“Няхай яна ўсміхнецца — падумаў Марусь. — І няхай скажа слова. Стрываю яшчэ паўстанак — яна адазвецца”.
Яму раптоўна захацелася слухаць яе голас. Якi ён? Безумоўна яе голас шолах веснавых лiўняў. Песня вадаспадаў, крынiчна халодных нат у летнюю спёку. Подых жнiвеньскiх палёў у лютую завею. Бальзам на балючыя закавулкі душы. Так уявілася Марусю.
— А вы далёка? жанчына азвалася пакуль цягнік паспеў дайсці да чарговага паўстанка. І праўда, былі ў яе голасе ўсе тыя ўяўленыя ліўні, бальзамы і вадаспады. I Марусь абліўся потам, і разгубіўся, як заўжды губляе думку і шлях чапавек, калі ягоныя мроі апярэджваюць рэчаіснасць. Страцiўшы кантроль над моцна сцiснутымi каленямi, нат і спалохаўся: цi ўсё нармальна там? Але, пакуль не адбылося нiчога, за што варта стыдацца. Узяўшы поўныя грудзi паветра, Марусь адказаў:
— Далёка, у Варшаву.
— Вось, як добра. I я ў Варшаву. Дамоў вяртаюся. Аддыхала тут пушчанскiмi араматамi. Ох, як тут прыгожа ад успомненай раскошы жанчына пацягнулася, хiстануліся пад свiцерам стройныя грудзi. А вы хіба не дамоў? — спытала, але больш у гэтым пытанні ўпэўненасці. Вядома — не трэба ж быць прарокам, даволі адзін раз глянуць, ды адсачыць не варшаўскае, не сталічнае пажоджанне цёмна-сіняй майкі, і даволі адзін раз зірнуць на салідныя чаравікі, каб здагадацца, што не на сталічных тратуарах пакінулі яны сваю прыгажосць і рыпячую саноўнасць свінскай скуры.
— Не сумна пацвердзіў Марусь. З дому якраз я.
— У Варшаву? абыякавым голасам спытала яшчэ раз жанчына.
— У Варшаву, адказаў Марусь. — За працай. Я — кравец. Шыю.
— Кравец? — зараз яе вочы бліснулі маленькім зацікаўленнем. “Як — кравец? Які кравец?” — Такое пытанне яна ўголас не паставіла, але яно адчувалася — у яе вачах, усмешцы.
І Марусю трэба было нешта адказаць. Вочы крадком абехалі яе постаць — твар, грудзі, спыніліся на далонях і спалохаліся. Яе далоні ў нічым не прыпаміналі тыя пляскатыя аладкі, што доўгай шарэнгай выстройваліся спад іголкі “сінгера”.
— Краўцоўства — гэта мастацтва. Асабліва жаночае краўцоўства. Бог стварыў жанчыну голую, а вось кравец апрануў яе і зрабіў прыгожай.
Адкуль прыйшла Марусю на думку такая фраза — ніхто не ведае. Мабыць калісці чуў ён гэтыя словы, а можа ўзніклі яны і зараз, самі з сябе? Цягнік, як сказана раней, абмінаючы час і пространь паглыбляўся ў ноч. І ўсё здавалася магчымым, бы ў якім сне. Кожны можа тут думаць што захоча, можа лётаць, можа нат бяскарна глядзець у вочы прыгожай пані і перакідвацца словам той, у каго раней не было да такіх панюсяў ніякага дачынення.
І Марусю прыйшла на памяць адна пані — здавалася раней — самая прыгожая ў краўцоўскім кааператыве. Была там брыгадзёркай, час ад часу зазірала ў прадукцыйны зал, абводзіла зрокам усе станкі, а калі прыпынялася за спіной Маруся, ён махінальна апускаў голаву, пільна сачыў за ходам сталёвай іголкі. А напрыканцы мінулага году гэтая пані зайшла якраз у злую хвіліну. Ад няма чаго рабіць, Марусь забаўляўся накідамі сваіх уяўных мадэляў. Пані прыхапіла запоўненую рысункамі картачку, глянула і ўсміхнулася. І не было як, і не было куды ўцякаць вачам. І прышпіліўшы свае вочы да яе вачэй, урэзаў іголкай у вялікі палец,
Але прыгажосць сённяшняй спадарожніцы была ў зусім іншым гатунку — быццам абразак у кніжцы прывезенай з далёкай краіны.
Усё ў яе было рэальнае, усё на сваім месцы, у прапорцыях як трэба быць. А адначасова — усё ўяўнае, несапраўднае, выдуманае. Але калі нат прыдумаў хто гэту паню, тады з канкрэтнай мэтай — раскрыць насцеж дзверы краўцоўскай фантазіі, выправіць яе ў неабмежаваныя прасторы і сцежкі.
— Ну, — сказала пані. — Можа тады стрэнемся падчас якой прэзентыцыі.
— Можа, — адказаў Марусь.
Жанчына прыліпла зрокам да шыбы. У шкле, начнымі фарбамі пераўтвораным у правізарычнае люстэрка, стаялі яе цёплыя карыя вочы, зза недасканаласці люстэрка абведзеныя паўзмрокам таямніцы, і вусны, што сакавітай лініяй складаюцца ў чырвонае сэрца, і шчокі напятыя пружыністым лязом маладосці. А затым вусны расхіліліся, усміхнуліся і ўсмешка разгарнулася на шчокі, на вочы, як разгартаюцца хвалямі зручна пастаўленыя косткі даміно.
Так усміхаюцца людзі калі вяртаюцца дамоў — усміхаюцца на сустрэчу з добра вядомай цеплынёй, з утульнымі закавулкамі кватэры.
“Якая яе кватэра — падумаў Марусь. — Напэўна незвычайная, напэўна такіх у мястэчку няма. Сцярпець адзін яшчэ паўстанак і яна, мяне запросіць на сваю кватэру”.
Думка вырастала адважная, упэўненая, як ніколі раней.
А прыгожая пані ў той жа хвіліне сказала:
— А ў Варшаве вам ёсць дзе спыніцца? Ёсць хто знаёмы?
— Брат ёсць — сказалася, па інерцыі неяк. І язык, засаромеўшыся, што мабыць заўчасна абмінае прыадкрытыя дзверы, пачаў адступаць назад:
— Хіба, што ад’ехаў дзе, бо хто яго там ведае, непаседа мой брат, сёння тут, заўтра там.
Цягнік прычаліў якраз да паўстанка і Марусь уздыхнуў з палёгкай: Выканаў усё-такі. Выстаяў. А ты ціха там — запёрся кулаком у спіну пузыра. — Зараз яна запрапануе наведаць сваю кватэру.
А жанчына быццам на вяроўцы ягоных думак ішла.
— Калі б якая праблема, вось вам — працягнула візітную картачку.
Марусь узяў яе, перакінуў у пальцах. Перачытаць прозвішча і адрас не атрымалася, падчас стаянкі лямпы ў вагонах прыгасаюць, кладуцца на сцены, на лаўкі, на шчокі пасажыраў чырванявым паўсвятлом. І ён закінуў картачку ў кішэню сіняй майкі, на грудзі, туды дзе сонным рытмам б’ецца сэрца.
А потым усё расплыўлося, а можа ўсё паплыло. Ноч, думка, цягнік, сусвет. Нават элегантня працоўня, дзе над вялікім аркушам паперы схіліўся Марусь, закружылася лянівым вярчальным танцам. А пасярэдзіне гэтай працоўні стаяла цалкам аголеная прыгожая пані. Але Марусь не паспеў прыгледзіцца да яе сакрэтнай прыгажосці. Няспынны танец загартаў паню ў воблачныя карункі, цюлі, аксаміты.