— З яго ж вінтоўкі?
— Са свайго пісталета.
— Вось як! — стары паглядзеў з большай цікавасцю, нават з затоеным захапленнем, так, прынамсі, здалося Шабовічу, і ён узрадаваўся: пашчаслівіла, выходзіць, натрапіў на свайго. Дзед цяжка ўздыхнуў: — Грахі нашы. Хто нягрэшны? Грэшны быў нябожчык. Крыўдзіў людзей... І бог убачыў. Што ж ты хочаш ад мяне?
— Каня, дзед. Нам трэба дабрацца да атрада... Дзядзюлі. Чуў?
— Не чуў.
— Канешне, прозвішча камандзіра не выдаецца — «Буравеснік» атрад.
— Не чуў. Далёка ён стаіць, атрад той?
— Канкрэтнага месца я не знаю... урочышча ляснога. Дарогу туды Аксана знае. Апошняя вёска на гэтай дарозе — Задвор'е...
— Далёка.
— Аксана пехатой туды хадзіла.
— Цяжка яна раненая?
— Я фельчар. Куля раздрабіла ключыцу...
— Хочаш пасадзіць яе на каня? Утрымаецца?
— Лепш на возе.
— Сам ты хадзіў? Прайсці ўсюды можна, а праехаць з возам... з раненым... Па дарозе ж трэба.
— Можа, лепш у бальніцу,— сказала жанчына.
— У бальніцу ёй нельга.
— У бальніцу нельга,— пацвердзіў стары, задумаўся, запусціўшы пальцы ў сівыя валасы, быццам адтуль хацеў выцягнуць рашэнне.
Шабовіч церпяліва пачакаў. Маўчанне зацягвалася.
— Выручай, бацька.
Зноў думаў стары, можа, цэлую мінуту. Асцярожна памагла яму жанчына:
— Без каня мы памром. Бацька стары, я хворая... Конь нас корміць.
— Я вярну. Каня я вярну!
— Эх, сынок. Табе я веру. Ды там не ты будзеш гаспадар. Ды і даехаць яшчэ трэба. Туды. Назад. Я нядаўна ад дачкі... ад Ганны два дні ехаў, а гэта ўсяго дваццаць вёрст. Часць нейкая ішла, казалі, карнікі. Дык лічнасць маю выяснялі. Мая барада ім не падабалася, шморгалі — ці не прыклееная. Смех і грэх. Як я зразумеў, адзін раіў: да сцяны мяне. А што ім стары, а што ім малы! Забылі бога. А на кожнай пражцы — Танька чытае па-іхняму — напісана: «З намі бог». Куды ж ён глядзіць, бог ваш?
— Не гняві бога, бацька.
— Ды не гняўлю я, дачка. Малюся. Бачыш, навуку яго спасцігаю,— апусціў руку з галавы, паклаў на Біблію.— Да смысла жыція і смерці дайсці хачу.
Шабовіч каўзануўся на ўслоне.
«Ты, стары філосаф, да сэнсу даходзіш, а там чалавек пакутуе... дарагі мне чалавек».
Дзед як прачытаў яго думку. Адкінуў галаву да сцяны, абклеенай даваеннымі газетамі, многа дзе з белымі «заплатамі» — лісткамі ў клетачку з вучнёўскага сшытка; няцяжка здагадацца, што залеплівалася.
Звярнуўшы ўвагу на газеты, Шабовіч яшчэ больш паверыў у старога: чалавек, які акуратна чытаў савецкія газеты, не можа не верыць у нашу перамогу.