— Я... Мо ў цябе праграма ёсць? Калі гэта «Санта-Барбару» трэба глядзець?!
Угу-у... Санта-Барбару нейкую глядзяць. Што ж гэта такое?! Імя жаночае, ці што? Далібог, амерыканцы... I нешта падкінулі ім, каб глядзелі. Мо дзіця якое? Ды яшчэ i па праграме... Ну, хаця б на хвілінку ў тое жыццё ўкруціцца, разабрацца, што да чаго.
Нейкая млявасць. Усё роўна бы задрамаў. Дудкі! Цяпер сну ў яго ніякага. I хоча забыцца, упасці ў нейкую несвядомасць, i не можа. Прыкідвае, разважае, назіркам сочыць за дарогай. Здаецца, кожную пясчынку на ёй вывучыў. Во-о, падлетак нечы ідзе. Ён ужо і не ведае гэтых падлеткаў. Без яго нараджаліся. Натапыраны нейкі, злосны.
— Пецька-а! Пецька-а!
Бяжыць нехта ўслед. Дзеўчанё нейкае. Цьфу, ногі непрыкрытыя, a ўжо, лічы, дзеўка. Чыя ж гэта можа быць? Не, не ведае. Хутка, мабыць, як ягоная Верка, лахі пад пахі i ў мястэчка! Верка... Штосьці ж ні разочку яе тут не ўгледзеў на Далінцы. Mo ў таксоўцы якой пралятала? Ці ў аўтобусе? Ды нешта ж i аўтобуса рэйсавага даўно ён не бачыў. Не едзе Верка! Во, не стала яго, мо i рухнула ўся сямейка. Развалілася. Mo, з Віцькам чаго пасварыліся, не падзялілі? A дзяліць было што! Дабра нямала ён пакінуў. Хоць, бывала, i чарку ад сябе не адкідваў. З-за той, другой, у Мікіткі Кульгавага, можна сказаць, i памёр. Яму ўсё не давала спакою тая чарка. Каб не яна, мо i не матляўся б тут, на гэтай галіне. Ba ўсялякім выпадку, гадочкаў з пяць яшчэ там працягнуў бы...
— Пецька! -дзяўчына аддыхвалася.— Ты грошы не ўзяў. Тут во семдзесят тысяч. Маці ў Антопаль едзе. Адразу з фермы...
Або-о! Семдзесят тысяч! Здалося, аж дух яму заняло. Хм-м, дух! Ён увесь цяпер дух. Во-о, як сцяўся ў камячок. Семдзесят тысяч! Адкуль жа ў ix цяпер такія грошы? Не памыліўся-такі: пры амерыканцах жывуць. Пры паляках у зрэб'і хадзілі, пры Саветах на ровары ўсе ўзбіліся, а пры амерыканцах... Ужо i на семдзесят тысяч узлезлі! Не-е, ён пра такія грошы i думаць не мог калісьці пры тым жыцці. Колькі ж гэта ў яго пенсія пад канец была? Дваццаць восем рублёў, здаецца? Не-е, дваццаць восем гэта ў Галенкі... А ён ужо ў васьмідзесятым трыццаць два рублі атрымліваў. I як жылі яны з Галенкаю! Як жылі! На пенсіі на дастатак ускараскаліся. Разам ажно шэсцьдзесят рублёў атрымлівалася. А тут семдзесят тысяч!..
Чые ж гэта дзеці будуць? Ён зірнуў на Далінку. Пецька ўжо быў дзесьці па-за ягоным зрокам, а дзяўчынку бачыў. Ішла назад, пабліскваючы аголенымі нагамі. Фу-у, бессаромніца! Штосьці пра ферму казала. Мабыць, Лявонкава. Bo i зразумела. Лявончыха калісьці сама добраю круткай была, такою i дачку выгадавала. Э-э, ядры твой корань! Крутка круткаю, а семдзесят тысяч... Што ж яна там, у Антопалі, будзе купляць такое?! За такія грошы Антопаль увесь скупіць можна. От як разжыліся! Яму хацелася плакаць ад нейкай сваёй безвыходнасці. Ды за такія грошы!.. «Жыгуль» можна, як ахнуць, адхапіць! Колькі ж гэта ён каштаваў? Шэсць-сем тысяч... А тут семдзесят! Семдзесят тысяч! О, які дастатак амерыканцы далі. Ей жа бог, Лявончыха ўвесь Антопаль скупіць. Ну, a Віцька мой? Што ж там у маіх?
Э-э, неяк бачыў тут яго, на Далінцы. Пакутаваў тады надта. Віцька налізаўся недзе, як цуцык. Ног не чуў сваіх. Ішоў, бы кашалі плёў. А пасярод Далінкі i зваліўся. Уткнуўся галавою ў крапіўнік. Ды якая там галава ў п'янтоса! Квач нейкі. Во-о, дык тым квачом дзёўб зямлю. Як жа яму хацелася тады курыцу Іванішыну ўгледзець. Ён бы такія штукі паказаў Віцьку, што таго назаўжды ад пітва адвярнула б! Шкада, не было тады курыцы на Далінцы. Толькі праз які час Каця з'явілася, гэта значыць нявестка ягоная, жонка Віцькава. З калёскамі нейкімі. Усцягнула Віцьку на драбінкі i паперла тыя калёскі паперад сябе. Каб на тым свеце быў дальбог, лейцы ў рукі ўзяў бы... Сам во, з-за той, другой, чаркі ў Мікіткі Кульгавага... Га-а, а мо i не п'е Віцька. З чаго гэта ён так вырашыў? Ці ж бы пёрла Каця з тымі калёскамі. На п'янюгу рукой махнула б! Ляжыш i ляжы сабе да сканання. Цікава, семдзесят тысяч! Mo i Віцька таксама такімі грашамі варочае?
Яму стала чамусьці непамерна шкада сябе. За што Бог так скараў яго, век кароткі адмераў? Галенка ж ягоная шчэ жыве. A дзесьці ж пад восемдзесят. Ёй заўсёды больш шэнціла. Бывала, як парсючкоў купіць, дык i вяліся... Рука лёгкая ў Галенкі. У яго цяжэйшая была, не ў руку ўсё ішло. Але хату сам ставіў. Не-е, гаспадар ён быў неблагі. Бог за іншае нешта скараў! Хм-м, семдзесят тысяч!
О-о, як шпарыць!.. Хто ж та такая? Манька Васіля Каморніка. Яна ўсё хустку набакер завязвала.
— Манька!
Ага-а... Іваніха, цяпер ужо не з гароду, з хаты выйшла.
— Ма-анечка,— даганяе Васіліху— Ты мо ў канторы была?
— Якраз адтуль іду, цётка!— прыпынілася Маня — І вы не марудзьце... Грошы прывезлі. Толькі мала. Наўрад ці касірка на ўсіх расцягне. Мне во толькі сто дваццаць тысяч дала. Астатнія невядома калі.
Ён ажно затрапятаў увесь. Ды ці не здурнела Манька? Бач, ёй ужо сто дваццаць тысяч мала. Куды ж яны там дзяюць грошы гэтыя? Па выгляду, дык жа i у шаўках не ходзяць. Боты нейкія на Маньцы. гумовікі. А сонца ж во як жарыць... Прыслухаўся.
— Вы б, цётка Ганна, транты якія глянулі. Mo што ад вашых хлопцаў засталося? — казала Васіліха.— Мой малодшанькі школу во закончыў... Дарэшты штанцы дадраў! А мо ў пэтэвэ якое падасца, дык жа зад прыкрыць трэба. У мястэчку як глянула, па сто тысяч штаны каштуюць!
— Я пагляджу, Маня,— запэўніла Іваніха i параіла: — А ты б мо ў Антопалі прадала што з харчу.
— Што? Што прадасі, цётачка?! Я раней i прадавала. Яшчэ за тымі часамі, ранейшымі. Бывала, дзесятак яечак прадам, во вам i рубель сорак. Два кілі хеку марожанага можна было купіць. А цяперака... Ну, прадам я дзесятак за дзесяць тысяч... A кіле таго самага хеку ўсе трыццаць каштуе! Дык ці варта прадаваць тыя яйкі, цётачка? Жыццё такое, што i не прадаць, i не купіць!.. Да згубы нейкай усе ідзём!..
На яго бы праясненне якое найшло пры гэтых Маньчыных словах. Здалося, нешта кальнула, запякло, як тады пад лапаткаю, пасля той, другой, чаркі ў Мікіткі Кульгавага. Унізе, на Далінцы, сакатала Іванішына курыца. I, доўга не думаючы, ён рынуўся ўніз, на яе... Курыца страпянулася. I, накульгваючы, пабегла да дарогі, да Іваніхі, да Манькі. Спынілася. Трапятнула крылом. I з нейкай незямною горыччу, з вялікім адчаем мацюкнулася!.. Бабы атарапелі i тут жа заенчылі. Кінуліся прэч, як мага далей ад гэтай курыцы, ад Далінкі...
Ружовы паўкруг лянотнага ранішняга сонца павольна выкочваўся з-за далягляду. А ля вясковага калодзежа ўжо бразгалі ланцугом. Старая Мікіціха выцягвала вядро. Азірнулася. Да калодзежа падыходзіла яшчэ заспаная Лявончыха.
— Ці чула ты, Гэлька...— Мікіціха паставіла вядро на зямлю.— Гэта ж учора стаялі бабы на Далінцы... Ну, ведаеш, Манька Васіля Каморніка i Ганна Іваніха. Гаманілі пра нешта. А тут... Адкуль ні вазьміся — Іванішына курыца... Ды як мацюкнецца!.. О-о, страху было!
— Ай, цётка...— адмахнулася Гэлька.— Галавы сваей не тлуміце! Жыццё во-о якое... Усе мацюкаюцца. Думаеце, курыцы салодка цяпер? Не корміць яе Іваніха. Bo i мацюкнулася...
I Гэлька загрымела калодзежным ланцугом.
А сонца лянотна ўздымалася i ўздымалася, рыхтуючыся лінуць свае промні i на Мікіціху, i на Гэльку, i на вечны, трывожны спакой Далінкі.div>
1996
КАХАННЕ ДЫСІДЭНТА
...Цяжка паднялася з канапы, уражаная: да чаго б гэта? Гадоў дваццаць не сніўся i раптам з'явіўся ў сне, нібыта выплыў аднекуль, каб сказаць адну-адзіную фразу: «Я забяру ў цябе свой фотаздымак!»
Ягоны фотаздымак сапраўды быў у яе. Днямі наткнулася на яго ў альбоме, шукаючы свой. Наколькі памятае, ён не любіў здымацца, i гэтае фота было ў яго ці не адзінае, на ўсе выпадкі жыцця. Такое самае дзесьці напрыканцы шасцідзесятых яна бачыла ў вітрыне невялічкай «ксенгарні» на вуліцы Фоксаль у Варшаве. I гэты ж здымак у чорнай рамцы гады тры таму назад прамільгнуў на экране тэлевізара па нейкай тэлевізійнай праграме. «У Швецыі, недалёка ад Стакгольма, у гарадку Н. пaмёр вядомы кінарэжысёр...» — удакладніў тады дыктар, нібыта расшыфроўваючы ёй тую чорную рамку. I вось гэты сон. Навошта? Дзеля чаго? Падняла з падлогі п'есу, якую намервалася чытаць перад тым як заснула. Спынілася позіркам на назве «Уніз па рацэ, альбо Развітанне з радзімай». Можа, нейкім чынам гэты сон звязаўся з назвай п'есы, але да чаго тады тут яго фота?
На дзвярах вісела запіска, якую прымацавала дачка: «Ма-а, я пайшла на шэйпінг!» Ну вось, праз якую гадзіну-дзве збяруцца яе хатнія, а яна пакутуе над гэтай фразай: «Я забяру у цябе свой фотаздымак!» Як гэта ён можа яго забраць — чалавек, якога не стала тры гады таму назад? Глупства нейкае! Проста глупства. А тым часам штосьці ў яе думках адкручвалася назад, да нейкага не зусім яшчэ выразнага «стоп!». Фотаздымак... Фотаздымак... Ага-а... Вось яно што!..