Вольга сказала, што ад каньяку мне зробiцца цёпла i лёгка i што яна любiць пiць каньяк з рыльца маленькiх стограмовых бутэлечак, а навучыў яе пiць каньяк Юра Палякоўскi. Я тады толькi здзiвiўся, што выкладчык Палякоўскi навучыў сваю студэнтку пiць з рыльца. Мне сапраўды зрабiлася лёгка, я пацалаваў Вольгу i правёў яе дамоў, а потым доўга стаяў у двары каля трансфарматарнай будкi i глядзеў на яе цёплае акно. Я ж i думаць не думаў, што Юра Палякоўскi будзе працягваць вучыць Вольгу розным дзiўным штукам.
Калi шчыра, дык было нешта неардынарнае ў гэтым Палякоўскiм. Ён быў падобны да невялiкага маладога мядзведзя, асаблiва калi зухавата, па-цыркавому ўскокваў на спартовы ровар i са свiстам вырульваў ад вучэльнi праз арку на праспект. Акрамя гэтага ён любiў Мiкеланджэла, страляў з лука, пiў, як конь, i лiчыўся вельмi перспектыўным маладым талентам. Студэнты паважалi Палякоўскага, бо ў адрозненне ад большасцi глiнамесаў ён ляпiў спартоўцаў, а не герояў грамадзянскай вайны. Можна яшчэ расказаць пра Юру Палякоўскага, толькi я не люблю рабiць нечаканасцi там, дзе не трэба. Таму адразу скажу, што Вольга Пакроўская раскручвала два раманы адначасова. Адзiн са мной, а другi з Палякоўскiм.
Нашто ёй быў патрэбны я, так дагэтуль i не разумею. Тым больш няясна, нашто было мне расказваць усё пра iх адносiны з Юрам?.. Чорт яе ведае. Толькi маё першае каханне супала з першым каханнем Вольгi Пакроўскай да Юры Палякоўскага. Я гадзiнамi гуляў з Вольгаю па мiнскiх парках i выслухоўваў доўгiя споведзi пра тое, што творыцца ў яе на душы, i пра тое, што Юра творыць з яе целам. А пакацiўся ком з гары вельмi проста. Вольга расказала мне пра паштоўку. Аказваецца, Палякоўскi даслаў ёй запрашэнне на свой дзень нараджэння. Вельмi рамантычна, я б нiколi да такога не дапяў, даю слова. Вольга нават паказвала паштоўку. Звычайная — белыя гладыёлусы, i тэкст напiсаны шарыкавай асадкай. Самае звычайнае запрашэнне. Толькi сiтуацыя на днi нараджэння атрымалася незвычайная. Акрамя iмянiннiка i Вольгi на iм нiкога не было. Можаш сабе ўявiць: пустая майстэрня, свечкi, каньяк, цiхi джаз i ён з ёю.
А што са мною было, калi яна расказала? Мне спачатку зрабiлася млосна, а потым я ўвесь стаў, як драўляны. Мы якраз у скверы, каля возера iшлi. Вольга пытаецца ў мяне пра нешта, а я не чую, а калi яна перапытвае, я толькi хiтаю галавою. І тут да яе дайшло. Зразумела мая Вольга Пакроўская, што робiць несусветнае глупства. Ёй раптам таксама зрабiлася не па сабе, i яна пайшла ў возера, як была ў чаравiках, джынсах i сiнiм плашчы, так i зайшла ў ваду. І мяне так моцна пацягнула ў возера, так захацелася зайсцi ў ваду, што i не ведаю, якая моц запынiла мяне, не дала кiнуцца за Вольгаю. У ваду я так i не зайшоў, стаяў на пяску i глядзеў, як прыгожа ляжаць на вадзе фалды яе сiняга плашча. Я думаў, што калi Пакроўская ўтопiцца, дык мне не будзе балюча, я, клянуся Богам, нават хацеў, каб яна пайшла на глыбокае месца i ўтапiлася. Толькi ясней яснага было i тое, што не ўтопiцца мая любая Вольга Пакроўская. І яна сама зразумела, што ў яе нестае сiлы развiтацца з жыццём, i яна абмыла твар халоднай кастрычнiцкай вадою. Як жа ёй цяжка было выйсцi на бераг?! Я i ўявiць не магу. Выйшла. І я моўчкi павёў яе дамоў.
На гэтым бы ўсё i скончылася, бо, як ты сама разумееш, за адным сталом у вучэльнi мы больш не сядзелi. Я перайшоў на апошнi стол, у самы цёмны куток аўдыторыi, i з захапленнем чытаў на занятках белетрызаваныя бiяграфii Гагенаў i Тулуз-Латрэкаў, i мне да чорцiкаў хацелася злётаць у Парыж i пахадзiць па вулiцах, на якiх сканалi ад наркотыкаў Утрыла разам з Мадыльянi. Мяне да глыбiнi душы ўзрушыў той факт, што на пахаванне Мадыльянi прыйшлi ледзь не ўсе парыжскiя прастытуткi. І зусiм не ўзрадавала тое, што на пахаванне Утрыла нiхто не прыйшоў.
Як ты разумееш, маё першае каханне скончылася на возеры. Толькi адносiны з Вольгаю мелi працяг. Яна сама падышла да мяне пасля заняткаў i па-мужчынску прапанавала пагаварыць. Усё ж скульптура — мужчынскi занятак i жанчыны-скульптаркi з цягам часу робяцца падобныя да дзядзькоў. І я не змог адмовiць, я наогул нiчога не сказаў. Яна папрасiла пачакаць яе пасля заняткаў каля дзвярэй вучэльнi.
I я пачакаў, i мы пайшлi праз арку на праспект, а потым па Друкарскай накiравалiся да сквера, дагэтуль не ведаю, як ён завецца. Мы iшлi, i Вольга казала, што любiць мяне, што я ёй вельмi патрэбны, што яна дзеля мяне можа зрабiць усё, а яе адносiны з Юрам Палякоўскiм зусiм iншыя. Яна казала, што ў Юры жонка мяшчанка i ён вырашыў пакiнуць жонку, якая не хоча нават дзiця нарадзiць. І таму яна, Вольга Пакроўская, пашкадавала Юру Палякоўскага. Проста ёй было шкада таленавiтага чалавека, якi з-за iдыёткi жонкi пачаў спiвацца. Вольга гаварыла i гаварыла, а я маўчаў, як рыба, як вады ў рот набраўшы, як нямко. Маўчаў i ўсё.
Спачатку Вольга рабiла перапынкi ў сваiм маналогу, чакала, што я скажу, а я глядзеў на мыскi сваiх чаравiкаў i нiчога не казаў. Я думаў, брыдка ўспамiнаць, але я разважаў... Мне хацелася прапанаваць Вользе сысцi з вулiцы Друкарскай у бярозавы сквер i на зжоўклай траве заняцца тым, чым яна займаецца ў майстэрнi з Юрам.
Я падбiраў словы i не мог падабраць. Такiх слоў я дагэтуль не навучыўся вымаўляць. Можа, iх i гаварыць не трэба? Можа, дастаткова адчуваць? Перад вачыма ўзнiкалi i знiкалi сцэны з распрананнямi, апрананнямi, з рознымi акрабатычнымi позамi, i таму даводзiлася паглядаць на нагавiцы нiжэй, каб, крый Бог, не выдаць сябе. Давялося адганяць эратычныя салодка-прыкрыя думкi, займацца толькi сабою. Ад Вользiных перажыванняў я быў далёка. Так, занятыя кожны сваiмi пачуццямi, мы i дайшлi да яе двара, пасярод якога ляжала здаравенная лужына. Вольга пачала абыходзiць лужыну з аднаго боку, а я з другога. Я дайшоў да паловы бязмежнай бруднай калюгi i раптам павярнуўся i пайшоў з двара. Вольга паклiкала мяне, але я не азiрнуўся i не спынiўся. Нашто? Я пакiдаў назаўсёды сваё першае каханне, калi гаварыць высокiм стылем. Хацелася заплакаць. Мне ўяўлялася, як Вольга зайшла па каленi ў ваду жоўтай лужыны, як яна праводзiць мяне поглядам, поўным слёз. Ну, такое тэлевiзiйнае мроiва: вочы поўныя слёз на ўвесь экран. Пяцьдзесят сантыметраў па дыяганалi. А можа, вочы ў Вольгi былi сухiя i не было нiякiх слёз. Такое цалкам верагодна, бо Вольга Пакроўская праз год змянiла прозвiшча на Палякоўская.
I зробiм выснову: пачуццё шкадавання значна мацнейшае за любоў, а тым больш за каханне. Як i папярэджваў, нiчога цiкавага пра маё першае каханне ты не пачула. Толькi каб гiсторыя мела завершанасць, трэба расказаць яшчэ пра дзве мае сустрэчы з Вольгаю.
Першая адбылася на Новы год. О, як я люблю Новы год! Свята, калi нiхто не кладзе на алтар нiякiх ахвяраў. Такое дзiцячае свята. І ўсе, нават самыя дарослыя, вераць у Дзеда Мароза. А калi хто i не верыць, дык гэта ягоныя праблемы i комплексы. Мне што да iх? Я ж пачынаю святкаваць Новы год з ранiцы. Прачынаюся i iду ў госцi. Мне ўсё роўна, да каго хадзiць, магу на ранiцу перад Новым годам i да цябе прыйсцi. Уяўляеш жарцiк?
А тады я пайшоў да Алеся Ласевiча. А ў Ласевiча быў кепскi настрой. У Алеся сумныя вочы i благi настрой — норма жыцця. Ён жыў у адным пакоi са старэйшай сястрой, рыжай Ленкай. А калi табе семнаццаць, ты спiш на раскладным крэсле ў адным пакоi з сястрою, якой васемнаццаць i якая навешвае на шафы замкi, дык i ў цябе назаўтра ранiцай сапсуецца настрой канчаткова. Асаблiва, калi да сястры пачне хадзiць у госцi маленькi габрэй Уладзя Габляр. І будзе ён прыцягвацца на золку. Я не жартую, бо, калi я прыйшоў, ён ужо сядзеў на Алесевым крэсле i расказваў показкi. У мяне добрая памяць на показкi, але тут я не слухаў, а глядзеў на зубы Уладзi Габляра i думаў, што ў нутрыi такiя самыя рэдкiя зубы, толькi пацукi, наколькi ведаю, не кураць, а Уладзя курыў цыгарэту за цыгарэтай i расказваў показкi пра Абрама, Хаiма i Сару.
Хаiм з жонкаю Сараю ляжаць у ложку i не могуць заснуць, бо Хаiм увесь час варочаецца. “Хаiм, чаго ты не спiш?” — пытаецца ўстрывожаная Сара. “Я Абраму павiнен рубель!” Сара грукнула ў сцяну да суседа Абрама i кажа: “Абрам, гэта праўда, што мой Хаiм табе вiнен рубель?”. “Праўда”, — адгукнуўся з-за сцяны Абрамаў голас. “Дык вось, Абрам, Хаiм не аддасць табе рубель, — гучна сказала Сара i шэптам дадала: — Спi, Xаiм, хай цяпер Абрам не спiць”.
Вось такiя старыя показкi пра каханне расказваў Уладзя. І таму Алесь з радасцю сышоў разам са мною з пракуранага пакойчыка, дзе на шафах засталiся блiшчаць навясныя замкi. Я яшчэ не сказаў: Алесь Ласевiч iграў на гiтары. З гiтарай мы i зайшлi да Вольгi Пакроўскай, якая толькi-толькi збiралася стаць Палякоўскай. Яна, вядома, пералякалася ад такiх гасцей, але нам было ўсё роўна, бо па дарозе мы завiталi ў гастраном i выпiлi ў двары бутэльку вiна з рыльца i без закусi. З чырвонымi навагоднiмi насамi, алейнымi вочкамi i гiтараю мы ўвалiлiся да Вольгi, а ў кватэры поўным ходам iшла падрыхтоўка да свята. Нам налiлi гарэлкi. А мы за гэта спявалi пад гiтару. Сядзелi ў пакоi каля таго самага акна, на якое я не мог наглядзецца, i спявалi, i пiлi гарэлку з крышталёвых чарачак.
Вольга некуды сышла, i Алесь сказаў, што варта было б цiхенька ўцячы. Мы так i зрабiлi, дапiлi гарэлку i сышлi. Мяркую, на нас не пакрыўдзiлiся. І за што крыўдаваць? Я разумею, калi Юра Палякоўскi пакрыўдзiўся i ледзь не прыбiў Валодзю Лазовiка, дык там было за што. Сам Лазовiк гаварыў, што было.
У Лазовiка з Палякоўскай (экс-Пакроўскай) быў флiрт. Не люблю французскага слова, але нешта ў iм ёсцека, нават гiдкую мрою можна за iм прыхаваць. Ну, а раз быў флiрт, дык знайшлiся i сябры ў Юры Палякоўскага i расказалi пра зносiны памiж ягонай жонкаю i керамiстам Лазовiкам. А Валодзя, мiж iншым, хадзiў у першых сябрах Юры Палякоўскага. Такi французскi трохкутнiк выбудаваўся, толькi ў параўнаннi з папярэднiм трохкутнiкам, дзе ўдзельнiчаў я i адпаведна два куты былi вострыя, а адзiн тупы (тупы кут гэта я), у новым трохкутнiку ўсе вуглы былi роўныя. Юра доўга трываў, але не вытрываў i аднаго разу выбухнуў.
Яны пiлi ў майстэрнi ўтраiх: Вольга, Палякоўскi i сябра сям’i Валодзя. Юра перабраў i пачаў дамагацца ў Вольгi прызнанняў у здрадзе. Вольга, як толькi магла, адмаўлялася, але дамаганнi мужа з кожнай чаркай рабiлiся не толькi больш настойлiвыя, але i больш аргументаваныя. А калi Валодзя Лазовiк паспрабаваў быў баранiць сваю каханку ад раз’юшанага законнага мужа, дык пачуў: “Сядзi i маўчы, а вякнеш — заб’ю!”
Хоць Лазовiк i насiў бараду, як Юра Палякоўскi, але важыў ён удвая менш i нiжэйшы быў на паўгалавы. Так што аспрэчваць пагрозу не было нiякае выгоды. Распачынаць бойку таксама не мела сэнсу. І Валодзя разыграў сцэну памiрання ад перапою. Ён упаў тварам на стол i пачаў курчыцца ў сутаргах. Ён качаўся па падлозе, скавытаў, хрыпеў, пускаў слiну i закочваў вочы так, што на твары заставалiся адно вырачаныя бялкi. Ён драў пазногцямi брудныя дошкi падлогi, бiў сябе ў жывот, пускаў фантаны ванiтаў i ў рэшце рэшт так перапалохаў Вольгу з Юрам, што Палякоўскi пабег выклiкаць лекара, а Вольга натуральна рыдала ў кутку.
Сцэна была такая яркая, што Вольга адмовiлася верыць у яе несапраўднасць, i Валодзя Лазовiк пакiнуў сцэну цi, дакладней, майстэрню свайго, цяпер назаўсёды былога, сябра. Так скончыўся флiрт, а мне засталося расказаць пра апошнюю сустрэчу з Вольгай Пакроўскай-Палякоўскай.
Пасля iнцыдэнту ў майстэрнi Вольга доўга, мусiць, з паўгода, не жыла з Палякоўскiм, але час, як любяць казаць баналiсты, загаiў раны. Вольга вярнулася да Юры, пражыла з iм год i нарадзiла дачку. Мае дачыненнi з жанчынамi набылi зусiм iншы кшталт, я ўжо не саромеўся папрасiць або прымусiць каханку стаць у тую пазiцыю, якая б задавальняла не толькi яе, але i мяне. Пра Вольгу я i думаць не думаў, i тут — сустрэча.
Было гадзiн адзiнаццаць ранiцы, той час, калi на вулiцах Мiнска менш за ўсё народу. Я наважыўся перайсцi праз падземны пераход на другi бок праспекта, а з перахода якраз i выходзiла Вольга. Мы змушана павiталiся. Вольга пачала расказваць пра дачку, пра тое, як любiць дачку Юра.
Мне страшэнна хацелася як хутчэй развiтацца, бо нарэшце я ўбачыў, якая ж яна непрыгожая, Вольга Пакроўская: нiзенькая, шырокая ў крыжы, з тоўстымi кароткiмi лыткамi, з круглым, нiбы надзьмутым тварам, на якiм ружавее дробны задраны ўгару нос, а яе касаватыя вочкi зацягнутыя нейкай жаўтаватай мутнасцю. О Божа, i гэтую жанчыну я мог любiць!
Адкрыццё ўласнага асляплення агаломшыла, збянтэжыла, прыбiла. А Вольга спакойна расказвала пра тое, што ў яе быў мастыт, што хiрург жахлiва парэзаў ёй грудзi i што нарадзiць яшчэ адно дзiця яна ўжо нiколi не зможа. Маё ўяўленне намалявала Вользiны парэзаныя грудзi з жахлiвымi кiлоiднымi шнарамi. Нейкая нябачная сiла адштурхнула мяне ад Вольгi, я паспяшаўся развiтацца i сысцi.
Я ж табе казаў, нiчога цiкавага ў маiм першым каханнi так i не адбылося. Нiхто не ўтапiўся i не парэзаў сабе вены.
Сочы. 14. IV. 1992
Артэк
Іранічная аповесьць
Ты пытаешся пра пiянерскi самы вялiкi ў свеце лагер Артэк? Калi ласка...
Пуцёўку ў крымскi летнiк прынёс бацька. Звычайна маiм прыладкаваннем падчас вакацый займалася мацi. Яна працавала ў бiблiятэцы будаўнiчага трэста № 4, а на той час у пралетарскiх канторах канцэнтравалiся выгоды кшталту пуцёвак на спартовыя базы дый турыстычныя цягнiкi. А тут нечакана, як снег на галаву ў чэрвенi: “Адам, ты паедзеш у жнiўнi ў Артэк!”. У падтэксце, пра якi так любiлi разважаць у пачатку 70-х гадоў, чыталася: радуйся, сын, бо мала каму шанцуе адпачыць у найзнакамiцейшым лагеры, куды збiраюцца найлепшыя з найлепшых з усяго зямнога шара. А мая душа мiнскага сямiкласнiка сцялася ад сполаху, бо я ж нiколi не быў найлепшы нават у сваёй вельмi сярэдняй школцы 9, нават у сваiм адным з найгоршых 6-м “В”. Скажу так, я быў хранiчны харашыст, якi мужна змагаўся з тройкамi. А ў Артэку, хто не ведаў, дастойныя з дастойных, разумныя з найразумнейшых, найспрытнейшыя з суперспрытных, нешта накшталт алiмпiйцаў. Менавiта так пiсалася, гаварылася i паказвалася ў газетах i часопiсах, на радыё i ў тэлевiзары. І я не хацеў выглядаць на разумова непаўнавартаснага.
Вось так, у страху i сумневах — ехаць цi не ехаць — прайшлi два месяцы чакання. Спалох мой выпарыўся, нiбыта шаптуха загаварыла, каля змрочнага будынка ЦК ЛКСМБ, як толькi пабачыў тых, з кiм давядзецца разам ехаць на паўвыспу Крым. Звычайныя мiнскiя мамчыны дачушкi i сынкi стаялi з бацькамi, а да iх ног тулiлiся, не раўнуючы сабакi, яркiя валiзкi. Было гадзiн 11 вечара, сцямнела, нас — будучых артэкаўцаў — пашнуравалi па двое i павялi на вакзал. У цемры мы нагадвалi калону палонных.