Калi я, Мухтар i Амангельды адмовiлiся вучыць дзесяць пiянерскiх гiмнаў i пайшлi ў бiблiятэку, дык там спаткалi вельмi ветлiвы прыём. На другiм паверсе цаглянага катэджа нас сустрэла дробненькая, амаль карлiца, жанчынка ў блакiтным парыку. Яна i паказала мне беларускую, а Мухтару казахскую палiчкi. Амангельды меў больш сцiплыя запатрабаваннi, яго цалкам задаволiла падшыўка маскоўскага гумарыстычнага часопiса “Кракадзiл”. Пакуль я, седзячы на кукiшках (беларуская палiца была пры самай падлозе) выбiраў чытанку, Амангельды рагатаў на ўвесь двухпавярховы катэдж. Сорамна было не толькi мне, але i Мухтару. Толькi я зрабiў выгляд, што не бачу таго сораму: вы — казахi, самi i разбiрайцеся мiж сабою, мая справа ў iншым баку...
На прыпадложнай палiцы вышнуравалiся новенькiя, амаль негартаныя томiкi аўтараў са школьнай праграмы, нi больш нi менш. Толькi хрэстаматыйныя мелi пропуск у артэкаўскую бiблiятэку. Бог з iмi, з пропускамi, не горшыя ў беларусаў хрэстаматыi, калi ёсць Купала, Колас, Багушэвiч i Багдановiч. Мне, вядома, як большасцi сямiкласнiкаў, а не сямiкласнiц, хацелася ўзяць прозу. Кнiгу ў пiянерскiх лагерах успрымалi неадназначна. З аднаго боку, гэта адзiная рэч, якой дазвалялася ляжаць на тумбачцы, а з другога боку, калi нехта ўбачыць, што хлопец чытае вершы, дык мог узнiкнуць цэлы абвал кепiкаў i падначак. Зразумела, калi вершыкi не пiянерскага зместу (пра iх будзе асобны абзац). Дык вось, беларуская хрэстаматыйная проза, кажучы па-бiблiятэкарску тактоўна, мяне зусiм не зацiкавiла. Пасля бойкi з Вiцем з Вiцебска розных здзекаў я не баяўся. З палiцы ўзяў сiнi том Максiма Багдановiча. Чытаў я тады, як i цяпер, вельмi марудна, таму кнiга i праляжала на тумбачцы амаль усю змену. Том Багдановiча быў мне за сiмвал адметнасцi, за знак няроўнасцi i суверэннасцi хоць бы адной асобна ўзятай тумбачкi. І калi хто з расейцаў казаў пра аднолькавасць нашых моў, дык i трох радкоў было дастаткова, каб давесцi адваротнае.
Не ведаю, наколькi гэта натуральна, але беларусам я сябе адчуваю за межамi Беларусi. На Радзiме я — лiтаратар, журналiст, мастак, асоба мужчынскага полу, вайсковаабавязаны, пасажыр, пешаход, мiнак, настаўнiк... Хто заўгодна, сто разоў нехта i толькi потым беларус. Раней мяне вельмi палохаў той факт, што расейцы i габрэi ўсё больш i больш пачуваюць сябе ў Беларусi менавiта габрэямi i расейцамi. А цяпер я нават вiтаю iхняе вяртанне ў роднае нацыянальнае ўлонне. Хай у маёй Айчыне кожны небеларус адчувае сваю нацыянальную прыналежнасць, лёгкi смутак i настальгiю, якую па вечарах адчуваў я, лежачы на другiм ад акна ложку, у 311 пакоi на 3 паверсе, Крыштальнай дружыны, Горнага лагера, у Артэку, калi трымаў перад вачыма томiк Максiма Багдановiча, любiмага паэта нацыi.
У кожнага народа ёсць вялiкi паэт: у ангельцаў — Байран, у немцаў — Гётэ, у японцаў — Басё. Але ў кожнай нацыi, акрамя вялiкiх, народных, прызнаных, вядомых i малавядомых, маладых i пачаткоўцаў, ёсць паэты любiмыя: у японцаў — Ісiкава Такубоку, у ангельцаў — Джон Кiтс, у расейцаў Мiхаiл Лермантаў... Вельмi сумна, што ўсе яны сышлi з жыцця ў маладым веку. А можа, гэта неабходная адзнака ў бiяграфii паэта, каб яго спачатку пашкадавала, а пасля палюбiла нацыя? Але гэта пытанне зусiм не артэкаўскае, яно з часоў сённяшнiх, калi зрабiлася вiдавочна, што нават у лагерах дружбы выспельвалася iдэя незалежнасцi як беларуса, так i казаха. Ужо дзецьмi мы ведалi пра неабходнасць аддзялення ад СССР з ягоным паталагiчным жаданнем ашчаслiвiць усiх, навучыўшы бiць у чырвоны пiянерскi барабан. А я замест дзесяцi гiмнаў чытаў лiрыку Багдановiча, ягоныя генiяльныя вершы пра смерць. І яшчэ я зразумеў, што ў савецкiм лагеры не так ужо кепска гаварыць з акцэнтам, не з гаварком, якiм рознiцца адзiн расеец ад другога, а менавiта з акцэнтам.
Менавiта ў Артэку я заўважыў, што расейцы вельмi дэмаралiзаваная нацыя. У iх размылася паняцце рускi, яно стала вызначэннем iмперскiх паводзiн i перастала быць уласна нацыянальнасцю. Рускiя зрабiлiся падобныя да габрэяў, яны расцяклiся па прасторы СССР, i ў iх пачало не хапаць колькасцi i моцы, каб трымаць усё пад кантролем. У Артэку расейцаў было болей за ўсiх астатнiх, але яны нiколi не аб’ядноўвалiся ў нацыянальныя групоўкi, яны былi кожны сам за сябе i свой рэгiён — Сiбiр, цi Карэлiю, цi Архангельскую поўнач. Адных Ваняў у 311 пакоi было ажно тры, архангельскi Ваня, петразаводскi Ваня i астраханскi Ваня.
Архангельскi Ваня казаў, што вельмi любiць паэзiю Сяргея Ясенiна, толькi з усёй спадчыны апошняга паэта расейскай вёскi я пачуў, праўда, разоў са сто, толькi два радкi.
А далей кацiўся раскацiсты рогат ясенiналюба. Аднаго разу бессмяротныя радкi пачула важатая Галiна, яна матлянула сваiм гiтлераўскiм чубком i заўважыла, што лепш бы ён паўтарыў словы песнi пра Зiну Партнову, пiянерку-геройку. Архангельскi Ваня пачаў дэкламаваць тэкст, дзе былi i такiя радкi:
Што-што, а смерць у пiянерскай паэзii мяне зусiм не палохала, яна наадварот нават весялiла. Ну i як можна было не смяяцца, калi атрад спяваў хорам наступныя словы пра чарговага пiянера-героя, якi загiнуў у смяротнай схватцы з ворагамi?!
Мы смяялiся, бо радкi з афiцыйнай лагернай паэзii вельмi нагадвалi неафiцыйную лiрыку, накшталт:
Былi ў падпольнай лiрыцы i больш кранальныя, эратычныя вобразы:
Каб скончыць з усёй пiянерлагернай паэзiяй, артэкаўскай i неартэкаўскай, я працытую табе яшчэ адзiн урывачак з афiцыёзнага вершыка-дрындушкi.
Ура! Таварышы! Ура! Ну, вядома, блiжэйшых сваякоў за iндусаў беларусы нiколi не мелi, бо расейцы i ўкраiнцы не рыфмуюцца. А iндусы i беларусы рыфмуюцца, толькi чаму iндусы, а не тунгусы? Га? Але не ў гэтым закавыка, а ў iншым. Гэты вершык з назовам “Лагер Дружбы” мае яшчэ адну каштоўнасць. Яго склаў чалавек, якi адсядзеў за калючым дротам у канцэнтрацыйным сталiнскiм лагеры больш за дзесяць гадоў. І што, спытаеш ты? А нiчога, скажу я. Можа i сапраўды, калi глядзець на Артэк з Гулага, дык ён i нiшто сабе, i дружбаноў можна займець цi проста пазнаёмiцца з кiм цiкавым.
Да прыкладу, у Артэку я пазнаёмiўся яшчэ з петразаводскiм Ванем, чарнавокiм велiказубым хлопцам. Ён i падараваў мне паштоўку з архiтэктурным краявiдам Кiжоў. На паштоўцы пад сiнюшным небам стаяла шэрая цэркаўка, збудаваная без адзiнага цвiка. Белазубы Ваня расказваў, што ў XVIII стагоддзi расейскiя майстры маглi будаваць з адной толькi сякераю. Хто яго ведае, можа, яно i так. Паспрабуй, зацягнi на Поўнач тыя цвiкi. А так, з адной сякераю на плячы, расейскiм каланiстам было ямчэй рухацца на ўсе чатыры бакi ад Масквы. Сякера вельмi зручная рэч у справе мiрнага далучэння чужых земляў да iмперыi. Асаблiва да Расейскай, асаблiва ў XVIII стагоддзi, калi ў яе быў ваўчыны апетыт. Хто не згодны? Сякера хутка знойдзе шлях да згоды. І не трэба нiякiх цвiкоў, каб распiнаць i будаваць саборы ў гонар распятых, трэба прасцей: хто не згодны — кладзi галаву на калодку. Хру-у-упсь!
Вось з такiм — касцяным i адначасна плюгкiм гукам вылецелi два верхнiя пярэднiя зубы ў петразаводскага Ванi, калi ён упаў тварам на прыступку. Акуратную, майстравiта абкладзеную белай кафляй, а таму вастрарэбрую прыступку, якая вяла з калiдора на гаўбец. Ваневы далонi прызямлiлiся, прыпадлозiлiся каля самай прыступкi, i каб яе не было цi каб яна была крышку далей, дык твар аднаатрадаўца спынiўся б на бяспечнай адлегласцi, а два пярлiнна-блiскучыя разцы не вывернулiся б з верхняе дзясны i не выплюнулiся б на слiзкую кафлю разам з крывёю. І Ваня не плакаў бы, седзячы на кукiшках па-над чырвоным пляўком. Ну i я разам з Вiцем з Вiцебска не туляўся б побач i не задаваў бы сабе малапрыемнае пытанне... А цi не выганяць мяне з Артэка за бойку, у якой пiянер страцiў пярэднiя верхнiя разцы? Цi вышлюць толькi мяне, цi разам з Вiцем патураць? Што я скажу бацьку? Да пытанняў далучалiся розныя неразумныя развагi... Каб вылецелi не пярэднiя, а бакавыя зубы, дык можна было б угаварыць Ваню, каб шырока не раскрываў рот пры важатай Галiне, i гэтак у таямнiцы схаваць вынiкi бойкi. Толькi iнцыдэнт i бойкаю назваць цяжка. Я ж падышоў да Ванi зусiм блiзенька, каб ён не змог размахнуцца i ўдарыць. Памiж нашымi насамi засталося сантыметры са тры, не болей. І я цiхенька штурхануў яго ў грудзi. Ён, вядома, чакаў штуршка цi ўдару, але i думаць не думаў пра Вiцю, якi ў яго ззаду прысеў i скурчыўся каля самых ног. Ваня кульнуўся праз Вiцеву спiну вельмi па-цыркавому i нават паспеў перакруцiцца, каб упасцi спружынiста на рукi. А тут, лiха на яе, — прыступка.
Толькi буду шчыры: калi б петразаводскi Ваня ўпаў больш удала i не згубiў зубы, я б даў яму па твары нагою. Быў у мяне такi баявы намер, пакуль не пачулася ломкае хру-у-упсь i Ванева галава неяк страшна i рэзка тарганулася, нiбыта хлопца кальнула токам. Намер дабiць ворага знiк. А ворагам Ваня стаў неспадзявана i для самога сябе, ён прагаварыўся, ён зусiм не намерваўся нiкога крыўдзiць, сказаўшы ўголас тое, што думалася. З кожным можа такое здарыцца, але далёка не кожнаму за неабачлiвасць выбiваюць пярэднiя разцы. І вядома ж, пасля бойкi я пашкадаваў Ваню, але далёка не на ўсе сто працэнтаў, бо так цi iнакш, але ён павiнен быў прыняць пакаранне за абразу, кiнутую ў мой бок.
Я стаяў на калiдоры разам з Вiцем i спакойненька гаварыў, як цяпер памятаю, пра кедравыя шышкi. Мы дамаўлялiся пайсцi пашукаць iх у артэкаўскiм парку. Звычайная размова. Адна асаблiвасць яе была ў тым, што я гаварыў па-беларуску. А петразаводскi Ваня, стоячы поплеч, цiха ўсклiкнуў: “Какое мерзкое наречье!” Пачуўшы голас сэрца, якi вылецеў з савецкага пiянера, я падышоў да яго, каб удакладнiць несвоечасовыя думкi наконт маёй роднай беларускай мовы. Ваня ж замест прабачэння прачытаў зусiм кароткi, але вельмi змястоўны курс лекцый пра злiццё нацый i моў. Мяне, дарэчы, заўсёды здзiўляла наiўнасць савецкiх чалавечкаў, яны ж сапраўды верылi i вераць у тое, што ўсе нацыi сальюцца ў савецкую нацыю i на зямлi запануе бела-жоўта-чорны iнтэрнацыянальнамоўны чалавек. Ванеў iмперскi шавiнiзм я падбадзёрваў бясконцым паўтарэннем слова “гавары”. І Ваня дагаварыўся. Вось так мы пакаралi петразаводскага хлопца, пакаранне атрымалася крыху больш жорсткае, чым меркавалася, але я i цяпер нiколi не дарую чалавеку, якi абразiць маю нацыю. Гэта зусiм не азначае, што я адразу пачну выбiваць яму пярэднiя зубы, але надыдзе момант, i я... Хай сабе i буду пакараны, як тады ў Артэку: мне i Вiцю з Вiцебска забаранiлi ў той вечар iсцi на танцы. І мы стаялi на гаўбцы i глядзелi, як пад намi на ярка асветленай пляцоўцы бяззубы Ваня вытанцоўвае “летку-еньку”. Я не зайздросцiў яму.
Не зайздросцiў я i астраханскаму Ваню, якi выхваляўся, што ў iзалятары вельмi смачна i добра кармiлi, ледзь не ў сто разоў лепей, чымся ў агульнай сталоўцы. А ў iзалятары вялiкагаловага, падобнага да павука Ваню пратрымалi амаль палову змены. Крышку менш за месяц, бо калi ён развiтаўся з родным волжскiм горадам, там усё было цiп-топ — спакойна i цiхмяна, але пакуль даехаў да Артэка, у Астраханi знайшлiся дурнi, што захварэлi на халеру, пэўна ж, рукi не мылi. Чутка пра халеру абляцела СССР, не абмiнуўшы i паўвыспу Крым. І ўсiх астраханцаў упяклi ў iзалятар i трымалi за кратамi, пакуль газеты не адсвяткавалi перамогу савецкiх лекараў над стыхiяй iнфекцыi. Ваня прыйшоў у мой атрад у вельмi адметны дзень — 1 верасня. У першы дзень восенi лагернiкаў, як i ўсiх хатнiх дзяцей, чакала яе вялiкасць школа, халера ясная.
Пасля снядання нас пашнуравалi на святочную лiнейку. Начальнiк Горнага лагера, мардаты, як мiнiстр авiяцыi гiтлераўскай Германii, i такi ж высокi, як той самы Герынг, доўга-доўга i нудна-нудна гаварыў пра глыбокi сэнс ленiнскай думкi — вучыцца, вучыцца i вучыцца. За начальнiкам слова бралi i доўга не аддавалi розныя падначаленыя, розныя наглядчыкi, выхавальнiкi ды важатыя. Сонца добра-такi пякло, але нас яно не ўзяло, а вось астраханскага Ваню ўдарыла, захiрэў ён у iзалятары, цi ад прыроды слабы быў, хто там ведае. Адно дакладна: Ваня страцiў прытомнасць; тоненькiя павучыныя ножкi склалiся напалам, а шырокi твар упаў на бетонную плiту, скура на твары луснула ды разлезлася. На белым пляцы распаўзлася крывава-зыркая плямiна. Што казаць?! Свята ведаў атрымалася запамiнальнае. Ваню занеслi ў медыцынскi iзалятар. А нас, гарналагернiкаў, пашнураваных у даўжэзную, як бразiльская анаконда, калону, павялi ў школу.
Нiколi ў жыццi я не любiў школу, але, дзiва, артэкаўская навучальная ўстанова мне спадабалася. Вучыцца ў ёй трэба было тры днi на тыдзень ды толькi чатыры ўрокi на дзень. Нiякiх хатнiх заданняў не задавалася. Усе сшыткi з падручнiкамi ляжалi ў стале, i нiхто iх не краў. Вучыўся я ў 7 “М”, якi наш класны кiраўнiк, культурыстычны маладзён, ахрысцiў “моймы”. На першым жа ўроку давялося запатрабаваць падручнiкi на беларускай мове. Культурыст на першым жа перапынку завёў мяне на склад i выдаў пачак новенькiх, нiбыта толькi надрукаваных, падручнiкаў. Я ў Мiнску такiх i не бачыў, бо вучыўся ж у расейскай мiкрараённай школе. “Твае?” — спытаў атлетычна складзены класны. “Не... яны малдаўскiя. Тут во прачытайце: Кi-шы-нёў!” “Чакай...” Настаўнiк знiк за стэлажамi, а праз хвiлiну ў мяне на руках быў пачак беларускiх падручнiкаў, таксама блiскучых i нiкiм не чытаных.
Але гэтае дзiва яшчэ i не дзiва. Больш за ўсё мяне радавалi настаўнiкi, я ж нiколi не думаў, што настаўнiк можа растлумачыць тэму, што ён так раскажа i перакажа, ажно не трэба ў падручнiку корпацца. У сваёй мiнскай школцы, седзячы за партаю i слухаючы педагога, я разумеў толькi меншую палову тэмы. А большую i асноўную вычытваў у падручнiку. І таму быў цалкам упэўнены: нiводзiн настаўнiк не ведае лепш за падручнiк. А вось артэкаўскiя ведалi i лепей i болей i маглi ўсё гэта вельмi хутка перадаць вучням, якiя прыходзiлi на заняткi. А прыходзiлi не ўсе. Пакуль калона пiянераў пакрывала адлегласць ад Горнага лагера да школы, што прыблiзна складала кiламетры два, даволi значная частка лагернiкаў сыходзiла ў партызаны i ў басмачы. У асноўным у прыдарожныя хмызы шасталi каўказцы з азiятамi. Амангельды не схадзiў у школу нi разу, ён нават выкiнуў абавязковую для ўсiх картку з адзнакамi. Што яму тая картка, ён займаўся нарыхтоўкаю кедравых арэхаў, налушчыў кiлаграмаў дзесяць, пакуль астатнiя сядзелi на занятках. У маёй жа картачцы стаялi адны танканогiя чацвёрачкi. Гэта чамусьцi расхвалявала дырэктара маёй роднай мiнскай школы 9. “Няўжо, Адам, ты не мог пастарацца i атрымаць хоць бы адну выдатную адзнаку?” Я прамаўчаў. Не гаварыць жа, якiя выдатныя настаўнiкi ў Артэку i якiя цельпукi ў нас. Дырэктар не зразумеў бы. А можа, i зразумеў бы, бо сышоў жа ён з школы, уцёк на партыйную працу. І слушна зрабiў. У кожнага школьнага дырэктара павiнна быць душа кар’ерыста.
А вось у мяне вельмi слабыя кар’ерныя здольнасцi. У Артэку, дзе было столькi розных пасадаў, я не займаў нiводнай. Не быў абраны нi старшынёю рады дружыны, нi старшынёю атрада, нi старшынёю пакоя, нi нават звеннявым. Таму на ўсiх лагерных фотакартках стаю з краю. У гэтым нiчога кепскага няма, бо калi чалавека ўмоўна прызнаць не чаротам, якi думае, а сцяблiнаю, якая затрымлiвае святло, дык з краю святла якраз i болей. І калi чалавечыя статкi кампануюцца не па прынцыпах раўнамернага размеркавання сонечнага святла, дык не я ў тым вiнаваты. І не я першы заўважыў — Бог не роўна дзелiць. І выправiць гэта не выправiш. Хiба што сам сябе падманеш цi прымусiш падманваць iншых.
Вось i ў Артэку я паўдзельнiчаў у непрыстойнасцi. Чорт пацягнуў за язык, i я задаў важатай Галiне з Ноўгарада сакраментальнае пытанне: “Чаму вы не любiце мяне?” Цудоўна разумеючы, што пра такое нельга пытацца, я не ўтрымаўся, як петразаводскi Ваня не стрымаў сваёй нянавiсцi да беларускай мовы. Бывае. І ў мяне быў не самы горшы варыянт, тым больш — Галiна сказала: “Ты, Адаме, памыляешся. Я вельмi цябе люблю!” Важатая з гiтлераўскiм чубком мяне ненавiдзела, яна любiла петразаводскага Ваню, якому я выбiў разцы. Але маё, зададзенае пры ўсiм атрадзе, пытанне загнала яе ў сiтуацыю, у якой, абвяргаючы мяне, давялося засведчыць любоў. Парадокс. Ну адно ў яе апраўданне — любоў наша была зусiм кароткая, як i ва ўсiх артэкаўцаў. Калi я вяртаўся з Артэка дамоў, дык вёз цэлы нататнiк адрасоў i тэлефонаў, а патэлефанаваў толькi Сяргею з Мiнска, i тое каб аддаць пазычаныя спартовыя штаны. Болей нiколi нiкому не пiсаў i не тэлефанаваў. Каб той нататнiчак захаваўся, я б сёння, можа, i затэлефанаваў бы якому жыхару блiжэйшага замежжа, а можа i не. Адно ведаю дакладна — дзяўчатам я б не званiў.
З дзяўчатамi ў лагеры адносiны ў мяне не склалiся. Трынаццаць гадоў — якраз той узрост, калi заўважаеш: дзяўчаты раптам сталi дарослыя, а хлопцы ўсё яшчэ дзецi. Мае аднаатрадаўкi з замiлаваннем паглядалi на мужчын кшталту культурыста настаўнiка, а на такiх, як я, зiркалi з пагардаю. Зрэшты, асабiста мяне тое мала хвалявала, бо прырода яшчэ не выспелiла ўва мне мужчынскiя функцыi i жаданнi. І таму будзе слушна, калi скажу, што ў Артэк я патрапiў у апошнi год свайго дзяцiнства.
А на заканчэнне скажу табе яшчэ адну сумную рэч... Праз Артэк прайшлi мiльёны дзяцей, i нi разу ў жыццi я не сустрэў нiводнага сумленнага слова пра гэты найвялiкшы ў свеце лагер. Адны дурнаватыя дрындушкi...
Гэта — месца добрага знаёмства.
Гэта ён — наш сонечны Артэк.
Усе нiбыта вады ў рот панабiралi. Ведаем, ведаем. Бачылi. Але, хто старое згадае, таму вока прэч. Лепш не ўспамiнаць. Забыцца. Ну i сапраўды, каму хочацца помнiць правiлы, па якiх праходзiла купанне ў моры?! А мне вось хочацца...
Спачатку, ну вядома, трэба было распрануцца i змянiць трусы на плаўкi i пятнаццаць хвiлiнаў ляжаць (можна сядзець) на сонцы. Потым пятнаццаць хвiлiнаў сядзець (можна стаяць) у ценi, пад шыферным брылём. І толькi пасля ценю дазвалялася на пяць хвiлiнаў зайсцi ў Чорнае мора. Не забегчы, не заскочыць, не запаўзцi, а зайсцi. Заходзiлi ўсе, як гаварылася раней, “у нагу”. Даваць нырца забаранялася. Галава ўвесь час павiнна тырчаць над вадою. За тры метры ад берага быў нацягнуты тоўсты канат з паплаўкамi. Заплываць за канат забаранялася. Размаўляць у вадзе забаранялася. Дакранацца да каната забаранялася. Выходзiць без каманды... Любое дробнае парушэнне вяло да таго, што ўся “дзесятка”, а ў мора заходзiлi “дзесяткамi”, страчвала права на марскую ванну. Таму, зайшоўшы ў ваду, усе стаялi на камянiстым дне. Зрэдку сёй-той лагернiк падскокваў — рабiў выгляд, што купаецца з радасцю i асалодай. Каб нехта ўцёк i пакупаўся самастойна, я не чуў. Уцячы ў горы можна было, а вось прарвацца на ўзбярэжжа — нi ў якiм разе, яно ахоўвалася не горш за дзяржаўную мяжу, зрэшты, гэта ж i была мяжа СССР, пра якую я паглядзеў у вялiзным адкрытым лагерным кiнатэатры прыгоднiцкi фiльм...
Артэкаўцы-героi знайшлi на ўзбярэжных скалах шпiёнскi акваланг, высачылi яны i самога шпiёна, i пасля кароткай, але вельмi змястоўнай, бойкi канчаткова перамаглi ворага народу на адным асобна ўзятым кавалку ўзбярэжжа. Пра несапраўднасць падзей у фiльме, дзе артэкаўцам дазвалялася гадзiнамi сядзець у Чорным моры, а начамi бадзяцца каля яго, здагадваўся нават наймалодшы лагернiк з найапошняга атрада. Але паход у кiно запомнiўся мне iншым, перад iм нам выдалi па цёплай куртцы. Дарэчы, калi пасля першай лазнi я выбраў сабе форму адпаведнага памеру, дык заўважыў, што яна вельмi зручная i вельмi моцная, нiхто нiчога не адарваў у ёй, нават пагоны трымалiся мёртва. А што ты думала?! Самы вялiкi, самы-самы ў свеце дзiцячы лагер... Артэк.