Няхай даруе мне стрыечная бабуля Грыпінка, што чытала «Чорную магію», умела спыняць кроў, заўсёды заходзіла ў хату да мае роднае бабулі акурат тады, калі мы сядалі за стол і бралі ў рукі лыжкі, лекавала людзей і худобу зёлкамі і сем гадоў сядзела ў сталінскіх лагерах - пэўна, усё-такі не за антысавецкую і контррэвалюцыйную дзейнасць, а сапраўды за знахарства. Зрэшты, нядаўна я чытаў кнігу пра лекавыя расліны Беларусі, якая пачынаецца са слоў «Коммунистическая партия проявляет неуклонную заботу о здоровье советских людей». Хто ведае, мо бабулі Грыпінцы інкрымінавалі якраз тое, што, збіраючы свае зёлкі, яна насмелілася клапаціцца аб тым, аб чым мела права клапаціцца толькі камуністычная партыя?
Няхай даруе мне мой засакрэчаны стрыечны дзед Рыгор, які меў нейкае і, відаць, даволі блізкае дачыненне да касмічных палётаў, бо слаў нам пасылкі з чорнай ікрой і чырвонаю рыбай, а аднаго разу, калі гасцяваў у вёсцы, саламяную страху бабулінае хаты ледзьве не раскідаў вайсковы верталёт, прысланы па дзеда з найбліжэйшага аэрадрома.
Няхай даруе мне дзядзька Ахрэм, які нават прыблізна не ведаў свайго дня нараджэння, а таму, не ўважаючы на ўсе жончыны захады, штовечар хадзіў падвясёлены, абсалютна слушна зазначаючы, што, магчыма, акурат сёння ён і нарадзіўся.
Даруйце мне, усе мае родзічы, якіх згадаю адно мімаходзь або не згадаю зусім. Каб канчаткова не заблытацца ў галінах і адгалінаваннях радаводнага дрэва - пагатоў, спадзявацца ўнікнуць лірычных і нелірычных адхіленняў ад такое тэмы ўсё адно наіўна, - буду весці гаворку аб непасрэдных сваіх продках па бацьку і маці, або, як казалі даўней, па мячы і па кудзелі. Апрача таго, іншая метода будзе непазбежна нагадваць хітрамудрую спробу схавацца ад адказнасці, заблытаць суддзяў і пазбегнуць выгнання.
І яшчэ адна заўвага. У цывілізаваным свеце, калі вядомы заснавальнік роду ці, прынамсі, нехта са знакамітых продкаў, радаводнае дрэва, як і належыць, малююць з каранёў. У нас жа сем дзесяцігоддзяў гэтыя карані нястомна выкарчоўвалі, бо трэба было ведаць не продкаў, а нешта іншае. Напрыклад, чарадзейныя цытаткі з класікаў або галоўныя задачы пяцігодак. За няведанне адной з гэтых задач слова ў слова рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сікорскі ў сямідзесятыя гады на бал знізіў мне адзнаку на экзамене па навуцы пад назваю «Гісторыя КПСС», а на дзяржаўным экзамене па яшчэ больш захапляльнай дысцыпліне - «Навуковым камунізме», калі я, ужо маючы сумны досвед і марачы атрымліваць стыпендыю, ведаў усе галоўныя задачы і фармулёўкі так, што яны ад зубоў адскоквалі, прафесар Круцько знізіў мне адзнаку ўжо адразу на два балы, «потому что вы, молодой человек, во все это совершенно не верите». Бедны прафесар Круцько, няўжо ён верыў?
Такім чынам, недзе пачынаюць з каранёў, а ў нас ужо атрымліваецца нешта адваротнае: мусім пачынаць генеалагічнае дрэва з сучка на нейкай з ягоных галінаў і ўжо адсюль спрабаваць дапясці каранёў.
Мая маці Марыя паходзіць з сялянаў вёскі Капысіца, заснаванае ў невядомым годзе задаўненага стагоддзя за тры вярсты ад Дняпра на рэчцы Вілейцы: маці ў гэтай рэчцы некалі ледзь не ўтапілася, а я навучыўся ў ёй плаваць, і ўжо гадоў дваццаць, як там не ўтопіцца нават кацянё. Карацей, жыць стала лепей, жыць стала весялей.
Мяркуючы па назве, матчыну вёску заснавалі перасяленцы з паблізнага мястэчка Копысь, вядомага ўжо амаль тысячу гадоў, з той самай Копысі, што была сталіцаю беларускіх кафляроў-цаніннікаў (яшчэ на пачатку нашага стагоддзя тут было дваццаць кафляных заводаў, дасёння ацалеў толькі адзін), якіх маскоўскія цары выводзілі ў палон аздабляць грубкі ў сваіх задушлівых палацах.
Зусім побач з Копыссю, дзе маці скончыла школу, за колькі гадоў да вайны аблюбаваў сабе месца на летнік Янка Купала. Адзін з самых частых маміных успамінаў дзяцінства: народны паэт Беларусі Купала - ведама ж, несусветна багаты! - купляючы на копыскім базарчыку грыбы, заўзята таргуецца за кожную капейчыну з прыгожымі тамтэйшымі габраечкамі.
Мамін выпускны баль прыпаў на апошні мірны вечар, калі можна назваць мірам тое, што тады чынілася ў краіне. Даведаўшыся аб пачатку вайны, мама надзела на сябе ўсе свае тры сукенкі.
У Капысіцы стаяў гарнізон напалову з немцаў, напалову з фінаў. Маці прыгадвае, што, у параўнанні з фінамі, немцы выдавалі хоць і ворагамі, але не такімі страшнымі. Асабліва фольксдойчэ Паўль, які добра гаварыў па-расейску, папярэджваў вёску, калі будуць забіраць каровы або вывозіць моладзь у Нямеччыну, паведамляў што трэба партызанам і паказваў маёй маці пасведчанне сябра падпольнай антыфашыстоўскае арганізацыі. Таму, калі вечарамі акупанты, седзячы па хатах, пілі шнапс і спявалі пад губны гармонік свае песні, Паўль не баяўся хадзіць на вячоркі і танцаваць з нашымі дзяўчатамі. Пэўна, дзякуючы яму ў Капысіцы дагэтуль памятаюць прыпеўкі на нямецка-беларускай трасянцы.
Пад час вячорак з лесу нярэдка прыходзілі партызаны. Яны таксама танцавалі, курылі з Паўлем на ганку і частавалі яго самагонкаю. Аднойчы яны прыйшлі і, няўдала робячы выгляд, што аніколі раней з Паўлем не сустракаліся, вывелі яго з хаты і проста за хлявом застрэлілі. Нейкі асабіст, на загад якога гэта рабілася, яўна запісаў раніцою ў сваю зводку, што народнымі мсціўцамі знішчаны яшчэ адзін фашыстоўскі захопнік.
Калі я ад'язджаў пасля школы са свайго Полацка паступаць на гістарычны факультэт Беларускага (адно па назве) універсітэта, маці, згадаўшы маладосць, з не ўласцівай ёй чуллівасцю сказала:
- Матэматыкаў будуць зваць піфагорамі, а вас - герадотамі...
Па вайне яна, закрэсліваючы ў падручніках імёны «ворагаў народа», галадуючы і мерзнучы ў інтэрнацкай стадоліне, дзе па двое на вузкіх салдацкіх ложках «вальтом» спалі два дзесяткі дзяўчат, скончыла гістарычны факультэт педінстытута. Яна ўсё жыццё выкладала ў школе гісторыю, магчыма, так ніколі і не задумаўшыся, што яна выкладае і што зрабілі з гэтаю навукаю нашы афіцыйныя герадоты.
Як вы заўважылі, аднаўляючы радавод, я не збіраюся маляваць грунтоўных партрэтаў. Я свядома не лезу ў прыцемныя спіжарні памяці, а занатоўваю тое, што не трэба ўзгадваць, бо яно памяталася заўсёды, увесь час было як бы ў зялёным коле святла ад лямпы, што гарыць увечары на маім стале. Мне здаецца, менавіта ў россыпе такіх незабыўных драбніц ды фактаў і можна разгледзець чалавечую сутнасць дзейных асобаў майго невялікага даследавання. Пры гэтым я цудоўна ўсведамляю рызыку дарэшты скепсціць дачыненні са сваякамі, ужо і цяпер моцна сапсаваныя маімі пісаннямі.
Мой бацька Аляксей - сялянскі сын з вёсачкі Стэцава, што схавалася ў яшчэ непавысяканых лясах Сенненскага раёна Віцебскае вобласці, між іншым, на той дзень, калі я пішу гэтыя радкі, апошняе ў Беларусі вобласці, дзе яшчэ не плоцяць чарнобыльскіх дамавінных рублёў.
Бацька паспеў адбыць перад вайною тэрміновую службу ў Адэсе, да якой назаўсёды захаваў у сваёй суровай душы прытоеную пяшчоту і куды паспеў звазіць мяне, васьмікласніка, за колькі гадоў да свае ранняе смерці. У дом свой вечны ён узяў ордэн Чырвонае Зоркі, медалі «За отвагу», «За боевые заслуги», «За оборону Сталинграда», «За взятие Будапешта» і з паўтузіна тых, якія давалі ўсім, хто быў на фронце, а таксама, напэўна, і ўсім, хто бясстрашна ваяваў з «ворагамі народа» ў тыле.
На здымках ваеннага часу я бачу старшага лейтэнанта Арлова пасля першага і другога раненняў: на вуліцах венгерскае і аўстрыйскае сталіц; у венскай піўніцы з ніштаватым кухлем у руцэ. Ці не гэтае фота натхняла мяне, калі на трэцім курсе мы з сябрам Генадзем Кулажанкам, які бясследна знікне ў Афганістане, стварылі ў нас на гістарычным факультэце Клуб аматараў піва, што, як пазней стала вядома, стукачы з ліку аднакурснікаў абвясцілі ў сваіх сакрэтных рэляцыях нацыяналістычнаю арганізацыяй. Сакратар партбюро роднага факультэта ў часе разбору «справы» глыбакадумна зазначыў: «В Германии тоже все начиналось с пива». Асаблівую злосць выклікала ў выкладчыкаў марксізму-ленінізму створанае намі новае ідэйна-тэарэтычнае «вучэнне» - піваізм.
На адной з фатаграфій бацька сядзіць на лавачцы пад шыльдаю, з якой усміхаецца гумавашчокі мацак з падкручанымі і даўгімі, як у прусака, вусамі. Пакуль бацька пазіраваў перад той цырульняю ў венгерскім горадзе Сегедзе, ягоны сябра зайшоў пагаліцца, і цырульнік-хартыст шырока - ад вуха да вуха - перарэзаў кліенту горла. Бацька не хаваў, што, знайшоўшы ў бакоўцы над поўным крыві тазам сябрава цела, ён разам з патрулём учыніў у цырульні крывавы самасуд.
Атрымаўшы пасля вайны дыплом юрыста, бацька да апошніх дзён працаваў у пракуратуры; з гэтае прычыны ў мамінай вёсцы, дзе я штогод летаваў, усе - і дарослыя і дзеці - называлі мяне не іначай як Пракурорам.
Праца, несумненна, адбілася на бацькавым характары. Ён быў маўклівы, замкнёны ў сабе чалавек, здаецца, без пачуцця гумару і з патаемным жаданнем калі-небудзь пераехаць у Адэсу. За маёй памяццю ён два разы плакаў. Першы - як займаўся інтэрнатам для дзяцей-інвалідаў.
Павесіўшы на фасадзе інтэрната лозунг «Все лучшее - детям!», педагогі на чале з дырэктарам і сакратаром партыйнае арганізацыі (можна ўявіць, як яны праводзілі сходы, прымалі пастановы «в свете решений», а потым дзялілі д'яблаў заробак) бязбожна абкрадалі сваіх безабаронных выхаванцаў, трымаючы іх надгаладзь і збываючы налева нават іхнюю ўбогую, аднолькавую на ўсіх, як у турме, апратку.
Другі раз бацька плакаў, калі канаў ад раку і ніяк не мог памерці, бо яго магутнае сэрца, жывучы сваім асобным жыццём, не хацела спыняцца і праз месяц пасля таго, як ён ужо нічога не еў.
У свае апошнія дні ён гаварыў са мною так, як і я з ім - па-беларуску.
Нібы нешта амаль неверагоднае, я ўспамінаю, што аднаго разу бацька прачытаў мне свой верш пра будаўніцтва Наваполацка. Колькі радкоў з яго я магу ўзгадаць і сёння. Не буду цытаваць іх, бо да літаратуры яны маюць дачыненне прыкладна такое самае, як і шматлікія творы вядомага паэта-лаўрэата М. Мяне ўражвае сам факт: мой бацька пісаў вершы!
Цяпер я перакананы, што гэта быў чалавек значна больш глыбокі і незалежны, чым некалі мне ўяўлялася.
Аднойчы, калі вецер раскідаў похапам зладжаны ў нас на Дзвіне пантонны мост і мы з бацькам стаялі на беразе і глядзелі на людскую мітусню, ён з непраніклівым тварам прамовіў вершаваную фразу са свае маладосці: «Течет вода Кубань-реки, куда велят большевики».
Калі тата быў ужо на Божай пасцелі, я папрасіў, каб ён - калі чалавечае існаванне доўжыцца і там - паспрабаваў даць мне нейкі знак, напрыклад, затэлефанаваў бы ў дзень майго нараджэння. Я баяўся, што ён абразіцца, але тата нечакана сустрэў маю просьбу з нейкаю ўсцехаю.
Яму не ўдалося дазваніцца, ды праз колькі тыдняў ён - ужо адтуль - дапамог мне ў цяжкія дні.