Праз пяць гадоў акадэмік Ігар Апанасавіч Халадневіч у варшаўскім гатэлі «Орбіс» нецярпліва пазіраў на гадзіннік. Праз гадзіну ён павінен рабіць даклад на міжнародным сімпозіуме, але была дамоўленасць з Вікай. Яна павінна была званіць яму ў гэты час, каб сказаць, калі зможа прыехаць да яго ў Варшаву. Тэлефон маўчаў. Час між тым бег, i Ігар Апанасавіч вырашыў, што ў перапынку, адразу пасля свайго даклада, ён паспрабуе дазваніцца дамоў сам.
Калі выходзіў з гатэля, да яго падышоў парцье:
— Пан Халадневіч?
— Ён самы...
— Толькі што вам была тэлеграма Мы думалі, што вы выйшлі раней. Спытайцеся ў пана дырэктара...
Праз некалькі хвілін Ігар Апанасавіч ужо разгортваў тэлеграму. Літары паплылі перад вачыма: «Тэрмінова вылятай. Віка трапіла ў аўтамабільную катастрофу».
Ён расшпіліў верхні гузік кашулі, пакутліва пацёр скроні:
— Як не паверыць у наканаванасць чалавечага лёсу?!
1996
ДАЛІНКА
Нізкая мясціна пасярод вёскі, зарослая густым кустоўем, змрочная i сырая. Але не гэта было галоўным. Пра Далінку расказвалі ўсялякія жахі. Хтосьці з вяскоўцаў неяк бачыў там свінню, якая, прысеўшы на азадак, пасміхалася зусім па-чалавечы i капытцам скрэбла сябе за вухам. А некага пераходзіла цяля і, спыніўшыся, гаўкала па-сабачы... Адным словам, Далінка была месцам небяспечным. I адно ўпрыгожвала яе: высозныя дрэвы паабапал дарогі, што перасякала Далінку. Ад ix заўсёды ішоў незразумелы гуд. Але гэта між іншым. Галоўнае тое, што ў Вялікім пісанні сказана: «Не памрэм, але зменімся».
Ён вельмі добра помніў той дзень, калі, ідучы з вясковае крамы, зазірнуў да Мікіткі Кульгавага. Вестка радасная ў таго была. У мястэчку нявестка разрадзілася ўнукам. «Ну, дык кульнём за майго ўнучка»,— наліў чарку Мікітка. I яны кульнулі. A потым была яшчэ адна чарка i, як час паказаў лішняя. Ужо падыходзячы да сваёй хаты, пачуў як нешта кальнула пад левай лапаткаю, потым запякло. А тут Галенка, жонка ягоная, на парозе з'явілася: «Нацмокаўся, цмок стары... Ідзі лучыны нашчапай. На заўтра падпалу няма. Чым печ распалю?!» I ён пайшоў шчапаць лучыну. Паклаў на калоду смалісты сук, падняў сякеру... I ўсё! Як падкасіла чалавека. Зваліўся проста тут, ля калодкі. Але гэта быў не канец.
Праз колькі хвілін ён ужо зразумеў, што ў ягоным жыцці пачынаецца нешта новае. Ён нібыта ажыў — думаў разважаў... Бачыў усё тую ж калодку, сякеру ля яе i сябе самога тут жа. Нага неяк дзіўнавата падкурчылася, лоб упёрся ў калодку. Так, гэта было ягонае цела, а што ж тады ён такое цяпер? Хацелася памацаць сябе за руку, але ніякай рукі няма. Вунь яна, адкінутая, з жоўтым ад тытуню пальцам. Агарнула разгубленасць. Пад неіснуючай лыжачкай засмактала нейкая страшная адзінота. Вачэй няма, а ён усё бачыць. Ды i чуе таксама. Во, з якім лямантам бяжыць Галенка. Упала, схілілася над ягоным целам, а ён вось тут, побач. Хацеў нешта сказаць — не атрымліваецца. Мовы няма. Як ні пнуўся, ні слоўка не выціснуў а вось жа разважае... А галава там. Без галавы думае. Але што цяпер тое згадваць? Пэўна, ужо i Галенка не памятае той калодкі, той нагі ягонай падкурчанай. Напэўна, з году ў год ходзіць на Раданіцу на ягоную магілку. Час ад часу i ў царкву заглядвае, моліцца за супакой ягонай душы. Ведала б Галенка, што душа гэтая ўжо мо які дванаццаты гадок матляецца на галіне, што распасцерлася над Далінкай, i ніякага супакою ёй няма.
Як ён апынуўся на гэтым дрэве, дагэтуль уцяміць не можа. Нейкая сіла падхапіла, нанесла i кінула на галіну. Ды i не кінула, бо не было чаго кідаць. Так, нейкі туманок празрысты, пасмачка, акравачак нечага нябачнага. Але гэты акравачак бы прыкіпеў да гэтай галіны. Праўда, не зусім. Ён можа спускацца ўніз, туды, на Далінку... Але толькі на яе. Уверх дарогі няма. Як ні пнуўся — бы сцяна якая. Кідаўся i ў бакі: у адзін, у другі! Таксама глуха. Нешта не пускае. A ўніз можа...
Во-о, зноў курыца Іванішына пад ім на Далінцы сакоча. Гняздо ў яе там, ці што? З гэтай курыцаю дык проста смех. Неяк дастала яна яго сваім сакатаннем. Дапякла. Ён і рынуўся ўніз, на яе... I, о дзіва! Прайшоў, праткнуўся праз пер'е, праз скуру. Вантробы курыныя пабачыў. Фу-у, паскудства нейкае. I мазгоў ніякіх, так, чарвячок замораны. Аж плюнуць схацелася. Але — як жа ён плюне? А вось курыца плюнула, як толькі ён пра гэта падумаў. Ca смакам, па-чалавечы. Гэта яго моцна тады ўразіла. А потым, калі ўжо зноў матляўся на сваёй галіне, раптам павесялела. Дык калі ён у курыцу Іванішыну залез, то i ў чалавека залезці можа. А тут, на тую думку, i чалавек... Якраз Сцепка Яўхімаў ішоў. Бы кулём нейкім нябачным зваліўся. I да Сцёпкі, да галавы ягонай. Пнуўся, пнуўся i ніяк... Моцная мазгаўня ў Сцёпкі. Не прайшоў не прабіўся. Вярнуўся на галіну. Падумалася, што трэба на бабе нейкай паспрабаваць. Бабы, яны слабейшыя. А вунь i баба! I ніхто іншы, як Галенка ягоная. Рэдка яе тут на Далінцы ён бачыць. Пастарэла Галенка, здала надта. Ногі зусім скрывіліся, але ж неяк шлэпае. Падаўся ўніз, да яе. Торкнуўся, да цела яе пранік. I тое самае, што i ca Сцепкам. Не пa ім баба! Ды ў ix заўсёды так i было: каса на камень. А-а-а-т!..
Але да людзей ён больш не чапляўся. Да курыцы тым больш. Смурод адзін. Адно i заставалася: глядзець i глядзець на дарогу. I ўдзень i ўночы. Але позняй парою было нецікава. А вось днём нешта ўдавалася выхапіць, як кажуць, з таго, цяпер для яго ўжо чужога, свету...
Во-о, шкандыбае хтось па дарозе. I не адзін. Той, што ў кепцы зашмальцаванай, ці не Васька Дзірванок. Ага-а, ён, Васька! А маладога ўжо i не ведае. Во-а, як прэ. А Васька наўздагон...
— Чуй, Толік,—даляцела да яго.—Дык ты што, сапраўды ў Народны фронт падаўся?! Лістоўкі іхнія расклейваеш?
Васька замоўк. Малады не адзываўся. Яны ўжо пераходзілі Далінку. Але ён пачуў апошнія Васькавы словы:
— Смаркач ты яшчэ... Да каго прыткнуўся?
Штосьці пахаладнела ў ім. Думкі закруціліся, замітусіліся. Ва-а... Нейкі Народны фронт там у ix! Але ён жа не дурань! Фронт ёсць фронт! Ён жа сам, калі немец сюды папёр, таксама... Праўда, пад канец, калі ўжо наступление ішло, на Першым Беларускім быў. Дык мо вайна ў ix якая там грамадзянская? Але — не! На вайну не падобна. Вунь Іваніха плёнку з парніка здымае. Дурная баба, што ты робіш? Колікі саб'еш! Ну, нарэшце, з другога боку зайшла. Значыцца, фронт нейкі!.. Цяжкая справа. Ён ведае. Праўда, сам толькі да Варшавы дацёгся, а нібы праз пекла прайшоў. Там i параніла, пад Варшавай. За гэта i ордэн далі. Але раненне было лёгкае. А вось капітану Міхайлаву не пашанцавала, батальённаму іхняму. Жывот разнесла. Ляжаў пад сасонкай... Да яго павярнуўся: «Дзямчук, не мітусіся... Мы яшчэ недзе там... сустрэнемся!» Э-э, памыліўся капітан. Mo i ён вось гэтак дзесьці там, пад Варшавай, на сасонцы той матляецца. I яму цяжэй.
Я тут, між сваіх... А ён нават мовы польскай не ведае. Хаця... Столькі гадоў прайшло! Відаць, вывучыў. Разумее палякаў і не так горка. Во i я гляджу i гляджу ўніз... От, на ровары хтосьці едзе. Спыніўся ля Іванішынай хаты.
— Цётка Ганна, Вадзік до-ома?
Ай, Іваніха... I што ж там за гарод такі ў яе, што ўсё корпаецца, корпаецца. Але вось разагнулася.
— На торф з бацькам падаўся.
— Дык скажыце, калі вернецца, што Трында-бізнесмен прыехаў. Тавару гapy ўсялякага навёз. Без накідкі. Але бярэ далярамі.
А-а?! Даляры... Бізнесмен. Што ж та за слова такое? Э-э, вось i выкруцілася... То ж недзе напрыканцы сямідзесятых бізнесмены амерыканскія ў суседні калгас прыязджалі дзяліцца вопытам. А тут тавар развозіць бізнесмен нейкі за даляры. I ўсё роўна бы свой чалавек, да якога прывыклі ўжо. Дык мо амерыканцы прыйшлі? Мо, сапраўды, вайна якая? Але чакай, чакай... Колькі ўжо тут матляюся, гляджу ўсё на дарогу гэтую, ды не прыкмячаў каб прабухала пяхота ці артылерыя. Дык мо голымі рукамі ўзялі, што называецца, без бою? Немцы ж, во, таксама не надта наязджалі. Першы раз з'явіліся — падаткам абклалі, а за другім разам палілі... Але ж тады сюды не ўваткнуцца было. Наўкола балота, багна. Толькі дурань сунуцца мог. Цяпер усё іначай. Ваду звялі, асушылі. Вунь якая дарога! Танкавая брыгада прайсці можа. Не праходзіла. I ўсё ж нейкі бізнесмен... Даляры... Хм-м, ціка-ава!
— Мар'я!
O-o, Іваніха зноў разагнулася. Мар'ю Фядутку ўгледзела, што за дарогай у сваім гародчыку калупаецца.
— Ганна, ты? Цябе й не відно з-за сланечнікаў.