— Камандзір.
— Я ведаю цябе. Ты на кані ехаў з шабляй. А дзе твая шабля?
— А ты немцаў не баішся? — нечакана для сябе спытаў Багуновіч.
— А чаго іх баяцца? Яны ж — людзі.
Адказ малога ашаламіў камандзіра палка. «Яны ж — людзі». Хлопчык! Ты верыш, што яны людзі! Гэта ж хораша. А я, абпалены вайной, выходзіць, не вельмі веру ў гэта? У каго ж ператварыла мяне вайна? Упершыню яму стала страшна за сябе.
Камітэт ці праўленне (Багуновіч не ведаў, як гэта называецца ў камуне) засядаў у баронскім кабінеце. Ён адчыніў туды дзверы знянацку, пайшоўшы на галасы. Галасы былі глухія, таму здалося, што людзі яшчэ далёка, за дваімі ці траімі дзвярмі. Ён бадай разгубіўся, убачыўшы чалавек шэсць камунараў, што сядзелі вакол вялікага пісьмовага стала. Сказаў:
— Прабачце.
— А-а, таварыш палкоўнік! — выгукнуў Рудкоўскі.— Заходзь, заходзь. Паслухай нашы мужыцкія справы.
Як часта і раней, Рудкоўскі звярнуўся да яго з іроніяй. Але цяпер іронія ў словах «таварыш палкоўнік» не зачапіла Багуновіча, зварот не здаўся здзеклівым, крыўдным. Падумаў, што зусім нядрэнна, каб ён быў палкоўнікам, савецкім, і меў поўную ўладу ў палку, тады яго полк быў бы не горш за нямецкі, што стаіць проціў, і ён не адчуваў бы страху. Пасміхнуўся са свайго жадання, успомніўшы Міру: якія словы пачуў бы ад яе, каб прызнаўся, што захацеў стаць палкоўнікам! Відаць, было б не толькі саркастычнае запытанне, ці не хоча ён да Каледзіна. Гнеў яе палаў бы і выбухаў, што пры пажары артсклада.
Парадаваўся, што лёс звёў яго з такой дзіцячай чысцінёй і непрымірымасцю. Ад яе сам робішся чысцейшым.
Неяк выйшла так, што раней ён у гэтым пакоі не быў, ні тады, калі афіцэраў запрашаў барон, ні тады, калі палкавы камітэт заняў маёнтак, палац, арыштаваў барона, ні тады, калі па настойлівым патрабаванні Рудкоўскага перад армейскім камітэтам і Саветам (Рудкоўскі ездзіў ажно ў Мінск) палац аддалі батракам Для арганізацыі першай камуны.
Першыя хвіліны ён разглядаў кабінет, прысеўшы на скураную канапу, пра якую падумаў, што такая, мабыць, стаяла ў старога князя Балконскага. Успамін пра Талстога зноў вярнуў на міг у маленства — кароткая і горкая кропля смутку ўпала на сэрца. Але было не да ўспамінаў. Звярнуў увагу, што кабінет загрувашчаны карцінамі — яны стаялі на падлозе ўздоўж сцяны, на той жа канапе, дзе ён прысеў, на кніжнай шафе. На падаконніку — бронзавыя скульптуры. Сабраў Рудкоўскі каштоўнасці і ахоўвае: сюды, відаць па ўсім, не заходзяць ні дзеці, ні жанчыны. Адносіны да матроса пацяплелі, і Багуновіч услухаўся, пра што камунары гавораць. Гаварылі пра падрыхтоўку плугоў, барон да сяўбы, гаварылі па-мужыцку спакойна, разважліва, упэўнена, быццам няма вайны, лінія фронту не праходзіць па іх землях і быццам у поле трэба выязджаць праз тыдзень-два. Моцна гэта ўразіла былога афіцэра, кранула і расхвалявала. Толькі на вайне, і асабліва цяпер, калі рэвалюцыя ўручыла яму цэлы полк, Сяргей Валянцінавіч Багуновіч пазнаў цану хлеба. Есць хлеб — ёсць жыццё, радасць, ёсць армія. Не накармілі сёння салдат — з акопаў знікла баявая ахова. Не накарміць іх заўтра — і палка не стане, участак фронту будзе аголены. І вось гэтыя людзі гавораць пра тое, як вырасціць хлеб. Гавораць, як сапраўдныя гаспадары. Можа, толькі ў той міг вайсковец зразумеў увесь сэнс, усю сілу Дэкрэта аб зямлі і ўпершыню падумаў, як яны арганічна звязаны — Дэкрэт аб міры, які ён прачытаў дзесяткі разоў, якім жыў, і Дэкрэт аб зямлі, які яго, гараджаніна, крануў менш. Адносіны яго не толькі да Рудкоўскага, але да ўсіх гэтых людзей у кажухах і лапцях пацяплелі да брацкай, сыноўскай любові. Але ён — сын гэтых людзей, што адвечна расцілі хлеб, сын гэтага народа, які хораша карміў паноў (ды і яго, колішняга паніча) і заўсёды галадаў сам.
У Багуновіча ажно затуманіліся вочы, і ён з юнацкай гімназісцкай палымянасцю ў душы пакляўся, што ніколі не здрадзіць гэтаму народу.
А між тым Рудкоўскі і яго калегі гаварылі пра вельмі празаічныя рэчы: спрачаліся, якога каваля наняць — Мар'яна Кулагу ці Еську Буселя. Адны былі за Мар'яна: свой, вясковы, інструмент у яго пад рукой, гэта важна, бо ў баронскай кузні ўсё расцягнулі, скураныя мяхі і тыя парэзалі на боты, жалеза пакралі, адно кавадла ўцалела.
— Той жа Кулага і вывез яго,— гарачыўся стары Калачык, аднаму яму не сядзелася на месцы, ён падхопліваўся, прабягаў да дзвярэй і назад.
— Не злавіў — не злодзей. Затое з Мар'янам клопатаў не будзе. А Еську карміць трэба. Паспрабуй такога каваля накарміць! Сала ён не есць...
— Бусель кузню наладзіць, кузня нам усягды трэба. А Мар'яну наша кузня — што скула ў бок. Канкурэнцыя! — гэта Рудкоўскі, і яго довад пахістаў перакананні прыхільнікаў свайго, вясковага каваля.
Багуновіч слухаў з цікавасцю, з такой жа, як на першым ваенным савеце арміі, калі быў выбраны камандзірам палка і калі перамір'е яшчэ не было падпісана, палкі, дывізіі вялі баявыя дзеянні, праўда, пасіўныя: слаба агрызаліся на нямецкі агонь.
Больш горача спрачаліся па другім пытанні — аб лесе. Усе згаджаліся, што лес трэба ахоўваць, што трэба наняць сваіх леснікоў, мужыцкіх, замест баронскіх, якіх выгналі. А то безгаспадарнасць прывядзе да таго, што лепшы «страявы» лес высекуць кулакі, якім ёсць на чым вывозіць, у іх добрыя коні. Ды і ўвогуле нельга, каб лес секлі хто хоча і дзе хоча, павінен быць парадак. Заспрачаліся пра іншае. Рудкоўскі прапанаваў падзяліць лес паміж камунай і сялом, як і зямлю, тады кожны гаспадар будзе наводзіць свой парадак. Старшыня сялянскага Савета Калачык, якога Багуновіч раней, пры сустрэчах, прымаў не вельмі сур'ёзна — вясковы жартаўнік, скамарох,— раптам праявіў настойлівасць і — падумаў Багуновіч — мудрасць. Ён рашуча запярэчыў супраць раздзелу лесу. Лес — не толькі бервяно, без жартаў, сур'ёзна даводзіў стары, лес — гэта лес, паша для жывёлы, сенажаць, грыбы, ягады, радасць для дзяцей, прыгажосць для ўсіх, цяпер лес — народнае дабро, і таму дзяліць яго нельга, гэта князі ды бароны дзялілі, кожны сваё адгароджваў, вунь манахі — богавы служкі — у сваім лесе грыба не давалі падняць, ягаду сарваць. Што ж, і камуна ў свой лес не будзе пускаць вясковых? А калі з мястэчка людзі прыйдуць? У іх лесу няма. То іх тож не пусцім? Наша! Не чапай! Не, матрос, так не будзе. Занясло цябе. Паедзем у павятовы Савет — няхай рассудзяць. Во камандзір. Няхай ён скажа.
Багуновіч падтрымаў старога.
Рудкоўскі спачатку гарачыўся, але Калачык цвёрда трымаўся сваёй думкі, і большасць камітэтчыкаў, не адразу, паступова, з развагамі, са сваімі меркаваннямі, пачалі схіляцца да таго, што варта падтрымаць старшыню Савета. Рудкоўскі пачаў адступаць і рабіў гэта, як адзначыў Багуновіч, з дыпламатычнай хітрасцю. Прыхаваўшы ўсмешку, спытаў:
— Ты, дзед, у Кілаватага кілбасы на каляды не еў?
Кілаваты — кулак, і Рудкоўскі раней казаў Багуновічу, што сыны яго пераходзяць лінію фронту, можа, ходзяць да барона, можа, займаюцца кантрабандай — з'яўляюцца ў суседнім мястэчку запалкі нямецкія, голкі, ніткі, але дурнямі трэба лічыць нямецкае камандаванне, калі яно не зрабіла іх сваімі шпіёнамі. З гэтым нельга было не згадзіцца.
Багуновіч чакаў, што стары абразіцца. Любы прапаршчык за падобны намёк палез бы ў бутэльку.
Не, стары засмяяўся.
— Як не еў? Еў, братачка мой. Ласаваўся. Хто ад такіх кілбас адмовіцца, калі яго частуюць? На ўсё сяло пахлі.
— То-та, бачу, ты спрыяеш міраедам лес вывозіць. Ты ж знаеш: пакуль бядняк запражэ сваю дахляціну...
— Э-э, браце! Не гні — зломіш. За кілбасы мяне ніхто не купіць. А будзе лес наш, народны, паставім леснікоў — і ніхто дубца без патрэбы і дазволу не ссячэ. Во як зробім!
Пагадзіліся аб лесе вырашыць на агульным сходзе ўсіх сялян — камунараў, вяскоўцаў, местачкоўцаў.
Час ляцеў непрыкметна. Праз шырокае акно было відаць, як на дварэ гуляла завіруха. Вецер кідаў снег у шыбы, сухі, ён сыпаўся па шкле, шуршэў на цаглянай сцяне. Хоць у пакоі было не вельмі цёпла, але ў шынялі Багуновіч сагрэўся, і яму было ўтульна і хораша паміж кніг, карцін, побач з людзьмі, якія абгаворвалі вельмі важныя справы — як наладзіць новае жыццё, зусім новае — такое, якога яшчэ нідзе ніколі не было, хіба толькі што ў кнігах.