На ўсьцеху Мірэле ў гановэрскіх крамах багаты выбар маціцовых гузікаў. Такія гузікі - ейная жарсьць. Мірэла выкладвае па некалькі марак за штуку й нецярпліва чакае хвіліны, калі можна будзе выкінуць у сьметніцу няшчасныя гузікі, народжаныя на сьвет без удзелу малюскаў. Адным словам - паэтка.
Праходка па Гановэры сканчаецца бліскучым тэрарыстычным актам паяданьня сакаўной паляндвіцы вусьцішных памераў, якую мы распластваем на кухоннай дошцы пасярод стала й крыважэрна паласуем нажамі адразу з двух бакоў, падмацоўваючы сілы салатаю з кукурузай і шмальцам з гарачым белым хлебам. Паводле сваёй ідыёцкай звычкі згадваць з нагоды й без нагоды розную лухту, я ўспамінаю показку пра тое, як канібалы злавілі недзе ў джунглях Новай Гвінеі групу савецкіх спэцыялістаў. У чопе кіпіць вада, кухары рыхтуюць соль і перац, а ўдзячныя дзікуны аблізваюцца, смакуючы наперад філейныя часткі, прысланыя ім далёкай краінаю разьвітога сацыялізму. Тым часам правадыр племя прыглядаецца да будучага пачастунку й раптам усьцешана выгуквае: «Вунь таго разьвязаць, я зь ім вучыўся ў БДУ імя Леніна».
Баляваньне адбываецца на хаце ў спадарыні Сільвіі. Пры каве высьвятляецца этымалёгія ейнага прозьвішча. «Gеіst» па-нямецку дух, а таксама - здань. Каб замест кавы я выпіў «вогненнай вады», дык неадменна выткнуўся б з тостам пра добры дух Гановэру або пра здань, якая выклікае пачуцьці, бязьмежна далёкія ад жаху.
Аднак наперадзе ў нас сустрэча зь верагоднымі чытачамі, а таму ўсё сказанае вышэй ідзе падтэкстам, а гаворка круціцца вакол іншага.
Напрыклад, вакол расейскага нацыянальнага характару, або, як той казаў, мэнталітэту. Аказваецца, баўгарскія этнографы таксама закмецілі адметнасьць казачнага расейскага Ямелі: лайдак, які адлежвае на печы бакі, раз-пораз загадваючы што-небудзь зрабіць «по щучьему велению, по моему хотению», у вачох братняга народу паўстае героем відавочна станоўчым. Здаецца, аналягі ёсьць яшчэ ў казачным эпасе братніх народаў Цэнтральнае Афрыкі.
Мірэла апавядае пра македонцаў, якія гавораць на заходнебаўгарскім дыялекце і якіх у Баўгарыі лічаць баўгарамі, але палітыкі ў сацыялістычнай Югаславіі нібыта зрабілі ўсё магчымае, каб баўгарскі этнас скараціўся роўна на колькасьць македонцаў. Пры вялізнай розьніцы палітычных ды іншых умоваў перада мною ўсё адно з халодным ветрыкам мільгае аблічча паэта й паляшуцкага лідара Міколы Шаляговіча са стосікам ягонай газэты «Полісьсе», дзе на незразумелай большасьці палешукоў мове ім даводзіцца, што яны асобная нацыя, а гэтая незразумелая мова й ёсьць іхняя родная мова.
Яшчэ мы гаворым пра Макса Фрыша і ягоную сяброўку Інгеборг Бахман. Яе героі часта гінулі ў агні, як потым загінула й сама Інгеборг. Тэму прадчуваньняў у творчасьці рэальных падзеяў уласнага жыцьця працягвае Мірэлін расказ пра баўгарскага клясыка Пэё Яварава. Той баяўся цемры й сьлепаты. Калі ў яго на вачох зьвяла падрахункі з жыцьцём жонка, Пэё схапіў яшчэ цёплы пісталет і таксама спрабаваў застрэліцца, але толькі пашкодзіў якісьці нэрв і страціў зрок, каб, жывучы ў цемры, дзень пры дні чуць, што гэта ён забіў жонку.
Я намагаюся ўспомніць якія-небудзь прадчуваньні ў творчасьці сяго-таго зь беларускіх аўтараў і на свой сорам не магу ўзгадаць нічога паважнага, калі не лічыць прадчуваньня чарговага раману з асьпіранткаю - у творчасьці вялікага празаіка Н. і прадчуваньня выпіўкі й добрага закусону - адразу ў некалькіх маладых і сталых членаў СП.
Мае гановэрскія музы ўладкоўваюцца з цыгарэтамі на падлозе каля адчыненага гаўбца. Апошняе, што перакладае Мірэла: дачка баўгарскага прэзыдэнта Жэлю Жэлева скончыла жыцьцё самагубствам, а прэзыдэнт назаўтра пасьля хаўтураў прымаў вайсковы парад.
Я разгортваю апошнюю Мірэліну кнігу «Памет за подробности» й раптам пачынаю разумець баўгарскую мову. Кажуць, некалі народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін падчас дэкады беларускае літаратуры ў Летуве, выправіўшыся ўраньні па піва, спыніўся ля газэтнага стэнду й раптам пачаў разумець па-летувіску. Праўда, неўзабаве высьветлілася, што ён унурыўся ў віленскі польскамоўны «Сzеrwоnу sztаndаr». Але па-баўгарску я, далібог, нешта разумею. Верш называецца «Усилието»:
Між іншым, у Нямеччыне пачытваюць «Нашу Ніву». Доказ - неабвержны. На другой вечарыне Сільвія чытае перакладзены спадаром Норбэртам Рандавам з «НН» опус пад назваю «Тунэль зь Серабранкі ў Бэрлін».
Гэты тунэль прывёў нас у прытульную тэатральную кавярню. Людзей трохі болей, чым запаленых на ссунутых мармуровых століках сьвечак. Дзяўчына з валасамі й вачыма русалкі пытаецца, як завуць беларуску з профілем Нэфэрціці, што стукае абцасікамі па менскім асфальце. Я адказваю, што ў яе вельмі эўрапейскае імя. Дарэчы вынырвае сэнтэнцыя з Гесэвага «Дэміяна»: анфас - маска, сутнасьць пазнаецца ў профілі.
Наступнае пытаньне: ці адчуваеце вы, што немцы да вас халодныя й абыякавыя? Мірэла спраўляецца з адказам хутка. У мяне так не атрымліваецца. Я кажу пра нашу балцкую кроў і пра тое, што балцкія лейкацыты й эрытрацыты нясуць па жылах беларусаў балцкую стрыманасьць. Я кажу, што люблю, каб мяне не чапалі, каб ня лезьлі ў душу й не прапаноўвалі дзюбнуць за вуглом «пузыр» на траіх, закусіўшы плаўленымі сыркамі. Я кажу, што не хачу, каб мяне, ухвальна паляпваючы па плячы, называлі «простым парнем». Я не хачу быць гаваркім і не хачу выслухоўваць споведзі незнаёмых людзей. Я выказваю здагадку, што, напэўна, гэтыя рысы ўласьцівыя сярод беларусаў ня толькі мне.
Пакуль Мірэла перакладае, я ўспамінаю старую показку, як Васіль Іванавіч вяртаецца з Парыжу. «Што новага, Васіль Іванавіч, прывезьлі з Парыжу?» - пытаецца Пецька. «Ня ведаю, Пецька, яшчэ да доктара не хадзіў», - адказвае легендарны камдыў. Калі б я ведаў нямецкую мову або калі б не шкадаваў Мірэлы, я распавёў бы зараз яшчэ й гэтую показку і, інтрыгуючы публіку, паведаміў бы, што таксама заразіўся. Вытрымаўшы неабходную для належнага эфэкту пярэрву, я супакоіў бы чытачоў і асабліва чытачак, удакладніўшы, што ў Гановэры я заразіўся зусім не AIDS, а - нямецкім спакоем.
Эўропа робіцца бліжэйшаю. Вось і Бэрлін ужо ня мэта падарожжа, а ўсяго толькі прыпынак на зваротным шляху. Але гэта - ня спляжанае бальшавікамі старадаўняе мястэчка, празь якое я еду зь Менску ў свой Полацак, у лепшым разе выходзячы на стаянцы да ветру. Немцам падабаецца, калі Бэрлін называюць новай сталіцай Эўропы. (На мове М. Шаляговіча сталіца, калі не памыляюся, будзе «чолотвэрдзь».) Мне цікава, што зьмянілася ў сталіцы за год, пакуль я не бадзяўся па Кюрфюрстэндам і Аляксандар-пляц, і я выходжу зь цягніка. Балазе, у Бэрліне, а дакладней, у яго былым заходнім сэктары жыве мая знаёмая - спадарыня Ядзьвіга зь беларускага шляхецкага роду Рымашэўскіх, якая, трапіўшы ў Нямеччыну пяцьдзесят гадоў таму й дасканала авалодаўшы моваю, сумысьля захавала сабе беларускі акцэнт. Дзіва, што яна сустракае мяне, калі не як роднага сына, дык, прынамсі, як роднага пляменьніка.
Калі вы глядзелі фільм «Генэралы пяшчаных кар'ераў», дык мусіце памятаць кульгавага хлопчыка, што на колькі дзён трапляе ў багаты дом. У адрозьненьне ад хлопчыка, я пакуль што не кульгавы, не распавядаю сьлязьлівых гісторыяў пра таткаву сьмерць і ня маю сувязяў у крымінальным сьвеце. Усё астатняе вельмі падобнае да фільму.
У доме спадарыні Ядзьвігі, апрача яе з мужам Хельмутам, жывуць трынаццаць катоў на чале з заснавальніцай гэтай кашэчай дынастыі Паўлінай, якая сыта вуркоча ўжо цэлую чвэртку стагодзьдзя. Каты, якім я прывёз прывітаньне ад іхняй самотнай менскай супляменьніцы Басоты, падзяляюцца на «сацыялістычных», што кватаруюць на цокальным паверсе, і «капіталістычных», якія па-гаспадарску пачуваюцца наверсе. Падзел чацьвераногіх гаспадароў паводле сацыяльна-эканамічных фармацыяў чыста ўмоўны, бо розьніца ва ўзроўні іх жыцьця ў літаральным сэньсе палягае ў прасторы. Проста «сацыялісты» схільныя да самоты й ня любяць чужых людзей. За колькі тыдняў да майго прыезду менавіта «сацыялістычны» паверх гэтай Мурлындыі, узьняўшы страшэнны вэрхал, папярэдзіў гаспадароў, што ў дом залезьлі злодзеі.
Колькасьці катоў у доме прыкладна адпавядае колькасьць гадзіньнікаў. Усе яны з боем, прычым ідуць з разьбежкаю, і раней за дванаццаць ночы спаць нязвыкламу чалавеку тут лепей ня класьціся, бо апоўначы ў пакоях пачынаецца праўдзівы канцэрт.
У адведзеным мне пакоі, які разы ў тры большы за ўсю маю менскую двухпакаёўку, стаіць на століку фатаграфія немаладога афіцэра ў эсэсаўскай форме са стамлёнымі разумнымі вачыма. Гэта ня бацька гера Хельмута. Гэта першы муж спадарыні Ядзьвігі Фрыц. Іхняе каханьне пачалося ў 1941-м у Калодзішчах, пад Менскам, дзе стаяла Фрыцава вайсковая частка. За сувязь са славянкаю, а мабыць, і за іншыя грахі, накшталт лібэралізму з палоннымі, Фрыца перавялі ў Нямеччыну, але туды вывезьлі й Ядзю Рымашэўскую, і яны не маглі зноў не сустрэцца.
Фрыц напісаў на імя фюрэра рапарт з просьбаю дазволіць шлюб. Дазвол быў атрыманы з умоваю неадкладнай адстаўкі, што азначала застацца бяз сродкаў і жыць пад каўпаком спэцслужбаў. Ішоў 1944-ты. На шлюбным фота спадарыня Ядзьвіга ў чорнай сукенцы.
Фрыца няма ўжо болей за трыццаць гадоў. Перад ягонаю фоткаю кожны дзень стаяць кветкі. Побач з кветкамі ляжыць Фрыцава люлька (мая гаспадыня пяшчотна называе яе піпачкай). Дваццаць гадоў пасьля мужавай сьмерці спадарыня Ядзьвіга, гледзячы на «піпачку», чула выразны пах дыму, і яе душа заходзілася ад адчуваньня блізкай прысутнасьці каханага.
Гісторыя другога замуства дачкі беларускага шляхціца Адама Рымашэўскага таксама вартая калі не раману, дык аповесьці. Назаўтра пасьля хаўтураў фраў Шміт прыйшла на клады, выпіла пляшачку гарэлкі, абняла сьвежую магілу й прачнулася ўначы паміж надмагільных помнікаў. Удава прыходзіла на клады штодня - то сама, то з сынам. Аднойчы да яе ў дзьверы хтосьці пазваніў. На парозе стаяў малады чалавек з букетам. Яго звалі Хельмут. Адрас ён даведаўся на могілках ад вартаўніка. Прырода любіць раўнавагу. Фрыц быў гадоў на дваццаць старэйшы за жонку, Хельмут - амаль на столькі ж маладзейшы, аднак на фотаздымку зь іхняга вясельнага падарожжа абняўшыся стаяць аднагодкі. Пра здымкі апошніх гадоў можна, далібог, сказаць тое самае. На маё паведамленьне, што фраў Хедзьвіг Ноак - равесьніца «Великого Октября», Мірэла зь Сільвіяй толькі недаверна пераглянуліся й смыканулі плячыма.
Увечары, за кухлем піва, я слухаю ўспаміны спадарыні Ядзьвігі й разглядваю альбомы - вось дом у Калодзішчах, дзе яны з Фрыцам сустрэліся, вось касьцёл сьвятога Роха са зьбітым сьпічаком (фота рабіў у 1941-м Фрыц). Мы абмяркоўваем нядаўнюю тэлеперадачу пра сэксуальныя пэрвэрсіі, дзяўчынак-філіпінак зь нелегальных прытонаў і шлюбы лесьбіянак. Мая гаспадыня рашуча супраць такіх навацыяў, а я, бадай, не адмовіўся б на колькі дзён пераўвасобіцца ў сямейную лесьбіянку, каб дасьледаваць у такой ячэйцы грамадзтва, напрыклад, праблему адзюльтэру. Пытаньне выглядае даволі неадназначна: як, скажам, ацэньваць сытуацыю, калі нехта зь лесьбійскай сям'і трапіць у абдымкі да мужчыны?
Мы глядзім «відзікі» пра разбурэньне Бэрлінскае сьцяны й пра першыя гады акупацыйнага рэжыму саюзьнікаў. Я даведваюся, як сардэчна ставіліся савецкія салдаты да нямецкіх дзяцей і як яны без разбору гвалтавалі нямецкіх жанчын, дзяўчат і дзяўчынак, перасягнуўшы ў гэткіх подзьвігах і нямецка-фашыстоўскіх і татара-мангольскіх захопнікаў. (Адзінаццацігадовую сястру майго бэрлінскага знаёмца ўратавала адно тое, што на голаў п'яному салдату, які цягнуў дзяўчо ў ложак, ягоны яшчэ больш п'яны сябрук скінуў з другога паверху кватэры грамафон.)
Ураньні, зьеўшы на дэсэрт трускавак або вішняў з саду, што глядзіцца ў вокны маіх гаспадароў, я выпраўляюся швэндацца па Бэрліне, ловячы сябе на думцы, што ўжо ведаю яго, прынамсі, значна лепей за Маскву. У голаў, вядома, лезуць згадкі, аналёгіі й алюзіі.
Белакаменную я пераведваў разы чатыры. Кожны быў напоўнены мноствам незабыўных хвалюючых уражаньняў, але асабліва ўразаўся ў памяць нейкай адной адметнаю падзеяй.
Першы раз, едучы ў казахстанскі будатрад кватэр'ерамі, мы залілі на ўскраіне Краснай плошчы дзьве дзесяцілітровыя поліэтыленавыя каністры півам і на падыходзе да маўзалею былі затрыманыя нарадам міліцыі, што палічыў нас за падпальшчыкаў. Другі раз я знаходзіўся ў «чолотвэрдзі» транзытам, начаваў на вакзальнай лаўцы і быў разбуджаны сярод ночы разьятранай прыбіральшчыцай, што хвостка выцяла мяне па заспанай пысе мокрым брудным венікам, які пакінуў у барадзе жменю сланечнікавай лузгі. Яшчэ адзін раз некалькіх маладых беларускіх літаратараў прывезьлі на паседжаньне савету па беларускай літаратуры Саюзу пісьменьнікаў СССР, і на пачатку імпрэзы вядомы савецкі крытык Павел Ульяшоў бадзёрым тонам спавясьціў нас, што ўчора праглядаў нашыя кніжкі й зразумеў, што беларуская мова сапраўды йснуе.
Але тое ў Маскве.
У Бэрліне ж былая мяжа ўсходняга й заходняга сэктараў адчуваецца ня меней, чым летась. У заходнім на кветніках абавязкова растуць кветкі, ва ўсходнім, не раўнуючы, як дзе-небудзь у нашым Леплі, можа раскашавацца й лебяда. «Неўміручае і ўсемагутнае (потому что верное)» вучэньне здолела так пераўтварыць сьвет, што нават жоўтыя гарлачыкі ў заходнебэрлінскай сажалцы выдаюць відочна жаўцейшымі.
Водбліз станцыі падземкі на Фрыдрыхштрасэ наш былы суайчыньнік па Савецкім Саюзе тужліва пілуе на акардэоне «На позицию девушка провожала бойца». На недалёкіх могілках зь белага пастамэнту пад белай акацыяй зьдзіўлена ўслухоўваецца ў экзатычную мэлёдыю галава Генрыха Мана.