Дзед канчае свой семы дзесятак. Добра i ў старасці быць маладым!
Марцін памёр, а я, пачуўшы пра гэта ад другога свайго земляка, засмяяўся.
Брыдка? Ды што ты зробіш, калі я адразу ж успомніў той непаўторны, можа, спрадвеку адзін такі на цэлым свеце помнік, які ён, Марцін Ківеня, пакінуў па сабе ў адной з нашых наваградскіх вёсак.
Колькі жылі — сварыліся з братам... Дзеці павырасталі, пайшлі людзьмі ў шырокі ды далёкі свет, унукі пачалі на лета прыязджаць, a Марцін з малодшым братам Яўхімам, дзяды нямоглыя, але жывучыя, дзеркачаватыя, яшчэ ўсё то не віталіся, то брыдзілі-гадзілі самі сябе i радню. Даўно зрабілі па хаце, а бацькаву, старэнькую, ніяк не маглі падзяліць. Яўхім пачаў ужо тым часам трохі лагаднець, здавацца на нейкую памяркоўнасць, але Марцін не здаваўся. I вось нарэшце яны прыйшлі да мудрага вырашэння свае бясконца складанай справы,— распілавалі тую хаціну... наўздоўж. Саламонам быў тут Марцін. Яўхім згадзіўся ўжо i на гэта. Ён забраў сваю долю на дровы. A Марцінава доля стаіць. З адным акном ад вуліцы, з палавінай шчыта, забітая аполкамі з аднаго боку, з глухой сцяною з другога.
Ніхто ў ёй даўно ўжо не жыў i цяпер не жыве.
A стаіць яшчэ недзе — упарты помнік дурнаты.
Чорны пудзель, які сумуе на падаконніку, не толькі каштуе чатыры тысячы злотых,— ён яшчэ мае i багатую радаслоўную.
Нейкія былыя графы ці князі,— «пані дому» не ўспомніла ix прозвішча,— ці проста былыя радавітыя магнаты, якія цяпер займаюцца гадоўляй пародзістых сабак, прадаючы маім, знаёмым гэтага чорнага цюцьку, прыязна пацікавіліся, ці пан пакупнік — з радавітых.
Што ж ён мог ім адказаць, наш паднёманскі целяпень Мікола Нупрык, мой колішні сябар па польскім войску i нямецкім палоне, цяпер — сяк-так апалячаны варшаўскі рабацяга? Жонка яго — былая шляхцянка ў сучасным мяшчанстве, а ён, Мікола, хоць i перахрышчаны ёю на католіка, падпёрты яшчэ адным імем, здаецца, Збігнеў ці Зыгмунт, ён — як i ўсе мы — далей свайго бацькі i трохі дзеда нічога не памятае.
I вось былыя князі ці магнаты дапамаглі яму ў мудрагелістых справах генеалогіі. На наступнай, пасля пакупкі чорнага пудзеля, сустрэчы, яны сказалі Міколавай «пані дому», бо толькі з ёю адной сустрэліся, адкуль паходзіць слова «нупрэй», што стала прозвішчам яго, а потым i яе. Аказваецца, не проста ад Анупрэя, не проста ён з Беларусі, а, проша пані, са Жмудзі... Усё-такі нейкі пах ды прысмак вялікай гісторыі!..
A ці не лішне гэта прыемна,— паддаўшыся модзе, дый наогул паддаўшыся, вадзіць на праходку сабаку, што больш за самога цябе радавіты?..
Рамантык (крыху захмялелы):
— Ён, брат, як заспявае — шыбы звіняць!
Рэаліст (цверазейшы):
— Вядома, браток, як дрэнна закітаваныя, дык i будуць звінець.
Трохі начытаны, недавучаны дзядзька, філосаф i сектант, але сумленны чалавек. Я хачу яго паважаць, не хачу, каб ён падумаў, чаго добрага, што я гляджу на яго зверху. А ён, пасля доўгай гутаркі, дзе я больш слухаў, хутчэй з ветлівасці, чым з цікавасці, гаворыць з хітранькай усмешкай перавагі:
— У вас, у вашай суяце, няма калі нават падумаць. А я сабе ў дзярэўні многа мыслю. Многа, спакойна мыслю...
Нібы алей цісну — саматужная вытворчасць думкі. Часамі толькі з меншай карысцю. Як самамэта.
Дзве бабулькі сустрэліся, добра такі пагаварылі, стоячы на дарозе, а потым адна схамянулася:
— Я ж табе, мілая, здаецца здрастуй не сказала! Ну, то здрастуй.
Канцылярская пстрычка (зранку нервовая).
— Не дурыце вы мне, бабка, галавы! Я вам не машына!
Бабка (нібы не маючы права нервавацца):
— Была б ты, мая дзевачка, машынай, дык хоць не лаялася б так.
Увосені шэсцьдзесят другога года, у залатым, утульным лесе, у пажаданай адзіноце я чытаў бунінскі «Храм сонца», прымаў яго слова, як ліпавы мёд, маленькімі глыткамі, па некалькі старонак у дзень, пасля працы, шчасліва адчуваючы, што гэтае чытанне — не толькі разумны адпачынак, але i работа, i вучоба, i жыццё ва ўсёй яго паўнаце.
У такіх умовах, што добра спрыяюць успрыманню сапраўднага мастацтва, у такім паглыбленым настроі мне давялося пазнаёміцца з першым зборнікам апавяданняў Міхася Стральцова. Я з радасцю адчуў, што нават i адразу пасля Буніна апавяданні нашага ціхага хлопца чытаюцца... на блізкай хвалі прыёму.
Справа, вядома, не ў тым, каб некага з некім параўноўваць,— ці варта лішне рызыкаваць авансам! i без патрэбы раздражняць таго, хто думае інакш? Мне проста хочацца сказаць, што проза Стральцова — лірычная ў самым станоўчым значэнні гэтага паняцця, што яна безумоўна адтуль, дзе пачынаецца сапраўдная літаратура.
Даўшы на гэта заяўку сваімі першымі творамі, наступнымі ён спраўдзіў мае (ды ці толькі мае!) спадзяванні,— асабліва такімі рэчамі, як «На чацвёртым годзе вайны» i «Адзін лапаць, адзін чунь».
Пісьменнік гэты не проста піша, сачыняе свае апавяданні i аповесці,— ён арганічна, натуральна ідзе ад жыцця, як быццам яно само падказвае яму, што i як трэба рабіць. Яму толькі застаецца выконваць загады жыцця, што ён i робіць, часта — з зайздроснай дакладнасцю.
Шматфарбнае, тонкае слова Стральцова законна, па праву ўзаемнасці, патрабуе ад чытача павагі. Яго нельга чытаць абы-як, для забавы, толькі ідучы за фабулай,— пры такіх адносінах да яго, слова гэтае сарамліва, але ж i рашуча замыкаецца ў сабе, раўніва не выдае сваіх таямніц. Пра такую прозу адны, сыценька пазяхаючы, гавораць, што яна, бачыце, цяжкавата чытаецца; другія ж бачаць у ёй i іншую асаблівасць: яе, здараецца, i перачытваюць. А гэта ўжо адна з тых станоўчых якасцей, якою вызначаюцца далека не ўсе займальныя кнігі.