Аксана Паўлаўна прагна ўзіралася ў вокны, шукаючы Ігара, праводзіла вачамі кожнага мужчыну, быццам за дзень Ігар мог пераўтварыцца да непазнавальнасці.
Выйшаў з аўтобуса высокі лысы стары ў парусінавым касцюме, трымаючы ў руцэ кепку і пацёрты да дзірак партфель. Пільна агледзеў яе, ажно неяк нядобра стала ад такой увагі — усё роўна што прасвяціў рэнтгенам.
Муж не прыехаў і гэтым аўтобусам.
У вялікай усхваляванасці пайшла на пошту, пазваніла ў Мінск сыну.
— Стась, бацька не заходзіў?
— А што, не прыехаў? Ды ну? Загуляў стары, загуляў. Я так і ведаў. Вясёленькі ён у мяне быў, архітэктарак маіх смяшыў.
— Сур'ёзна ты можаш гаварыць?
— Зрэдку магу.
— Во гэта праўда — вельмі рэдка.
— Мама, без такіх, як я, людзі скіслі б ад сумоты. Плесенню пакрыліся б, як гуркі ў бочцы, калі гаспадыня не змывае. Я адмываю людзей ад плесені. Паглядзела б ты на маіх архітэктарак — свецяцца.
— Дзе бацька?
— А я доўга стаю на дарозе,— праспяваў за сто вёрст ад маці Стась, бо ведаў, дзе яна чакае іхняга бацьку.
— Балбатун.
— Во гэта меткае пападанне. Здаюся і паведамляю з сур'ёзнасцю ТАСС... Твой дарагі супруг не ўзяў білета на аўтобус. Баявы партызан, а штурмам нічога не ўмее браць. І зброю не выкарыстоўвае, якую мае. Я з такімі дакументамі «Волгу» купіў бы.
— А карацей ты можаш?
— І пасадзіў я заслужанага пенсіянера на падарожную. Гадзіну назад. Так што не турбуйся, праз паўгадзінкі падкоціць татуля з вецярком, толькі ты не вельмі раўнуй, калі ўбачыш, хто за рулём. Ка-ра-ле-ва!
— Давядуць цябе твае каралевы.
— Давядуць,— уздыхнуў сын.
— Перад Валяй павініся.
— Вінюся. Штодня. Ды ў тваёй нявесткі твая натура.
— Пацалуй яе ад мяне.
— Пацалуеш яе...
— Малайчына яна ў цябе.
— Ды ўжо ж!.. Атэла ў спадніцы. Стараверка! Трыццаць пяць гадоў бабе, а заводзіцца, як новы «жыгуль».
Супакоеная Аксана Паўлаўна засмяялася.
— Цалую цябе, сын.
— Цалую, мама.
Можна ісці дадому. Не, не пайшла. Пастаяла, падумала і скіравалася на магістральную шашу. Пакуль стаяла там, зноў успомніла многа і зноў адчула нейкую неасэнсаваную трывогу. Дакарала сябе: гэта ўжо нервы, недаверлівасць. А ў жыцці яна магла лёгка расплакацца, але недаверлівай ніколі не была. Такім робіцца Ігар, употай лічыць пульс, колькі разоў бачыла, і гэта яе трывожыць. Ігар усе тры з палавінай дзесяткі гадоў, як яны разам, ніколі не думаў пра сваё здароўе, хоць двойчы ранены. Няўважлівасцю гэта не назавеш, проста моц жыцця, тая сіла, калі чалавеку здаецца, што ён бессмяротны.
Каля яе затармазіў чырвоны, што велікоднае яйка, «жыгулёнак». За рулём сапраўды каралева, жанчына з моднай прычоскай, нафарбаваная. Ды Аксана Паўлаўна ведала гэтую красуню — намеснік дарэктара запаведніка, доктар навук.
З задняга сядзення, па-старэчы крэкчучы, вылазіў Ігар Арцёмавіч з паўнюткім партфелем і такім жа поўным цэлафанавым мяшком.