I Юрка пайшоў да ганка.
Ліда ляжала на канапе. Праз расчыненае акно плыў прыемны халадок, i гэта было адзінае, што ўлагоджвала яе думкі гэтым вечарам. Спрабавала чытаць Шэлдана, i не чыталася. Больш за тое, ужо сама назва рамана выклікала іранічную ўсмешку: «Калі настане заўтра». Яна пакуль не ведала, што там будзе адбывацца ў гэтай кнізе, а вось тое, што яна сама заўтра назаўсёды адмовіцца ад Андрэя, ёй было ўжо добра вядома. Яна ўсё выкажа яму, а можа, i не будзе выказваць: проста кіне трубку, як гэта ўжо рабіла неаднойчы. Toe, што яшчэ зусім нядаўна здавалася сонечным ударам, спякотным, галавакружным падарункам жыцця, абярнулася звычайнай любоўнай інтрыжкай. Ну i хопіць, з яе досыць! Магчыма, што i Андрэй гэтаксама думае. Таму што ўжо не першы раз яны дамаўляліся сустрэцца, i ўсё зрывалася. Вось i сёння Андрэй пазваніў у апошні момант: «Лета нашых надзей — наперадзе! Не прыеду. Зваліліся нечаканыя госці, i як пакінуць сваіх хатніх?» А яна ж пакінула — мужа, сына там, у доме адпачынку на Нарачы. Напрыдумляла ўсяго, маўляў, пазваніла суседка, якой яна пакінула ключы ад кватэры, каб палівала вазоны, пакуль яны будуць адпачываць. I вось ix залілі суседзі зверху — прарвала водаправодную трубу. Трэба ехаць, паглядзець, што там нарабілася!
Суседка сапраўды тэлефанавала Лідзе, але зусім з іншай нагоды. Прыязджаў стрыечны брат Васіль, прывёз рэчы, якія ёй дасталіся ад бабулі Мані. У вітальні дасюль стаіць гэты мех, а магла б i распакаваць яго, дык не — чакала Андрэя! I яе агарнула ранейшая, пякучая, такая нядаўняя горыч, якая яшчэ не паспела астыць, прыпарушыцца часам.
Бабулю яны пахавалі тры тыдні таму назад, i гэтая ейная смерць была дзіўная i загадкавая. Бабуля памірала двойчы. Лідзе ўспомнілася, як тады, першы раз, ёй патэлефанавала братавая, маўляў усё, няма ў нас бабулі Мані,— збірайцеся, прыязджайце! I яны хутка сабраліся. Павінны былі ехаць начным цягніком. А потым вечарам — зноў званок, неверагодна, але ж гэта было таю бабуля аджыла. Яе ўжо абмылі, але труна яшчэ была не гатова, таму паклалі на лаву на покуці. I нехта пачаў папраўляць складзеныя на грудзях бабуліны рукі i ледзь не страціў прытомнасць — рукі былі цёплыя: «Дык яна ж жывая!» I гэта было праўдаю. Праз колькі часу бабуля сама паднялася з той лавы i яшчэ пражыла цэлы тыдзень, але ўвесь час была бы не ў сабе. Да дактароў у райцэнтр адмовілася ехаць. Праўда, мясцовы фельчар сам прыходзіў i хаця бабуля гаварыць з ім не схацела, патлумачыў што, напэўна, гэта ў яе быў такі глыбокі сон. Адным словам, кароткае летаргічнае забыццё. Сама ж бабуля ад усялякіх размоў адмахвалася, толькі сабрала для яе, Ліды, тое-сёе ў гэты мех, што прывёз стрыечны, ды яшчэ напісала ёй ліст. I прасіла, каб мусова перадалі яго ёй. Але сваякі кудысьці яго паклалі i потым, як ні шукалі, ніяк не маглі знайсці, ашаломленыя тым, што адбывалася: памерла, аджыла, a роўна праз тыдзень папрасіла, каб нагрэлі вады: маўляў, сёння я ўжо сапраўды памру, як толькі абедня ў царкве адслужыцца, таму хачу сама абмыцца i апрануцца ва ўсё новае. Лідзе расказвалі, што бабуля доўга хадзіла па садзе, па двары, усюды заглядваючы, нібыта з усім развітвалася ці, можа, хацела як след усё запомніць на нейкае сваё другoe жыццё, а пасля легла на ложак і... сапраўды памерла, як i казала.
Ліда міжволі скаланулася, нават прыўзнялася, гэтак моцна бразнула аконная рама, i адразу падумалася пра скразняк: «Пэўна, там, за акном, падняўся вецер, вось i ляпнуў рамаю. Яна й уставаць не будзе, зачыняць тое акно. А можа, усё-ткі пачытаць?! — i зноў адклала Шэлдана. Каб не гэтая ўжо амаль сонная разамлеласць, яна яшчэ сёння падаставала б рэчы, якія прывёз у тым мяху стрыечны. А што там было, Ліда добра ведала, проста не змаглі ўзяць мех з сабою, калі ездзілі на пахаванне бабулі. Стрыечны адгаварыў, маўляў калі-небудзь буду ў Мінску на машыне, дык i прывязу. Што вы цяпер будзеце цягацца з гэтым мехам! I Ліда міжволі заўсміхалася: «Родненькая ты мая бабулечка, i як гэта ты захавала ўсё тое, на што я ўжо даўно забылася?!»
Заўтра раніцай яна абавязкова выцягне з гэтага меха маленечкае крэселка, якое даўно-даўно для яе, Ліды, змайстраваў дзядуля Хведар, каб яна, маленькая, магла прысесці i даць адпачынак ножкам, якія толькі-толькі пачалі хадзіць. На спінцы гэтага крэселка дзядуля высмаліў вензель, дзве літары «Л. Н.» (Лідачка Нупрэйчык), i ўпрыгожыў гэтыя літары мудрагелістым узорам. Было ў мяху i люстэрка ў рамцы, якую таксама зрабіў дзядуля i аздобіў яе ўсё тым жа вензелем. А яшчэ там была засаўка з глыбокімі зарубінамі i доўгі ключ з металічнаю кропелькай, што матлялася на ягоным канцы. Калісьці гэтая засаўка была прыбіта да дзвярэй у бабулінай хаце, i як жа яна, маленькая Лідачка, пакутавала, адчыняючы ix, таму што тая кропелька павінна была абавязкова патрапіць у зарубіну, толькі тады засаўка адсоўвалася, i гэта не заўсёды атрымлівалася ў Ліды. I бабуля смяялася з яе няўмельства i прыгаворвала: «Як вырасцеш, я абавязкова аддам табе гэтую засаўку...» І вось аддала — i засаўка, i ключ ляжаць у мяху ў вітальні, a бабулі няма ужо. Пахавалі, паплакалі, i такі закон жыцця, закон прыроды. Ужо самім сваім нараджэннем чалавек асуджае сябе на смерць. I яна яшчэ падумала пра тое, што калі закончыцца адпачынак i яны вернуцца з Нарачы, дык папросіць мужа, каб прымацаваў тое люстэрка дзе-небудзь тут, на стцяне ў гэтым пакоі, a засаўку i ключ яны дзесьці прыладкуюць на кухні, i заснула ўжо, напэўна, глыбокай ноччу.
A раніцай яе пабудзіў званок. Хтосьці настойліва званіў у дзверы, i гэта быў не Андрэй, пра якога было адразу падумалася. У яго не было звычкі прыязджаць да яе, калі яны папярэдне не дамаўляліся. Дык, можа, хто з суседзяў?! Адчыніла дзверы i не магла паверыць вачам: перад ею стаяў чалавек у міліцэйскай форме. «Напэўна, памыліўся пад'ездам ці дзвярамі»,— прамільгнула думка, a ўслых запыталася:
— Вам каго? Што здарылася?
— А гэта я павінен у вас запытацца, што тут адбылося?
I міліцыянер зайшоў у кватэру, i ўсё, пра што ён казаў пасля, Лідзе здалося неверагодным сном, сапраўдным абсурдам.
Яны ўжо стаялі ля таго самага акна, якое зачыніў скразняк учарашнім вечарам, i міліцыянер даводзіў ёй:
— Ну, a шпінгалет?! Вы ж самі бачыце, акно на шпінгалет зачынена. Дык што ж такое атрымліваецца? — пытаўся ён у яе,— Як гэта вы нават не падыходзілі да акна? Хто ж мог зачыніць яго?
I Ліда не ведала, што яму адказваць. Нават болей, яна ўсё яшчэ ніяк не магла паверыць у тое, пра што расказваў ёй гэты маладзенькі лейтэнанцік, ну, a шпінгалет...
— Ён сам саскочыў,— сказала Ліда,— Рама зачынілася з такім гучным трэскам, раптоўна... Я нават прыўзнялася з канапы, але, далібог жа, нічога не бачыла.
— Няпраўда! Быць такога не можа! — не верыў ёй міліцыянер. Ён разглядваў шпінгалет, зачыняў i расчыняў акно, выглядваў у двор.— Ну няхай сабе вы ляжалі на канапе... А потым убачылі рукі, хтосьці ўчапіўся за падаконнік. I вы ўсё зразумелі i, дзякуй Богу, не разгубіліся ў той момант. Ускочылі, падбеглі да акна i з размаху зачынілі раму! Смаркач i сарваўся... Ад болю разняў рукі... Ён сам усё расказаў доктару, нам i патэлефанавалі... Я ўжо быў у яго ў бальніцы, ён мне i адрас ваш назваў.
— Я не ведаю, што ён там расказваў— адчайвалася Ліда,— але я сапраўды нічога не бачыла. Мяне хацелі абакрасці, да мяне ў акно лез нейкі падлетак, у кішэні ягонай курткі быў газавы пісталет, а я нават шоргату ніякага не чула? Не! Не-е! Акно зачынілася, i ўсё! Я падумала пра скразняк.
I міліцыянер чамусьці зазлаваў.
— Я не разумею, чаго вы баіцеся? — не хаваў ён сваёй раздражнёнасці.— Ага-а, зачынілі акно! Ага-а, у хлопца пераломы! Дык вы ж бараніліся! Адно, вам трэба было ў той жа момант пазваніць у міліцыю. Тады яшчэ ноччу злавілі б i таго, другога, які, як толькі гэты сарваўся, адразу ўцёк. Дзе тут у вас можна сесці? — запытаўся ён.— Вам трэба напісаць заяву.
— Якую яшчэ заяву? — здзівілася Ліда,— Што я магу вам напісаць, калі я нічога не бачыла!
I міліцыянер махнуу рукой:
— Як хочаце! Я ўсяго толькі ўчастковы інспектар. Няхай з усім гэтым разбіраецца следства. А як вы думалі? — сказаў ён праз паўзу,— Вас абавязкова выклічуць як пацярпелую.
I ўжо потым, калі міліцыянер пайшоў, Ліда думала: «А якая ж я пацярпелая? Калі гэта сапраўды так было, дык пацярпелы той падлетак. Гэта ж ён ляжыць у бальніцы i ў яго нейкія там пераломы». I думкі перакідваліся на іншае: «Ну, а што было б, каб не той раптоўны скразняк?! Проста звар'яцець можна! Падлетак улез бы ў акно... Я, вядома, крычала б, клікала б на дапамогу, усяляк баранілася б! Але калі ў яго быў газавы пісталет, ён, напэўна, страляў бы... I што пасля?! Яна ляжала б тут непрытомная. A калі прыйшла б да памяці, яе маглі б нават забіць. I з-за чаго? Што ў ix тут ёсць красці? Божачкі, у што ператварыўся гэты шалёны свет?!» I Ліда адчула сябе страшэнна няшчаснай: «Навошта толькі i ехала ў Мінск? Атрымліваецца, што ва ўсім вінаваты Андрэй. Калі б не гэтае спатканне, якое так i не адбылося, калі б яны не дамаўляліся, нічога б гэтага i не здарылася. I самае лепшае цяпер — як мага хутчэй вярнуцца на Нарач i там пра ўсё расказаць мужу...» Гэтыя ейныя думкі перапыніў тэлефонны званок. Ліда адразу вызначыла, што гэта «міжгорад», можа, якраз муж з сынам i звоняць ёй, але, калі падняла трубку, па знала голас стрыечнага брата.
— Ну, што вы там, вярнуліся ўжо? — запытаўся Васіль,— Як адпачылі?
— Пеця з Міколкам яшчэ на Нарачы,— адказала Ліда.— А тут узніклі праблемы... Нас залілі,— дадала няўпэўнена,— Я таксама яшчэ вярнуся туды. Пуцёўкі ў нас да семнаццатага...
— Вунь як!.. А я быў у Мінску,— сказаў стрыечны.— Ты ж ведаеш. Добра, што якраз натрапіў на тваю суседку, вось i пакінуў мяшок.— Васіль памаўчаў — Ну, дык што яна табе там напісала? Мне, прызнацца, надта ж хацелася разарваць канверт, але падумалі, што яшчэ нябожчыца крыўдаваць будзе. Начамі сніцца пачне.
— Які канверт? — не адразу зразумела Ліда.
— A хіба ты не знайшла ліст, які напісала табе баба Маня? Мы яго адшукалі, i я паклаў яго ў мех, заткнуў за рамку люстэрка.
I Ліда адразу забылася на ўсё, што адбывалася гэтай раніцай: i на прыход міліцыянера, i на падлетка, які хацеў яе абакрасці, i на злашчаснае акно... «Сапраўды, што магла напісаць бабуля Маня ёй, Лідзе, у сваім апошнім лісце?!» Пра гэта думала Ліда неаднойчы адразу пасля пахавання. I вось той лiст знайшоўся i ляжыць цяпер у мяшку ў вітальні, а яна ж учора й думала, што, як толькі прачнецца, адразу разбярэ тыя рэчы. I Ліда начала паспешліва развітвацца ca стрыечным братам.
— Добра, Васіль... Яшчэ сазвонімся. Я i не распаковывала той мяшок. Не паспела... Пайду пагляджу, дзе там гэты ліст...
І адразу, як толькі паклала трубку кінулася да мяшка. Хутка развязала шпагат, расхінула мех... Спінка крэселка з вензелем, нейкі пакунак (відаць, штосьці паклалі ёй сваякі ад сябе), а гэта, напэўна, i люстэрка, загорнутае ў хустку. Выцягнула яго, адкінула хустку, i сэрца зашчымела. На канверце, заткнутым за рамку, было выведзена далёка не пісарскім бабуліным почыркам: «Унучцы Лідачцы». Разарвала канверт... Бабуля пісала алоўкам, словы ледзь разбіраліся, але Ліда чытала: