Яна лёгенька падымаецца па лесвіцы. Нарэшце дзверы з маленькай металёваю шыльдачкай «Вадзім Ізмайлаў». Шукае ў сумачцы ключ i ніяк не можа знайсці яго. Дзесьці згубіўся. I Вадзіма цяпер няма. Якая роспач! Але на ўсялякі выпадак націснула на кнопку званка. I там, за дзвярыма, пачуліся крокі. Дзверы расчыніліся...
— Вадзя-я,— выдыхнула радасна — А я згубіла ключ. I адразу ў пярэднім пакоі высыпала на падлогу усё, што было ў сумачцы, можа, усё-ткі ён знойдзецца? I ключ сапраўды знайшоўся. Усё, што высыпала, пачала запіхваць назад у сумачку.
— Што гэта ў цябе ў руках? — запытаўся ён.
— Фотакартка!
— Чыя? Замялася:
— Ат... Валяецца! Знаёмы аднакурснік.
— Парві.
I яна парвала, хутка, на дробныя-дробныя шматкі. Ён прыціснуў яе да сябе. З нейкай сумнай іроніяй пасміхнуўся:
— Неразумніца... Я пажартаваў. Хіба ж так можна? Вось i мае фота калі-небудзь парвеш i выкінеш. Зробленае аднойчы мае звычку паўтарацца.
Яна расплакалася. Слёзы нагарнуліся раптоўна.
— Гэта ж толькі аднакурснік. А ты... Ты... Я памру, як цябе калі-небудзь не стане. Я сапраўды памру. Ты не верыш?
...Сарвала з дзвярэй запіску дачкі. Незразумелае пачуццё гняло неймаверна. Туды-сюды пахадзіла па пакоі. Спынілася ля акна. На балконе ў гаршчэчках ад лета чарнелі даўно высахлыя кветкі. «Лянотнаю ужо нейкаю стала. Даўно трэба было выкінуць гэтыя сухія стаўбуны!» I што ж такое на яе найшло? Ніяк не можа адкараскацца ад гэтага сну! Ну, прысніўся... I хай сабе. У яе, во-о, балкон непрыбраны. I п'есу трэба прачытаць да заўтрашняй раніцы, а тут... Зараз пазбіраюцца ўсе: муж, сын, дачка. I ўжо ўвесь вечар трэба будзе круціцца: таму падай, таму паднясі, з тым паразмаўляй. Узяла п'есу, прысела на канапу... Не, чытаць яна відавочна не можа!
Цікава, хто цяпер жыве ў той кватэры? Маленечкая «хрушчоўская» аднапакаёўка. Пісьмовы стол, кніжныя паліцы, камін з белай цэглы. Яна ўсё хацела паставіць на яго кветкі, звычайныя хатнія вазоны, ды так i не паставіла. Што цяпер з тым камінам? Можа, яго разбурылі, а можа, паставілі кветкі? Ды якая ёй розніца! Каб на цяперашні розум, яна па-свойму абсталявала б там кухню. Замяніла б фіранкі. Жоўты колер не надта пасаваў да колеру сцен. Тую маленькую кухню яна любіла. Былі тыдні, калі яна была проста яе пакоем. Адно кепска, не было дзе прылегчы. Зрэдку нехта прыходзіў. Ну, скажам, Эдзік, знаёмы Вадзеў урач. Яна нібыта зноў апынулася там, за тым белым столікам. Насупраць сядзеў Эдзік.
— Ты толькі ўспрымай усё правільна,— казаў ён.— Гэта нават не алкагольны запой, а хвароба...
Даўняя хвароба нашай інтэлігенцыі. У Вадзіма яна асаблівая.
Яна кіўнула галавой:
— Угу-у... За пяць дзён дзевятнаццаць пляшак вермуту.— Узяла з падлогі пляшку,— «Ружовы. Адзін рубель трыццаць пяць капеек».,. Вадзя зусім слабы, ужо i ўстаць сам не можа.
— Я сёння ўкалю яму што-небудзь сардэчнае. Слухай, а ты кепска выглядаеш. Бледная. Магла б пакінуць яго аднаго на дзве гадзіны. Тут дзесьці паблізу кінатэатр... Паўсюдна ідзе прэм'ерны фільм «Белае сонца пустыні».
З пакоя пачуўся лёгкі шоргат, рыпенне канапы i хрыплае, ледзь чутнае, амаль неразборлівае:
Девять граммов в сердце
постой — не зови...
Не везет мне в смерти,
повезет в любви!
— Прачнуўся! Я найду да яго.
— Чакай... Калі б ты змагла ўгаварыць яго хоць што-небудзь з'есці, усё пайшло б на спад. Паспрабуй, га-а? Ну, хоць некалькі лыжак булёну.
— Зараз звару...
Потым яна сядзела перад Вадзем на старэнькай, ледзь не праваленай канапе з міскай булёну. Каб яго не раздражняла святло, зацягнула акно цяжкой шторай i ўключыла маленькі цьмяны начнічок, падарунак польскага пісьменніка, што адзін з першых у тыя далёкія шасцідзесятыя выехаў у Ізраіль. Яна сама прывезла гэты начнічок з Варшавы.
— Вадзя... Вадзечка... Я ж адчуваю, ты не спіш. Расплюшчы вочы. Я табе булёну прынесла. Паеш. Прашу цябе.
Ён нязгодна паматаў галавой:
— Бр-р-р...