«Дарагая мая ўнучачка, Лідачка! Напачатку, у першых сваіх слоўках хачу напісаць, што ты ў нас з Хведзечкам была першанькая, таму i самая любенькая ўнучачка. A пішу я табе з выпадку, пра які ты ўжо ведаеш, даражэнькая Лідачка. Табе ўсё расказалі. І ты павер мне, унучачка, прымі усё да душы сваёй. Я ўжо, залатая мая Лідачка, пабыла Там... I Архангелы прасветлыя мяне сустракалі, i Хведзечку свайго, а твайго дзеда я бачыла, але i Там, Лідачка, бываюць памылкі. Мне яшчэ трэба было тыдзень пабыць тут, на зямельцы гэтай, i мяне Архангелы прасветлыя вярнулі назад. Але паспела я тое-сёе Там уведаць. Таму i пішу табе, Лідачка. Жыві спакойна, мая родная ўнучачка, радуйся жыццю свайму i нічога не бойся: ні чалавека паганага, ні звера, ні ліхога выпадку — ліст затрапятаў у руках, на вочы нагарнуліся пякучыя слёзы, Ліда чытала далей,— У цябе ад Бога ёсць заступнічак, ёсць твой абаронца, заўсёды верны табе, твой Анёл-Ахоўнік. Ён будзе весці цябе да самага канца твайго i будзе прасціраць над табою сваю прасветлую даланю. Радуйся гэтай ласцы Божай, Лідачка, маліся Богу i свайму Анёлу-Ахоўніку, райся з ім, спадзявайся на яго, прасі ў яго рады i вер яму, ён — твой шчаслівы лёс, Лідачка.
А вось Генік наш, твой малодшанькі брат, унучачка, яшчэ пакуль не заслужыў жыццём сваім заступніка вернага. Малалетні ён, Лідачка, неразумны яшчэ. I вось пішу я табе, каб ты змагла неяк пад'ехаць да сваёй маці — маёй Надзечкі, мне самой не хочацца яе трывожыць, ты лепш ёй усё раскажаш. Дык скажы ёй, Лідачка, хай яна не адпускае Геніка на возера адзінаццатага ліпеня, таму што можа здарыцца бяда. Запомні гэты дзень, унучачка дарагая,— адзінаццатага ліпеня. Тагo, хто беражэцца, i Бог беражэ. А па мне не плачце надта, як я ўзрадуюся Там Богу, гэтак вы тут узрадуйцеся жыццю свайму...»
Далей ішлі словы развітання, i Ліда вярнулася да пачатку ліста. Перачытала яго яшчэ раз: «...У цябе ад Бога ёсць заступнічак, ёсць твой абаронца, заўсёды верны табе твой Анёл-Ахоўнік». I адразу пасля гэтых слоў ёй успомніліся іншыя словы, якія яна пачула з гадзіну таму назад ад таго маладзенькага лейтэнанта міліцыі: «Вы ж самі бачыце, акно на шпінгалет зачынена. Дык што ж такое атрымліваецца? Як гэта вы нават не падыходзілі да акна? Хто ж мог яго зачыніць?!»
Думкі наскоквалі адна на адну, мяшаліся i хвалявалі яе надзвычай. Яна то перачытвала ліст, то згадвала тое акно... Ну, вядома, прабег раптоўны скразняк, але калі паверыць бабуліным словам, дык ніякага скразняку i не было. Акно зачыніў ейны Анёл-Ахоўнік, i гэта ўжо выглядае самай сапраўднай містыкай, ці, наадварот, Лідзе суджана дакрануцца да нейкай вялікай таямніцы, якая не кожнаму i прыадкрываецца. Не... Ліда неаднойчы чула ад бабулі i пра архангелаў прасветлых, якія калісьці будуць яе сустракаць на нябёсах, i пра тое, што дзесьці Там... некалі бабулю сустрэне дзед Хведар, які памёр гадоў пятнаццаць таму назад. Мясцовы фельчар сказаў, што ў бабулі было кароткае летаргічнае забыццё i падчас гэтага забыцця ёй магло штосьці такое трызніцца, вось яна i напісала Лідзе... A шпінгалет сам саскочыў ад моцнага ўдару рамы.
I Ліда падышла да таго акна, расчыніла яго, падняла шпінгалет i з сілаю зачыніла раму. Шпінгалет не саскочыў уніз. Ён увогуле быў даволі тугім, значыцца, ён i ўчарашнім вечарам не мог саскочыць сам па сабе. Яна затаіла дыханне... Тады атрымліваецца, што ў яе сапраўды ёсць Анёл-Ахоўнік. У такім разе i тое, што піша бабуля пра Геніка, таксама можа быць праўдаю. Дык чаго ж яна марудзіць?! ёй трэба сабрацца i ехаць да маці. Гэта ж зусім. недалёка ад Мінска. За паўтары гадзіны яна даедзе да гарадскога пасёлка, а там нейкіх восем кіламетраў да іхняй Ніцаўкі. I ўжо дзесьці ля абеду яна будзе ў бацькоў. Маці сама прачытае гэты бабулін ліст, яна ж так шкадавала тады, што яго ніяк не маглі знайсці. I Ліда раскажа ёй, як ix хацелі абакрасці...
Ну, вядома, ей трэба зараз жа i паехаць. I яна выйшла на кухню, падумала, што яшчэ вып'е кавы... Зірнула на сцяну, дзе вісеў насценны каляндар, i ўся сцялася: нядзеля, адзінаццатага ліпеня! Той самы дзень, пра які згадвае бабуля. Як жа гэта яна забылася?! Учора ж адрывала лісткі з гэтага календара. Адарвала i ўчарашнюю суботу, а нядзелю пакінула. Паглядзела на гадзіннік: ды якое там ля абеду?! Яна можа быць у бацькоў i пад вечар, гэта — як ёй пашанцуе з аўтобусамі. «А мо гэта ўсё i няпраўда? — мільганула думка.— Бабулі ўявілася штосьці... падчас летаргічнага сну. A калі праўда? Тады ёй трэба тэрмінова патэлефанаваць аграномцы Галі, што жыве праз дзве хаты ад бацькоў, i папрасіць Галю, каб паклікала да тэлефона маці... Яна i раскажа ёй пра бабулін ліст i пра тое, што піша бабуля пра Геніка». I Ліда пайшла да тэлефона...
— Дык у вас жа дома нікога няма,— адказала ёй Галя.— Бацька твой на досвітку у дровы падаўся, каня у лясніцтве яшчэ звечара ўзяў, з ім i маці паехала. Тут жа ў нас чарніцы ўвесь лес засыпалі, дык хоча ягад набраць,
— Ну, a Генік? — запыталася Ліда.
— Ён з вядром, бачыла, ішоў мо з гадзіну назад... Напэўна, на возера з хлопцамі рушыў. Яны там усё ракаў ловяць.
I ў Ліды ўсё абамлела... Кінула трубку, чамусьці зноў узяла бабулін ліст, прабегла вачамі: «...Хай яна не адпускае Геніка на возера адзінаццатага ліпеня, таму што можа здарыцца бяда». A Генік пайшоў на возера, i яна не змагла, не паспела папярэдзіць маці! I Ліда склала на грудзях рукі. Яна нічога іншага не магла прыдумаць, як звярнуцца да свайго Анёла-Ахоўніка.
«Калі ты сапраўды ў мяне ёсць,— горача зашаптала яна,— мой Анёл-Ахоўнік, калі тое, пра што напісала бабуля, праўда, дык дапамажы мне цяпер. I, можа, гэта будзе адзіная мая просьба да цябе, можа, я ніколі больш да нябе i не звярнуся. Уратуй Геніка, дапамажы яму, апыніся ў той момант ля яго, калі што такое павінна здарыцца! Паслухайся мяне, мой даражэнечкі заступнічак. Ты ж павінен ведаць Геніка, дык ці можаш ты дапусціць якую бяду?! Я ж пасля ніколі не дарую сабе, калі што ліхое адбудзецца! Ці ж у радасць табе будуць мае слёзы?! Міленькі, не адвярніся, пачуй мяне, зрабі ласку... Калі ты ад Бога, ты ўсё можаш!..» — i яна яшчэ доўга штосьці шаптала, а потым хутка сабрала дарожную сумку, праверыла, ці добра зачынены ўсе вокны, i пакінула кватэру.
Праз нейкія дзве гадзіны, як ёй i думалася, Ліда ўжо была ў маленькім гарадскім пасёлку. Надвор'е на вачах мянялася. Калі выязджала з Мінска, пякло сонца, а тут узняўся вецер, зусім не па-летняму рэзкі i халодны. З-за далягляду выплывала цяжкая чорная хмара, i дзесьці там, яшчэ далёка, раз-пораз успыхвалі маланкі, пагрымваў гром. Яна ўжо узяла білет на мясцовы рэйс i цяпер стаяла на ганку старога аўтобуснага вакзала. Да адпраўлення аўтобуса было яшчэ паўгадзіны. «Дык што ж там дома? — думалася Лідзе.— Ці вярнуліся з лесу бацькі? A Генік? Можа, i ён прыйшоў ўжо з таго возера?! Што ж я трывожуся, непакоюся, калі можна набраць яшчэ раз Галін нумар!»
I Ліда сышла з ганка, у вочы сыпанула пылам, пяском... «Ну i вецер! Хутка ён аціхне, усё сцішыцца... I тады ліне дождж! Відаць, будзе моцная навальніца. А вунь i будка тэлефона-аўтамата ля газетнага кіёска, i нейкі мужчына ідзе да яе. Можа, яшчэ распачне нейкую сваю доўгую размову, a ў мяне няма часу чакаць»,— падумала Ліда i кінулася яму наперарэз, каб апярэдзіць, i ў той жа момант азірнулася на крык... Проста на яе ляцеў вялізны кавалак іржавай бляхі, якую вецер сарваў ca старога вакзальнага даху, i гэта было апошняе, што яна бачыла ў сваім зямным жыцці.
A ў гэты самы час у бацькоўскай хаце на верандзе Надзея Хведараўна, ейная маці, перабірала чарніцы. Ягады брала чыста, i ўсё ж пракідваліся ігліца i дробныя лісточкі ягадніку. З трывогай пазірала на акно, за якім усё неба абклала цяжкая хмара. Успыхвалі зыркія маланкі, i адразу гучна ляскаў гром, i яна непакоілася, што яшчэ ні старога, ні Геніка няма дома. Ды вось, здаецца, ідзе Генік, мільганула ягоная кепачка. Бразнуў клямкай, спыніўся ў парозе...
— Чаго ж ты там стаў? — адазвалася яна,— Ідзі ў хату, паеш.
— Ты сварыцца будзеш,— сказаў Генік.
— Чаго гэта я сварыцца буду?
— Я пад карчы, што ля валуна, заплыў i ў водарасцях заблытаўся. Спужаўся дужа, ледзь выблытаўся, быццам дапамог хто. Мог захлынуцца!
I Надзея Хведараўна хацела штосьці крыкнуць на яго, але ўгледзела ў акно, што хтосьці бяжыць да ix у хату. I пазнала аграномку Галю. Адставіла чарніцы, выцерла аб хвартух рукі. А Галя як убегла на веранду, так i застыла...
— Ну, што ты, Галечка, мо што пазычыць прыйшла?
Галя не глядзела на яе, усё адводзіла i адводзіла вочы, а потым абняла Геніка, прыціснула яго да сябе i выдыхнула:
— Не, не, цётачка Надзя! Не магу я вам сказаць такога! Ліда ваша... Ліда... Вам у гарадскі пасёлак як мага хутчэй ехаць трэба!
I апошнія ейныя словы заглушыў вадаспад дажджу, які нізрынуўся з неба, ярасна i апантана, заліваючы ўсё наўкол. За вокнамі — шумела, цурчэла, стагнала...
Гэта плакаў Анёл-Ахоўнік.
1999