Ён пасміхнуўся.
— Хм-м, тэлевізар? А навошта вы сказалі: «Пасля памыецца»? Не... Жанчына павінна сказаць мужчыну іншае. I ведаеце што?
— Што? — Яна насцярожылася.
— Кава! Застаецца кава ў кававарцы. Можа, хай пастаіць да заўтра? Гэта для... дамавіка. I ўсё! I ў мяне няма адчування, што адзінота засмактала вас да «пасля памыецца»... Абыякавасць пры адзіноце — страшная рэч! Ну, а наконт дамавіка... Вы, наколькі я разумею, тут... нядаўна. Яго ўзялі з сабою?
— Каго гэта яго?
— Дамавіка! Значыцца, не ўзялі... А трэба ж было, як пераязджалі, адчыніць сумачку i прамовіць: «Ну, мой дамавік, скачы сюды... Паедзем у новае жытло». Не сказалі, не ўзялі... Цяпер дзесь бадзяецца. Кепска яму без вас.
Ён падняўся.
— Вы збіраецеся ісці? — нечакана спалохана вырвалася ў яе.
— Не... ісці не збіраюся. Цягнік у мяне ў сем гадзін раніцы, ды гэта ўжо i неістотна.
Пранізліва, як сірэна, зазвінеў будзільнік. Расплюшчыла вочы: сем гадзін раніцы. Уключыла святло начніка. Абвяла вачамі пакой... Шафа блішчэла ўсімі трыма створкамі, як агромністая льдзіна. У кутку стаяў тэлевізар. Пяць гваздзікоў здаля чырванелі ў вазе. Паднялася з канапы, прайшла на кухню. На стале на маленькім падносе стаялі кубачкі i нямытая кававарка — i ў той жа момант яна закрычала... Не, гэта відавочна ёй не прымроілася, не здалося: за сталом на табурэтцы сядзеў хтосьці ці штосьці маленькае i жудаснае. Памешвала тоненькай ручкай каву ў кубачку i пакалыхвала ножкамі, абутымі ў зялёныя боты з шырокімі халяўкамі... Яна яшчэ чула свой крык, a прывід як з'явіўся, гэтак i знік. I ўсё ж гэта было!.. Было! Яна бачыла...
Дзесьці праз месяц ёй закарцела памяняць кватэру. Сяброўка паабяцала пазнаёміць яе з чалавекам, які ўмомант зробіць любы абмен. I вось гэтае знаёмства адбылося. Яны стаялі ля ўвахода ў метро... Яна — з гладка прычасанымі валасамі, што толькі падкрэслівала ейны прыгожы лоб, i ён — высокі, усмешлівы, гаваркі, яшчэ даволі малады мужчына.
— Ніякіх праблем,— запэўніваў ён,— Хочаце ў Зялёным Лузе, хочаце на Паўднёвым Захадзе... Я — спец па абмену, як для вас, за самы малы працэнт!
І голас яго быў такі прыцягальна-мяккі, i позірк свяціўся такой лагоднасцю, адным словам, гэтае вымушанае знаёмства абяцала быць вельмі i вельмі працяглым... Гэта яе хвалявала надзвычай. Сэрца білася, білася, ды так моцна, што, слухаючы гэтага яшчэ амаль незнаёмага мужчыну, яна не звярнула ніякай увагі на даволі моднае скураное кепі, нацягнугае ледзь не на самыя вочы, i зялёныя боты з кароткімі шырокімі халяўкамі.
1990
АЎТОГРАФ АД СПІЛБЕРГА
Божа, як заснуць? Як заснуць?! Гэты бязлітасна спякотны чэрвень, душны вечар i Вася пад балконам. Сусед Вася. Нашыя кватэры знаходзяцца на адным паверсе. Ну чаго ён крычыць? Што, каму ён даказвае? «Закадзіраваны на ўсё жыццё! Вось тут... у паперцы напісана. А я п'ю. I піць буду! — усё гэта я чую праз расчыненае акно.— Ну, куды ж вы, Сенечка-а? Сенечка, куды ж вы?!» — крычыць Вася. I мне ўсё зразумела.
Вася, які ужо быў на добрым падпітку, гэта чулася ў ягоным голасе, паказваў сваю паперку яшчэ аднаму майму суседу, які жыве на паверх ніжэй,— Сенечку. I дарэмна. Таму што Сенечку, як гаворыцца, да фені Вася i ягоная паперка. Сусед Сенечка думае пра сваё: як гэта захаваць бадзёрасць духу як мага далей, каб не спаць. Зусім не спаць. Таму што Сенечку палохаюць ягоныя сны. А мне баліць сэрца, у мяне кепскі настрой i ў мяне ўсё наадварот, не гэтак, як у суседа Сенечкі. Я хачу заснуць, i мне не спіцца. Бедны Вася! Бедны Вася! Невядома, як i чаму ён стаў героем майго апавядання «Санаторый смерці». I Сенечка таксама мой герой, які так трапна ўкруціўся ў апавяданне «Сненні стомленага Сенечкі». I вось тут цікавы момант. Ужо некалькі тыдняў на маім пісьмовым стале ляжыць ліст ад нейкай невядомай мне чытачкі, дзе яна пытаецца:
«А чаму гэта назвы многіх вашых апавяданняў пачынаюцца з літары «С»? Што гэта такое: творчая задума ці выпадковасць?» Сапраўды, што гэта такое? Я не ведаю, што ёй адказаць. У мяне ёсць апавяданні, якія я ўжо назвала вышэй, а таксама «Сіні сандалет», «Снег сыходзіць», «Сажалка Соні»... Але я добра ведаю, што задумваліся іншыя: «Кватэра бэзавых світанняў», «Вока Сусвету», «Каб не каханка Лагуцкага», «Спадарыня «БМВ»... У думках ужо выпісаны былі сюжэты, але на паперу леглі менавіта гэтыя, з пачатковымі літарамі «С» у назвах. I я не знаходжу тлумачэння, адкуль што з'явілася? Чаму менавіта яны?! Хаця... Я помню, калі гэта здарылася. У які момант пачалі з'яўляцца гэтыя дзіўныя назвы.
Адварочваюся ад сцяны, i адразу позірк упіраецца ў кніжную паліцу. Я не хачу туды глядзець, а гляджу. Там, за шклом, на паштоўцы з ілюстрацыяй «Летняга вечара на Біч» Петэра Севярына Кроера размашысты аўтограф: «Стывен Спілберг!» Але гэта я ведаю, што там распісаўся Стывен Спілберг. А для таго, хто не ведае,— проста дзве літары «С», адно што англійскія, за якімі штосьці невыразна-хвалістае. З гэтага аўтографа ўсё i пачалося...
Тады таксама было лета. Цёплае навальнічнае лета ў Чыкага. Я гасцюю ў стрыечнай сястры Джойс i ў свайго дзядзькі Сашы. Каб пабачыцца са мной, з Лос-Анджэлеса разам з мужам Эрыкам прыехала Таня. Яна таксама мая стрыечная сястра. А Эрык — славутасць, кінаакцёр, які здымаецца ў Галівудзе. Млосны вечар. Сядзім у гасцёўні вялікага дома
Джойс: родныя i стрыечныя, а лепш, як гаворыць дзядзька Саша, «усім прозвішчам». Да мяне падыходзіць Таня, трэцца шчакою аб маю шчаку, кажа:
— Ра-а, можа, трошкі пройдземся... Тут так тлумна. Не пагаворыш.
I мы выходзім на прыцемненую Woodland. Роўненькі ланцужок прыватных дамоў Роўненькія газоны перад імі. Няяркія ліхтары. Пад адным з ix Таня спыняецца. Бярэ маю руку ў сваю, у голасе — сум.
— Ра-а, заўтра раненька мы з Эрыкам вяртаемся У Лос-Анджэлес. У Эрыка — здымкі. Ён цяпер здымаецца ў Снілберга. Фільм будзе называцца «Каспер». Спілберг не любіць, калі не з'яўляюцца на здымкі. Нам трэба ляцець! — яе голас робіцца зусім ціхім.— Ра, што мы можам для цябе зрабіць? Я... Я чытала ў газетах, што ў вас там... усё безнадзейна кепска,— Яна перахоплівае мой патухлы позірк i замаўкае. Потым зноў адзываецца: — Добра, Ра. Я не буду пра тое, што ў вас там... I ўсё ж! Усё ж, што мы можам для цябе зрабіць?
Цёплая хваля абдае мой твар. Ну што можа зрабіць жонка галівудскага мільянера, хай сабе i сваячка, для вядомай беларускай пісьменніцы? Выключна нічога. Тут трэба альбо доўга смяяцца, альбо горка плакаць. I раптам мне штосьці цюкнула, нейкае хвіліннае жаданне.
— Таня, калi ты ўжо намерылася... Калі сапраўды хочаш штосьці зрабіць для мяне... Дык, ведаеш!.. А што? Папрасі i прышлі аўтограф Спілберга. Чаму б i не? Цікава... Сусветна вядомы кінарэжысёр!
— Ра-а,— Таня сціскае маю руку.— Я хацела як лепш. Ну, a аўтограф... Вядома... Я папрашу ў Стыва. Ніякіх праблем. О'кей! Ты атрымаеш ягоны аўтограф.
I я атрымала яго праз некалькі тыдняў ужо ў Мінску.
Гэты ўспамін расслабіў. Хочацца як мага глыбей схавацца пад коўдру, каб нічога не бачыць i не чуць. Hi гэтых дзвюх літар за шклом, ні гэтага надрыўнага плачу. Так, я чую, як там, за акном, плача Вася. Бедны Вася! П'яныя слёзы таксама могуць быць горкімі. На тое ў Васі ёсць усе прычыны. У Васі былі бацькі. У Васі была бабуля. Былі ў яго жонка i маленькі сын. А потым бабуля захварэла на сухоты i на некалькі месяцаў трапіла ў адпаведны дыспансер. I ў тым дыспансеры пазнаёмілася з такім жа сямідзесяцігадовым, як i сама, хворым на сухоты. I выйшла за гэтага хворага замуж. У жыцці можа быць i такое. Але той хворы большую палову свайго жыцця прабыў у розных калоніях ды камерах папярэдняга зняволення. Толькі ж Васеву бабулю гэта не спалохала. Ён хацелася шчасця. Звычайнага жаночага шчасця. I яна вярнулася з дыспансера разам з гэтым дзедам у сваю законную двухпакаёвую кватэру. Як яны жылі, што там адбывалася ў вялікай сям'і суседзяў, ніхто не ведае. Яны раптоўна замкнуліся ў сабе. Але неўзабаве не стала Васевых бацькоў а потым памерла i сама бабуля. Ну, а маладзенькая Васева жонка з маленькім сынам некуды з'ехала. I Вася застаўся адзін, дакладней, адзін на адзін з гэтым... Не ведаю, як i сказаць, бо яго ніхто ніколі не бачыў не размаўляў з ім, адно чулі ад Васевай бабулі, якая часам любіла сядзець на лавачцы ля пад'езда: «Пайду, мой ужо, напэўна, злуецца. Трэба гатаваць абед. Мой прывык, каб роўна ў дзве гадзіны на стале стаяў суп. А я яму яшчэ i скварачку строю». Цяпер, мабыць, гэтую скварачку строіць Вася. Мне яго шкада. Бедны Вася! Але як даймаюць гэтыя ягоныя п'яныя ўсхліпы! Дзякуй Богу ёсць коўдра. Я яшчэ паспяваю падумаць, што трэба было б усё-ткі штосьці напісаць маёй чытачцы, i, далібог жа, засынаю...
— Дазвольце-дазвольце!.. Вы ўжо другі раз з'яўляецеся сюды! Я ж вам сказаў вы не той тып жанчыны, які мне патрэбен!