— Дзякую вам, што падвезлі майго пенсіянера.
— Я падвязу вас дадому.
— Не, не, дзякую, мы пройдзем,— запярэчыў Кіпень.— У мяне ногі ацяклі, трэба размяць.
— Усяго добрага вам. Прыязджайце ў запаведнік.
— Прыедзем па ягады.
«Жыгулі» весела фыркнулі.
— Зноў стаяла,— папракнуў Ігар Арцёмавіч жонку.
— Аднаго больш не пушчу.
— Хе, прыгразіла. Весялей будзе з табой.
— І нагрузіўся, як мяшочнік.
— Дык у нас жа гэтага не купіш. Людзі спецыяльна ў сталіцу едуць. На аўтобуснай станцыі — не прабіцца. Натоўпы моладзі.
— І ты зноў пасаромеўся выкарыстаць сваё пасведчанне?
— Інваліда? Пасаромеўся.
Яны паспрачаліся, каму што несці. Аксана Паўлаўна паважыла, што цяжэй, і забрала ад мужа партфель.
— У цябе няправільная метода лячэння пасляінфарктніка. Мне трэба трэніравацца.
— Натрэніраваўся за дзень. Уяўляю.
— Знаеш, у чым бяда? Я не пасаромеўся. Я пабаяўся. Гэта мяне апошні час проста гняце, Аксюта. Для мяне гэта ганебна. Я вучыў іх, выхоўваў. І я цяпер баюся іх, сваіх вучняў. Можаш уявіць? Даўно яшчэ, гадоў дзесяць назад, убачыў, калі вось такі малады, інтэлігентны, як наш Стась, узяў старога за каўнер і вывеў з чаргі. Тады я абурыўся, умяшаўся, але хутка забыўся — я ўмеў дараваць маладым іх грахі. А цяпер, калі трэба сунуцца з пасведчаннем, уяўляю сябе на месцы старога — і ў мяне ўзнімаецца ціск. Каб, крый бог, такое здарылася — гэта была б надзвычайная стрэсавая сітуацыя. А я баюся яе. Не за здароўе сваё баюся. За яго, за таго маладога, якога я вучыў. Здаецца, што адбылося б крушэнне ўсіх маіх ідэалаў, веры ў тое, што я трыццаць гадоў сеяў добрае, вечнае... А ўяўляеш, чаго варта адна думка, што ты пражыў дарэмна. Жах!
— Нельга абагульняць гэтак. Сам казаў: будзь гатова, што ў любы дзень ты можаш сутыкнуцца не толькі з дурнем, нахабнікам... які можа вывесці старога з чаргі... але і з больш подлым прадстаўніком рода чалавечага.
— Сказаў я за сваё жыццё многа высокіх і правільных слоў. Можа, ад таго я цяпер і бездапаможны, што жыў ідэалістам.
— Ды не, Ігар, не. Не прыніжай сябе. Які ты ідэаліст? Ты жыў змагаром. І цяпер... Як ты з'ездзіў?
— За білетам лезці з пасведчаннем я пабаяўся таму, што перад гэтым мне такі стварылі стрэсавую сітуацыю. У абкоме. Вучань мой. Такі прыемны з выгляду. Ветлівы. Ружовенькі. І слухаў уважліва. Нарэшце, думаю, знайшоўся чалавек, які разумее... І раптам ён кажа: «А хіба не ўсё роўна яму цяпер, адновяць яго ў партыі ці не адновяць». Аляксея Іванавіча! Як ударыла! Кроў у патыліцу. І я спалохаўся, Аксюта, я спалохаўся. Гэта ганебна: у такі момант думаць пра сябе.
Аксана Паўлаўна спынілася, паставіла партфель на зямлю.
— Адпачні.
Яна ўявіла, што перажыў муж, і спалохалася за тую сітуацыю, якая шчасліва мінула.
— Ганебна знаеш што? Што я не здолеў нават абурыцца. Не, я сказаў яму: мне не ўсё роўна... нам, сябрам яго, вучням... і сям'і яго. І да яго такі дайшло. Ён павёў мяне да старшыні парткамісіі. Новы. Немалады. Можа, і вайны захапіў. Зацікавіўся, здаецца, па-сапраўднаму. Здзівіўся і абурыўся: дваццаць гадоў як чалавек рэабілітаваны, а ў партыі не аднаўляюць. Чаму? Сапраўды, чаму? Ніхто не ўзяў на сябе адказнасці. Во ў чым наша няшчасце. Павёў мяне старшыня да першага. Во дзе я яшчэ раз паверыў у партызанскае наша брацтва. Іван Яўцеевіч сам партызаніў. Адвёў я з ім душу. Весяльчак. Гумарыст. Расказваў, як яго Фёдараў... той, славуты... хацеў расстраляць. Прадстаўніка ЦК камсамола...
Ігар Арцёмавіч асекся: мімаволі падвёў да трагедыі Шабовіча. Спахапіўся.
— Пайшлі. Прагаладаўся я. Чым будзеш карміць?
Аксана Паўлаўна падняла цяжкі партфель.
— Твой ласунак. Каша грачнёвая.
— Няўжо з салам?