Бывай, падобная да праваслаўнай царквы зялёнакупальная турма Маабіт, дзе сядзеў за Гітлерам татарскі паэта Муса Джаліль, а цяпер сядзіць шэф усходненямецкага міністэрства дзяржбясьпекі Эрых Мільке і дзе, як лічаць усе бэрлінцы, з кім ты пра гэта размаўляў, павінен сядзець геносэ Хонэкер. Ён хоча да дачкі ў Чылі, але ж гэта ён доўгімі гадамі не выпускаў твайго перакладчыка былога дысыдэнта Норбэрта Рандава да жонкі й малога сына ня ў Чылі, а ўсяго толькі з Бэрліну ў Бэрлін; не пускаў нават тады, калі ў жонкі згарэла кватэра, і, каб хоць колькі часу пабыць разам, сям'я мусіла паасобку зьбірацца ў Баўгарыі.
Бывайце, бэрлінскія каналы й самавітая Шпрэва! У вашых водах на вачох у спадара Рандава загінуў ад кулі хонэкераўскага памежніка заходнебэрлінскі будаўнік, які ў скварны дзень, каб трохі асьвяжыцца, даў з прыбярэжных рыштаваньняў зухаватага нырца, што ўсходненямецкае радыё праз паўгадзіны ўжо абвясьціла жудаснай правакацыяй рэваншыстаў.
Бывай, бэрлінская каналізацыя! Па тваіх трубах, пакуль іх таксама не перарэзала жалезная заслона, пайшоў у вольны сьвет сябар твайго спадарожніка й твой калега-літаратар; рукапіс ягонага раману дабіраўся іншым шляхам, каб дайшоў хоць адзін з двух.
Бывайце, фраў Эльке Эрб! Вы таксама пакаштавалі сацыялізму, а таму вам было трохі лягчэй перакладаць зь беларускай вэрсэт пра чужую зямлю, якая робіцца радзімай толькі тады, калі назаўсёды ляжаш у яе.
Бывай, возера Ванзэе з тваімі яхтамі, цеплаходам «Мобі Дык» і павай з Павінай выспы, якая выйшла па-павінаму пасварыцца на цябе, калі ты плыў на «Мобі Дыку» ў Патсдам, дзе ў Сан-Сусі ў атачэньні магілаў сваіх сабак спачывае кароль Фрыдрых II.
Бывай, падобная да невялікага замку віла Літаратурнага калёквіюму на прывазёрнай вуліцы, дзе ты ў сваім пакоі ў вежы побач з ружовым каштанам, куды штораніцы прылятала зязюля, спасьціг, што такое эўрапейская цішыня, пра якую сказаў у сваім скандальным «Тропіку Рака» «чалавек са сталёвым фаласам, зьедлівым розумам і неўтаймоўным свабодным сэрцам» - амэрыканскі пісьменьнік Генры Мілер.
Бывай, вуліца Зандвэрдэр, над якой, калі ты, пабуджаны зязюляю, упершыню выйшаў на ранішні шпацыр, быў разьліты кактэйль з пахаў бэзу, хваёвай смалы-жывіцы й гарачых булачак з карыцай. Бывай, падобная да адной з Кранахавых грацый наркаманка з плэерам і ціхім шчасьлівым сьмехам, што гучаў у гэтым вулічным кактэйлі, дадаючы ў яго свой струменьчык з водару невядомых духоў і салодкага жаночага поту.
Бывай, да болю родны і ўтульны «Запарожац» з усходнебэрлінскім нумарам, што прыткнуўся сярод усіх гэтых пачварных аўдзі, фордаў, таётаў, вольваў і мэрсэдэсаў жывым увасабленьнем перавагаў плянавае эканомікі.
Бывайце, мурашкі з Ванзэйскага парку! Гэтая зямля й вас надзяліла нямецкім характарам зь ягоным богам парадку, і вы пракладаеце свае сьцежкі не абы-дзе, а акурат па каменных бардзюрах ходнікаў, нібыта за ваш мурашыны крок управа, крок улева вас вокамгненна возьме ў абарот паліцыя.
Бывайце, бэрлінскія камары! Аднаго вечару вас наляцела столькі, што міжволі палезьлі ў голаў гісторыі пра гулагаўскія страты з дапамогаю сібірскае камарэчы - пагатоў змагацца з вамі, дзякуючы добраму францускаму кабэрнэ, ужо не было ніякае змогі, і заставалася адно зацкавана пазіраць на крылатыя эскадрыльлі, што злучаліся ў палкі й дывізіі. Невядома, дзе, хто й чым вас гадуе, але тады, калі вас набілася ў пакой, як савецкіх алкашоў у парфумэрную краму, куды прывезьлі «трайны» адэкалён, і калі рука асуджана націснула на выключальнік, вы ня кінуліся пікіраваць, як, зарабляючы ачкі на будучае расейскае віцэ-прэзыдэнцтва, пікіраваў на сваім бамбавозе на афганскія кішлакі вусаты «воін-інтэрнацыяналіст» Аляксандар Руцкой, а - мірна палеглі спаць да самае раніцы.
Бывай, сяржант з амэрыканскай базы на вуліцы Зандвэрдэр! Ганарлівыя мінакі-немцы адмовіліся выпіць з табою віскі, як вы, мусібыць, не захацелі б чокнуцца з налітым гарэлкаю па самыя вушы лейтэнантам-танкістам, які аднойчы на менскай вуліцы на пытаньне, ці прыняў ён прысягу на вернасьць Рэспубліцы Беларусі, папулярна растлумачыў вам, што «в гробу он видел вашу ё...ю Беларусь и вас, ё...х бульбашей-лапотников с ней вместе». (Тут, напэўна, трэба дадаць, што танкіст прасіў вас падкінуць яго ў Гомель і вы зь сябрам пасадзілі яго ў сябравы «Жыгулі» й па дарозе дахаты завезьлі пад Полацак, дзе ёсьць вёска, што таксама завецца Гомель, а там вытрасьлі свайго спадарожніка з машыны, падцягнулі да дарожнага ўказальніка, тыцнулі носам у назву й паехалі замольваць свой грэх у полацкую Сафію.) Аднак сяржантава база стаіць не на тваёй зямлі, сяржант ня лаецца на цябе трохпавярховымі мацюкамі й не абяцае зрабіць на сваім танку «капитальную утюжку» - «только попробуйте рыпнуться», а таму ў праграме дзён беларускае літаратуры ў Нямеччыне зьяўляецца незаплянаваная імпрэза са сьціплым антуражам у выглядзе двух крэслаў-раскладанак, пляшачкі віскі й дзьвюх плястыкавых чарак. (Дзеля беларускіх спэцслужбаў ты даеш урачыстую прысягу, што мурын Робэрт - або проста Бобі - з Луізіяны не спрабаваў завэрбаваць цябе ў агенты СІА, а ты сам неяк пасаромеўся набівацца.)
Дзяржаўныя таямніцы Рэспублікі Беларусі ўратавала тое, што ты пакутліва саромеесься свае ангельскае мовы.
Зрэшты, са сваім полацкім пранонсам ты досыць бойка паведаміў, што yоur nаmе is Uladzіа, што уou havе thе sіstеr аnd the mоthеr, but haven't the саr аnd thе tеlерhоnе. (Тут Робэртавы вусны ад вуха да вуха расплыліся ў недаверлівай жамчужнай усьмешцы, - маўляў, так не бывае.) Апрача таго, ты мог бы даволі ўпэўнена пагаварыць зь ім пра дзяцінства Валодзі Ўльлянава альбо адбарабаніць з паўсотні сказаў пра ўсталяваньне савецкае ўлады ў Закаўказьзі. Тэкст пра сімбірскага хлопчыка Вову, што так жорстка адпомсьціў за старэйшага брата, навечна, як цьвік у труну, умалаціла табе ў галаву школьная настаўніца Генрыета Залманаўна Бляхер, а артыкул пра перамогу бальшавікоў за Каўкаскім хрыбтом ты чатыры ўнівэрсытэцкія гады з сэмэстру ў сэмэстар здаваў ціхай вар'ятцы, якой патрэбныя былі спакой і пэнсія, але якая на сваё й вашае няшчасьце даводзілася сястрою прарэктару, і таму ты ўдасканальваў сваю ангельскую пад ейным кіраўніцтвам і, калі раптам зьбіваўся ў даўно вывучаным на памяць тэксьце, хор тваіх таварышаў - яны ведалі твой артыкул ня горш, чым ты іхні, бо здавалі «тысячы» па той самай мэтодзе - пачынаў суладна гудзець: «джорджыян меньшевікс... арменіян дашнакс... азербайджан мусавацістс...»
Бывай, бэрлінская аматарка беларускае літаратуры, што ў музэі Бэртальда Брэхта заклікала цябе з калегамі не ўчыняць у Беларусі татарскіх ды жыдоўскіх пагромаў і дазваляць расейцам адчыняць расейскія школы, не ўяўляючы, што апошні за паўсотні гадоў «пагром» быў у Беларусі пазалетась, калі аднае начы - «чтобы не рыпались» - у Менску паграмілі рэдакцыі беларускіх выданьняў.
Бывай, мілая фраў Хэдвіг Ноак, а па-наску Ядзьвіга, у менскім дзявоцтве - Рымашэўская! Вы, пэўна, глядзелі фільм «Начны парцье» й самі ведаеце, што вам выпаў лёс, шчасьлівейшы за лёс кінагераіні, якую гэтаксама пакахаў у канцлягеры нямецкі афіцэр - бо ваш афіцэр не дарыў вам на Каляды адрэзаных галоваў, а выратаваў вас зь лягеру і ўратаваўся ад суду за гэты ўчынак сам, зрабіў вас сваёй жонкаю й стаў бацькам вашага сына. Відаць, і цяпер, у лепшым сьвеце, ён цешыцца, што вам пасьля ўдаўства пашанцавала й на другога нямецкага мужа, які сам вычытаў у газэце абвестку аб прыезьдзе нейкіх там беларускіх пісьменьнікаў і за сотню кілямэтраў прывозіў вас на сваім «BMV» на кожную сустрэчу зь землякамі, а пасьля частаваў іх у рэстаранчыку, за сьцяной якога спачывае прах Гегеля й фіхтэ.
Бывай, Бэрлін! Немагчыма стаць тваім грамадзянінам таму, у каго ёсьць Полацак, Менск і Нясьвіж, але калі на Сьвіслачы раптам стрэліць якая-небудзь беларуская «Аўрора» і зноў гасьцінна расчыняцца ў сьветлую будучыню дзьверы бальшавіцкіх засьценкаў на вуліцах імя таварышаў Урыцкага й Валадарскага, хтосьці са спадкаемцаў крывавага Фэлікса зможа пачуць з пасінелых вуснаў аднаго зь вязьняў, што, апрача ўсіх іншых злачынстваў, гэты варожы элемэнт піў піва з канцлерам Колем, цалаваўся зь вясёлай наркаманкаю з вуліцы Зандвэрдэр і капаў тунэль зь Серабранкі ў Бэрлін.
Не гуляйце каля статуі Свабоды
У сёмай клясе наш настаўнік геаграфіі стварыў турыстычны гурток. Праграма дзейнасьці была зразумелая й простая, як абвешчаны Хрушчовым плян пабудовы камунізму. Увечары мы хадзілі на таварную станцыю разгружаць вагоны, каб на атрыманыя грошы ўлетку падарожнічаць. Хадзіла пагудка, што палову нашага заробку кіраўнік гуртка прысабечыў, але мы не затаілі на яго крыўды, бо на астатнія грошы ён павёз нас у Рыгу.
Рыга была маім першым вялікім горадам.
Падчас разгрузкі вагонаў скрыня з бутэлькамі адціснула нагу майму аднаклясьніку Віцю Скрыпкіну, і ён доўга кульгаў. Віцю перавялі да нас у трэцяй клясе, і мы глядзелі на яго як на дэбіла. Дый хто яшчэ ў нашым уяўленьні мог вучыцца ў адзінай у Полацку беларускай школе, якую якраз тады па просьбах працоўных зачынілі?
З тых часоў Скрыпкіну вечна не шанцавала. У Рызе ён адно пацьвердзіў сваю рэпутацыю няўдатніка. На экскурсіі ў зьвярынец Віцю найбольш спадабалася лама, што падыйшла да самае агароджы й рахмана глядзела на нас пукатымі вачыма нашага завуча Розы Ізрайлеўны. Адламаўшы дубчык, Скрыпкін засунуў яго ламе ў наздрыну і задуменна круціў там, пакуль зьняможаная гэткім экспэрымэнтам жывёліна ня чхнула юнаму натуралісту проста на галаву. У выніку ў маім дзёньніку, дзе я да непрыстойнасьці цнатліва прызнаваўся ў каханьні да аднаклясьніцы Люды, зьявіўся ляпідарны запіс: «В зоопарке лама чихнула на Скрипкина».
Але гэта было ня самае моцнае рыскае ўражаньне. Ня самым моцным было й тое, што ў трамваі з мноствам вольных сядзеньняў мяне зь Віцем прымусілі падняцца й саступіць месца дзьвюм бабулям, і тое, што вакол гаварылі не па-расейску, як у нас, у Полацку, а на зусім незразумелай мове (балазе, настаўнік геаграфіі папярэджваў, што ў Латвіі жывуць нацыяналісты).
Наймацнейшым маім уражаньнем было мора. Плюхаючыся на юрмальскім плыткаводзьдзі паміж далёкімі караблямі й блізкімі, парослымі хвоямі выдмамі, я злавіў сябе на тым, што пачаў размаўляць зь ім, з морам, і папрасіў у яго зрабіць маё пачуцьцё да аднаклясьніцы Люды ўзаемным.
Мора не дапамагло, але з таго часу я заўсёды гавару зь ім і чаго-небудзь у яго прашу.
Гэтыя чульлівыя прыгады спавіваюць мяне ў купэ міжнароднага цягніка Менск-Талін, вядомага яшчэ як «Чайка». За вакном мяняюцца ахайна-халаднаватыя летувіскія краявіды; сям-там трапечацца на ветры тутэйшы трыкалёр, пад якім вяртаецца да ўлады ці то понас ці то таварыш Бразаўскас зь ягонай былой кампартыяй і жыве мой сябра гісторык Гедымінас, якога днямі ўжо не пусьцілі ў архіў КГБ.
Пасьля першай дзіцячай вандроўкі рыскія пеўні безьліч разоў сустракалі мяне зь менскіх і полацкіх цягнікоў і аўтобусаў, і мне здавалася, што ні ў воднага зь іх ні разу ня ўзьнікла ахвоты зьляцець са свайго сьпічака й дзюбнуць мяне ў тое месца, дзе сьпіна страчвае сваё годнае найменьне.
Я піў з бочкі на хутары пад Рыгаю свойскае піва на латыскае Купальле - Ліго і, не шкадуючы нырак, асушаў кухаль за кухлем у рыскім бары «Zеm оzоlа», а па-наску - «Пад дубам», дзе праводзіў выязное паседжаньне наш загнаны ў падпольле факультэтаўскім начальствам гістфакаўскі «Клюб аматараў піва».
Я слухаў арганныя канцэрты ў Домскім саборы і слухаў на прыдзьвінскай эсплянадзе бывалага марака Мішу, што пад мэлёдыю завойнага шлягеру «Сіні лён» у выкананьні Ларысы Мондрус апавядаў мне пра рыскія падпольныя публічныя дамы, у адным зь якіх ён, нацягнуўшы нагавіцы, прачытаў суровае маральнае настаўленьне дзяўчу, што кагадзе дзяліла зь ім ложак.
Аднаго разу ў студэнцтве я прымудрыўся зьезьдзіць у Рыгу зайцам. (Грошай хапала толькі на піражкі й дарогу ў адзін канец, і я разважыў, што лепей пакінуць іх на зваротны шлях.) Блукаючы пасьля неспакойнай зайцовай ночы па старым горадзе, я апынуўся каля разнасьцежанага вакна: за ім гралі на піяніне Шапэна, а на падваконьні пад аховаю сіямскага ката дымеў вялікі сіні кубак з каваю. Ад'яжджаючы ўвечары ў Полацак, я ўпершыню ў жыцьці ўбачыў хлопца ў белых штанах. Калі правадніца выцягнула жоўты сьцяжок, ён укленчыў у запляваным тамбуры і апошні раз абняў сваю дзяўчыну, што заставалася на рыскім пэроне. З таго часу ў слове Рыга мне чуюцца яшчэ прэлюды Шапэна, пах кавы, кацінае вуркатаньне й сьмешныя словы закаханага юнака ў белых штанах з чорнымі каленямі.