У дзяцiнстве я прачынаўся рэзка, лёгка i з добрым настроем. У Амстэрдаме я проста выскокваў са сноў, i бег прымаць душ, i шпурляў на падлогу ручнiк, i галiўся, i распырскваў адэкалон "Кальвiн Кляiн", i спускаўся на лiфце з люстранымi сценамi ў рэстаран з дзесяцiметровай столлю. Такая высозная столь проста здзiўляе ў лялечнай Галандыi, дзе ўсё вымяраецца прапорцыямi буфета. Толькi да большай прасторы прывыкаеш хутчэй, чым да каменнага меха. А сплеценыя з лазы крэслы нагадваюць пра хатнюю варэльную ўтульнасць. І ты можаш хадзiць па шахматнай падлозе, як кароль, i прыносiць на свой стол любую з трохсот трыццацi трох страў. Асабiста я снедаў наступным чынам... Аўсяныя муслi з вяршкамi елiся пасля салаты са свежае гароднiны, розныя агуркi, памiдоры, крышку цыбулi, зусiм крышку, каб не пахнуць. Цыбуля вельмi добра дапаўняла смажаны бекон з амлетам. Да бекону варта дадаваць скрылiк лiмона, выцiснуць дзве-тры кроплi на ружаватае, крышку падсушанае мяса. Я ж не француз, каб запiваць сняданак шампанскiм, таму налiвалiся семдзесят грамаў грэйпфрутавага соку. Мне падабалiся стограмовыя гладкасценныя шкляначкi для соку. Выпiў i налiў яшчэ. Бекон у галандцаў чарстваваты, перасушаны, занадта хрусткi, а таму пiўся грэйпфрутавы сок, а не апельсiнавы, таму i кропля лiмоннае кiслаты не зашкодзiць страўленню, i цыбуля, i гурок. Пасля бекону добра пакаштаваць якую-небудзь грунтоўную салату, лепей мясную цi курыную, тунца цi iншую рыбу лепш не чапаць. Рыба кепска паводзiць сябе ў малацэ. Калi ўзяў крабавыя палачкi, дык забудзься пра вяршкi з муслямi. Ранiцай я рыбу не ем. Рыба не любiць вяршкi. А я люблю. Яшчэ дыня вяршкi не любiць. Толькi амстэрдамскае дынi я не бачыў. І таму мой страўнiк пазбегнуў спакусы. Я шкадую страўнiк. Раней не шкадаваў, а цяпер шкадую, i каву п'ю толькi на працы.
У Амстэрдаме чорная моцная кава была без патрэбы. І я пiў крыштальна-бурштынавую гарбату i еў кiвi. Я вельмi зграбна магу абабраць кiвi. Беларус добра абiрае кiвi. Кожны беларус з дзяцiнства прывучаны абiраць бульбу, гэта нацыянальнае, гэта ў крывi, гэта вышэй за асобу. А таму нават тупаватым нажом я зграбна зрэжу варсiстую скурку. Галандцы таксама спрытна распраўляюцца з кiвi. У iх таксама абiранне бульбы — старажытны нацыянальны спорт. I менавiта ў Амстэрдаме вiсiць самая беларуская з усiх сусветных карцiн "Едакi бульбы" Вiнцэнта Станiслававiча Іван Гога. Такая цёмная-цёмная- цёмная карцiна. Такая смачная-смачная-смачная пара сыходзiць ад сопкай бульбы. Што можа быць смачнейшае за добра звараную, пасоленую шчопцямi бульбiну? Ну хiба што смарагдавы скрылiк кiвi з срэбнага двухдзюбага вiдэльца. Дэсерт заўсёды выклiкаў у маёй душы хвалю лагоды. Пасля снядання чалавек дабрэйшы ўтрая.
Выгляд старых расеек, што панабiралi па тры бананы кожная, мяне пасля снядання не раздражняе. Наогул, расейцы ў Амстэрдаме — гэта букет сюрпрызаў. Расейцаў, савецiка, русаў, рускiх вiдаць здалёк. І не скажу, што вельмi прыемна з iмi сустракацца. Не ведаю, як iм са мною, а мне не ў кайф. Ну хто гэта на сняданак з трохсот трыццацi трох страў выбера тры бананы? Толькi руская жанчына, яе подзвiг можа паўтарыць украiнка. Беларуска не зможа, два бананы яшчэ сяк-так з'есць, а трэцi не агорае. А расейкi лёгка з'елi па тры. І ў "Квартале чырвоных лiхтароў" гэтыя дзве кабеты ў андатравых мужчынскiх шапках-вушанках мяне вельмi здзiвiлi. Яны хадзiлi ўздоўж вiтрын з прастытуткамi i гучна абуралiся праявамi тамтэйшай этыкi. Яны шпацыравалi i голасна перагаворвалiся, а за iмi цягнуўся шлейф дурнога водару. Ад iх патыхала танным смярдзючым мацаваным вiнцом. Дзе яны знайшлi пладова-ягаднае вiно ў Нiдэрландах? Таямнiца. Ну хiба з сабою прытарабанiлi з роднай тартаранii. Прыцягнулi, нажлукцiлiся i насмярдзелi на ўвесь Амстэрдам, на ўсю Галандыю, на ўсе Нiдэрланды надыхалi перагарам, як цмокi Гарынавiчы. Толькi рускiя могуць напусцiць такога духу. Толькi рускi можа выйсцi ад прастытуткi, а потым вярнуцца i моцна ўзасос пацалавацца, i толькi пасля, адмiлаваўшыся, пусцiць слязу i зашпiлiць порткi. Ды Бог з ёй, з незашпiленай прарэхаю, абы чалавек быў добры. А рускi трапiўся добры. Ён пачуў наш смех i не пакрыўдзiўся. Ён падышоў i сказаў майму брату Мiраславу: "Рэкамендую! Выдатная цётка! Проста клас!" А потым павярнуўся да прастытуткi i паабяцаў, што абавязкова заўтра зойдзе. А як толькi дзявуля прычынiла празрыстыя дзверы, сказаў, што буйныя грошы лепей прасталыткам не паказваць, а даваць драбязу i за кожную дадатковую паслугу накiдваць асобна. Рускi раптам плаксiва скрывiўся i паскардзiўся: "На гэтую суку сплыло сто гульдэнаў!" А за сотню ён намерваўся "атадраць" як мiнiмум дзвюх дзевак. Вось такiя добрыя парады даў нам рускамоўны дарадца. Зрэшты, гэта не самае кепскае, што ён мог зрабiць. Мог пайсцi наймiтам у войска i знiшчаць каўказцаў, а ён цiха-мiрна трахаўся з белатварай дзяўчынай. Ён мог бы на сто гульдэнаў накупляць патронаў i паслаць iх у горную Ічкерыю. Мог да сотнi гульдэнаў дакласцi яшчэ сотню i набыць агнястрэльную зброю, выправiцца ў Грозны i не пабаяцца, што на аднаго забiтага чэчэнскага баевiка прыпадае сотня забiтых рускiх салдацiкаў. Але ён так не зрабiў. Ён адно паабяцаў, што заўтра зноўку прыйдзе маркiтавацца. І я яму веру. Бо рускiх у "Квартале чырвоных лiхтароў" бадзяецца шмат. Таму запрашальнiк са стрып-бара, пабачыўшы славянiна, радуецца i крычыць: "Рускi! Епля! Перэстройка! Горпочофф! Хашыш! Кайф!" I ты праходзiш паўз запрашальнiка i цiха гаворыш: "Рускi, рускi!"
Ты iдзеш у чорную ноч Амстэрдама, ты крочыш насустрач невядомым кайфам, i табе да лiхтара, да чырвонага лiхтара, усе расавыя i нацыянальныя канфлiкты. Ты больш не хочаш ведаць нi пра землятрус у Японii, нi пра вайну iндзейцаў за незалежнасць у Мексiцы, нi пра эпiдэмiю пранцаў у сталiцы роднай Рэспублiкi Беларусь. Ты плывеш насустрач жаночай прывабнасцi. І ўспамiнаеш чарнаскурую жанчыну ў высокiх ботах. І хочацца кантрасту, жадаецца змены ўсiх каштоўнасцей на сто адзiн працэнт. Трэба шукаць белую жанчыну. І жаданае знайшлося хутка. Высокi рост. Белыя валасы. Напампаваныя сiлiконам цыцкi. Шырокi крыж. Крутыя клубы. Праўда, кошт запрошваўся адпаведны — шэсцьдзесят гульдэнаў. За выкананне жаданняў неабходна трэсцi машною. І я заплацiў у вялiкiм дагледжаным пакоi, якi, у адрозненне ад мурынскiх апартаментаў, не нагадваў ветэрынарню. Шырокi ложак пакрывала па-афрыканску яркая посцiлка. Яе геаметрычным арнаментам можна было палюбавацца ў цёмна-сiнiм люстэрку. Сваю скураную куртку я акуратна развесiў на плечыках. У таемнай кiшэнi маёй iтальянскай зiмовай марынаркi ляжаў куплены за паўтары тысячы гульдэнаў залаты гузiк з дыяментам. І хоць кiшэня была прыхаваная i зашпiльвалася на металёвую маланку, усё адно ледзяны скразнячок сполаху прайшоўся ўздоўж хрыбетнiка.
"Хо-о-оладна! Быр-р-р!" Напудраны нос наблiзiўся да мяне i чыркануў па шчацэ. Я панакiдаў апранахi на куртку, нiбыта гэта выратоўвала каштоўны гузiк. Якога чорта не пакiнуў камень у гатэлi? Чаму я не аддаў дыямент брату, якi пацягнуўся ў шматпавярховую краму выбiраць сабе ў падарунак чарговую кашулю? Становiшча малапрыемнае. Выйсце напрошвалася само сабою — хуценька зраблю запланаванае i зноў надзену марынарку. Чамусьцi такiя паводзiны здалiся найразумнейшымi.
Я лёг на посцiлку з афрыканскiмi малюнкамi. Лёг на спiну. Зрабiў так, каб не засталося варыянтаў, акрамя пазiцыi "конна". Сапраўды, за выплачаныя гульдэны можна крышку i разнастаiць пачатак.
Кандом шчыльна абхапiў чэлес. У Амстэрдаме ўвесь час мне траплялiся прэзерватывы малых памераў. Зрэшты, не такiх малых, каб стварыць вялiкiя праблемы. Проста я не вельмi люблю секс праз гумку, але з прастытуткай раманiцца без кандома — тое самае, што адпачываць у халерным бараку. Наступствы непрадказальныя. Таму гумовыя сродкi перасцярогi ўплываюць толькi на даўжыню акта, без кандома фiнал значна блiжэйшы да пачатку.
Ёсць у мяне яшчэ адно сексуальнае захапленне: люблю хутка мяняць пазiцыi. Але, не ведаючы нiдэрландскай мовы, рабiць гэта было складана. Толькi, памятаеш, жэст быў раней за слова? I спачатку было не Божае слова Бог. Спачатку быў Жэст. І Жэст быў у Бога. І Бог быў Жэстам. А потым — было слова, i далей па тэксту...
Абыходзячыся без слоў, я гуляў з чужым целам, нiбыта з лялькаю, i, мяняючы пазiцыю, натрапiў рукою на чэлес. Я намацаў пенiс, i нiчога дзiўнага ў гэтым не было. Я зусiм не здзiвiўся, пакуль не ўсвядомiў, што сцiскаю ў руцэ чужы мужчынскi палавы орган. Знайшоў тое, чаго не шукаў. Атрымаў бясплатны дадатак да аплачанага дзеяння. Сюрпрыз. Сюр-прыз. Прыз сюррэалiстычны. Надрэальны твор. Агаламшальная рэч. Узрушанасць. Выбух пачуццяў.
Вось ён — гермафрадыт, сiмвал i ўвасабленне Еўропы, яе культуры, яе цывiлiзаванасцi, пачуццёвасцi i рацыянальнага канструявання. Невялiкi, ледзь узбуджаны чэлес у маёй скамянелай руцэ. Свет перакулiўся, нiбыта лебедзь у люстраной вадзе. Так перакульваецца свядомасць, трапляючы са свету рэлiгii ў свет эротыкi. Толькi вяртанне ў зыходны стан вельмi хуткае. Чырвоныя лiхтары адбiваюцца i множацца ў нафтавым тлушчы амстэрдамскiх каналаў. Вечнасць нязменная.
Я прымусiў сябе ўявiць: у маёй руцэ зацiснуты мой чэлес. Маленькi юначы стручок, якi я насiў дваццаць пяць гадоў назад. Нiчога страшнага не адбываецца.
Гермафрадыт вельмi спрытна крутнуў клубамi. Маленькi пенiс выслiзнуў з няспрытнай рукi, а мой чэлес застаўся ў гермафрадыце. Варта захапляцца эратычным майстэрствам Еўропы. Варта вучыцца сексуальнай разняволенасцi.
Вялiкi жоўты Кiтай падзялiў свет на "iнь" i "ян", драбок "iнь" увайшоў у цела "ян", а кропля "ян" не размылася ў "iнь". Еўропа раструшчыла ўсе кантрасты, зруйнавала ўсе аўтарытэты з аўтарытарызмамi. На еўрапейскай канапе паўляжыць самавiты гермафрадыт. Ён усмiхаецца i напудраным носам кранае мочку твайго чырвонага вуха. Ён прапануе каханне, а ў цябе не хопiць сiлы адмовiцца.
Гермафрадыт, вядома, не краў мой залаты дыяментавы гузiк.
Я выйшаў у дождж з рашэннем нiкому нiколi не расказваць пра здарэнне. Ідучы ўздоўж канала, я задумаў апiсаць кароткi раман з гермафрадытам. Мне рупiла напiсаць пра здзiўленне, пра экзатычны секс, а не пра смаленне вепрука ў чужой бацькаўшчыне.
Вось так у маленькi чырвоны нататнiк запiсалася наступнае... Дыямент, набыты ў Амстэрдаме, не выклiкае сумневу.
Схаваўшы нататнiк, я пайшоў, знайшоў брата, якi набыў чарговую кашулю. У кожнага свае прыбамбасы: адзiн купляе пяцьдзесят тры пары лакiраваных чаравiкаў, а другi ва ўсе свае нагавiцы i кашулi прышывае аднолькавыя гузiкi. Кожны забаўляецца, як можа. Брат любiць кашулi недарагiя, шаранькiя, у дробны малюнак, свабодныя i няношаныя. Каб у яго было шмат-шмат гульдэнаў, ён бы праз кожныя паўгадзiны надзяваў новую кашулю. А так ён купляе кашулю толькi раз на два тыднi.
З ненадзяванай кашуляю ў кардоннай каробцы мы зайшлi ў iтальянскi рэстаранчык, маленечкую пiцэрыю. Але печка там стаяла сапраўдная, белая i вялiкая. Я любаваўся печкаю i думаў пра белавалосага гермафрадыта з маленькiм дзiцячым чэлесам. Я думаў пра ягонае дзiўна сканструяванае прыродаю цела. А брат Мiраслаў тым часам замаўляў вячэру. Сабе ён папрасiў бутэльку чырвонага. Вiно прынеслi хутка, i брат пiў. А я ўсё не мог не думаць пра Еўропу i яе чароўнага прадстаўнiка з раёна эратычных лiхтароў. Пiцу я з'еў без апетыту, без вiна, без увагi, абыякава парэзаў нажом i вiдэльцам перанёс з талеркi ў рот. Зжаваў i не заўважыў, i ўздыхнуў з палёгкай. А брат сказаў, што яшчэ будуць грыбы. Ну i выдатна, маленечкi гаршчэчак з грыбамi — вельмi па-галандску, вельмi апетытна. Толькi ў Шларафii, краiне, дзе ўсё для ўсiх было, ёсць i будзе, атрымалася не так. Брат замовiў грыбы, а iх падалi разам з вялiзным смажаным кавалкам мяса i залацiстай гурбай бульбы фры. Брат замовiў яшчэ вiна i з'еў наступную другую страву. І я з'еў мяса з грыбамi, бульбу не змог. Мне заўсёды сорамна робiцца за пераяданне. Дарослы чалавек, не пiў, не курыў i... аб'еўся. Прыкра, ну крыўдна, ну млосна, але два пальцы ў рот я не засунуў i не званiтаваў грыбамi. Я азлiўся на сябе i расказаў брату пра гермафрадыта. А ён не паверыў. Мне мой брат Мiраслаў не паверыў. Гэта ж трэба! Каб у мяне быў старэйшы брат i ён расказаў пра гермафрадыта, я б адразу паверыў. Але ў мяне толькi малодшы брат. І я на яго пакрыўдзiўся. Я не стаў настойваць, маўляў — пайшлi, пакажу, пераканаешся. Экзотыка не загана i не вычварэнне. Кожны зарабляе, як хоча. Я пакрыўдзiўся цiха, надзьмуўся, нашаторыўся, зацяўся i схаваў крыўду ў далёкую патаемную кiшэню, туды — да залатога гузiка з дыяментам.
Пра крыўду можаш спытацца ў брата. Але, я цябе прашу, не хадзi ў бiблiятэку да нашай мамы i не распытвай пра Амстэрдам. Яна ў Галандыi нiколi не была.
Я вярнуўся ў гатэль, лёг i глядзеў дваццаты тэлеканал, па якiм круглыя суткi круцяцца парнасюжэты. Усе пары, тройкi, чацвёркi i гурты маркiтавалiся чамусьцi пад дзяржаўнымi сцягамi. Парнапатрыятызм! Я так вызначыў гэты накiрунак у тэлемастацтве. Наглядзеўшыся да чорцiкаў уваччу, я пастаяў пад душам i вырашыў зноўку прайсцiся па сексуальным квартале. Дыямент я выклаў з патаемнай кiшэнi i дэманстратыўна паклаў на шкляны стол. Хай крадуць — такi быў настрой, — хай задушацца сваiмi каштоўнымi камянямi. А я нарадзiўся дзеля лёгкага шпацыру, дзеля зiхцення i лiючасцi. Я не збiраюся быць ахвяраю, я не намерваюся рабiцца героем, паэтам, мастаком, беларусам, мiнаком, клiентам, рызыкантам. Я — праява часу. Чалавек — праява часу. Не жыццё вымяраецца часам, а час вымяраецца чалавечымi жыццямi, пакаленнямi, плямёнамi, народамi, нацыямi, культурамi, цывiлiзацыямi i далей па тэксце... Час не памераеш забойствамi, смярцямi i войнамi. Усё, вядома, руйнуецца, рухаецца, цячэ, змяняецца, i нельга два разы ўвайсцi ў адзiн i той самы амстэрдамскi канал. А ў адзiн i той самы квартал зайсцi лёгка.
Тры гадзiны назад у вузкай вiтрыне сябе прапаноўваў гермафрадыт, а цяпер ягонае пачэснае месца займае маленькая азiятка ў жоўтым станiку. Яе востры язык дакранаецца да кончыка ўласнага, пляскатага, малайзiйскага носа. Такi доўгi-доўгi язык. Азiятка паказвае язык, зубы i маленькую цыцку. Яе складзеная чаўночкам далонь запрашальна чэрпае паветра, перанасычанае водарам сексуальнасцi. І трэба было пайсцi да маленькай прадстаўнiцы вялiкай залатой расы, прадстаўнiцы магутнай сонечнай iмперыi драконаў i ядомых чарвякоў. Варта было паспытаць гладка выгаленую похву, паказаную мне толькi на iмгненне. Але я прайшоў мiма. Каб я ўбачыў у знаёмай вiтрыне паўмужчынажанчыну, дык, можа, i трахнуўся б. А кiтаянка праляцела, не атрымала ад мяне нi цэнта. Калi першы прэзiдэнт Беларусi лiчыць Пекiн вялiкай вёскай, дык i мне не след квапiцца на першую кiтайскую похву, нават калi яе чысцютка пагалiлi.
Усё цячэ i мяняецца, асаблiва хутка змяняецца настрой. Быў кепскi, а стаў добры i вясёлы. І я засунуў рукi ў кiшэнi, усiм усмiхаюся, падмiргваю, паказваю язык, фiгi i сярэднi палец правай рукi. "Дзявулi, няма праблемаў!" Мяне не раздражняе лiпучае прыставанне гандляроў какаiнам, мяне забаўляе настойлiвасць вулiчных п'яных прастытутак. Я гуляю па казачным горадзе, i ў мяне адпаведна чарадзейны настрой. Так бывае. З лёгкiм сэрцам прынялася прапанова зайсцi пад чырвоны лiхтар. І я радаваўся, калi меў трэцюю мурынку, i думаў пра неаспрэчную наяўнасць кандома на ўласным чэлесе.
Гумовыя кантрацэптывы — найвялiкшае вынаходнiцтва чалавека. Варта адшукаць у аналах гiсторыi вынаходнiка кандомаў i напiсаць пра яго кнiгу пад кiчовым загалоўкам "Вялiкi вынаходнiк з планеты Секс". І трэба вылепiць, сканструяваць гэтага мудрага вынаходнiка з воску i пластыку для музея спадарынi Цюсо. Я нават уявiў, як ляплю партрэт.
Стогны нанятай жанчыны разбурылi мае скульптурныя эцюды, бо пальцы занадта моцна сцiснулi смуглявыя клубы.
Свежае паветра было жаданае, як заўсёды.
Прызнаюся шчыра: было сумна развiтвацца з амстэрдамскiм паветрам.
Седзячы на пластыкавым крэсле ў аэрапорце, я нудзiўся i пазiраў на акуратны зялёны пакунак, што стаяў пад суседнiм крэслам. Пакунак быў невялiкi, але i немалы — дзве пляшкi вiскi грамаў па семсот маглi змясцiцца ў гэткiм аб'ёме, а магла быць... Але ж я не ў Маскве, я ў Нiдэрландах. Сяджу, сумую i паглядаю на чортаў пакет. Нуджуся i нiкога не чапаю, а мог бы чапаць, дарэчы. Вядома, мог бы, каб не палiцыя. Да мяне падышоў палiцыянт у блакiтнай кашулi з чорнымi пагонамi. Ён задаў пытанне на чыстай нiдэрландскай мове. Ён спытаўся i пальцам паказаў на пакет. А я паказаў на пакунак i заматляў галавою — не разумею. Дзiўна — палiцыянт зусiм не пакрыўдзiўся. Ён толькi цiхенька нагаварыў нешта ў рацыю на сваёй роднай, палiцыянцкай мове. Вакол мяне вырасла яшчэ двое служыцеляў парадку. Яны пачалi хадзiць i поўзаць вакол пакунка, быццам бы ў iм бомба, а не алкаголь, як я маракаваў. Вось табе, Адам Глобус, i Амстэрдам, зараз раздзярэ цябе выбухам на шматкi, i, акрамя выразнага радка ў некралогу "Загiнуў у Амстэрдаме", нiчога добрага не будзе. Вось яна, звярыная пыса тэрору. Адна справа змагацца за незалежнасць уласнай Радзiмы i зусiм iншая — загiнуць ад бомбы ў якасцi ахвяры дзеля статыстыкi. Ну чаму я мушу гiнуць? Чаму мяне павiнна раскiдаць у розныя бакi, i не ў выглядзе лiтаратурных твораў, а ў форме костак, мяса i храсткоў? Няўжо нельга было падсунуць бомбу пад iншае крэсла i знiшчыць не славянскага пiсьменнiка з касмапалiтычным псеўданiмам, а якога габрэя з славянскiм прозвiшчам, цi якога кiтайца, цi мурына. Адным словам, усё роўна каго, абы толькi не мяне. Бамбiзм — выдатны занятак, калi асабiста цябе не датычыцца. А то раз, i цябе няма. Раз, i ўспышка на тэлеэкране, паведамленне па радыё i расплыванне ў вечнасцi. А яна такая халодная, такая бясконцая. А я маю форму i хачу пакуль што яе захаваць. "Бог мой, пачуй атэiста! Пачуй, даруй i ператвары бомбу ў кнiгу". Такая магла б скласцiся малiтва. Толькi я не стаў турбаваць Бога з-за нейкай там асабiстай драбязы. Я мужна думаў пра вечнасць i бясконцасць. Моўчкi я сачыў, як палiцыянт акуратна падымае пакунак i зносiць з маiх вачэй. Паведамленне ў газеце пра бомбу калi i выйдзе, дык без майго прозвiшча. Я не сумую i не шкадую, што не застаўся назаўсёды ў Амстэрдаме, горадзе найсвятлейшых дыяментаў i найчысцейшых вокнаў.
За некаторымi з амстэрдамскiх вокнаў ты мог бы пабачыць у свой час i мяне, апранутага ва ўсё чорнае. Верыш, залаты гузiк маёй шаўковай кашулi зiхцеў дыяментам. І гэта не жарт. Вер мне, як маленькi хлопчык у аэрапорце паверыў у Дзеда Мароза. Хлопчык паказаў пальцам на пераапранутага артыста i сур'ёзна сказаў: "Мама, паглядзi на жывога Дзеда Мароза!"
„Дарагі мой сябра Адам”