Ну, а як наконт вашых дзяцей - «юных ленінцаў» і «акцябрат» (слова настолькі чужое беларускай мове, што ягонае зьнікненьне пройдзе зусім незаўважна). Як наконт дэвізу, які яны мусяць ледзь не штодня паўтараць на лінейках і зборах? Да якой «борьбы» яны павінны быць гатовыя? За якое «дело»? Якой партыі? Ды той самай, дзякуючы якой мы зрабіліся абязмоўленымі жабракамі са зьнявечанымі мазгамі. (Кажуць, недзе ў Францыі прызналі Ўладзіміра Ільліча найвыдатнейшым мысьляром XX стагодзьдзя. Пажылі б тыя французы хоць з тыдзень у краіне, што ледзьве не пабудавала ў 1980 годзе камунізм).
А як ставіцеся вы да таго, што вашыя дзеці носяць значкі з выяваю чалавека, з блаславеньня якога (пасьля згаданага напачатку сакрэтнага ліста да Палітбюро) толькі ў 1922 годзе расстралялі, паводле няпоўных зьвестак, 8100 «представителей реакционного духовенства и буржуазии», у тым ліку 3447 манашак і паслушніц (Протопресв. М. Польский. Новые мученики российские. - Джорданвиль, 1949-1957. Т. 1. С. 214). Ці ня больш лягічна было б, каб «юныя ленінцы» наладзілі збор гэтых значкоў для сваіх старэйшых таварышаў з КПСС? Няхай бы насілі, дэманстравалі вернасьць ідэалам. Відаць было б, хто ёсьць хто. Спрыяла б «конструктивному диалогу». Не баяцца ж насіць свае значкі сябры й прыхільнікі БНФ.
А ці добра пачуваюцца ў сьвятле новых штрыхоў да партрэту Ільліча студэны й выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ІМЯ У.І.ЛЕНІНА?
Крый Божа, каб нехта падумаў, што я заклікаю нішчыць помнікі й выкрэсьліваць імя Ільліча з нашае памяці. Я зусім не прыхільнік барбарскіх бальшавіцкіх мэтадаў. Далібог, можна вынайсьці нешта больш цывілізаванае й дасьціпнае. Чаму б, скажам, ня зьвезьці помнікі Ільлічу да абкамаў і ЦК КПБ? Больш утульна пачуваліся б і гаспадары гэтых будынкаў (пад вокнамі ўвесь час дзейнічаў бы своеасаблівы бронзавы мітынг у падтрымку іхняе лініі) і самі леніны - бачачы чорныя «волгі» ды іншыя сьведчаньні таго, што хтосьці ўсё-такі пабудаваў сабе сьветлую будучыню.
Што датычыць імя правадыра, дык, замест вуліц, яго можна было б даваць цэкоўскім калідорам або лецішчам верных ленінцаў. Хіба кепска гучыць: «Дача товарища Соколова имени товарища Ленина»?
Існуе думка, што Леніна чакае свой XX зьезд.
Але хто яго будзе праводзіць?
Сталін хаваўся за помнікі Леніну. Помнікі Сталіну былі ўжо ненадзейнаю абаронаю й хутка пайшлі на пераплаўку. За каго ж схаваюцца верныя ленінцы, калі не застанецца бронзавага Ільліча? За «валюнтарыста» Хрушчова? За абчаплянага ардэнамі з галавы да пятаў Ільліча № 2? За гэбіста тав. Андропава? За тав. Чарненку, за якога ня здолелі схавацца (памятаеце ТАССаўскае фота?) нават тыя, хто перастаўляў генсеку ногі, калі той прыйшоў на выбарчы ўчастак галасаваць за самога сябе?
Каб захаваць заснаваную Леніным таталітарную антыгуманную сыстэму, «ум, честь и совесть эпохи» можа схавацца сёньня толькі за яго самога. З-за помнікаў геніяльнаму правадыру працоўных цікуюць тыя, хто не зьбіраецца разьвітвацца з вучэньнем, якое прывяло іх да свайго асабістага камунізму. Прывяло за кошт беднасьці, абяздоленасьці й зьнішчэньня іншых.
А таму: ЛЕНІН - ГЭТА СТАЛІН СЁНЬНЯ.
„Парыж ня бачыў я ніколі”
Менск. Красавік. Бронзавы Лукіч на пляцы перад Домам ураду трымае ўсунуты кімсьці з забастоўшчыкаў яму ў рукі бел-чырвона-белы сьцяг. Разгар страйкаў у сталіцы ды ў іншых беларускіх гарадох, а таму ацэнкі могуць грашыць празьмерным аптымізмам і ад іх лепш устрымацца. Але што б там ні было, цяпер ужо ні ў кога язык не павернецца назваць Беларусь запаведнікам непалоханых партакратаў.
Сёлета мы ўжо другі раз адкрыта адзначалі чарговую гадавіну абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Вядома, сумеры нашага Дня Волі пакуль што цяжка параўнаць са сьвяткаваньнем Дня незалежнасьці ў Балтыі. Дый завяршылася сьвята 25 сакавіка гераічнай начной апэрацыяй: выконваючы загад вярхоў, якія яшчэ маглі, доблесныя менскія «пажарнікі» сарвалі з будынку «Белрэстаўрацыі» ў Траецкім прадмесьці асьвячоныя царквою нацыянальныя сьцягі. Тым ня менш, апошнія падзеі сьведчаць: ідэя незалежнасьці ўжо выйшла за межы вузкага кола нацыянальнае інтэлігенцыі. Сярод мноства антыкамуністычных, антыгарбачоўскіх і іншых «анты» лёзунгаў на красавіцкіх мітынгах мне ўрэзаўся ў памяць плякат, які трымаў на плошчы Леніна (з трыбуны зноў і зноў гучаў vох рорulі - заклік назваць яе пляцам Незалежнасьці) хлапчына з чорнымі абадкамі пазногцяў. На плякаце было напісана: «Нынешнее поколение будет жить в независимой Беларуси!»
Лёгіка гісторыі цьвердзіць: у гэтага рабочага хлопца шанцаў нязьмерна болей, чым у тых, хто, выступаючы ад імя гегемону, сем дзесяцігодзьдзяў спакушаў народ прывідам зямнога раю. Прынамсі таму, што ў іх ніякіх гістарычных шанцаў, здаецца, ужо няма.
Існуе гэтак званая «пашыраная думка», што ў апошнія трыццаць гадоў андэрграўнда ў беларускай літаратуры не йснавала. Сёй-той гэтую думку не падзяляе. У прыватнасьці, супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, якія займаліся ў 1973-74 гадох аўтарамі наваполацкага самвыдавецкага літаратурнага альманаху «Блакітны ліхтар». У пятнаццаці выдадзеных рукапісных нумарох зьмяшчаліся зусім ня ўзоры «сацрэалізму». Былі там і паэтычныя экзэрсісы, што мелі нейкае дачыненьне да эротыкі, і абсалютна бяскрыўдныя практыкаваньні ў «чарнільнай лірыцы», накшталт трыялету «Парыж ня бачыў я ніколі»:
Але галоўнае: студэнты Наваполацкага палітэхнічнага інстытуту Вінцэсь Мудроў, Валеры Шлыкаў, старшаклясьнік Андрэй Грабаў і іхнія сябры казалі ў сваіх вершах пра тое, аб чым шмат хто з масьцітых нашых літаратараў адважыўся сказаць на поўны голас толькі ў эпоху «гласности»: што «як раней мужык наш мае ўсё ў плямах сонца», што загналі ў кут і дабіваюць мову...
Жыцьцё паэтаў «Блакітнага ліхтара» склалася па-рознаму. Трагічнай загадкаю застаецца сьмерць у каравуле, на службе ў Савецкай Арміі, Андрэя Грабава, бадай, самага таленавітага, які ў восьмай клясе пісаў:
Аднак:
У выдавецтве «Мастацкая літаратура» нарэшце выходзіць кніга прозы Вінцэся Мудрова. Колькі разоў зьяўляліся ў рэспубліканскай пэрыёдыцы вершы Валерыя Шлыкава. А нехта горка смуткуе аб сваім удзеле ў альманаху, які перашкодзіў зрабіць партыйную кар'еру...
Спадзяюся, што «Блакітны ліхтар» дачакаецца свайго дасьледніка. Гаворка, вядома, не пра літаратуразнаўцаў у цывільным, што бачылі крамолу ня толькі ў радку «бруд кастрычніцкіх дарог», але і ў самой беларускай мове, якая мусіла ўжо ціха сканаць і раптам - ні з пушчы, ні з поля! - ня дзе-небудзь, а ў індустрыяльна інтэрнацыянальным Наваполацку на ёй пачынае складаць шкодніцкія вершыкі ледзь не дзясятак гарадзкіх хлапчукоў.
Але мушу астудзіць запал тых, каму заманулася пагрузіцца ў сьвет думак і вобразаў наваполацкага самвыдаву пачатку 70-х. З часоў ягонага разгрому ён даступны адно крытыкам з вайсковымі званьнямі...
Наступніцы «Блакітнага ліхтара», «Мілавіцы», пашанцавала болей. Машынапісны альманах, выдаваны ў сярэдзіне 70-х гадоў купкаю студэнтаў гістарычнага факультэту БДУ, у бяздонныя сутарэньні ўсемагутнага ведамства ня трапіў. Зрэшты, фатакопіі кожнага зь пяці нумароў у адпаведных тэчках бясспрэчна ляжаць: трапіўшы ў рукі факультэтаўскіх камсамольскіх актывістаў, «Мілавіца» зьнікала падазрона надоўга - ведаю не па чутках, бо меў гонар належаць да яе выдаўцоў.
На маім пісьмовым стале трэці нумар альманаху, які адкрываецца вершам Ігара Чарняўскага «На сьмерць Бэма» (па матывах жалобнай рапсодыі Чэслава Немэна на вершы Цыпрыяна Норвіда).
Гэта радкі з баляды Генадзя Кулажанкі, які не вярнуўся з Афганістану. А вось страфа зь верша «Супраціўленьне матэрыялаў» Юрася Бандаровіча:
Мне хочацца працягваць цытаваньне - і вершаў Эдварда Зайкоўскага, і міні-эсэ пра піваізм (ад слова «піва»), і, далібог, сьмешнага аддзелу сатыры й гумару, і «псыхалягічна-фізыялягічнай» драмы «Гліст-нігіліст»...
Дык ці справядлівая «пашыраная думка», калі, прынамсі два самвыдавецкія літаратурныя альманахі, два правобразы цяперашніх «Літаратуры», «Ксэраксу Беларускага» ды іншых сёньняшніх і будучых падобных выданьняў, мы ў тую ціхую Варфаламееўскую ноч 70-х гадоў усё ж мелі?
Беларуская літаратурная эміграцыя.
У выдавецтве «Мастацкая літаратура» я быў рэдактарам анталёгіі заакіянскай паэзіі. Памятаю, у адным інтэрвію празьмерна захоплена казаў, што гэта - сапраўдная паэтычная Атлянтыда, якая ўсплывае з прадоньня забыцьця, - са сваімі горнымі вяршынямі й пласкагор'ямі, зь вялікімі талентамі й сьціплымі сумленнымі працаўнікамі.
Але ж, апрача паэзіі, у беларускай эмігранцкай літаратуры йснуе й багатая проза, у прыватнасьці, мэмуарная. Нават пасьля «Архіпэлягу Гулагу» моцна ўражвае выдадзеная ў ЗША кніга Аўгена Калубовіча «На крыжовай дарозе». Чаго вартыя хоць бы старонкі, што апавядаюць, як у разгар рэпрэсіяў увязьненыя беларускія інтэлігенты ствараюць у камэры менскае турмы новую «сталінскую» канстытуцыю рэспублікі.