Люся выходзіць з доміка ці то на стрыманы покліч нашай машыны, ці то заўважыўшы яе цераз акно яшчэ да сігналу. У накінутай сцёганцы, у белай хусціне, з прыветлівай усмешкай. Вясёлая i працавітая. Гэтага мала. Такія ўжо бывалі. Таксама, як яе жыллё — ужо не хата з лучынай, a спраўны, пафарбаваны охрай домік пад шыферным дахам, з тэлеантэнай над ім, з электрычнасцю i газам на службе ў гаспадыні,— таксама i гападынька — не проста ласкавая, спраўная маладзіца, а загадчыца фермы i студэнтка-завочніца.
Пакуль яны вядуць сваю будзённую, дзелавую гутарку, я любуюся Люсяй i ўспамінаю дзве старонкі яе біяграфіі. Выпускны вечар у дзесяцігодцы, «блакітны вальс», калі бойкая выпускніца асмелілася i вывела на круг самога старшыню, такога культурнага, толькі што з раёна. А пасля гутаркі з ім задумалася дзяўчо, ці не застацца ёй i сапраўды ў сваёй вёсцы цялятніцай. I гора маладзенькай цялятніцы ўспомнілася. Як адна з яе падласак па звычаю лясных кароў уцякла ў гушчар — цяліцца. Трое сутак шукала яе Люся. Спачатку проста хадзіла па лесе, гукала ды плакала, а потым здагадалася i пачала чакаць карову каля вадапою, лясное рачулкі. I дачакалася. Ужо з цяляткам.
Я непрыкметна, здаецца мне, назіраю за тым, якімі добрымі вачыма гэты пажылы, бывалы мужчына, цяжка паранены франтавік глядзіць на маладую, здаровую, вясёлую, амаль красуню, i ўспамінаю многіх яго памочніц, у іншых вёсках калгаса. Даяркі, заатэхнікі, учотчыцы, аграномы...
— Мяне часамі,— смяяўся неяк старшыня,— называюць бабскім угоднікам. I сябры, i начальства. Многа, бачыце, у мяне дзяўчат ды маладзіц на самых адказных участках. I праўда — больш, чым мужчын. I кожная, скажу вам, на сваім месцы.
Зноў едзем. Зноў любуюся няяркай, дзікаватай, не надта шчодрай на хлеб красою палёў. Узгоркаватых, з частымі пералескамі, з кустамі ядлоўцу i валунамі на абочынах дарогі.
Насустрач нам, па палявой дарозе, ідзе... Неўзабаве становіцца ясна — ідзе малады чалавек. Ледзь не падлетак яшчэ. Вез шапкі, светлавалосы. Пакуль мы з ім параўняліся, старшыня паспеў сказаць, што гэта адзін з трох сыноў каваля, старэйшы, дапрызыўнік. Усе тры хлопцы — механізатары. Талковыя. Вось жа работы ў полі сёння няма, свята, так сказаць, паняволі, а ён ідзе. Вядома ж, да свайго камбайна.
Мы спыніліся. Яны здароўкаюцца як дарослыя, юнец i пажылы, i пачынаюць гутарку. Зноў дзелавую. I я зноў заўважаю ў позірку старшыні, як i з Люсяй было, стрыманую бацькоўскую закаханасць. I сапраўды — прыемны хлапчына, гэты камбайнер. Ладная, відаць, сям'я ў таго не знаёмага мне каваля. Меншы яшчэ не дарос да камбайнера, ездзіць са старэйшым братам, вось гэтым, за памочніка. Пра гэта я даведаўся цяпер, з гутаркі, якую слухаю. I неяк цёпла ад нямоцнага жадання спытацца ў дзецюка ды пачуць у адказ, што той, які малы яшчэ, вядома ж, спіць сабе цяпер, законна папаўняючы пад дождж свае штодзённае недасыпанне.
Мы снедаем у хаце старшыні, удвух. За вялікім акном, у садзе i ў агародзе дождж. Свята да вечара. Шчыра кажучы, нам не пашкодзіла 6 узяць па маленькай, аднак мы паедзем далей, гаспадар за рулём, а госць адзін не прывык, дый на душы ў яго добра i так, сваім ходам, без чаркі.
Я слухаю гаспадароў расказ пра тое, як на пасяджэнні праўлення калгаса нядаўна разглядалася адна вельмі ж ужо непрыгожая справа. Сын адмовіўся даглядаць сваю адзінокую, старэнькую маці, якая жыве асобна.
— I мы сказалі яму: «Ты не варты таго, каб называцца сынам гэтай жанчыны. Яна ж столькі папрацавала на сваім вяку, столькі пагаравала». Два сыны яе, два браты гэтага булавы, загінулі на вайне. Гэта што — колькі слёз? «Не плачце, мама,— сказалі мы ёй на праўленні.— Мы вашу старасць дагледзім. Мы ў састаяніі вам...»
Мне ўжо не здаецца, што я любуюся субяседнікам непрыкметна для яго,— я заўважаю ў вачах яго слёзы i думаю, гледзячы ў гэтыя, крыху стомленыя, крыху журботныя вочы:
«Харошы ты, патрэбны, дружа мой, чалавек!..»
Позняя ноч. Цішыня. Старонкі добрай кнігі.
А за акном майго пакоя, на другім паверсе, у саснова-дубовай цемры раптам зноў, як гэта часта паўтараецца ўдзень, заклекаталі на гняздзе буслы.
Нібы воплескі пасля маўклівага слухання.
Сваё жыццё, свая радасць.
Узыходзіць сонца, а на ўвесь хмарны захад — вясёлка. З-за яе толькі варта ўставаць у чатыры, брысці сюды тры кіламетры, цярпліва, часта беспаспяхова сядзець над паплаўкамі.
Толькі што адзудзелі камары, супакоіўся пад аерным берагам бабёр, a ўжо над альховым кустам, за якім я, прытаіўшыся, сяджу, загаманіла звонкая пчолка.
Нядаўна над ціхай ракой праляцеў — важны, як паліцэйскі чын,— каршун.
Дождж трохі падзубаў валавяную роўнядзь вады, i вось вясёлка, што нядаўна знікла, зноў выядрылася, на ўсю сваю красу. I на небе, i, левым краем, у вадзе.
Дождж зноў зашамацеў па лісці, парабацініўся навокал паплаўкоў. Відаць, збярэцца-такі, i добры. Раз-поразу чуваць грудное, стрыманае грукатанне грому. Захад зусім перамог — неба абложана там грунтоўна, сіняя цемра налазіць сюды, грыміць ужо над самай галавой...
Густа зашастала на тым беразе па алешніку. Пайшло па Шчары плюскатам, кружочкамі ды пухірамі. Гэта — дождж!
...Так i прагнаў нас дахаты. Апошняе пра яго, папярэдні абзац, запісваю ўжо на стале.
Якім бы пустым, нецікавым не быў гэты чалавек, я не хачу, не магу забыцца, што ён — той адзіны таварыш, з якім мы зімовым вечарам сорак першага года радасна абняліся на адзіноце, пачуўшы пра разгром фашыстаў пад Масквой.
Учора была навальніца. З громам, ад якога расколвалася неба. З ветрам, ад якога стагналі на ўзлессі дубы i лівень насіла, як завіруха носіць снег. З градам, што i траву, i пясок, усыпаныя шышкамі, пакрыў ледзяной шурпатасцю.
Ад ракі мы ледзь паспелі дабегчы да эстраднай ракавіны, дзе прасядзелі нягоду. Вярнуліся адтуль,— у сандалетах на босую нагу, у безрукавачках,— як тыя японцы ў нечакана ды небывала суровыя замаразкі, што нядаўна былі напалі на ix.
Цяпер зноў сонечны поўдзень.
I добрая вестка пра тое, што град прайшоў амаль зусім не над полем, дзе яшчэ грэчка ды авёс.
На ўскраіне лясное вёсачкі, крыху адсунуўшы далей сасоннік, бялеецца сценамі ферма. Пабудаваная нядаўна, «па апошняму слову тэхнікі». У доўгім, светлым кароўніку хоць i не душна, але пах стаіць густы. Для нас, хто ад зямлі, гэта не лічыцца смуродам. «Пачухай мяне за рагамі»,— моўчкі просіцца сытая i сумнаватая на прывязі карова. Над пылам дарогі, прыбітым пасля дажджу, сырадой у цыстэрне. Пах мокрае зямлі i пах замкнутага ў метале малака... Праўда, толькі ўяўны, міжволі спалучаны з успамінамі пра маміну даёнку.
Дзед Міронавіч. З-за яго i запісваю гэта, бо ўжо не адзін такі кароўнік здаваўся мне звычайным дзівам у новым побыце заходнебеларускай вёскі. Дзед — у капелюшы, з сахаром у руцэ. А барада ажно з сівага надзелень, i раскошная, як у прарока. Перад вайной, зарабіўшы многа долараў у Канадзе,— легенда кажа: ажно трыста тысяч,— ён прывёз ix сюды, у сваю лясную бядоту. А тут ix узялі ды ўкралі. I ён памяшаўся. Ціха, няшкодна.