Сяджу над паплаўком, задуманы i засяроджаны. А пасля да мяне пачынае даходзіць музыка ціхага-ціхага шуму. Спачатку я падсвядома цешуся гэтай радасцю, а потым спакваля пачынаю ўсведамляць, што цуду тут ніякага няма. Узнімаю вочы. Гэта ж на тым баку ракі, хоць i даволі шырокай, спакойныя, даўно ўжо не галодныя каровы падышлі нячутна па траве да берага, грызуць яе — нібы адною шырачэннай пысаю: ш-шам, ш-шам, ш-шам... Ёсць несулад у гэтым шаманні, ды ён усё ж зліваецца ў адно.
Мне ўжо тым часам за пяцьдзесят. I я ўспрымаю гэтую музыку надрэчнай раніцы не як дзіця, аднак не менш, здаецца, свежа i яшчэ глыбей.
Чаму? Як хто?
Як чалавек, які ў свой час быў па неабходнасці нават i стыхійным ветэрынарам — памагаў карове цяліцца, лячыў яе тым, што ведаў ад векавое мудрасці народнага лекавання, а то i стаяў над ёю, хворай, балюча глытаючы сваю бездапаможнасць.
Як чалавек, які не толькі замілавана гладзіў сытае, даверлівае цялятка, але ж i сам яго выкарміў, i быў аднойчы пастаўлены перад горкім абавязкам падысці да яго з нажом.
Як чалавек, які не толькі ахвотна піў сырадой ці задаволена пакрэктваў над місай крамянага ды халоднага з пограба кіслага малака, але ж i сена карове касіў, i салому на подсціл ёй вымалочваў, i гной вярнуў з-пад яе, да трэску ў жылах i ў дзяржальне сахара.
Каму ж, як не таму, не такому чалавеку адчуць па-сапраўднаму музыку яе, каровінай, задаволенай, сытай яды на калгасным прыволлі?..
Красу прыроды хлебароб адчувае інакш, паўней, чым яе старонні назіральнік, няхай сабе нават найлепш эстэтычна падрыхтаваны ці па натуры вельмі чулы. Хлебароб успрымае яе не збоку, не зверху, а з самай сярэдзіны, свядома ці падсвядома адчуваючы сябе саўдзельнікам стварэння гэтай красы,— гордае i шчаслівае адчуванне.
Яно было маім у дні маёй сялянскай маладосці, у пэўнай меры маім засталося яно i дагэтуль. I дома, i ў кожнай іншай краіне, дзе я гляджу на новую красу палёў, павага да яе стваральнікаў жыве, ціха, непераможна спявае ў маім захапленні.
Гэтага мала, аднак.
Мне часта ўспамінаецца пара той непаўторнай свежасці пачуццяў, подыхамі якое цяпер, у гарадской ды кабінетнай мітусні i адзіноце, даводзіцца падмацоўваць сябе толькі час ад часу, успаміны пра якую вяртаюцца, непакояць душу ўсё часцей ды ўсё больш неадчэпна, з новым сумам i новай чароўнасцю...
Косы шаркаюць у траве i — другія — звіняць над травой.
Хто лепш за самога касца адчувае красу гэтай працы? Нагамі ў весела-роснай або ласкава-мяккай траве. Грудзьмі, што дыхаюць сілай i воляй. Вачыма, што бачаць зялёны прастор, які хутка пад ногі мне ляжа пакорнай травою...
Летняя «пільніца», гарачая пара, пачыналася з сенавання, нялёгкай, аднак самай чыстай i самай вясёлай, амаль святочнай работы. Цяжэй там бывала мужчынам, касцам. Асабліва калі не ў гурце, а сам пілуеш, без маладзедкага спаборніцтва, без гоману, смеху ды перазвону мянташак. На жніве, з сярпом, шчыравалі ды петавалі больш жанчыны. Таму, відаць, i песні жніўныя — жаночыя, i гучаць яны такою журбой, ледзь-ледзь не на мяжы апошняга адчаю. Серп i рукі, спёка i поле, сваё ці не сваё, якое трэба было апоўзаць, сагнуўшыся, з той жа цярплівасцю, з тою ж непаказною мужнасцю, з якою яны i раджалі спакон вякоў, i гадавалі ў нястачы, i аплаквалі, з якою яны валачылі горкую долю ўдавы ці салдаткі, ці вечнае наймічкі. Мужчыны тут сваю жніўную гаркоту, сваю нібы казацкую ленасць апраўдвалі тым, што «бабская сярэдзіна куды, браток, гнутчэйшая за нашу». У пачатку трыццатых гадоў пачалі ў нас, на Міршчыне, касіць i збожжа. Калі ўлічыць, з якім нараканнем ды вохканнем, а то дык i з добрым гвалтам сустрэлі гэтае «гультайства», гэты «рэспуст» старэйшыя, асабліва жанчыны, можна сказаць, што каса ды ў жыта, пракос ды на загоне — гэта была рэвалюцыя. Мужчына выпрастаўся. Яму зноў жа нялёгка было, асабліва ў густой ці палеглай пшаніцы, але ж i добра пазіралася наперад, без паклонаў. Жанчына гнулася па-ранейшаму, падбіраючы пракос ды вяжучы снапы, аднак i ёй стала трохі лягчэй. Касцовы ж рукі пад вечар гулі, як тэлеграфныя слупы, спаць чалавек валіўся як сноп, а пасля сну, абы зноў упрогся ў касу, гудзенне паўтаралася i набірала стомы больш ды больш — патрошку, спакваля, на загартоўку i ў запас.
Дык хто ж тады лепш за самога касца адчувае красу гэтай працы?..
Яшчэ ўсё любуецца ёю босая публіка, стоячы збоку, на пашы. Мужчыны з «нагорскіх», што пасыходзіліся на веча, i пастухі, амаль адны толькі хлопчыкі, адпушчаныя сюды дзяўчатамі ад далёкага статку. Нібыта ўпершыню, глядзяць малыя, сталыя ł старыя на гэтую касьбу — звычайную i незвычайную, бо разам, дружнай талакою.
I не падумаеш, што хутка тут адбудзецца яшчэ больш незвычайнае — такое штосьці, чаго тут як быццам ніколі i не было...
Дык што ж такі?
А тое, што праз увесь гэты дзень, ад роснага, імглістага досвітку, калі так здорава было гнаць роены пракос, дыхаючы вострым, кіславатым пахам хвашчу, да сонечнага адвячорка, калі мы, мужчыны, выходзілі на сваё веча ў лёгкай стоме i ў мласнаватай пасляабедзеннай сытасці,— праз увесь гэты час у траве на лужку, як пад вадой, зверху нікому непрыкметна адбывалася сваё...
Пакуль касіліся палосы падоўжныя, галоўныя ды законныя жыхары лужка, смешна-настырлівыя скрыпачы, што не скрыпелі ўжо цяпер, у другой палавіне жніўня,— драчы з драчыхамі i драчанятамі абодвух вывадкаў — нябачна ды нячутна перабягалі на той участак травы, які быў падзелены палосамі ўпоперак. A ўжо адтуль яны пасля, яшчэ больш устрывожана, перабіраліся ў клін нечапанага Гуртавога. Пакуль было ціха ў абед i потым, пакуль зусім побач шумела крыкам ды рогатам веча, бедныя скрыпачы сядзелі, прытаіўшыся ўжо ў невялікім для ўсіх ix трохкутніку травы, паміж свежай пакошай, вытаўчаным каровамі ржышчам i голай, як зялёны бубен, пашай. Абдумвалі, абмяркоўвалі, бедавалі..
— Хлопцы — драчэ!
Крыкнуў хтосьці з касцоў. Голас трывогі, радасці i каманды.
Усе касцы, уся басаногая публіка розных узростаў як быццам толькі цяпер зразумелі, успомнілі, што ж такое павінна адбыцца, што тут у гэткі дзень бывала штогоду.
Драчы, відаць, таксама па нейкай сваёй камандзе, высыпалі з апошняга кліна травы на голую роўнядзь пашы.
Людзі — за імі. Першыя сыпанулі пастушкі. Тады касцы, пакінуўшы косы ў траве, рэдка каторы ўваткнуўшы яе касільнам у зямлю. Рушылі нават i пажылыя з аброцямі, нават i той біблейскі каментатар, ужо тым часам сівы i прыгорблены гультай, Самусь.
З гікам, свістам i смехам ляцелі яны па маленькай, выгрызенай траве, так ласкавай для ног, за пільніцу папораных іржышчам i ў малога i ў дарослага. Ляцелі ва ўсе бакі і, адначасна, усе ў адзін бок — наўздагон за прыткімі шэра-бурымі скрыпачамі, што нейкаю сутулай ды імклівай пехатой i смешным подлетам, не падцягнуўшы ног, сыпаліся ў недалёкую бульбу за пашай.
Як i заўсёды, кожнага году, ніхто нічога не дагнаў, ніхто нічога не злавіў. Бо нездарма ж яны, драчы, i ў вырай бегаюць пехатою. Ніхто нічога не забіў, хоць пастушкі каторыя i кідалі здуру кіямі. Затое смеху было, радасці усім. Не толькі чарнаногай малечы, якая спачатку, на вечы, цярпліва сядзела, а потым стаяла каля касцоў, добра ведаючы, чаго яна тут чакае. Не толькі нам, маладым ды нястомным. Не толькі мне, «паклонніку красы жыцця». Але i тым, хто, на думку маю i маіх аднагодкаў, тады ўжо быў стары, у каго ўжо для хатняй i надворнай лаянкі, для ўшчування ды вохкання былі не толькі бацькі, але ж i жонкі, i маладыя яшчэ i ўжо не вельмі.
Раскрыццё таямніцы ўражае па-рознаму.
Быў у маім пастушыным маленстве такі незвычайны выпадак. На пашы. Нечы конь, відаць, адмахваючыся ад заедзі, учапіўся хвастом за калючы дрот агароджы ад поля, ірвануўся i пабег, пакінуўшы на дроце, каля самага слупка, жменю заблытанага валосся. I вось шпаку чамусьці собіла сесці іменна там. Ён ублытаўся лапкай, i як жа, бедны, ірваўся, як верашчаў, калі я, адзін ca свіных пастушкоў, найбліжэй падбягаў да яго, браў яго, трапыхлівага, ваяўнічага, у руку, выблытваў з валосся яго лапку, а потым яшчэ трохі трымаў у дрыготкай жмені і глядзеў, угаворваў яго не баяцца. Майго першага i, як дагэтуль, адзінага шпака — так блізка, у руцэ. Я выпусціў яго, упершыню адчуўшы шчасце даць камусьці волю, упершыню як быццам зразумеўшы, што так яно, калі ён на дрэве, а я на зямлі, калі ён шчабеча, а я любуюся,— што так яно найлепш.
Потым я разумеў, што калі ў супакоеным жыце, калоссе якога яшчэ не хіліцца долу ад маладога, салодкага цяжару зярнят, а ледзь не да болю ў сэрцы, ледзь не да слёз прыгожа ружавее ды мігціць у неспякотна-ласкавых промнях вячэрняга сонца, калі ў духмяным i таямнічым бязмежжы гэтай красы, недзе з самага дна, ад самай зямлі пачынае падаваць свой голас перапёлка,— я разумеў, што гэта найлепш, калі яна там, а я тут, дзе я стаю або іду i раз-поразу спыняюся, каб паслухаць.