Золатаў абурана падхапіўся.
— Зноў не давяраеш? Зноў! Мне?!
— Я давяраю. Але я адказваю за тваё жыццё! Што мне скажа Цанава, калі я не ўпільную такога разведчыка?
— Не іранізуй.
— Я не іранізую. Якая можа быць іронія? Не да яе.
— Вось іменна — не да іроніі. Але не думаю, што ў такой аперацыі неабходна прысутнасць нас двух.
— Неабходна!
Спыніліся за гародамі ў хмызняку. Золатаў не разумеў, навошта такая асцярожнасць, ведаў, што ў гэтай невялічкай вёсачцы, двароў на дваццаць, ніводнага паліцэйскага няма. Але на гэты раз вырашыў ва ўсім падпарадкоўвацца Ману, бо той ведае тут кожную сцяжыну і людзей, іх псіхалогію. Ды і не тое здзівіла, дзе спыніліся, а тое, як пайшоў камандзір, з якой упэўненасцю, ведае, выходзіць, дзе хата гэтай Ганны.
Гаспадыні дома не было. Сустрэў іх у двары Міколка — калоў дровы. Здзівіўся і ўзрадаваўся. Але камандзір даў яму знак — прыклаў палец да вуснаў,— і хлапец ні словам, ні рухам не выдаў сваё знаёмства з партызанамі.
Ман спытаў:
— Дзе твая госця?
Міколка адказаў не адразу.
— Аксана.
— У хаце.
Увайшлі ў хату. Хлопец вачамі паказаў на бакоўку. Ман заглянуў туды. Спалохаў жанчыну. Яна сядзела без кофтачкі, пэўна, ёй нядаўна перавязалі плячо — закручана ў адбеленае палатно.
— Адзявайся. Паедзем.
— Куды.
— Да Стася твайго,— сказаў Золатаў, заглядваючы праз плячо Мана.
Камандзіру здалося, што асабіст ударыў яго ў патыліцу — так зазвінела ў галаве.
«Здзекуецца, падлюга! Да Стася... Не, яе ты не адашлеш...»
— Ой, дзядзечка, родненькі! — па-сялянску, па-дзявочаму выявіла Аксана сваю радасць.
— Хадзіць можаш?
— Ды я скакаць магу, калі да Стася. А трэба — на жываце папаўзу. Міколка! Памажы мне адзецца!
Але ў левы рукаў не надзела ні кофтачкі, ні паліто — балела яшчэ. Аднак па хаце хадзіла ледзьве не прыскокам.
— Міколачка, брацік мой, дай я цябе пацалую. Мамку пацалуй і Міцьку. Скажы: кланяюся я ёй нізка, у ногі кланяюся.
Міколка шмаргнуў носам. Ды калі Золатаў выйшаў першы з хаты, Аляксей Іванавіч абняў хлопца, падбадзёрыў:
— Не бядуй, партызан. Трымай хвост трубой.
— Патрымаеш тут, калі даюць па хвасце.
— Хто?
— Хто?! Матка.