Эдзік мае рацыю. Бачылі ж не раз, як прызямляюцца ў ягоных далонях тыя птушкі. І зайздросцяць Эдзіку словы, што ў ягоных вуснах сплятаюцца ў зручныя букеты, а калі трэба, знікаюць, скаўзаюцца ў маўчанне, утульваюцца ў ціш.
— Хто кахае ўсіх жанчын, астаецца вольным, — кажа часам Эдзік. — Толькі адна паасобная жанчына мае сілу апрануць чалавека ў кайданы. Усе разам — ніколі.
І тады яшчэ зайздросцяць Эдзіку волю.
На паўстанак пад’язджае аўтобус і хлопец з дзяўчынай знікаюць за чырвонай шырмой.
“Паедзе? Не паедзе?” — Колька ўважліва ўзіраецца ў паўстанак. Незразумелая, ірацыянальная сіла прымушае яго хвалявацца. З ад’ездам дзяўчыны нешта — не вядома што — астанецца незавершаным, неакончаным і іржавым цвіком будзе муляць вантробы, і скарачаць сціплую прастору мястэчка, памяншаць яе да светлага аблічча гэтай дзяўчыны. “Няхай яна не адязджае”, думае Колька.
Аўтобус адыходзіць. Дзяўчына астаецца на паўстанку сама адна.
— А гэтай во, што якраз трэба? — Грыша хінае галавой на паўстанак.
— Не ведаю. Можна было б пераканацца.
— Праўда была б. Ты ж яе бацька, — прыдзіраецца Грыша.
— Або дзядзька, — падкідае слова Колька.
Наўмысна так кажуць. Дзяўчына апусціла вейкі, паставіла твар да сонца. Залатыя кудзерыкі рассыпаліся на вецер. Няўрымслівая маладосць стаіць люстэркам на фоне вуліцы. А вуліца ступае ў гэтае люстэрка і хілком, сарамліва вяртаецца назад — хітрымі вачыма цыцатай прыгажуні, пульхнымі вуснамі, складзенымі ў сціплы абаранак і яшчэ сотняй звычайных спраў. І хачацца — няхай які кулак, якая сіла тузане светлае шкло, а яно рассыплецца дробным макам, і ўсё будзе звычайна, як раней.
— А можа якраз і сірата яна, і трэба для яе бацьку? — Эдзік уздымаецца на ногі, пацягваецца.
Мочкі глядзяць як перасякае вуліцу, пружыністым, хлапечым крокам накіроўваецца на паўстанак.
Аб чым будзе размова — з гэтага месца не ўчуеш. Эдзік нешта скажа, дзяўчына адкажа, адступіць крок, а ён ступіць следам. І яшчэ раз, і яшчэ крок. А затым яна мабыць спыніцца, а ён, схіліўшыся да белых кудзерыкаў, нешта прашэпча ў заружавелае вуха. І кудзерыкі стрэсануцца жэстам пярэчання, адмовы. А калі не будзе ў гэтай адмове злосці, яго вусны яшчэ раз наблізяцца да ружовага вуха. І зараз кудзерыкі стрэсануцца іначай. Здзіўленнем? Недавер’ем? Можа жартам, а можа ад звычайнай цікавасці, смешна перакульваючы галоўку, зазірне ў ягоныя вочы. А вочы цёплай усмешкай спытаюць: “Ну і як?”
Калі так усё атрымаецца, Колька спытае хрыплым голасам:
— Выпеш піва?
Ад пільнага ўзірання ў паўстанак мястэчковай камунікацыі, у горле засохне, здранцвее, прыліпне да зубоў язык.
— Давай, — такім жа хрыпеннем адкажа Грыша Грынь.
А можа будзе зусім іначай? Можа, у адказ на першае слова злоснай адмовай стрэсануцца кудзерыкі? І як матыль, зняважаны памылковым парывам ветру, разгарне крылы, адляціць у свой свет. Эдзік прыпыніцца хвіліну на паўстанку, правядзе зрокам лёт матыля, пацісьне плячыма і засунуўшы рукі ў кішэні вернецца на ранейшае месца.
І пойдуць утраіх у краму “Атлянта”.
Ніхто тое не ведае, бо вуліца прыпынілася на адну кароткую хвіліну і зноў манатонным майскім крокам ступае за сваімі справамі.