— Містэр Спілберг, але я не наконт здымкаў! Я не хачу здымацца ў кіно. Я атрымала ваш аўтограф... Вы не памятаеце? З таго моманту гэта i пачалося, усё перавярнулася ў маёй творчасці... Я пішу не тое, што мне хочацца.
— Нічым не магу дапамагчы! — разводзіць рукамі Спілберг i на імгненне задумваецца.— Аўгограф? Я шмат каму даю аўтографы.
— Гэты ў вас прасіла Таня... Таня Айдл! Для мяне.
— Магчыма.— Спілберг падумаў i дадаў — Я ўжо спазніўся. У мяне дамоўленасць з Хары...
— Хочаце сказаць з Харысанам Фордам, ага-а?! Ну i няхай пачакае Форд. Я глядзела «Храм лесу» i ўсё астатняе... Але вашыя ініцыялы... Вашыя два «С», яны ўплываюць на назвы маіх апавяданняў Што гэта можа быць? Энергія вашага таленту ці штось іншае? Вы нейкім чынам уздзейнічаеце на мяне, скоўваеце маю ўласную творчую фантазію.
— Глупства! — кідае Спілберг, i раптам у ягоным позірку з'яўляецца цікавасць.— Чаму вас не арыштавалі?! Няўжо вас не спыніў ніводзін паліцэйскі? Вы разгульваеце па Лос-Анджэлесе ў гэтым турэцкім вырабе амаль голая... Ці вы на аўтамабілі? Тады дзе прыпаркаваліся? Я не чуў каб сюды пад'язджаў аўтамабіль!
На мне сапраўды начная кашуля турэцкай вытворчасці, купленая на мінскім стадыёне «Дынама», але як гэта я разгульваю?! I які можа быць аўтамабіль?!
— Містэр Спілберг... Вы чагосьці не разумееце. Я не разгульваю па Лос-Анджэлесе. Я сплю ў Мінску, у сваёй кватэры на праспекце імя газеты «Известия». Ага-а, газеты... Вам не смешна, што хтосьці мой спальны праспект назваў газетай?
— Я зрэдку чытаю «Moscow News»,— хутка адказвае Спілберг,— Ваша газета мяне не цікавіць. Ды прыкрыйцеся вы, нарэшце! У крэсле плед... Я не магу глядзець на вашыя голыя ногі. Яны ў жахлівых дрыжыках.
— Не глядзіце! Ногі як ногі. Мне проста трэба разабрацца, чаму ў назвах маіх апавяданняў вашыя «С»? Дарэчы, вы нават не запыталіся, што ў мяне ў руках? А гэта штотыднёвікі... Ага-а... «Літаратура i мастацтва», містэр Спілберг! Газета нашай творчай інтэлігенцыі. Якраз у ёй усе гэтыя апавяданні i надрукаваныя. Можаце паглядзець! «Санаторый смерці», «Сненні стомленага Сенечкі», «Сіні сандалет»...— i я шпурляю штотыднёвікі на ягоны пісьмовы стол. Але Спілберг не звярнуў на ix ніякай увагі. Ён глядзіць на мае голыя ногі.
— Дзе ваш абутак?! Паслухайце... А можа, вас абрабавалі? Дык гэта вашыя! Угу-у, яны самыя! Цяпер у Амерыцы разбоі ўчыняе руская мафія.
— Містэр Спілберг, я — беларуска... Я не маю ніякага дачынення да рускай мафіі!
— Добра! Вы — беларуска i вы жывяце ў Айдлаў? Вы іхняя сваячка, та-ак?! Эрык i Таня ў Каліфорніі. У Эрыка там здымкі, i вы тут сабе дазваляеце...
— Божачкі, містэр Спілберг! Дзе «тут»?! Якое можа быць «тут»! Ну калі да вас нарэшце дойдзе! Я не жыву ў Айдлаў мяне ўвогуле няма ў Лос-Анджэлесе! Я сплю! Сплю ў сябе ў Мінску...
— А вы часам не наркаманка? Які Мінск? Які сон?! Даруйце, мне гэта ўсё пачынае надакучаць! Мяне ўжо паўгадзіны чакае Хары,— I Спілберг пачынае кудысьці тэлефанаваць, набірае нумар за нумарам, і ўсё не тое. Ён нервуецца і злуецца, але нарэшце некуды датэлефанаваўся... Ну вядома, да Айдлаў як гэта я не здагадалася адразу! A Спілберг ужо працягвае мне трубку, маўляў размаўляйце!
— Але-е,— няўпэўнена прамаўляю я i адразу пазнаю голас стрыечнай сястры.
— Ра-а,—Таня хвалюецца i абвальвае на мяне цэлы вадаспад пытанняў— У цябе нейкае падарожжа? Чаму ты не папярэдзіла?! Ты даўно ў Лос-Анджэлесе?! Стыў кажа, што ў цябе, напэўна, узніклі праблемы! Толькі не адчайвайся, Ра-а, прашу цябе! Стыў завязе цябе да нас, ты не супраць? Я зараз скажу яму. Ён возьме ключы ў нашых агульных знаёмых. У доме ты знойдзеш усё, што табе трэба: абутак, адзенне... Прымераеш, штосьці табе абавязкова падыдзе. Пашукай у шафах. Ага-а, грошы! Ра-а, у цябе ёсць грошы? Я папрашу Стыва... Ён дасць табе колькі трэба. Мы пасля яму вернем. Не саромся. Ра-а, абавязкова патэлефануй у Чыкага... Ра-а... Ра-а! Я не чую цябе!
— Таня, перадыхні! Ты мяне проста ашаламіла. Якое падарожжа? Якія грошы?! Мяне няма ў Лос-Анджэлесе. Я сплю ў сваей кватэры ў Мінску. I хутка прачнуся. Вось-вось... Зараз... Я ўжо прачынаюся. Напэўна, днее... Мне чуецца знаёмае пазвоньванне. Гэта — Вася, Таня. Мой сусед Вася. Ён збірае парожнюю тару пад вокнамі...
— Ра-а, які Вася? Якая та-ара?! Перадай трубку Стыву...
I я не паспяваю перадаць трубку Спілбергу. Я расплюшчваю вочы. Сапраўды, ужо днее. Ах, Вася, Вася, як не ў час ён з'явіўся пад маім балконам! Калі б не звон ягоных бутэлек, я, напэўна, пpaexaлася б са Спілбергам па Лос-Анджэлесе, пабыла б у Таніным доме i бог ведае дзе яшчэ! Але што не дадзена, тое не дадзена, i калі ўжо я прачнулася, трэба ўставаць. Зараз жа выйду на балкон i як след паўшчуваю Васю. Але нехта мяне апярэджвае.
— Вася! — чуецца за акном жаночы голас,— Ва-ася!
— А-а, спадарыня Сенечкава! Вы таксама выйшлі?! У вас таксама безграшоўе? Спазніліся, шаноўная... Доўга спіцё! Я ўжо тут усё пазбіраў!
— Цяпер ва ўсіх безграшоўе, Вася. Але я не збіраю бутэлек, я шукаю свайго Сенечку. Уяўляеш, Вася, ён не начаваў сёння дома. Сеню даймаюць сны. Жахлівыя сны, Вася! Ты памятаеш, у нас быў цюцька... Такі рудзенькі, калмаценькі... Мы i звалі яго Рудзік. А Сенечка вяртаецца з працы стомлены-стомлены i галодны, Вася. Заўжды галодны. I я пакідаю яму ў халадзільніку сасіску. I вось тую сасіску, Вася, дзеці скармілі Рудзіку. Сеня, вядома, раззлаваўся, Сеня быў вельмі стомлены... I ён вывез Рудзіка за горад... Выпусціў з машыны i паехаў... А Рудзік бег за нашым «Масквічом», бег, бег... А потым раптам з-за павароткі выкаціў вялізны «МАЗ», Вася. Сенечка ўсё гэта бачыў у бакавое люстэрка... I адвярнуўся. A калі зноў паглядзеў, Рудзіка ўжо не было, Вася. Была рудзенькая плямка на асфальце. Вася, цяпер усё гэта Сенечка штоночы бачыць у сваіх снах... Але гэта, Вася, ужо не Рудзік бяжыць за нашым «Масквічом», гэта бяжыць сам Сенечка ў выглядзе Рудзіка... I ён бачыць той «МАЗ» i ведае, што вось зараз, зараз i здарыцца тое... I застанецца толькі рудзенькая плямка... I Сенечка падхопліваецца, i ён увесь дрыжыць, Вася, i абліваецца потам. Я схіляюся да яго, я пытаюся: «Сенечка, Сеня, што здарылася?!» I ён мне адказвае: «Га-аў! Га-аў!» Гэта так страшна, Вася-я, так страшна, калі ты пытается, што здарылася, i табе адказваюць: «Га-аў!»
— Во-о даюць! — ускрыквае Вася.— Бля-я... Толькі зірніце! Вунь з таго акна, з сёмага паверха, пятая пляшка ўжо вылятае! Ну i народ! От-т д-дае ! От-т жлукціць! Відно, добра сядзяць хлопцы!
— Ва-ася, ты мяне паслухай, Вася! Я ведаю... ты ж закадзіраваны. Усе ведаюць... У цябе ёсць паперка. Ты i мне паказваў: на ўсё жыццё! Дык скажы мне, Вася, ці можна закадзіравацца ад сноў?
Мне гэта чуць нецікава. Мне толькі вельмі шкада Рудзіка, i я ўстаю з ложка. Мімаходзь азіраю сябе ў люстэрку. І як гэта Спілберг вызначыў што на мне акурат турэцкі выраб? Самая што ні ёсць звычайная кашуля! «Чаму вас не арыштавалі? Няўжо вас не спыніў ніводзін паліцэйскі?!» — чамусьці ўспомніліся ягоныя словы. Вось яна, расхваленая амерыканская дэмакратыя! Але чаго толькі не прысніцца! Вунь сусед Сенечка пасля сваіх сноў гаворыць: «Га-аў!» Зараз пайду, зраблю ранішнюю каву, а пасля пачну будзіць сваіх сямейнікаў. I калі нарэшце ўсе разыдуцца, можна будзе сесці за пісьмовы стол. Хоць ахвоты ніякай, амаль высільваю з сябе чарговае апавяданне «Сямейны спектакль Сякеркаў». Вядома, што ні сям'я, то свой спектакль, але бы хтосьці падкінуў мне сюжэт i зноў жа гэтыя «С» у назве... Ну, Спілберг, Спілберг!..
Але тою раніцай сесці за пісьмовы стол мне не давялося. Было шмат неабавязковых тэлефонных званкоў. Гэта выводзіла з сябе i раздражняла. Заставалася адно: адключыць тэлефон, што ўжо рабіла неаднойчы. Але тады пачнуць з'яўляцца думкі: а раптам штосьці пільнае, выключна неадкладнае, ды i свае ж хатнія... У любы момант можа патэлефанаваць муж: «Ты не забылася, што ў мяне канчаюцца цыгарэты?» Альбо: «А ці ёсць у нас там гарбата?» I трэба бегчы па цыгарэты i па гарбату... I які ўжо пісьмовы стол! Хочаш мець сямейны камфорт, дык сама яго i арганізоўвай. Вось i зноў хтосьці звоніць...
— Але-е-е...
— Ра-а?! Ты-ы?! Ра-а, гэта сапраўды ты?! Што ж адбываецца, Pa?— Таня ажно захліпаецца ад узбуджанасці,— Стыў здымаў рознае, але ў жыцці, Pa, яму давялося пабачыць штосьці такое ўпершыню! Ра-а, Стыў не ведае, што i думаць! I мы з Эрыкам таксама! Стыў кажа, ты знікла... Стаяла перад ім i знікла, бы растала... Я адразу ператэлефанавала Стыву, i ён гэта ўсё расказаў... Ён аглушаны! Ён у вялікім здзіўленні! Уражаны надзвычай! Ра-а, дык што ж гэта? Як ты магла за такі кароткі тэрмін апынуцца дома?! Ты ж была ў Стыва ў Лос-Анджэлесе... Мы размаўлялі...
— Ага-а, была... Але, даруй, адкуль ты ведаеш пра гэты мой сон? — пытаюся я i сама міжволі пачынаю хвалявацца, спрабуючы ўнікнуць у ейныя словы, у тое, што яна мне туг наказала.