«З горла лезе, маць тваю перамаць, а на чужое ўеё роўна гонішся!..»
«Ты каміны не лічы, ты лічы дзесяціны: колькі ix на чый комін прыходзіцца!..»
«Пачакай, пачакай, ці не скончыцца ваша царства, ці не паглядзім мы, як ты тады заквохчаш!..»
Сварыліся, выгаворвалі адзін аднаму сабраныя за цэлы год нездавальненне i варажнечу, у пошуках аргументаў залазячы i ў папярэднія, нават далёкія гады. У якасці халоднае вады на галовы гарачых ішло што-небудзь такое:
«Ды што вы, хлопцы, як бабы, счапіліся?..»
«Паможаш хіба, калі памолішся?..»
«От дзе каб нашых баб i праўда сюды — от дзе б сечкі насеклі!..»
Часцей, аднак, сварку перабіваў, глушыў яе выбухам рогату нейкі новы расказ, Самусёў ці каго-небудзь іншага. Часамі ад сварак ды жартаў хто-небудзь хацеў перавесці цікавасць на песню. Дарма. Не выходзіла. На песню патрэбен быў вечар, патрэбна была цішыня, хоць часовае забыццё на ўсе беды i клопаты. Калі ж i пачыналася песня на пакошы, дык ненадоўга, як нядоўгія былі i сваркі. Больш было жартаў, смеху.
Што ж да маіх «сваіх адносін» да ўсяго, што адбывалася на гэтым лужку i ў вёсцы, i наогул на свеце, дык я не быў тады староннім назіральнікам, бесклапотным падлеткам ды дзецюком з нябеднай хаты, якога яшчэ не ўкусіла свая ўласная вош, аматарам абы з чаго пасмяяцца каля вясёлых. У мяне ўжо была свая таямніца, сваё запаветнае — я ўжо вучыўся, рыхтаваўся на пісьменніка. I таямніца мая, сяму-таму ў пэўнай меры вядомая, не адгароджвала мяне ад людзей. Наадварот — ад кніг, ад паперы яна вяла мяне да ix лепшым, глыбейшым i — мне хацелася гэтага — яшчэ больш іхнім. Кожны мой дзень быў вучобай: я не толькі чытаў i пісаў у вольны ад работы час — я прагна слухаў, глядзеў, запамінаў. Шчаслівае маўчанне няспыннай карпатлівай падрыхтоўкі да тае працы, якая, я верыў, чакае мяне, якая будзе патрэбна простаму чалавеку, карміцелю i бедняку,— патрэбна маёю шчырасцю, нашаю праўдай, якая сваімі фарбамі i гукамі сальецца з красою роднай прыроды, роднай мовы i песні, роднага суму i смеху.
Пажарнай бочцы не шанцавала. Клапаціцца пра тое, каб нарэшце-такі набыць яе, другую да нашай помпы, павінна была ўся веска, не адны толькі ўладальнікі Гуртавога «ёдчыны». «Ёдчыны» не хацелі ў гэтай справе перадаць i мелі сваю пашахонскую рацыю.
Здаецца, толькі раз ці два разы на маёй памяці Гуртавое хтосьці купіў «на скос». Адзін раз тыя лічаныя злоты пайшлі, здаецца, на першую бочку, a другі раз так i ляжалі да самага Верасня ў скарбніка добраахвотнай пажарнай каманды, дарма чакаючы, калі да ix «нагорскія» збяруць сваю палавіну.
Не памятаю, каб калі-небудзь Гуртавое разбівалі на палоскі ды палосачкі,— не даходзіла да вяршыняў такой геаметрыі.
Часцей за ўсё, стаміўшыся ад спрэчак — што рабіць, касілі гуртам, тым больш што сонда не чакала. I касьба гэтая помніцца як самае характэрнае, нібы так толькі яно заўсёды i было.
Касцы ўставалі.
I зноў жа хтосьці першы — не па чыне ды не па выбары, а хто быў найбліжэй — станавіўся ў крайні ад пашы пракос, ці то гарэзліва, ці абыякава, ці нават урачыста пачынаў мянціць касу.
Пайшоў.
Пакуль пайсці другому, трэцяму — усе пачыналі мянціць, да апошняга ў постаці. Вясёлы маладзецкі перазвон.
A публіка рознага веку, ад смаркатых да сівавусых, усе, хто сабраўся тут дзеля веча, стаялі збоку, на пашы, як на нейкае дзіва гледзячы на справу звычайную — касьбу, i незвычайную, бо раз на год калектыўную, гуртавую.
Тут набліжаецца галоўнае...
Тут я павінен зрабіць яшчэ адно, не апошняе, адступленне.
Веска наша, як правільна сведчыць вышэй успомнены «Геаграфічны слоўнік», спрадвеку палявая. Ляскоў, гаёў якіх-небудзь ці проста зарасніку каля яе няма. У лес мы, пастухамі быўшы, траплялі толькі ўвосень, калі кароў пускалі на лугі, пасля атавы. A падраслі — па дровы ездзілі зімой.
Салаўя, такім чынам, я змалку не чуў, гадоў, здаецца, да семнаццаці, пакуль не паехаў аднойчы ажно за чацвёртую вёску рэзаць на балоцістым надрэчным лузе лазу.
Красу птушынага голасу я ведаў, перш за ўсё, ад жаваранка i шпака. Не лічачы, вядома, спевакоў ледзь не хатніх — пеўня ці ластаўку, або выпадковых — шчыгла ці чачотку, што не табе, дык суседнім хлапчукам траплялі часамі ў клетку.
Жаваранак i шпак, спяваючы, не хаваліся.
Першага мы змалку бачылі не раз. На зямлі, калі ён — недасягальна мілы, шэранькі — уподбежку хпмыгаў па руні, яшчэ не могучы ў ёй схавацца; над зямлёй, калі ён уздымаўся над калоссем — ужо налітым ці яшчэ ў красе — адразу з сярэбраным звонам; у небе, дзе ён бясконда вісеў над табою, жандом ці касцом, бясконца званіў, як вясёлая ручаіна, усё адно i тое ж, i ўсё такое новае, такое шчырае!..
Другі спявак — бліскуча-чорны, гарэзлівы шпачок — наогул нікуды, як быццам, не адлучаўся. Калі не на кіёчку перад акенцам шпакоўні, дык на галінцы дае свой штодзённы, з ранняга ранку да позняга вечара, таксама як i жаваранкаў, нястомны канцэрт. I з перапевамі, i сваё, i з кепікамі ўсякімі, з зачэпным посвістам, i ад сапраўднай радасці, з поўнай сардэчнай аддачай.
Загадкава прывабныя, проста такі чароўна-таямнічыя былі мне з маленства галасы яшчэ дзвюх птушак нашага свету — драча i перапёлкі. Ix галасы ўзрушліва спалучаліся з красой у аднаго — вясняных, a ў другое — летніх вечароў, з таямнічасцю роснага, прыімглёнага лугу i духмянага хлебнага поля. Перапёлка бывала далей ад нашай хаты, сакавіта-хлёсткі i шчымліва-журботны покліч яе даходзіў здалёк, прыцішаны адлегласцю. Драч дадзіраўся настойлівым, поўным адчування абавязку i годнасці дзёрам — да самых акон.
Часамі, калі ты, зачараваны імі, выходзіў з хаты, ішоў па двары, пасля па цёплай баразёнцы паміж бліскучага ад месяца гічання буракоў ажно на роснае прыгуменне — яны, перапёлка i драч, служылі сваю службу, здавалася, зусім на пару, дуэтам, пад адным вялікім, нізкім месяцам, налітым спеласцю, нібы казачна-агромністае яблыка, вось-вось гатовае апасці на мяжу паміж полем i лугам.
«Свежасць дзіцячага ўспрымання...»
Ды вось i іншае.