Я люблю цябе, Рыга, і тое, што я ўжо два гады не хадзіў па тваіх вулках, успрымаецца як нейкая недарэчнасьць.
Я люблю цябе, Рыга, і ў вагонным вакне ўжо плывуць твае пеўні.
У гэтай Рызе ня граюць за расчыненымі вокнамі Шапэна й ня ставяць на падваконьні кубкаў са сьвежазваранаю кавай. Рэч, мабыць, ня толькі ў тым, што на двары восень.
Пазамінулым лістападам разам зь лістотаю рыскіх ліпаў і клёнаў з дамоў абляцелі шыльдачкі са старымі назовамі. Вуліца Леніна ператварылася ў Брывібас, гэта значыць, Свабоды, а вуліца Кірава й наогул зрабілася Элізабэтас.
Мужчыны ў белых штанах сустракаюцца на гэтых вуліцах значна радзей, чым мяняльныя канторы, дзе за нашыя «зайчыкі», ці, як той казаў, «шышкебічы», вы не атрымаеце аніводнага латыскага «рэпшыка», а за сотню расейскіх «ленінак» вам адшпіляць 45 рублісаў - пражыцьцёвы дзённы мінімум беспрытульнага рыскага ката.
Побач са мною йдзе па Элізабэтас чалавек, імя якога вядомае з двух бакоў беларуска-латыскае мяжы. Гэта мастак Вячка Целеш, таму няма нічога дзіўнага, што неўзабаве мы апынемся ў Вячкавай майстэрні на Брывібас, дзе на мальбэрце пачаты партрэт Зоські Верас.
Раней на прытульнае Целешава гарышча, зь якога беларусы мелі выхад да мора, паказваў рукою бронзавы правадыр. Цяпер Лукіча прыбралі, затое - каб мастаку не было маркотна - зьявіўся сын колішняга гаспадара дома, які выцягнуў адпаведныя паперы й запатрабаваў за арэнду трыста на месяц, прычым ня рублісаў, а даляраў.
Ад гэткае навіны робіцца ніякавата нават мне, госьцю, што трымае ў адной руцэ кілішак, а ў другой - крыло вэнджанай курыцы. Што ўжо казаць пра гаспадара, які звычайнае гарышча, дзе марцавалі рыскія каты, ператварыў у атэлье, вартае Манмартру й Манпарнасу.
На добры лад гэтыя трыста даляраў павінна было б узяць на сябе Міністэрства культуры РБ. У Вячкавай майстэрні перавярнулася добрая палова нашага Саюзу мастакоў і чвэртка Саюзу пісьменьнікаў. Зь яе вакна бачылі вежачку на даху суседняга дома Ўладзімер Караткевіч і Рыгор Барадулін, Стафанія Станюта й Павал Дубашынскі.
Калі ў Міністэрства няма грошай на майстэрню, дзе апрача музаў зьбіраюцца на свае паседжаньні сябры беларускага культурнага таварыства ў Рызе «Сьвітанак», няхай купляе на рынку коціка-скарбонку й пачне зьбіраць СКВ хоць на Целешаву Кнігу гасьцей. Ужо сёньня гэты фаліянт у брунатным пераплёце дасьць фору шмат якім зборам твораў. Ня буду стамляць імёнамі народных і заслужаных (афіцыйна й не), вядомых і невядомых (накшталт аўтаркі сьціплага запісу «Вячку я считаю мужчиной»), жывых і адляцелых у вечны вырай, дзе іх таксама грэе ўспамін пра рыскае гарышча.
Адных вершаў тут хопіць на самавіты зборнік - ад просьценькіх спробаў зарыфмаваць «Целеш» - «келіх» да выведзеных цьвёрдай рукою Караткевіча амаль клясычных радкоў:
Настальгію па былых часінах, калі спадар Лецка яшчэ не ўзначальваў беларусаў сьвету дый усе мы жылі лёгка й бесклапотна, абуджаюць радкі ахвярнага песьняра Целешавага Парнасу С.Панізьніка:
О tеmроrа, о mоrеs!
Пакідаючы мяне нанач у майстэрні, гаспадар раіць не хадзіць на вечаровы шпацыр. Найлепей бавіць рэшту вечара тэт-а-тэт зь ягонай найбагацейшаю ў сьвеце калекцыяй беларускіх паштовых картак. (Выдавецтва «Беларусь» ня мае сродкаў на выданьне ягонай кнігі «Гарады Беларусі на старых паштоўках», і Вячка спадзяецца на фундатараў.) У тым разе, калі я засумую над карткамі, маю адзіноту можа разьвеяць чэрап на паліцы. Перахапіўшы мой позірк, гаспадар кажа, што некаторыя з начлежнікаў і нават (што ўжо зусім недаравальна) зь дзеячоў нацыянальнага адраджэньня прыкрывалі чэрап газэцінай, хоць ён, Вячка, і папярэджваў, што гэты знойдзены археолягамі чэрап насіла на сваіх плячох простая беларуская жанчына аднекуль з-пад Ваўкавыску.
Карацей кажучы, чым бадзяцца па сталічных вулках, лепей пасядзець з чэрапам беларускай жанчыны. Днямі каля манумэнту Свабоды абрабавалі самога амэрыканскага пасла, які, мабыць, вырашыў сустрэцца з латыскім народам.
Я, дзякаваць Богу, не пасол, шмат у мяне не нарабуеш, а таму я заходжу ў густа сьпісаны кірыліцаю ліфт і празь дзесяць хвілінаў у чаканьні магчымых экспрапрыяцыяў набліжаюся да статуі Свабоды. Мяне займае адзін істотны аспэкт нацыянальнага пытаньня. А менавіта: ці лягчэй разьвітвацца з грашыма, калі злодзеі гавораць з табой на тваёй мове?
Рабаўнікоў на прыцемных цэнтральных вуліцах з выключанай рэклямаю пакуль не відаць, як, зрэшты, амаль не відаць і верагодных ахвяраў. Мабыць, і адныя, і другія яшчэ сядзяць ва ўтульных рыскіх кавярнях. Пералічыўшы свае цэлыя рублісы, я вырашаю таксама неадкладна заняць месца за столікам. Мяне чакае жорсткае расчараваньне. Кавярняў процьма, але ўсе яны, за выключэньнем пары валютовых, ужо зачыненыя, хоць на гадзіньніку яшчэ бяз чвэрці восем. Напэўна, скончылася кава, а магчыма - наведнікі. Грэючы душу астатняй надзеяй, кіруюся ў знакамітыя «12 крэслаў» каля Домскага сабора. «12 крэслаў» на замку, перададзены вернікам сабор - таксама.
Улякнуўшы ў падваротні нейкую даму з сабачкам, я падымаюся ў знаёмым ліфце. Гэтым разам сьвятло запальваецца ў ім адно тады, калі я, зачыніўшы дзьверы, нейкім дзівам намацваю ў мораку патрэбную кнопку.
У майстэрні праблемаў са сьвятлом ня ўзьнікла, аднак зьявіліся іншыя: а дзевятай гадзіне вечара адначасова адключыліся вадаправод і ацяпленьне.
За вокнамі рэдка сьвяціўся гатэль «Латвія» й ляжала цёмная, як цешчына вёска, сталіца незалежнае Латвійскае Рэспублікі.
Я доўга пахаджаў па выстылым гарышчы, піў сам з сабою сьветлае грузінскае віно, ад якога рабілася яшчэ халадней, і гаманіў з жанчынаю з-пад Ваўкавыску.
Стоена й гаркава пахлі прывялыя бэзавыя хрызантэмы. Шкрэблася ў кутку адубелае мышанё. У цьмяным старадаўнім люстры клубіліся мае й чужыя ўспаміны.
Майстэрня напоўнілася гаманою, шэптамі, пацалункамі... Я крыху распрануўся і даў нырца пад тры коўдры, дзе ўжо даўно, скруціўшыся ў клубочак, соладка пасопвала на канапе мая азяблая душа.
З усіх рыскіх пеўняў найбліжэй да неба той, што атайбаваўся на саборы сьвятога Пятра. Падняўшыся на сотню мэтраў, я стаю пад ягоным крылом і гляджу ў бок мора. Зьнізу, з пляцу, плыве ў марозным паветры музыка: скрыпка, акардэон і басэтля. Такую мэлёдыю, толькі выдзьмутую з дуды-дудаса я чуў на вясковым беларуска-латыскім вясельлі паблізу Рыгі, дзе пазнаёміўся з Андрысам.
Андрыс адседзеў тры гады за тое, што павесіў над сельсаветам латыскі нацыянальны сьцяг. «Запомні, Володя, - казаў ён мне, - русские никогда не будут здесь хозяинами. Если бы ты был русский, я бы с тобой не сел выпить». Праз пару месяцаў Андрыс у штармавую ноч уцёк на маторцы на швэдзкую выспу Готлянд.
Спусьціўшыся з сабора, можна паслухаць музыкаў, пакласьці ім нешта ў капялюш і рушыць далей. А можна й не пакласьці.
Зусім ня так проста разьмінуцца з музыкамі, што ўладкаваліся ў вузкім аркавым праходзе па дарозе да сабора сьвятога Яна. На выхадзе скрыпач, не пакідаючы граць, заступае вам дарогу, у пяшчотным голасе скрыпкі праразаюцца сталёвыя ноткі эпохі незалежнасьці й эканамічнага абвалу, і рука сама сабою цягне з кішэні пяць рублісаў.
У электрычцы, што вязе мяне ў Юрмалу, да мора, я разгортваю сьвежы нумар газэты «Советская молодежь». Зрэшты, так газэта звалася раней. Цяпер гэтае заслужанае выданьне выходзіць пад таямнічай назваю «СМ - сегодня». Што такое СМ - здагадвайцеся самі. «Современная молодежь? Совковая? Суверенная? Счастливая?» А ня выключана, што і «М» - гэта зусім не «молодежь». «Макулатура? Макуха? Малина?..» Што б там ні было, два тузіны бутлікаў дэзадаранту для цела «Лунная ночь», што стаяць каля ліфту ў Вячкавым пад'езьдзе на Брывібас, выжлукціла відавочна СМ.
На першай старонцы эксклюзыўнае інтэрвію з намесьнікам камандзера рыскага ОМОНу. «Год пребывания в следственном изоляторе мало изменил его внешне, - з замілаваным дамскім прыдыханьнем паведамляе газэта, - разве что прибавили взрослости усы. В свои 32 года он по-прежнему любит покушать, но теперь вынужден еще глотать таблетки: развившийся здесь ситуационный невроз и заметно усилившийся логоневроз (заикание) - симптомы условий жизни, изменившихся не по его воле». Значыцца, жыў-быў сабе сьціплы расейскі хлопчык, «кушал», хадзіў у бібліятэку чытаць кніжкі і раптам - ні з пушчы, ні з поля - «изменились условия жизни».
Прафэсійна акцэнтаваны здымак: бамбіза ў профіль з кветачкай у руцэ, на заднім пляне - краты й ахоўнік. «Я просто хочу дать им шанс», - пачынае сваё інтэрвію гаротны хлопчык Сярожа. Дыяпазон шанцаў, што даюць хлопцы з такімі патыліцамі, настолькі вузкі, што чытаць далей нецікава.