Першы раз чую такія дзівосы, такую капелу.
Учора жабы ведалі, чаго паднімалі вэрхал. Зноў холад, зноў не клюе. Зноў думаецца пра далёкі родны дом, дзе ўжо, відаць, сумуе твой пісьмовы стол...
1970
ЯШЧЭ РАЗ ПЕРШЫ СНЕГ
Раніца.
Шэрае, нізкае неба. Шэрае, ціхае мора. I свежы, зноў непераможна белы снег.
У шэрасці, што за рэзкай мяжою снегу, у волкай глыбіні яе, здаецца, вельмі далека, з тужлівым прыплачам пераклікаюцца непрыкметныя чайкі.
Пад нагамі, на ўчарашняй сцежцы, яшчэ не пратупанай сёння, мякка, сыра i туга парыпвае.
Над абрывам, на высокім, пагорбленым беразе — сосны. Стаю пад імі, узышоўшы сюды з шырокай, управа i ўлева бела-бясконцай роўнядзі мёртвага пляжа. Зноў снег пайшоў. Нават вецер узняўся. Сосны ад гэтага ветру амаль зусім не варушацца голлем,— можа, таму, што мокрыя. I снег не пакрывае іхнія лапы беллю,— можа, таму, што мокры.
Чайкі з далёкай шэрасці праявіліся блізка — ужо над снегам, не над вадою. Лятаюць-пералётваюць, нібы прабіваючыся крыллямі з шэра-густой, падрапяшчанай мітуснёю мокрых сняжынак, безнадзейна адліжнай імглы. I пераклік ix здаецца мне зблізку тужлівым па-жураўлінаму. Без адчаю. Бо не такія ўжо яны тут i пакутніцы. I пакідаць ім нічога не трэба.
«Ну ж i люты!.. Ну ж i зіма!..»
У нараканні я вам сёння не таварыш.
Сёння ў мяне свая, вельмі свая цішыня.
Учора ўвечары, пад высокім скляпеннем рыжскага Домскага сабора, такіх цішынь было больш за тысячу. Сядзячае мноства не знаёмых паміж сабою людзей, што сышліся сюды з адным для ўсіх жаданнем. Кожны сабе, па-свойму маўчаў, i з безлічы гэтых маўчанняў складалася адна ўрачыстая цішыня.
Над гэтай цішынёй, у гэтай цішыні грымеў арган... Грымеў не громам зямной, будзённай мітусні, a мяккімі, груднымі перакатамі, магутна-стрыманым, вышынным рокатам навальнічнай хмары, адкуль даўно ўжо адышлі ў людскі ўспамін свяшчэнны жах i трывога, а засталася толькі паэзія. З бязмежжам сумна i прагна чаканай свежасці, з агнявымі ўскрыкамі, захапленнем маланак, з мноствам спакойных, ясных вясёлак.
Арган быў высока над намі, усе мы глядзелі туды, аднак усім, відаць, здавалася, што музыка жыла не тут, не пад гэтым скляпеннем. I некрыклівы гром, i стрыманая радасць ціхай паводкі гукаў, i песня скрыпак, што захоплена ішла па гэтым громе i сардэчным рокаце мноства зачараваных арганных труб — усё здавалася незямным, незвычайным.
Маладая арганістка, фота якой, разам з праграмай канцэрта, зайздросна купіла некалькі сот жанчын, ва ўсмешку якое, звычайную ў іншых абставінах, закахалася некалькі сот мужчын адразу,— маладая славутасць, закончыўшы нябесны гром i цішыню, выходзіла з-за гатычнай, пазалочанай пышнасці балкона i кланялася над парапетам уніз, мноству прыўзнятых твараў. З усмешкай, якую мы знізу толькі ўгадвалі, ведаючы па фота. I і'не здавалася, што я люблю яе вельмі даўно, што я яе ведаю найбліжэй. Хоць я ніколі яшчэ не бачыў яе не ўгары, а на нізе, хоць я пачуў яе зямное, афішнае імя — толькі цяпер.
Я любіў яе — амаль зусім уяўную, толькі ў раскошным, зачараваным свеце тых гукаў, якімі яна напоўніла ўсё навокал, пачынаючы, як здавалася кожнаму з нас, ад мяне, у свеце гукаў, якіх я так доўга, так сумна i прагна чакаў, з якімі мне так легка пойдзецца цяпер далей, у бязмежжа хвалюючай вечнасці — чыстай i для мяне, i мне, разам з усімі, даступнай...
Мой друг, латыш, які па тэлефоне запрасіў мяне з-за горада на канцэрт, сам быў у Домскім саборы ўжо неаднойчы. Ды ён — паэт, i больш яшчэ: добры i шчыры чалавек, i ён па-гаспадарску, па-святочнаму рады нашай сустрэчы i маёй радасці. Па ягонай просьбе мяне прывёў сюды яго знаёмы, а сам мой друг па ўважлівай прычыне трохі прыпазніўся. Мы сустрэліся перад самым пачаткам канцэрта, ужо на нашых месдах. Сказаць што-небудзь больш за словы першай радасці не было ўжо калі. Еось-вось набліжалася цішыня, прыход якое настройваў i абавязваў маўчаць. А потым яно пачалося — высока над намі i ў нас...
Толькі на першым перапынку мы разгаварыліся. Пасля трох год разлукі i нячастай перапіскі. Дзіўна, а збоку гледзячы, можа, i недарэчна яно выглядала,— як я пачаў нашу гутарку. З усіх назваў тых узбярэжных гарадкоў, у адным з якіх я часова жыву, з усіх тых частых прыпынкаў электрычкі, за месяц пералічаных мною то з аднаго, то з другога канца, толькі адна назва была незразумелая i нібы надта ж, іменна цяпер спатрэбілася мне даведацца, што яна азначае.
— Слухай, што гэта Слока? Юрмала, Дзінтара — ведаю: Узбярэжжа, Янтарнае. А што, па-вашаму, Слока?
Ён усміхаецца, нібы i сам чакаў, што я задам яму іменна гэтае, такое важнае пытанне, а ён, на радасць нам, адкажа — легка, проста i шматзначна.
— Слока — па-руску вальдшнэп.
I мы як быццам здзіўляемся гэтаму цуду слова, які прыйшоў да нас так дарэчы іменна сёння i тут. Я раскашуюся ў гэтым цудзе, узмацняю яго яшчэ адным адкрыццём.
— Па-вашаму sioka, па-нашаму слонка. I па-польску таксама słonka або ў Міцкевіча — słomka. Паслухай, ты зразумееш мяне.
Мне ўспамінаецца наймілейшая ў свеце краса маіх родных мясцін i той, хто апісаў тую красу найлепш.
— Я буду гаварыць паволі i выразна.
I я чытаю яму, яшчэ ў маленстве назаўсёды паложаны ў памяць радок, адзін з вечна свежых — на кожны покліч i дотык:
W wieczór słychać w zaroślach szept ciągnącej słomki... [2]
— Ну, зразумеў? — пытаюся, ад шчасця нетактоўна.
[2] Увечары чуваць у зарасніку шамаценне — цягне слонка...