— Хіба маміны плескачы ў залік? Радуйся ім, дзівак. Вырасцеш — дзякаваць будзеш.
Але ўсё роўна хлопец што медаль атрымаў, калі камандзір ад свайго імя падзякаваў яму і маме.
— Да саней не ідзі, не трэба, каб убачылі, як ты праводзіш нас. У людзей доўгія языкі.
Прыехалі на двух санях. На першых — ён, Ман, сам за фурмана, Золатаў, целаахоўнік яго Іваноў, на другіх — двое партызан. Цяпер, калі ў сані села Аксана, Іванову прыйшлося перасесці, хоць зрабіў ён гэта неахвотна.
Нікога не здзівіла, калі камандзір развярнуў фурманку ў другі бок. Ехалі сюды — ледзьве перабраліся цераз не замерзлую яшчэ рэчку, намачылі сена, на якім сядзелі, ледзьве не набралі вады ў халявы, стоячы ў санях.
Паркі лепшых коней ішлі ўгалоп, выбіваючы падковамі не толькі не спрасаваны яшчэ снег, але і мёрзлую зямлю, яна ляцела фурману ў твар.
Ман стаяў на каленях у перадку і лейцамі сцябаў па конях, бясконца нокаў. Аксана сядзела побач, трымаючыся за яго. Золатаў — у задку.
Праз колькі часу фурман задніх коней, мясцовы партызан, здзівіўся:
— Куды яго нясе! Куды яго нясе! У Каменку. Там жа гарнізон! Ашалеў камандзір! — і інстынктыўна прытармазіў.
Але, ашалеў... Коні віхрам уляцелі на вуліцу вялікага сяла. Быў сіні адвячорак. Сонца села за лес. Дыміліся коміны. На вуліцы з перападамі ўзгоркаў і лагчын каталіся на санках дзеці. Кінуліся ў двары з крыкам: «Партызаны!»
Ускочылі на цэнтральны ўзгорак, дзе стаялі школа і будынак сельсавета.
Ціха.
Ман паваліў Аксану на калючае змёрзлае ўжо сена, выхапіў з кішэні пісталет і стрэліў у бок школы, прытармазіўшы трохі коней.
Выскачылі з будынка паліцаі, трое, з вінтоўкамі. Кулі ціўкнулі над санямі. Золатаў стаў на калені, павярнуўся тварам назад, выхапіў пісталет і стрэліў у далёкіх ужо паліцэйскіх. Стрэліў тройчы.
І раптам Ман таксама паваліўся побач з Аксанай, перакуліўся на спіну і... моцна ўдарыў ботам Золатаву ў спіну. Той перакуліўся цераз нізкі задок саней. Узнімаліся на новы круты ўзгорак, і Золатаў пакаціўся па слізкай дарозе ўніз, пісталет яго паляцеў убок.
Аксана закрычала з жахам і абурэннем.
— Што вы зрабілі? Вы спіхнулі чалавека? Вы спіхнулі чалавека! Спыніце коней!
Ман павярнуўся на бок, моцна абхапіў жанчыну рукой, прыціснуў да сена, забыўшыся на яе раненае плячо.
— Маўчы! Гэта не чалавек! Гэта не чалавек! Ён забіў твайго Стася.
Аксана на міг змоўкла, потым закрычала:
— Стася няма? — асэнсаваўшы самае страшнае для яе паведамленне, сама сабе ціха адказала: — Стася няма. Стасічак, родненькі... Я адчувала... я адчувала... пазаўчора. Я задрамала, і мне ўдарыла ў сэрца. Як балела маё сэрца! — яна роспачліва заплакала.
— Паплач, дачка, паплач.
Аляксей Іванавіч падняўся на калені, лёгка тузануў лейцы, не сцёбнуў больш коней. Сказаў ім ласкава, як дзецям:
— Но, родненькія, но! Вось так, Золатаў, вось так. А як ты хацеў? Усіх караць?
Услухаўся ў вячэрнюю цішыню. Аўтаматныя стрэлы не прагучалі. Значыцца, задняя фурманка ў сяло не ўехала: разлікі яго апраўдаліся.
— Паплач, Аксанка, паплач. Я свае слёзы выплакаў. Но, родненькія, но. Не падвядзіце!
ЭПІЛОГ
На аўтобуснай станцыі раённага цэнтра было бязлюдна — паўза паміж прыбыццём і адыходам сталічных аўтобусаў. Нават касірша пакінула душнае памяшканне і ў скверыку вязала кофтачку. Там жа на лаўцы спаў пасажыр, што забыўся, у які бок яму ехаць. І там жа, у скверы і на плошчы каля станцыі, хадзіла пажылая жанчына, гады яе выдавалі сівыя валасы, а постаць стройная, абцягнутая элегантнай сукенкай, цяжкаватай, не па пагодзе. Стаяў май, у скверыку расцвіла чаромха, але дзень быў па-летняму спякотны, хоць сонца ўжо і схілілася на вечар, вісела над затуманенымі дымкай квецені садамі.
Па вуліцы паўз сквер зрэдку праходзілі грузавікі, узнімалі пыл. Касірша сказала жанчыне:
— Ідзіце дадому, Аксана Паўлаўна. Што вам пыл каўтаць? У мяне — служба. Да наступнага рэйса — без малога гадзіна. Прыедзе ваш Ігар Арцёмавіч.