«Дзяржава мае назоў БССР: Будуйце Самі Сваё Рабства. Ганаровае права мець грамадзянства БССР належыць дзьвюм катэгорыям ейных жыхароў: тым, хто ўжо арыштаваны, і тым, хто будзе арыштаваны. Дзяржава ўрачыста гарантуе: права на працу - у вынайдзеных Леніным і Сталіным для росквіту сацыялістычнага грамадзтва канцэнтрацыйных лягерох; права на адпачынак - у спэцыяльна абсталяваных дамох адпачынку, якія капіталістычная прапаганда называе турмамі; права на сьмерць - ад кулі ў патыліцу...»
Літаратурны мэтар нашае гадоўлі цалкам паважна кажа з «блакітнага экрану», што мы ўжо памахалі ручкаю «жизни во лжи». Значыцца, ужо ня хлусіць нам «Правда»? Значыцца, ня хлусіць ЦТ, аддадзенае на кармленьне Л. Краўчанку, аднагалосна выключанаму днямі са свайго творчага саюзу калегамі па маскоўскай журналісцкай арганізацыі?
Значыцца, можна без уздрыгу ўспомніць студзень, падзеі ў Летуве. Там гінулі ад куляў бяззбройныя людзі, а на экранах сьпявалі аголеныя прыгажуні ды йшло нізкапробнае, замяшанае на самых прымітыўных страсьцях «Аляксандар-шоў».
Памятаю, уключыў тэлевізар у надзеі злавіць няўлоўную ў тыя дні праграму ТСН і ўбачыў мардаваротаў у чорных камбінэзонах, якія, зьмятаючы ўсё на сваім шляху, несьліся па лесьвічных пралётах. Першая думка: штурм летувіскага парляманту! І раптам на экран выплыў месяцападобны, зь вясёлаю ўхмылкаю твар куміра ахвіцэрскіх жонак Сашы Масьлякова. Аказваецца, гэта толькі шоў, прысьвечанае сьмелым і мужным хлопцам - «нашым».
Польскі афарыст Станіслаў Ежы Лец раіў: «Памыляйцеся калектыўна!» Вяртацца да праўды таксама больш надзейна й бясьпечна гуртам.
Улаўраны сацрэаліст паведаміў нам, што мы ўжо апынуліся ў «жизни без лжи».
Так і жывем.
Ура!
Сьцягі над горадам
ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:
ПАЭТ І БАРД Сяржук Сокалаў-Воюш;
СТАРШЫНЯ ПОЛАЦКАЕ РАДЫ БНФ Анатоль Кулік, асуджаны за бел-чырвона-белы сьцяг у гады перабудовы;
СЯБРА ПАЭТА І БАРДА дый усіх астатніх Базыль Храмцоў, асуджаны за тое самае ў тыя самыя гады;
КАРЭСПАНДЭНТКА абласной газэты «Народнае слова» Ларыса Малашэня;
АЎТАР гераічнага абразка;
НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ ГАРСАВЕТУ тав. Камароў;
вахцёрка, міліцыянты, людзі ў цывільным.
Дзея адбываецца перад будынкам Полацкага гарсавету, у ягоных нетрах, а таксама на гарышчы й на даху.
Субота, трэці дзень, як сэсія Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь зацьвердзіла новы Дзяржаўны сьцяг.
Над гарсаветам ціхамірна лунае чырвона-зялёны, сярпаста-малаткасты, бальшавіцка-мусульманскі «флаг» БССР.
У выпадку сцэнічнага ўвасабленьня твору можа гучаць Дзяржаўны гімн БССР або папулярная народная песенька: «Зьлева молат, справа серп, Гэта наш савецкі герб. Хочаш жні, а хочаш куй...» і г. д.
Пяцёра першых дзейных асобаў зь бел-чырвона-белым сьцягам шпарка падымаюцца па сходах і заходзяць у кабінэт намесьніка старшыні гарсавету тав. Камарова, які ў выхадны дзень дбае пра палачанаў на сваім працоўным месцы.
СТАРШЫНЯ РАДЫ БНФ. Спадар Камароў...
НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ ГАРСАВЕТУ (зацкавана азіраецца, магчыма, думае, што яго прыйшлі забіраць). Что такое?
ПАЭТ І БАРД. Чаму гарсавет не выконвае пастанову Вярхоўнага Савету пра Дзяржаўны сьцяг?
НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ ГАРСАВЕТУ (відавочна супакойваючыся). Какой пастановы? Никакой команды не было, вот и не выконваем (перакрыўляе). Будет команда - будем выконваць.
ПАЭТ І БАРД. Сярод нас двое асуджаных за гэты сьцяг.
НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ ГАРСАВЕТУ. Я ничего не знаю. Не мешайте мне работать (робіць выгляд, нібыта нешта піша, а ў сапраўднасьці колькі разоў абводзіць на сваёй паперыне загадкавае слова «повысить»).
СТАРШЫНЯ РАДЫ БНФ. У вас свая праца, у нас - свая.