Па-першае, у нашай кватэры атайбаваўся калісьці пісьменьнік Вячаслаў Рагойша, а да яго заходзіў Уладзімер Караткевіч, які, кажуць, браў тут чарку й сьпяваў песьні ня горай, чым ён гэта робіць у забароненым некалі фільме паводле ягонага раману «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».
Цяпер у нас у доме жыве крытык і перакладчык Галіна (ашчаджаючы яе спакой, абыйдземся бяз прозьвішча). Жыве таксама паэтка Валяньціна, якая зрэдзьчас падпісваецца псэўданімам Віта Гнаная. Атрымліваецца сапраўдная літаратурная віктарына, да якой можна дадаць пытаньне: які вядомы беларускі археоляг стаўся героем мастацкага твору ў сувязі з тым, што ў яго ў археалягічнай разьведцы ўтапіліся штаны?
Гэты археоляг, купіўшы новыя штаны, таксама на законных падставах пражывае ў нашым доме.
Тут жывуць Алесь, Аліна, ажно два Данчыкі і Дануся.
А калі дадаць яшчэ й небясьпечнага ў нядаўнім мінулым нацыяналіста, а сёньня народнага дэпутата Пятра Садоўскага, дык нехта абавязкова скажа: гняздо.
Паблізу нашага дому ёсьць канал, на якім вядуцца качкі. Раней па канале плаваў лебедзь, але ня вытрымаў «перестройки» і адляцеў кудысьці ў эміграцыю.
А вось яшчэ адзін знаны нацыяналіст прафэсар Уладзімер Конан «перестройку» вытрымаў і па-ранейшаму глядзіць на сьвет зь верхатуры суседняга шматпавярховіка.
Часам прафэсар можа ўбачыць, як раніцой па беразе каналу бегае парлямэнтар Пятро Садоўскі. Мінакі з захапленьнем назіраюць, як бягун распранаецца й дае нырца. Як кажа адзін з выбаршчыкаў, на тое ён і народны дэпутат.
Прыбег, значыцца, аднойчы спадар Садоўскі раніцай на канал і - у ваду. А на беразе сядзіць рыбак з вудаю. А мо й не рыбак, і ніякая ў яго ў руках ня вуда, а партатыўны перадатчык (як кажуць вэтэраны беларускіх выдавецтваў, «мает рацыю»). Сядзіць гэты вудаль і глыбакадумна так кажа:
- Ну што, Пятро, дабегаўся?
Дэпутат зьдзівіўся, але плыве як нічога ніякага.
А вудаль удакладняе:
- Вылазь, Пятро. Пераварот.
Дэпутат зірнуў на дом, а адтуль жонка бяжыць.
Тут ён і зразумеў, што гэта ня жарцікі. Ды якія там жарцікі, калі пісьменьнік Барыс Сачанка гэты пераварот прадказваў ад самай зімы ўжо разоў зь дзесяць.
Народ вудзіў рыбу, а народны дэпутат апрануўся й паехаў хутчэй у парлямант. А тым часам нехта з парлямэнтараў шукаў, куды б зашыцца, нехта, рыхтуючыся да адсідкі, культурна складаў у партфэль камплект бялізны з зубной шчоткай, а нехта ехаў ужо ў цягніку ў Санкт-Пецярбург, каб пачынаць усё спачатку.
Карацей, 19 жніўня.
Гэта парлямэнтары.
У паспалітых людзей таксама ўзьніклі свае праблемы.
Да мяне, скажам, падыходзіць на двары старшыня дамкаму - ціхі такі пэнсіянэр і аматар паддаць, што разьмяркоўваў нам талёны на харч. Гляджу: быццам падмянілі старшыню: вока гарыць, не раўнуючы, як у якога варашылаўскага стралка.
- Ну, как там, Владимир Алексеевич, ваш Народный фронт?
Я яму:
- А адкуль, прабачце, вы ведаеце, як мяне завуць?
- Э-э, милок, я, к твоему сведению, человек непростой. Я когда-то комсомольский штаб Минска возглавлял.
Мяне неяк міжволі ад суровай прозы пацягнула на паэзію:
«Ня выдам нікога, апрача аднаго пісьменьніка, - прысягнуў я сам сабе страшэннаю прысягай. - Яму ўсё адно нічога ня будзе».
І пайшоў слухаць далей радыё «Свабода».
З допытам, як вядома, атрымалася адтэрміноўка.
І тут я, слабы чалавек, узяў грэх на душу. Пазваніў дні праз тры да былога начальніка камсамольскага штабу ў дзьверы.
- Ляксеіч, хачу як суседа папярэдзіць. Народны фронт прыняў рашэньне: усіх старшыняў дамкамаў - арыштаваць.