Я апынуўся ў доўгiм, застаўленым розным ламаччам, камунальным калiдоры. Не затрымлiваючыся, Тося правяла мяне ў свой пакойчык, дзе паўночы пiлася гарбата за круглым сталом i расказвалася пра ўвесь род... Дзе хто? Хто з кiм? Хто каму i нашто?
Цётка Тося жыла адна. Таму яе цiкавiлi чужыя лёсы. Спаць мяне паклалi на вузенькi раскладны фатэль, якi быў знарок куплены для гасцей-сваякоў з Беларусi. Заснуў я пад цiхi голас цёткi Тосi... У нас, на рагу, у хлебнай краме ўзяла сёння два бублiкi, па пятаку. А яны чэрствыя, не ўгрызцi. У мае гады хлеб заўсёды чэрствы. А скарынку я цяпер нажом пачала абразаць. У маладосцi не было нiчога смачнейшага за скарынкi. Пакуль з крамы прынясу бохан, дык аб'ем з абодвух бакоў. Так у Ленiнградзе днi аб'ядаюць ноч, з вечара адкусяць, з ранiцы адкусяць. Вось зараз трэцяя гадзiна, а светла...
Спраўджваць цётчыны словы не было сiлы, я не мог адплюшчыць вачэй. Праспаў я дзесяць гадзiн i не пашкадаваў. А наперадзе мяне чакаў непрыемны iспыт, i адразу скажу: iспыт правалiў, не здаў, зрэшты, i не хацеў здаваць. Ну, чаму я павiнен дагаджаць нейкай з палюбоўнiц Валодзi Бортнiка? Не павiнен! Хто яна такая? Можа, жанчына, пра якую гавораць: прыгажуня — гэта меч, якi падсякае жыццё! Ха! У Янi Бялькевiч караткаватыя ногi, зразумела, не зусiм кароткiя, але вiдавочна непрапарцыянальныя адносна выцягнутага торса. Зрэшты, яе пастава з даўгаватымi, амаль хлапечымi, рукамi, мяне зусiм не раздражняла. Я ж не збiраюся лезцi да яе пад спаднiцу. А вось паводзiны... Ёй увесь час нечага жадалася, i не проста хацелася, ёй карцела. Пра такiх кажуць — iголкi ў дупе. У Бялькевiч, вiдавочна, былi ў клубах даўжэзныя iголкi. Ёй карцела iсцi, бегчы, iмчацца, ляцець. Ёй хацелася: у прыбiральню, у заапарк, есцi, i ўсё адначасна. Калi я цi Бортнiк прапаноўваў iсцi ў Эрмiтаж, Яня загадвала заварочваць у Кунсткамеру. А калi намервалiся папалуднаваць у "Шашлычнай", Бялькевiч зацягнула нас у рэстаран "Паўночнае ззянне". Як жа яна мяне задзяўбла! Мне што, вось Бортнiку...
Яна ўвесь час лазiла рукою да яго ў нагавiцы, мусiць, думала, што нiхто не бачыць. Пра што думае жанчына, калi дакранаецца да мужчынскага стрыжня? Пытанне. Яня лезла да мужчынскага сымбалю i не саромелася, не чырванела. Яе блякла-блакiтныя вочкi прымружвалiся, рот раскрываўся, а на нiжняй губе ўзнiкала маленечкая бурбалка слiны. Яна лопалася з ледзь чутным "пок". І тады расхiналiся веi на пустых, як у нежывой верхаводкi, вачах. Бялькевiч глядзела ў нябачную далячынь жаночага "iнь". Я не вытрымаў, маё трыванне ляснула ў рэстаране "Паўночнае ззянне"... Пакладзi рукi на стол! Мне сорамна, калi каханка цягаюць за чэлес у рэстаране.
Янiны вочы звузiлiся, зрабiлiся шчылiнкамi пакрыўджанай гейшы. Я не стаў чакаць слоў. Праз хвiлю мяне панёс Неўскi праспект. Я зноў вызвалiўся i мог iсцi куды заўгодна, хоць у заасад.
* * *
Дарагi мой Адам!
Нарэшце! Я вытрымала ўсе iспыты, а iх, калi памятаеш, было тры.10 студзеня я скiнула апошнi iспыт. І, уявi сабе, у гэтым годзе атрымала "выдатна" па размоўнай практыцы. А раней вышэй за "добра" не ўзнiмалася. Вядома, адзнакi не азначаюць, што я ўмею правiльна гаварыць i пiсаць па-расейску. Але я вызвалiлася, нарэшце!
Я вельмi стамiлася. Баюся, нервы сталi зусiм слабыя, i на вакацыях змагу толькi чытаць i гуляць. А можа, гэта не самыя горшыя заняткi на свеце?
Вельмi хацелася б наведаць тваю выставу малюнкаў. Ты пiшаш, што выставу зрабiў разам з Бортнiкам. Перадай прывiтанне i вiншаванне. Ягонай дзяўчыне таксама скажы колькi прыемных слоў, можаш пацалаваць яе ў шчаку цi, лепей, у лоб.
Адам, я захварэла: мне не спiцца, не есца i нават не чытаецца i не гуляецца, а ўсё з-за былога кахання.
Новы год я сустракала з сябрамi. На жаль, той хлопец, якога я любiла, быў з намi. Памятаеш, я расказвала пра яго ў Ленiнградзе i паказвала маленькае чорна-белае фота. Я ўсё яшчэ люблю, i, разам з гэтым, не магу выносiць ягоную прысутнасць больш за хвiлiну. Люблю, кахаю толькi тады, калi яго няма побач. Наогул, я вынайшла сумную дэфiнiцыю... Каханне iснуе толькi ва ўяўленнi. А як толькi вобраз матэрыялiзуецца, адразу ж робяцца вiдавочнымi ўсе несупадзеннi з iдэальнымi, уяўнымi абрысамi твайго абраннiка. Як непрыгожа i непрыемна...
Мы нервавалiся. Мусiць, я зруйнавала ягонае каханне, так, як i ён маё. Мы сварылiся. Спрабавалi мiрыцца. Адносiны зрабiлiся мутныя i загуслыя, як кiсель.
Маркотна. Не ведаю, цi разумееш мяне. Ёсць людзi, якiя не могуць быць разам, але i адно без аднаго таксама не вытрымлiваюць.
Больш як паўгода мы не бачылiся. Але навагодняя сустрэча ўвобмiльг уваскрасiла ўзаемаадносiны. Мiнула чатырнаццаць дзён, а я ўсё пад уражаннямi ад сустрэчы.
Наваколле няяснае, будучынi няма. Нават не ведаю, цi варта жыць, каб пакутаваць. Прабач. Пра такiя рэчы нельга пiсаць, нельга гаварыць нават з сябрамi. Але ўсе навокал бачаць, што адбываецца, таму ў прыхоўваннi пачуццяў не бачу сэнсу.
Спадзяюся, што маё ператамленне неўзабаве вылекуецца свежым паветрам Татахозы.
Мне было прыемна атрымаць твой лiст у цяжкi для мяне дзень.
Твая Агi.
Сегед. 1977. Студзень. 11.
* * *
Касы ў Рускiм музеi зачыняюцца за дзве гадзiны да закрыцця залаў. Давялося паказваць кантралёрцы сваё пасведчанне з мастацкай вучэльнi i тлумачыць, што мiнскiя студэнты нiчым не горшыя за пецярбургскiх. Кантралёрка — тоўстая карантышка з тварам нявыспанага мiлiцыянта — не паверыла мне, але прапусцiла. Я бадзяўся па апусцелым музеi, цешыўся свабодай. Атрымаць асалоду ад жывапiсу тым разам не змог, бо занадта моцна перажываў скандал у рэстаране.
Мяне крыху супакоiла музейнае асяроддзе: святло, паветра, мармур, залацiстасць i мацiцовасць, аксамiт i ядваб. У такiх iнтэр'ерах выдатна глядзеўся б французскi класiцыст Жан Агюст Дамiнiк Энгр, а не самадзейныя мастакi накшталт Венецыянава; зрэшты, прозвiшча апошняга таксама адпавядала велiчы палаца. А вось крываногая экскурсаводка на абцасах-шпiльках зусiм не ўпiсвалася ў iнтэр'ер, як i купка апранутых па-пляжнаму дзяўчат. Такой стракатай кампанii самае месца ў заапарку назiраць кармленне гiпапатамаў, а яны паказвалi пальцамi на рачны краявiд з рыбкамi i смяялiся. Крываногая пiгалiца пагойдвалася назад i ўперад на высозных шпiльках i нешта мармытала на незразумелай мове. І тут я ўбачыў яе. Профiль. Тонкi, выразны вялiкi нос. Люблю, калi ў жанчыны ёсць нос, а не ружовы гузiк з дзiрачкамi для ўцягвання паветра. Ломка- акрэсленыя вусны. Поўная адсутнасць скулак. У мяне ж на твары сядзела гнюсная фiялетавая нарыўная з зеленкаватай галоўкаю, якую я кратаў, пагладжваў, казытаў.
У свае дзевятнаццаць я быў крыху замаруджаны ў развiццi, мяне вельмi раздражнялi скулкi як на ўласным целе, так i на чужым, асаблiва дзявочым. I, мусiць, таму, каб суцешыць такiх, як я, кажуць: калi на носе вылазiць фурункул, значыць, нехта закахаўся ў цябе. На носе ў мяне якраз скулы не было, яна, вялiкая, як божая кароўка, сядзела на скронi, i я старанна прыкрываў яе доўгiмi кудзерамi. Але, пабачыўшы прыгожую дзеўку, я думаў зусiм не пра нарыў... Як падысцi, што сказаць? Цi зразумее па-расейску? Выйсце знайшлося найпрасцейшае: дастаў з кiшэнi нататнiк i пачаў маляваць яе профiль, мне здавалася — раманскi. А яна, заўважыўшы i адчуўшы мой неспакой, пачала ўцякаць. Свядома цi несвядома, а мая натуршчыца ўсё ж апынулася ў тупiку, у зале сэцэсiянераў.
Дзяўчына разглядала маленечкую зашклёную гуаш Бенуа "Вайсковы парад зiмою", калi я наважыўся падысцi i запытацца, цi разумее яна расейскую мову, i пачуў радаснае... Разумею, але кепска! Усе дыялогi з венгеркай Агi, а яна якраз венгерка i Агата — Агi, я, з тваёй згоды, перакажу, а яе лiсты падам у адвольным перакладзе. Мне абрыдлi макаранiчныя аповеды невыкшталцоных шрайбiкусаў. А тады я прызнаўся, што таксама не вельмi добра размаўляю па-расейску. І мне заняло. Мяне запынiла на словах "хацеў бы". Я выдатна ведаў i разумеў, чаго жадаў, нават мог бы зрабiць гэта ў музеi расейскага мастацтва, неадкладна, на вачах у гарбаценькай наглядальнiцы, што нахабна i зайздросна паглядала ў наш бок. Трэба цi не трэба, але сабе я зазначыў: карлiца вельмi жывапiсна глядзелася на крэсле з высокай спiнкай — iмправiзацыя ў стылi Анры Дарэна.
Замест просценькiх слоў пра знаёмства, мой розум поўнiўся нейкiмi абракадабрамi... Кароль — гэта карлiк сярод багоў. Побач з карлiцаю я цудоўна выглядаў бы ў вясельным строi. І яна, карлiца, выдатна глядзелася б у белым вэлюме. На якое iмгненне я ўявiў сябе i гарбаценькую наглядальнiцу на месцы жанiха i нявесты, што выходзiлi з вiленскага баракальнага сабора Пятра i Паўла. Нешта гнюснае, кiношнае, фелiнеўскае было ў выхадзе маладых на цвiнтар, запоўнены мужчынамi ў цылiндрах i жанчынамi ў ядвабных сукенках. Маё ж сапраўднае джутавае ўбранне нiяк не стасавалася анi з вяселлем, анi з каралямi i карлiкамi. У дадатак на мне не было нi плавак, нi майткаў: хiповая мода 70-х. Я яшчэ пашкадую, што не апрануў плаўкi, але пазней.
У музеi я здолеў выцiснуць са скутага горла куртатае i заiкастае запрашэнне ў кавярню. Пашанцавала — Агi прыняла прапанову. Мы выйшлi на палацавы ганак Рускага музея i папалi ў залеву. Я не настолькi добра ведаў Ленiнград, каб адразу ж знайсцi кавярню. Мокрыя ўшчэнт, мы нарэшце апынулiся ў задушным, бiтма напакаваным бары. Я ўжо ведаў: спадарожнiцу можна называць менавiта Агi, яна з Венгрыi, вывучае расейскую i ангельскую мовы ва унiверсiтэце, больш як месяц яна пражыла ў Ленiнградзе i праз тыдзень збiраецца вярнуцца дамоў.
Не так i мала за паўгадзiны размовы на каструбаватай расейскай мове, якую добра-такi прыпраўлялi беларускi i венгерскi акцэнты. Пра сябе я таксама тое-сёе выклаў. Толькi адразу скажу: я не з тых, хто любiць падмазваць аўтапартрэт ярчэйшымi фарбамi, мяне цалкам задавальняе сапраўднае аблiчча. Да прыкладу, я маладзейшы на два гады за Агi, ёй — 21, а мне — 19. І што? Гэта ж не перашкодзiла ў бары замовiць пляшку сухога вiна i салату "Алiўе". Праўда, сiвая афiцыянтка насварылася на нас, але не з-за рознiцы ва ўзросце. Агi дастала грабеньчык i, паправiўшы сваю фрызуру, пачала расчэсваць мае доўгiя, па плечы, непаслухмяныя лахманы. За першым iнтымным заняткам i заспела нас сiвая Баба-Яга:
— Што вы мне тут свае вошы на стол вычэсваеце?!
Я злавiў Агiну руку з грабеньчыкам i моцна сцiснуў тонкае запясце. Не ведаю, што падумала венгерка, але нi яна, нi я Бабе-Язе не адказалi.