Сьпярша, бо быў, як зазвычай, п'яны, ён даў веры.
- Владимир Алексеевич, спасибо.
Добра, што цяпер талёны выдаюць у домакіраўніцтве.
Яшчэ дні праз тры ў мяне быў дзень нараджэньня. Якраз тады, як Малафеева (ня трэнэра, а таго, што спрабаваў муштраваць усіх нас) сьцягнулі на сэсіі з трыбуны, а ягоны папярэднік пэнсіянэр усесаюзнага значэньня Ахрэм Сакалоў падруляваў на службовай «Волзе» да ЦК і ўбачыў труну, вакол - плакальшчыцаў, а на труне машастовую стужку са сьціплым надпісам: «Ум, честь и совесть».
Таго вечара сябры падаравалі мне кавалак граніту, адбіты ад будыніны ЦК КПБ, той, што стаяла насупраць гарадзкой прыбіральні, на якую касавурыліся, круцячы насамі, бюсты таварышаў Маркса й Леніна.
Такім чынам хоць частку былой парцейнай маёмасьці пашэнціла прыватызаваць і мне.
Так нашая Серабранка апынулася ў сувэрэннай Рэспубліцы Беларусі.
Жыць, праўда, паспалітаму чалавеку стала ня надта каб лепей і весялей. Нават бел-чырвона-белыя сьцягі вывешваць на гаўбцах ужо нецікава, а бэсэсэраўскіх назапасіць у нас у доме не даўмеліся.
Аднак, калі зробіцца зусім сумна, можна схадзіць на нашую пошту.
Вось, напрыклад, я хачу даць тэлеграму з сувэрэннага Менску знаёмаму ў сувэрэнны Ню-Ёрк.
- Ні дурыце галаву, - кажа паштарка. - Ні ў какіі Ню-Ёркі нікакіі ціліграмы ні прынімаім.
- А ў якія-небудзь Наваполацкі якія-небудзь тэлеграмы прымаеце?
- У Наваполацкі прынімаім.
Пішу, высалапіўшы ад стараньня язык, друкаванымі літарамі, каб, крый Божа, чаго не пераблыталі.
Тэлеграфістка прачытала й пытаецца:
- А што такоя «віншую»?
- Поздравляю, - перакладаю я на мову нашай нацыянальнай меншасьці.
- Так бы і пісал. А Вінцэсь - эта што? Фамілія?
- Імя.
- Да нет такова імя, - гаворыць яна з сумесьсю ўквеленасьці й шкадобы. - Дурут тока галаву.
Тэлеграму яна ўсё ж прымае, ды потым высьвятляецца, што мае высілкі пайшлі тунна, бо тэкст, каб не пакрыўдзіць нацменшасьць, пераклалі на «общепонятный». Дзякаваць Богу, што хоць ня сталася, як з адным мастаком, якому таксама пераклалі й замест паведамленьня пра хаўтуры атрымалася запрашэньне на «халтуру».
Праўда, гэткія пераклады рабіліся яшчэ ў БССРы. У сувэрэннай Рэспубліцы Беларусі новыя праблемы.
- Напішы унізу ціліграмы адрас і фамілію, - кажа паштарка.
Потым яна доўга й падазрона разглядвае блянк.
- Как фамілія? Арлой?
- Арлоў. На канцы - «у» кароткае.
- Нет такой буквы, - акурат, як у тэлеперадачы «Поле чудес», адразае паштарка.
Я - чалавек рахманы. Дастаю нататнік, малюю «й» і «ў» і даходліва тлумачу розьніцу.
Ня ведаю, дзе асела ў яе тое, што я ўтлумачваў, але ў галаве надзейна зачапілася, што я ўспадчыў ад бацькі незвычайнае найменьне - Арлой.
Заходжу наступнага разу ў аддзяленьне, і паштарка ўсьміхаецца мне, як старому знаёмаму, ды гукае нейкую Надзю.